- Браток, не прыбiрайся! Ёсць яшчэ адна маленькая работа, хвiлiн на пятнаццаць...
А мы ўсе ведалi, што такое пятнаццаць хвiлiн. Бывала, што i на тры днi iх хапала. Асцярожна пытаюся:
- Якая такая работа?
- Цокаль дома трэба прайсцi хоць адзiн раз. У нас ёсць у кадушцы i колер гатовы - умбра паленая... Пойдзем, глянем на гэты цокаль.
Пайшлi. Глядзi не глядзi, а самае малое паўсотнi квадратных метраў...
- Эх, Iван Сямёнавiч, - кажу я майстру, - якiя ж твае вочы! Пятнаццаць хвiлiн... Ды тут на добры дзень работы, толькi ўправiцца...
- Слухай, браце! Заўтра прыйдзе камiсiя, а работа недакончана... Зрабi як-небудзь...
Сам адразу пайшоў, каб не слухаць майго аднеквання.
Што паробiш? Трэба пачынаць!.. Узяў я вядзерца фарбы, пэндзаль, выйшаў да цокаля, стаў i пазiраю на яго крывым вокам. Раптам чую за спiной нясмелы галасок:
- Дзядзечка! Вы што будзеце фарбаваць?
Я павярнуўся, аж каля мяне стаяць чалавек дванаццаць хлапчукоў-школьнiкаў рознага ўзросту. Аж вочы ў iх гараць:
- Дзядзечка! Дайце хоць крышачку пафарбаваць...
I тут я раптоўна згадаў Марка Твэiна i ягонага Тома Сойера, як ён цётчын плот фарбаваў. Няхай мне даруе лёс мой учынак, але я адразу надумаў выкарыстаць энергiю гэтых юных энтузiястаў на карысць агульнае справы. Пачаў я з адмоўнага адказу, каб больш заахвоцiць iх.
- Дазволiць фарбаваць вам можна было б, але ж вы папсуеце работу...
- Ды не, дзядзечка! Мы зробiм усё добра i акуратна.
- А ў якiх кватэрах вы жывяце?
Яны сказалi, дзе кватэра кожнага.
- Тады вось што. Кожны з вас будзе фарбаваць супраць сваёй кватары. Больш - нельга.
Але тут выявiлася, што чацвёра - у гэтым доме не жылi, i юная брыгада ў адзiн голас заявiла iм, што фарбаваць яны не будуць. Трэба было б самiм зiрнуць, якi смутак агарнуў гэтых хлопчыкаў! Я прыйшоў iм на дапамогу.
- Пачакайце, пачакайце! - сказаў я. - Яны прыходзяць да вас у госцi? Прыходзяць! Дык мы паставiм iх фарбаваць ганкi. Яны ж праз ганкi ходзяць да вас!
На гэтым была дасягнута поўная згода. Я папрыносiў усiм кацялкi з фарбай, раздаў пэндзлi, расказаў i паказаў, як трэба набiраць фарбу, як растушоўваць, i работа пайшла.
Мне прыйшлося толькi хадзiць каля iх, падпраўляць пропускi, пацёкi i мiрыць, калi мiж iмi ўзнiмалiся тэрытарыяльныя спрэчкi. Праз якiх хвiлiн сорак уся работа была скончана, лепш i не зробiш. Я пазаносiў у кладоўку посуд, пэндзлi, памог хлопцам паадмываць працавiтыя рукi ад фарбы шкiпiнарам, падзякаваў i пайшоў прыбiрацца сам.
Зноў прыходзiць майстар.
- Слухай, браток! Я ж цябе прасiў на прамiлы бог фарбаваць цокаль, а ты не хочаш паслухаць...
- Ды колькi ў цябе тых цокаляў, Iван Сямёнавiч! Адзiн я пафарбаваў. Пойдзем, пакажу.
Выйшлi мы з памяшкання, абышлi вакол дом. Мой майстар лiтаральна аслупянеў.
- Нячысты дух табе якi памагаў, цi што? Не магу зразумець, - вымавiў урэшце ён.
Я не мог больш нiяк устрымацца, засмяяўся i сказаў:
- Памаглi мне гэтыя слаўныя, працавiтыя хлопчыкi. Вось ты iм i падзякуй за такую нечаканую, тэрмiновую i выдатную дапамогу.
