Я назбiраў апалу i падпалу, склаў маленькi ламок i пачаў высякаць першы ў сваiм жыццi агонь. Сэрца маё аж заходзiлася ад радасцi i гордасцi. Ад хвалявання я больш трапляў па пальцах, чымсьцi па скалцы. Але ўсё ж праз некалькi хвiлiн iскрынка трапiла на цэру. Я раздзьмуў яе i паднёс да сухога ядлоўцу. Ядловец адразу пыхнуў. Шыза-сiнi дымок ахапiў мой твар. Гаркава-салодкi смак яго я ўяўляю i цяпер i адрозню яго лёгка ад усялякага iншага...
...Распальваў я агнi толькi ў тыя ранiцы, калi сапраўды было зiмна. Разы са два-тры за лета прыходзiў мой тата, абыходзiў усе мясцiны, дзе я пасвiў каровы, праглядаў i нешматлiкiя вогнiшчы. Пасля ўсяго казаў:
- Добра, сынок!
У далейшым жыццi я нiколi i нiдзе не пакiнуў непагашанага агню. Так ужо ў звычку зайшло.
Быў такi выпадак. Жыў я на Далёкiм Усходзе. Траляваў з тайгi бярвенне на тартак. Аднойчы паехаў разам з адным алтайцам. Заехалi ў тайгу. Паклiкаў ён мяне:
- Давай падымемся на сопку!
- Ды мой конь не самавiты!
- Дарма! Затое там возьмем сушынак, адразу норму споўнiм.
Паехалi. Узняўшыся, пэўна, на кiламетр да неба, адшукалi i сушынкi. Бяры, грузi ды да долу. Але тут раптам узняўся буран. Ды якi! Аж сопка здрыгалася. Мы адразу конi падвялi да выварацi, прывязалi iх да каранёў. Так, нiбыта ў закутак, яны i сталi. А самi за вывараць селi, склалi галовы i пачалi раiцца.
- Ну, добра, калi гадзiну якую пакруцiць. А калi на ўсю ноч? Што тады?
Думай не думай, а трэба чакаць. Мой напарнiк сабраў па кiшэнях нейкiя рэшткi махоркi, зляпiў дзве цыгаркi i кажа:
- Давай запалкi!
- Няма!
- I ў мяне няма. Але чакай - зараз агонь будзе.
Выдраў ён з ватнiка крыху ваты, скруцiў яе ў маленькi валiк, сякерай адшчапiў ад пня сухую трэсачку i пачаў гэтай трэсачкай качаць валiк па пнi. Я накрыў яму галаву крысом бушлата, каб не заносiла снегам. Раптам ён спынiўся, хапiў валiк, дзьмухнуў на яго i пацягнуў канцы ў розныя бакi. Адразу пыхнуў агонь. Мы падпалiлi трэсачкi, распалiлi пад вывараццю невялiчкi агонь i, зразумела, прыпалiлi свае цыгаркi.
Пакуль курылi, грэлiся, жартавалi - буран зацiх, спынiўся. Спынiўся ён так жа раптоўна, як i пачаўся. Мы адразу ж увязалi вазы - фiнскiя санi.
- Ну, паехалi! - кажа мой напарнiк.
- Пачакай. Трэба агонь пагасiць.
- Ды што ты, мiлы! Вецер i снег усё загасяць.
- Хай яно i так, але я калiсьцi дакляраваў свайму бацьку, што нiколi i нi пры якiх акалiчнасцях не пакiну нiдзе нават маленькага агеньчыка. Справа нядоўгая.
Агонь пагасiў...
Навучыўшыся здабыць - навучыся i спажыць
Я пачаў жалiцца, прыгнаўшы каровы двору, што ў мяне нехта з'еў мой абед. На другi, на трэцi дзень - таксама. Мацi здзiвiлася.
- Можа, да цябе якiя сябры прыходзiлi?
- Ды не, нiкога не было.
Пачала мяне мацi распытваць, дзе я трымаю свой абед. Я сказаў, што, прыгнаўшы каровы на пашу, кладу торбачку пад дубочкам, у кустах.
- Э-ге, - кажа мацi, - паспрабуй павесiць на дубку, а сам адыдзiся ды панаглядай цiхенька.
Назаўтра я так i зрабiў. Толькi сеў у ядлоўчыку, павесiўшы сваю торбачку з лустаю на дубовы сучок, як наша маладая карова кiнула адразу шчыпаць траву ды бегма да дубочка. Крыху яна не дацягнулася губамi да торбы, тады ўзнялася на дыбкi i скiнула маю торбачку на зямлю. Прыбег я, а яна зубамi i торбачку паспела развязаць, толькi-толькi маю лусту не з'ела.
