Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Ведаю, - сказаў хлопчык. - Я мiгам. Вазьмi яшчэ адну каву. Тут нам даюць у крэдыт.

Ён пайшоў, босы, па каралавых скалах да лядоўнi, дзе хавалi прынады.

Стары чалавек павольна пiў каву. Ён ведаў, што яна яму неабходная, бо гэта ўсё, што ён мецьме за цэлы дзень. Ужо даўно спажыванне пасiлкаў стамляла яго, i ён нiколi не браў з сабою другога сняданку. Бутэлька вады на носе лодкi адзiнае, у чым ён адчуваў патрэбу на працягу дня.

Хлопчык вярнуўся з сардзiнамi i дзвюма прынадамi, загорнутымi ў газету, i яны спусцiлiся па сцежцы да лодкi, адчуваючы пад пятамi пясок з галькай. Прыўзняўшы лодку, яны папхнулi яе, i тая слiзганула ў ваду.

- Поўная карма, стары дружа!

- Поўная карма, - сказаў стары чалавек, прыладжваючы вяровачныя мацаваннi вёслаў да ўключын.

Лапаткi вёслаў урэзвалiся ў ваду, ён нахiлiўся наперад i стаў выплываць у цемры з гаванi. Iншыя лодкi з iншых месцаў таксама выпраўлялiся ў мора, i хоць стары чалавек не мог iх зараз бачыць, бо месяц апусцiўся нiжэй за ўзгорак, ён чуў, як увiхалiся вёслы.

Зрэдку хтосьцi абзываўся ў лодцы, аднак большасць з iх маўчала, калi не лiчыць гуку ад апускання вёслаў у ваду. Яны разбрылiся паасабоку пасля таго, як выйшлi з вусця гаванi, i кожная скiравалася ў тую частку акiяна, дзе гаспадар спадзяваўся знайсцi рыбу. Стары чалавек ведаў, што маецца плысцi вельмi далёка, i ён пакiнуў пах зямлi за сабой, вяслуючы ў чысты ранiшнi водар акiяна. Ён убачыў свячэнне Затоцкiх водарасцей* у вадзе, калi апынуўся ў той частцы акiяна, якую рыбакi завуць вялiкiм калодзежам з-за раптоўнай глыбiнi ў семсот марскiх сажняў.

* Род трапiчных водарасцей у Атлантычным акiяне.

У iм збiралася ўсялякая рыба, бо тут, сустрэўшы стромкiя сцены акiянскага дна, плынь утварала вiр. Тут была плойма шрымпаў* ды рознае драбязы для прынады, часам яны i касякi галаваногiх малюскаў з сама глыбокiх сховаў усплывалi на паверхню, i ўся вандраўная рыба кармiлася iмi.

* Дробныя крэветкi.

Вяслуючы ў змроку, стары чалавек адчуваў наблiжэнне ранiцы i чуў дрыготкi гук, калi лятучыя рыбы пакiдалi ваду, i сычэнне ад iх нягнуткага моцна зладжанага крылля, калi яны ўзмывалi ў паветра ў цемрадзi. Ён вельмi любiў лятучых рыб, бо тыя былi яго найбольшымi сябрамi ў акiяне. Ён шкадаваў птушак, асаблiва маленькiх, кволых, цёмных марскiх ластавак, якiя заўсёды былi ў лёце, у пошуку i амаль нязменна без здабычы, i ён думаў: "Жыццё птушак апроч драпежнiкаў i магутных дужых птахаў цяжэйшае за наша. Чаму птушак стварылi гэткiмi кволымi i прыгожымi, як гэтыя марскiя хвалi? Яна добрая i вельмi прыгожая, але можа быць раз'юшана-жорсткая, i гэтак знянацку, i птушачкi, што лётаюць над вадой i абмакаюцца, каб ухапiць рыбу, жаласлiва цiўкаючы, створаны занадта нетрывалымi для мора".

Ён i ў думках называў мора lа таr, як па-гiшпанску кажуць улюбёныя ў яго людзi. Бывае, яны гавораць пра яго i благiя рэчы, але заўсёды як пра жанчыну. Некаторыя маладыя рыбакi, - з тых, што выкарыстоўваюць буi ў якасцi паплаўкоў для сваiх шнуроў i займелi маторныя лодкi, калi акулава печань прыносiла багата грошай, казалi еl таr. Яны гаварылi пра яго як пра супернiка, альбо нават як пра непрыяцеля, альбо проста як пра месца, дзе яны ловяць рыбу. Але стары чалавек заўсёды думаў пра мора як пра жанчыну i нешта гэткае, што надзяляе або не надзяляе вялiкай ласкай, i калi яно здзяйсняе дзiкiя цi злыя ўчынкi, дык толькi з тае прычыны, што яе можа саўладаць з сабой. Месяц уздзейнiчае на мора, як i на кабету, меркаваў ён.

