Але Ганс на лаянку ды папрокi не звяртаў увагi.
- Не ўжо, дазвольце, татачка ў замак пайсцi i мне!
- Ну, мне што, iдзi, - кажа бацька, - усё адно нi з чым дадому вернешся.
Узрадаваўся Ганс, аж заскакаў.
- Ды ты, як бачу, што нi дзень усё дурнейшы робiшся, - зноў прамовiў бацька.
Але Ганс увагi на гэта не звяртаў, i настрой у яго нiколечкi не сапсаваўся.
Надыходзiла ноч, i Ганс вырашыў пачакаць да ранiцы, а потым як раней падацца да каралеўскага замка. Уначы ён анiяк не мог заснуць, а калi пачынаў драмаць, яму мроiлiся прыгажунi дзяўчаты, розныя палацы, золата ды срэбра i iншыя падобныя рэчы. На самым досвiтку ён рушыў у дарогу i неўзабаве сустрэўся з маленькiм чалавечкам у той самай старэнькай камiзэльцы, i чалавечак спытаўся ў яго, што ён нясе ў кошыку. Ганс сказаў яму, што нясе яблыкi каралеўне, i калi тая пакаштуе iх, дык адразу i здароўе да яе вернецца.
- Ну, - сказаў чалавечак, - хай жа так яно i будзе!
Але ў каралеўскi замак яго пускаць анiяк не хацедi. Яму расказалi, што двое нейкiх прыходзiлi ўжо i казалi, што ў iх яблыкi, але ж у кошыку ў аднаго былi жабяняты, а ў другога свiная шчэць. Аднак Ганс стаяў на сваiм. У яго, маўляў, анiякiя не жабяняты, а самыя найцудоўнейшыя яблыкi, якiя толькi ёсць ува ўсiм каралеўстве. Калi ён усё гэта растлумачыў, дык вартаўнiк падумаў, што гэты, бадай, не хлусiць, ды прапусцiў яго. I вось прынёс Ганс да караля свой кошык, адчынiў яго, i кароль убачыў, што ў iм залацiстыя яблыкi. Кароль так узрадаваўся, што загадаў неадкладна аднесцi iх да каралеўны i стаў у нецярпеннi ды страху чакаць, як яны на яе падзейнiчаюць. Прайшло няшмат часу, i вось паведамляюць яму радасную вестку. Але хто ж нясе яе каралю? Сама каралеўна! Толькi пакаштавала яна гэтых яблыкаў, як хвароба ўмомант пакiнула яе, i яна саскочыла з ложка. Як узрадаваўся кароль, нават i апiсаць немагчыма.
Цяпер не захацелася каралю сваю дачку замуж за Ганса аддаваць, i ён сказаў:
- Ты зрабi мне спачатку дзевяць такiх чоўнiкаў, каб па сухой зямлi лепш чым па вадзе хадзiлi.
Ганс згадзiўся на такую ўмову, вярнуўся дадому i распавёў бацьку пра ўсё, што з iм здарылася. Паслаў тады стары Ульрыха ў лес i загадаў яму зрабiць такiя чоўнiкi, як было сказана. Працаваў Ульрых старанна, Да таго ж яшчэ i насвiстваў. I вось апоўднi, калi сонца стаяла над самай галавой, раптам з'явiўся той маленькi чалавечак ды спытаўся ў яго, што ён майструе.
Ульрых адказаў:
- Драўляны посуд.
I прамовiў маленькi чалавечак:
- Што ж, хай жа так яно i будзе!
I вось, калi надышоў вечар, падумаў Ульрых, што чоўнiкi, бадай, гатовыя, i хацеў у адзiн з iх сесцi, але ўсе яны аказалiся драўляным посудам.
На другi дзень пайшоў у лес сярэднi сын, Самуэль, але i з iм здарылася тое самае, што з Ульрыхам.
На трэцi дзень пайшоў дурненькi Ганс. Працаваў ён руплiва, па ўсiм лесе чулiся моцныя ўдары ягонай сякеры. Працуючы, ён таксама напяваў ды весела насвiстваў. I з'явiўся апоўднi той самы чалавечак ды спытаўся ў яго, што ён майструе.
- Чоўнiкi раблю, якiя маглi б хадзiць па вадзе i па сушы. А вось як скончу работу, дык выдадуць за мяне замуж каралеўну.
- Ну што ж, - сказаў чалавечак, - хай жа так яно i будзе!
