- Чаму гэта?
- Таму... таму, што мне гэта нязвычна, i таму, што я глухаваты.
Плябан аказаўся згодлiвы:
- Добра! Тады прыходзьце да мяне, у мой пакой. Мы зробiм гэта ўдвух, сам-насам. Згода?
- Вось цяпер згода, а ў вашу шафу - нiзашто.
- Дык да заўтра, па рабоце, а шостай.
- Па руках, лады на тры гады, пане дабрадзею, да заўтрага. Хто перадумае слiняк!
I ён падаў сваю вялiкую шурпатую руку, па якой плябан гучна пляснуў сваёй.
Пляск падляцеў пад скляпенне i сцiхнуў дзесьцi высока за арганнымi трубамi.
Увесь наступны дзень Тэадзюль Сабо непакоiўся. Ён адчуваў сябе гэтак жа пагана, як чалавек, якому будуць рваць зуб. У галаве ўвесь час круцiлася думка: "Сёння ўвечары мне спавядацца". I яго хiсткая душа, душа нясталага атэiста, трэслася перад Божым таiнствам.
Скончыўшы працу, ён пайшоў у плябанiю. Святар гуляў у прысадах, чакаючы яго з малiтоўнiкам у руках. Ён быццам свяцiўся i сустрэў яго з прыхiльнаю ўсмешкаю:
- А, вось i вы. Заходзьце, пан Сабо, вас тут не з'ядуць.
Сабо ўвайшоў першы. Ён прамармытаў:
- Калi вам не цяжка, мне б хацелася як мага хутчэй скончыць нашу справу.
Плябан адказаў:
- Калi ласка. Толькi апрану стыхар. Хвiлiнку, i я вас слухаю.
Сталяр, якому адняло мову ад хвалявання, глядзеў, як святар апранаў белы, у складках, убор. Ён зрабiў сталяру знак рукой:
- Укленчыце на гэту падушачку.
Сабо стаяў, саромеючыся апусцiцца на каленi. Ён прававулiў:
- Гэта абавязкова?
Але святар стаў урачысты:
- Толькi на каленях можна з'явiцца перад судом пакаяння.
I Сабо ўкленчыў.
Святар сказаў:
- Чытайце "Верую".
Сабо спытаўся:
- Што?
- "Верую". Калi не ведаеце, паўтарайце ўслед за мной кожнае слова.
I ён павольна, нараспеў прачытаў святую малiтву, а сталяр слова ў слова паўтарыў яе. Пасля сказаў:
- А цяпер - спавядайцеся.
Але Сабо маўчаў, не ведаючы, з чаго пачаць.
Тады плябан Марыцiм вырашыў памагчы яму:
- Сын мой, я буду звяртацца да вас з пытаннямi, бо вы, здаецца, мала што разумееце. Адзiн за адным мы разбяром Божыя запаветы. Слухайце i не хвалюйцеся. Адказвайце шчыра i не бойцеся гаварыць шмат.
Толькi Госпада любi
I ўсяёй душой шануй.
Цi любiлi вы каго цi што болей за Бога? Цi ўсёй душой, усiм сэрцам, усёй iснасцю любiлi вы яго?
Сабо ажно ўспацеў ад напругi. Ён адказаў:
- Не. О, не, пан плябан. Я люблю Божаньку, як магу. Што праўда, то праўда, я вельмi яго люблю. Сказаць, што я не люблю сваiх дзетак - не, не скажу. Сцвярджаць, што, калi б мне прыйшлося выбiраць памiж iмi i Богам - не, не так. Уявiць, што я мушу страцiць сто франкаў за любоў да Бога - нельга. Але ж я пэўна люблю яго, я ўсё-такi люблю яго.
Святар сур'ёзна казаў:
- Любiце яго больш за ўсё.
I Сабо, поўны добрых намераў, абяцаў:
- Буду старацца, айцец.
Марыцiм зноў пачаў:
Пана Бога не судзi,
На людзей не злуйся.
Цi лаялiся вы калi-небудзь?
- Не! О, вось гэта - не. Я нiколi, нiколi не лаюся. Часам, калi злуюся, я, канечне, кажу: "Бадай цябе!" А ўвогуле я зусiм не лаюся.
Святар крыкнуў:
- Дык гэта ж i ёсць лаянка! - i важка: - Не кажыце так больш. Далей:
Усе нядзелi ты, глядзi,
Сэрцам Госпаду слугуй.
Чым вы займаецеся па нядзелях?
На гэты раз Сабо пачухаў патылiцу:
- Дык, я слугую Госпаду як магу, вашэцi. Я слугую яму... дома. Я раблю па нядзелях.
Святар велiкадушна спынiў яго:
- Веру, што надалей вы будзеце паслухмяны. Прамiнаю iншыя запаветы, верачы, што вы не саграшылi супраць iх. Разгледзiм шосты i дзевяты. Слухайце:
Дабра чужога не вазьмi,
Хцiва яго не вартуй.
Цi прысвойвалi вы якiм-небудзь чынам чужое дабро?
Але Тэадзюль Сабо пакрыўдзiўся:
- Ой не! Ай не! Я - сумленны чалавек, айцец. Магу прысягнуць у гэтым. Сказаць, што я нiводнага разу не ўзяў больш за работу з заможных парафiян не, не скажу. Я не скажу, што, калi рахую, не прыпiсваю некалькi сантымаў, усяго пару сантымаў, не, не скажу. Але каб украсцi - баранi Бог!
Святар строга сказаў:
- Абрабаваць на адзiн сантым - ужо крадзеж. Не рабiце так больш.
Паклёп на людзей не ўзвядзi,
Брахуном у жыццi не будзь.
Вы хлусiлi?
- Што не, дык не. Я зусiм не хлус. Такi ўжо я чалавек. Канешне, сказаць, што я нiколi не блазнаваў - не скажу. Сказаць, што я нiкога нiколi не абуў у лапцi, калi тое мне было на карысць, - таксама не скажу. Але каб хлусiць - не, я не хлус.
Святар проста сказаў:
- Сцеражыцеся гэтага надалей.
Ён прачытаў:
Жаночай плоцi не жадай,
Толькi ў шлюбе яе май.
Цi вы жадалi цi валодалi iншай жанчынай, апроч жонкi?
Сабо шчыра запярэчыў:
- Вось тут - не. Што не - дык не, пан плябан. Здраджваць жонцы? Не! Не! Нi на хвiлiну, нi душой, нi целам. Праўда.
Ён крыху памаўчаў, пасля цiшэй, быццам у паняверцы, сказаў:
- Калi я бываю ў горадзе, сказаць, што я нiколi не завiтаю ў дом, самi ведаеце, у дом распусты, каб пасмяяцца, ну, трохi пагуляць i паласавацца нечым iншым - не, не скажу. Але я плачу, пан плябан, заўсёды плачу, а як толькi грошы даў - ад мяне i след прапаў. I свет не чуў, i людзi не бачылi.
Святар больш не распытваў i адпусцiў грахi.
Тэадзюль Сабо ладзiць хоры i прычашчаецца штомесяц.