Так мой майстар i зрабiў. Пасля неаднойчы ён згадваў пра гэтую маленькую падзею i дужа доўга смяяўся, калi я расказаў яму пра Тома Сойера i самога Марка Твэна. Вось i скажы, што добрая кнiга не памагае нам у жыццi!
Цягнiковая насценная газета
А было гэта ў жнiўнi месяцы 1947 года. Пражыўшы багата часу на Далёкiм Усходзе, ехаў я ў Маскву. Крыху адвык ад вялiкiх гарадоў, людскiх патокаў, нават ад цягнiковага стукату i лязгання. Добра яшчэ, што ў маiм вагоне ехала фактычна адна кампанiя: брыгада з нейкага завода з горада Камсамольска. Ехалi яны прымаць для саўгаса пры сваiм заводзе статак кароў у горадзе Ачынску. У iх былi больш-менш аднолькавыя iнтарэсы, размовы вялiся таксама нейкiя хатнiя. Часам гулялi яны ў карты, у дамiно, у шашкi. А галоўнымi ў iх былi два чалавекi: цэхавы парторг i цэхавы прафорг. Гэтыя таксама час ад часу гулялi ў шахматы. I вось аднойчы, праехаўшы ўжо Аблучча, заходзiць у наш вагон начальнiк цягнiка. Прайшоў ён праз вагон адзiн раз, уважна азiраючы ўсiх i ўсё. Пачакаўшы, iдзе праз вагон другi раз, так жа ўважна аглядаючы i людзей i рэчы. Пасля спыняецца каля прафорга заводскай брыгады i просiць яго:
- Даруйце! Дужа прашу вас, каб вы зайшлi да мяне ў службовы, нумар дзевяць, вагон. Маю да вас просьбу.
Пасля таго падыходзiць да мяне i просiць лiтаральна аб тым жа. Праўду кажучы, мяне гэтая просьба здзiвiла, бо нiякiх спраў з адмiнiстрацыяй цягнiка ў мяне не было i быць не магло. На ўсялякi выпадак я запытаўся ў прафорга:
- А што яму трэба? Чаго ён нас выклiкае? Можа, вы якiя справы з iм мелi?
- Нiякiх спраў з iм не меў. Дагуляю партыю, сходзiм i даведаемся...
Праз некалькi хвiлiн мы пайшлi ў той дзевяты вагон. Адшукалi таго начальнiка. Ён замiтусiўся крыху, выяўляючы ветлiвасць i гасцiннасць. Запрасiў нас сесцi.
Без далёкага адкладу пачынае размову з намi.
- Дарагiя таварышы! Праз два днi Ўсесаюзнае свята, Дзень чыгуначнiка. Нам трэба абавязкова выпусцiць цягнiковую насценную газету. А вы ведаеце, якiя мы пiсьменнiкi, якiя мы мастакi. Тое-сёе панапiсвалi, дзе што нават намалявалi, але з нашай пiсанiнай у звычайны дзень можна выткнуцца, а ў такое свята i думаць няма чаго. Вось мы i просiм вас, каб вы нам дапамаглi...
Я на ўсякi выпадак запытаўся:
- Цi добра ж так будзе? Газета цягнiковая, а мы будзем удзельнiчаць у яе стварэннi?
Але начальнiк не разгубiўся:
- У гэты момант вы паўнамоцныя члены нашага калектыву. Вы такiя ж самыя стваральнiкi газеты, як i мы...
Я тады задаю яшчэ пытанне:
- А чаму вы звярнулiся менавiта да нас? У цягнiку ж поўна людзей, пэўна, не менш тысячы?
- Блiзу таго, - адказвае начальнiк. - Я прайшоў увесь цягнiк ад галавы да хваста, ды не аднойчы, а двойчы. Каторыя пасажыры ядуць, каторыя ў карты гуляюць, каторыя не пацiкавяцца падобнымi справамi ў сваёй арганiзацыi, а не тое, каб на цягнiку...
- Гэта так! - сказаў я i запытаўся ў прафорга, што ён можа рабiць.
- Я добра малюю, - адказаў той.
- У такiм разе я паспрабую што-небудзь напiсаць, - кажу я.
Адным словам, забралi мы ў начальнiка паперу, нататкi, фарбы i пайшлi ў свой вагон, каб пачаць ствараць газету.
Мой напарнiк сапраўды маляваў цудоўна. Карыстаючыся вольным часам, чаго ён не мог бы нiколi мець дома, ён даў такiя малюнкi, не кажучы пра загалоўкi, што iх бы не сорамна было даць у любы друкаваны часопiс.