Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Де Мопассан Ги

Месячнае святло (на белорусском языке)

Гi дэ Мапасан

Месячнае святло

Пераклад: Сяргей Шупа

Абат Марыньян цалкам адпавядаў свайму ваяўнiчаму прозвiшчу. Гэта быў высокi i худы святар, трохi фанатычны, гарачлiвы, але заўсёды шчыры. Яго перакананнi былi цвёрдыя, непахiсныя. Яму здавалася, што ён дасканала ведае свайго бога, разумее яго наканаваннi, жаданнi, намеры.

Часамi, калi ён гуляў у прысадах каля сваёй маленькай плябанii, у яго ўзнiкала пытанне: "Навошта Бог стварыў усё гэта?" Ён пачынаў настойлiва шукаць адказу, ставячы сябе ў думках на месца Бога, i амаль заўсёды знаходзiў. Нiколi б ён не прашаптаў у парыве пабожнай пакорнасцi: "О, Божа, неспазнаныя шляхi твае!" Ён казаў сабе: "Я слуга Бога, я павiнен ведаць, чым ён кiруецца ў сваiх дзеях, а калi я гэтага не ведаю, дык павiнен здагадацца сам".

Яму здавалася, што ўсё ў прыродзе створана з дасканалай i вартай захаплення логiкай. Усе "чаму" i "таму што" заўсёды ўраўнаважвалiся. Свiтаннi iснавалi на тое, каб прыемна было прачынацца, днi - каб спела збажына, дажджы - каб палiваць яе, вечары - каб рыхтавацца да сну, а цёмныя ночы - каб спаць.

Чатыры пары года дасканала адпавядалi ўсiм сельскагаспадарчым патрэбам, i святару нiколi не прыйшла б у галаву думка, што прырода не мае нiякiх намераў i што, наадварот, усё жывое навокал падладжваецца да суровых патрэб часу, клiматычных умоў, матэрыяльнага жыцця.

Але... ён ненавiдзеў жанчын, ненавiдзеў несвядома i iнстынктыўна iмi пагарджаў. Ён часта паўтараў словы Хрыста: "Што мне i табе, жанчына?" - i дадаваў:

"Здаецца, Бог сам быў незадаволены гэтым сваiм стварэннем". Жанчына была яму "дванаццаць раз заганнае дзiця", як сказаў паэт. Яна была той спакуснiцай, што звяла першага мужчыну. Гэтая слабая i невядома чаму вабная iстота i дагэтуль вяла сваю агiдную дзейнасць. I ён ненавiдзеў жаночую душу, здольную кахаць, нават больш, чым жаночае цела, асуджанае на пагiбель.

Часта ён адчуваў на сабе пяшчоту, што iшла ад iх, i хоць ён верыў у сваю непахiснасць, яго бязмерна злавала гэтая патрэба кахаць, якая заўсёды ў iх хавалася.

На яго думку, Бог стварыў жанчыну толькi на тое, каб спакушаць мужчыну i ўсяляк выпрабоўваць яго. Наблiжацца да яе можна было толькi з незвычайнай асцярогай, каб не трапiць у пастку. Ды яна i папраўдзе была сама як пастка, з выцягнутымi для абдымкаў рукамi i гатовымi для пацалунка вуснамi.

Ён рабiў выключэнне толькi манашкам, бо iх зарок цнатлiвасцi рабiў iх няшкоднымi. Але ён усё адно ставiўся да iх сурова, бо заўсёды адчуваў, што недзе ў глыбiнi iх скаванай душы, у iх пакорлiвым сэрцы жыве гэтая адвечная пяшчота, якая прызначаецца таксама i яму, хоць ён i святар.

Гэтую пяшчоту ён адчуваў у iх позiрках, прасякнутых большай, чым у манахаў, набожнасцю, у iх малельным экстазе, у якiм было нешта жаноцкае, у парывах любовi да Хрыста, што абуралi яго, бо гэта было жаночае каханне, каханне цела. Ён адчуваў гэтую праклятую пяшчоту нават у iх пакорлiвасцi, у мяккасцi голасу, у апушчаных долу вачах i ў iх маўклiвым плачы, калi ён надта сурова iх дакараў.

I таму, выходзячы з кляштара, ён абтрасаў сутану i шпарка iшоў, быццам уцякаючы ад небяспекi.

Абат меў пляменнiцу, якая разам з мацi жыла ў суседнiм дамку. Ён настойлiва дамагаўся, каб яна сталася мiласэрнай сястрой.