Я на яе сварыцца, а яна адышлася да сваёй маткi, пасецца побач ды толькi адным вокам за мной наглядае, цi не пайду я куды ад яе далей, цi не дастанецца ёй смачная луста.
- Ах ты, - кажу да яе, - нягоднiца!
А яна як бы ў адказ мне i зарыкала. Чую, нiбыта вымаўляе яна:
- А хiба я табе малачка не даю? А ты i пачаставаць мяне лустачкай не хочаш...
Пасля пачаў я ёй па маленькiм кавалачку хлеба даваць, калi сам палуднаваў, але торбачку вешаў так, што яна больш не дастала нi разу. Калi пра гэта ўсё я расказаў сваёй мацi, яна толькi пасмяялася.
- Усё ў жыццi так. Для цябе навука. Навучыўшыся здабыць - навучыся i спажыць...
Чорнае i белае
Споўнiлася мне восем гадоў. Кавалер, як бачыце, ладны. Пачаў, зразумела, на дзяўчынак паглядаць. А была ў нас адна, яе звалi Мiлачка. Вучылася яна ў Вiльнi, у жаночым епархiяльным вучылiшчы. А прыгожая, прыгажэй ад яе няма больш на свеце. I вельмi добрая характарам. Яна не ганарылася нi бацькавым станам, нi тым, што сама вучыцца ў вялiкiм горадзе, нi тым, што я вясковы хлопчык i пастушок, апрануты кепска.
Пабачыўшы, што я ганю каровы дадому, яна заўсёды гукала мяне з саду, дзе бавiлася з маёй сястрой Тасяй.
- Уладзiк, хадзi сюды, на гiгантах пабегаем.
А гiганцкiя крокi, пастаўленыя ў iхнiм садзе, мелi чатыры вяроўкi. Дзве дзяўчынкi, я трэцi, падабраўшы дзве вяроўкi, бегаем, падлётваем хто ведае ў якую вышыню. Смяёмся. Страшнавата, але затое весела.
Вось я падлётваў на гэтых дзвюх вяроўках, разгойдваючы дзяўчынак. Раптам пачуўся трэск i я адчуў, што вяроўкi зашморгалi па маёй уласнай скуры. Саскочыўшы, я памацаў рукою i выявiў, што мае штонiкi лопнулi ад самага паяска i да нiзу. А мы ў тыя гады нiякiх трусiкаў не ведалi i не насiлi. Выходзiць, што я з такога гiганцкага размаху павiнен зусiм здрабнелым спосабам, са штанамi пад пахай, з'явiцца дадому.
Мая юная паненка пашкадавала мяне.
- Не бядуй, Уладзiк! Я зараз зарапарую твае майткi, - так па-далiкатнаму звалi ў нас штонiкi. Яна збегала дамоў, прынесла нiткi, iголку i на мне злiквiдавала прарыў.
Я вельмi шчыра i пачцiва падзякаваў сваёй юнай даме за такую дапамогу, але бегаць больш не схацеў, тым больш, што клiкалi вячэраць.
Павячэраўшы, я прайшоў нечага па хаце. Раптам мацi пытаецца:
- Уладзiк! Што за дзiва-дзiўнае? У цябе штонiкi ззаду зафастрыгаваны белымi нiткамi. Як гэта здарылася?
Ажно мая слаўная паненка зашыла мае чорныя штонiкi белымi нiткамi.
Усе пачалi смяяцца.
Гэты выпадак запомнiўся мне на ўсё жыццё. I ўжо дарослы, куды б я з дому нi адлучаўся, браў з сабой пакрысе чорных i белых нiтак ды iголку, каб не клiкаць нiкога на дапамогу ў такой справе i не зашываць чорнае белым цi наадварот.
Капа пернiкаў за тры капейкi
Каля нашае царквы быў фэст. Наз'язджалiся людзi з усяго свету, як у нас казалi. А свет гэты ўвесь меў у радыусе дзесяць - дванаццаць вёрст. Дзяўчаты i хлопцы хадзiлi праз плошчу прыбраныя ў святочныя строi. З блiжнiх мястэчак папрыязджалi бойкiя мяшчанкi з пернiкамi i мучнымi цукеркамi. Моладзi хапала i ля гэтых вазоў, бо тут iшла латарэя, цягнулi нумаркi. Аддаўшы тры капейкi, можна было выцягнуць шчаслiвы нумарок на капу пернiкаў адразу, а iншым разам i нiчога не выцягнуць. Я пра такую механiку яшчэ нiколi не чуў. Мама дала мне тры капейкi, каб я схадзiў i купiў тры пернiкi: сабе, сястры i брату. Калi я падышоў да воза i паказаў менавiта тры капейкi, шастак, як у нас тады казалi, дарослыя хлопцы надумалiся пажартаваць з мяне, малога.