Увечары, калi сонца пачало садзiцца, Ганс таксама скончыў сваю работу над чоўнiкамi, караблямi ды суднамi. Сеў ён у адзiн з iх ды паплыў сабе проста да каралеўскага замка. I ляцеў ягоны чоўнiк хутка, як вецер. Кароль убачыў яго яшчэ здалёк, але ўсё нiяк не згаджаўся выдаць сваю дачку за Ганса замуж i сказаў:
- Ты мусiш спачатку ад вiдна да вiдна пасвiць сотню зайцоў, i калi хоць адзiн з iх уцячэ ад цябе, дык замуж я за цябе дачку не выдам.
Ганс згадзiўся на гэта i, не марудзячы, наступнае ранiцы, ледзь пачало на дзень брацца, пагнаў сваю чараду ў поле ды так уважлiва пасвiў, што нi адзiн заяц не ўцёк ад яго. Праз некалькi гадзiн прыходзiць з замка служанка ды кажа Гансу, каб ён даў аднаго зайца, - ёй загадана, маўляў, засмажыць яго для гасцей. Але Ганс хутка сцямiў, да чаго справа хiлiцца, ды сказаў служанцы, што не дасць ёй анiводнага, бо яму за кожнага зайца перад каралём адказваць давядзецца. З'явiлася служанка яшчэ раз увечары з такою самаю просьбай, але Ганс ёй сказаў, што вось калi сама каралеўна, маўляў, з'явiцца, дык ён дасць ёй зайца. Далажыла служанка пра гэта ў замку, i вось пайшла сама каралеўна да Ганса. I падышоў у гэты час да Ганса той маленькi чалавечак ды спытаўся, што ён робiць.
- Эх, вось павiнен напапасваць я цэлую сотню зайцоў, ды так, каб нiводзiн не ўцёк з чарады, а за гэта ажанюся я з каралеўнай i каралём зраблюся.
- Добра, - сказаў чалавечак, - вось табе ражок, як толькi якi-небудзь з зайцоў уцячэ, зайграй у яго, i заяц вернецца назад.
I вось, калi з'явiлася каралеўна, паклаў ёй Ганс зайца ў фартушок. Але не прайшла яна i ста крокаў, як зайграў Ганс у свой ражок, i заяц - скок з фартушка! Ды вярнуўся ў чараду.
Надышоў вечар, зайграў Ганс у свой ражок, сабраў усю чараду вакол сябе, пералiчыў усiх зайцоў ды пагнаў iх да замка. Быў кароль надта здзiўлены, што здолеў Ганс цэлую сотню зайцоў напапасваць i што нiводзiн не ўцёк; а ўсё-ткi не хацеў выдаць дачку за Ганса ды сказаў:
- Ты спачатку здабудзь мне пяро з крыла птушкi Грыфа!
Доўга не думаючы, падаўся Ганс у дарогу i смела пакрочыў наперад.
Увечары падышоў ён да нейкага замка, папрасiўся пераначаваць; i прыняў яго ўладар замка вельмi ветлiва ды спытаўся, куды ён iдзе.
Кажа Ганс у адказ:
- Я iду да птушкi Грыфа.
- Вось як, да птушкi Грыфа? Гэтая птушка ўсё ведае. А я якраз згубiў ключ ад куфэрачка з грашыма i нiяк не магу знайсцi яго. Папрасiў бы ты птушку Грыфа сказаць, дзе мне ключ знайсцi.
- Добра, - згадзiўся Ганс, - абавязкова спытаюся.
Рана ранiчкай выйшаў Ганс, iшоў-iшоў i прыйшоў да другога замка i ў iм таксама застаўся начаваць. Калi людзi даведалiся, што iдзе ён да птушкi Грыфа, яму сказалi, што ў гаспадароў замка хворая дачка; ужо ўсе лекi перавыпрабавалi, нiшто ёй не дапамагае; дык цi нельга, маўляў, спытацца ў птушкi Грыфа, чым вылекаваць дачку.
Ганс адказаў, што ахвотна зробiць гэта, ды падаўся далей ў дарогу. Падыходзiць да ракi, бачыць, што на ёй замест парому велiзарны чалавек на сабе людзей пераносiць.
Спытаўся чалавек у Ганса, куды ён iдзе.
- Iду да птушкi Грыфа, - адказаў Ганс.
- Ну, калi ты прыдзеш да птушкi Грыфа, дык спытайся ў яе, цi доўга мне яшчэ ўсiх людзей на сабе цераз рэчку пераносiць?