Стары чалавек веславаў раўнамерна, без асаблiвых высiлкаў, бо захоўваў звычайную сваю хуткасць, i паверхня акiяна была гладкая, толькi зрэдку плынь закручвала вiры. Ён дазваляў плынi рабiць трацiну работы, i ўбачыў, калi пачало днець, што ён ужо далей, як спадзяваўся быць у гэты час.

"Я рыбачыў там, дзе глыбока, тыдзень i не злавiў нiчога, - думаў ён. - Тут ходзяць касякi банiта i альбакораў, можа, сярод iх ёсць вялiкая рыбiна i сёння мне ўдасца яе здабыць".

Яшчэ як след не развiднела, а ён ужо закiнуў шнуры з прынадамi, плынь несла яго з сабой. Адна прынада была на глыбiнi сарака марскiх сажняў, другая - сямiдзесяцi пяцi, а трэцяя i чацвёртая апусцiлiся ў блакiтную ваду ажно на сто i сто дваццаць пяць сажняў. Кожная прынада вiсела галавою ўнiз, стрыжань кручка быў усярэдзiне рыбы, цалкам абвязаны i абшыты, а ўсю тую частку кручка, што была звонку, выгiн i вастрыё пакрывалi свежыя сардзiны. Кожная сардзiна была нанiзана на кручок праз абодва вокi, разам яны ўтваралi паўвянок на прыхаванай гэтак сталi. Не было нiводнай даступнай рыбiне часткi кручка, якая не мела б прыемнага паху ды смаку.

Хлопчык даў яму двух свежых тунцоў, або альбакораў, што звiсалi з двух найдаўжэйшых шнуроў, быццам грузiлы, а на iншых ён меў блакiтнага бегуна* i жоўтага марскога шчупачка, i хоць тыя ўжо выкарыстоўвалiся, але былi ў добрым стане, выдатныя сардзiны надавалi iм прыемны пах i прыцягальнасць.

* Вiд рыбы ў цёплых морах.

Шнур, тоўсты, як ладны аловак, быў прымацаваны пятлёю да толькi што выразанага прута, i варта было пацягнуць або крануць прынаду, як i той прут цягнула ў ваду. Кожны шнур меў два маткi даўжынёю па сорак марскiх сажняў, да iх у выпадку патрэбы можна было прыладзiць яшчэ запасныя маткi. Калi было неабходна, рыба магла павалачы за сабою больш за трыста сажняў шнура.

Зараз ён сачыў, як злёгку апускаюцца ў ваду тры пруты за бортам лодкi, i няспешна веславаў, каб утрымаць шнуры простымi i на адпаведных глыбiнях. Было зусiм светла, сонца магло вызiрнуць у любы момант.

Сонца асцярожна ўзнiмалася з мора, i стары чалавек змог убачыць iншыя лодкi: нiзка на вадзе, не вельмi далёка ад берага, шырока раскiданыя ўпоперак плынi. Потым сонца набралася яскравасцi, бляск упаў на ваду, потым узнялося на поўную моц i, адлюстраваўшыся на гладкай паверхнi мора, рэзнула старога чалавека па вачах, i ён павеславаў, не пазiраючы на сонца. Ён глядзеў унiз у ваду, цi проста iдуць шнуры ў ейную цемру. Стары чалавек утрымлiваў iх больш простымi, як хто-кольвек, гэтак, каб кожная прынада была ў цемрадзi плынi якраз там, на той глыбiнi, дзе ён жадаў, каб яна была i чакала рыбу. Iншыя пакiдалi шнуры на волю плынi, i часам тыя былi на глыбiнi шасцiдзесяцi сажняў, а не ста, як меркавалi рыбакi.

"Але ў мяне, - думаў ён, - усё дакладна. Проста мне больш не шанцуе. Але хто ведае? Мажлiва, сёння. Кожны дзень - новы дзень. Шанцаванне гэта няблага. Але дакладнасць не пашкодзiць. Калi завiтае ўдача, ты будзеш гатовы яе сустрэць".

4
{"b":"76227","o":1}