Яна была прыгожанькая, легкадумная i смяшлiвая. Калi абат павучаў яе, яна смяялася, а калi злаваўся на яе, яна кiдалася яго цалаваць, прыцiскаючы да грудзей, i ён мiмаволi стараўся вырвацца з гэтых абдымкаў, адчуваючы, аднак, прыемную радасць абуджанага ў глыбiнi душы бацькоўскага пачуцця, якое дрэмле ў кожным мужчыне.

Часам, iдучы поруч з ёю палявой дарогай, ён гаварыў пра Бога, пра свайго Бога. Яна не надта яго слухала i глядзела на неба, на зёлкi, на кветкi; у вачах яе адбiвалася радасць жыцця. Часам яна кiдалася за матыльком i, прынёсшы яго, шчабятала: "Глядзiце, дзядзечка, якi ён прыгожы, нават хочацца яго пацалаваць!" I гэтая патрэба пацалаваць матылька цi кветачку бэзу непакоiла, раздражняла, абурала святара - ён i тут бачыў тую невыкараняльную пяшчоту, што заўсёды тоiцца ў жаночым сэрцы.

I вось аднойчы жонка закрыстыяна, якая вяла гаспадарку ў абата, паведамiла яму пад сакрэтам, што яго пляменнiца мае каханка.

Гэтая навiна так яго ўзрушыла, што яму нават мову заняло. Ён так i застаўся стаяць з намыленым тварам, бо якраз у гэты час галiўся.

Калi да яго зноў вярнулася здольнасць разважаць i гаварыць, ён усклiкнуў: "Няпраўда! Вы хлусiце, Мелянi!"

Але сялянка паклала руку на сэрца i прамовiла: "Хай Пан Бог мяне пакарае, калi я хлушу, пане кюрэ. Ды я ж вам кажу, яна ходзiць туды штовечар, як толькi вашая сястра кладзецца спаць. А той ужо чакае яе каля рэчкi. Iдзiце самi паглядзiце".

Ён кiнуў скрэбцi бараду i пачаў хадзiць з кута ў кут, як апантаны, як ён заўсёды рабiў падчас цяжкага роздуму. Узяўшыся зноў за галенне, ён тры разы парэзаўся, пакуль дайшоў ад носа да вушэй.

Ён маўчаў увесь дзень i ледзь не лопнуў ад гневу i абурэння. Як святара яго злавала гэтая непераможная моц кахання. Ён абураўся яшчэ i ад таго, што яго, духоўнага айца, апекуна, падманула, ашукала, увяло ў зман нейкае дзiця! Такое самае пачуццё абражанага самалюбства бывае ў бацькоў, калi дачка кажа iм, што выбрала сабе мужа без iх дазволу i супраць iх волi.

Павячэраўшы, ён паспрабаваў трошкi пачытаць, але нiчога не атрымалася. Яго абурэнне нарастала. Калi прабiла дзесяць гадзiн, ён узяў свой кiй - вялiзную дубiну, якую насiў з сабой падчас начных вiзiтаў, калi iшоў праведаць хворага. Ён задаволена паглядзеў на сваю зброю i пагрозлiва пакруцiў ёй у паветры важкая дубiна была нiбы лёгкая шабля ў яго моцнай сялянскай руцэ. Пасля ён раптоўна падняў яе i, скрыгнуўшы зубамi, ляснуў, што было моцы, па крэсле рэшткi спiнкi ўпалi на падлогу.

Ён адчынiў дзверы i ўжо сабраўся выйсцi, але спынiўся на парозе, уражаны ззяннем месяца, - рэдка надараецца ўбачыць яго такога прыгожага.

Абат меў палкую душу - такую самую мелi напэўна айцы царквы, гэтыя сапраўдныя паэты-летуценнiкi, - i таму ён раптам разгубiўся, усхваляваны велiчнай i супакойнай прыгажосцю светлай ночы.

У невялiчкiм садку, залiтым пяшчотным святлом, стаялi радамi дрэвы, на сцежцы адбiваўся цень далiкатных галiнак, ледзь адзетых у зялёныя лiсточкi. Ад вялiзнага куста бружмелю, што прычапiўся да муру, лiлiся чароўныя салодкiя пахi, якiя расцякалiся духмянымi хвалямi ў цёплым паветры светлага вечара.

1
{"b":"74444","o":1}