I ўсё роўна я страсна жадаў як мага хутчэй адправiцца на радзiму да Пятнiцы, каб убачыць "барадатых" людзей, якiя жывуць у той краiне. Нарэшце я вырашыў, не адкладваючы далей, распачаць пабудову вялiкай лодкi, на якой можна было б рушыць у адкрытае мора.
Перш за ўсё трэба было выбраць прыдатнае дрэва з дастаткова тоўстым ствалом.
Тут думаць не трэба было: на выспе расло столькi велiзарных дрэў, што з iх можна было збудаваць не толькi лодку, а, бадай, цэлы флот. Але я добра памятаў, якую зрабiў памылку, калi будаваў сваю вялiзную пiрогу ў лесе, далёка ад мора, а потым не здолеў прыцягнуць яе да берага. Каб гэта памылка не паўтарылася, я вырашыў знайсцi такое дрэва, якое расце блiжэй да мора, каб можна было без асаблiвай цяжкасцi спусцiць лодку на ваду.
Але ля самага берага раслi пераважна дробныя i чэзлыя дрэвы.
Я абышоў амаль усё ўзбярэжжа i не знайшоў нiчога прыдатнага. Выручыў мяне Пятнiца: выявiлася, што ў гэтай справе ён разумеў больш за мяне. Я i сёння не ведаю, якой пароды было тое дрэва, з якога мы тады пабудавалi лодку.
Пятнiца стаяў на тым, каб мы агнём выпалiлi ўнутранасць дрэва, як робяць пры пабудове сваiх пiрогаў дзiкуны. Але я сказаў яму, што лепей выдаўбаць яе долатам i iншым цяслярскiм iнструментам, i, калi я паказаў яму, як гэта робiцца, ён ахвотна згадзiўся, што мой спосаб лепшы i больш надзейны.
Пятнiца хутка вывучыўся рабiць i гэту работу.
Мы з захапленнем узялiся за работу, i праз месяц лодка была гатова. Мы патрацiлi на яе многа сiлы, абчасалi яе сякерамi, i ў нас атрымалася сапраўдная марская лодка з высокiм кiлем i моцнымi бартамi; яна была цалкам прыгодная для нашай мэты, таму што пэўна магла падняць дваццаць чалавек.
Пасля таго спатрэбiлася яшчэ каля двух тыдняў, каб спусцiць наша судна на ваду. Для гэтай мэты мы прыстасавалi драўляныя каткi, але лодка была такая цяжкая, а рабочых рук так мала, што i на катках яна рухалася наперад страшэнна павольна, дзюйм за дзюймам.
Калi лодка была спушчана на ваду, я са здзiўленнем убачыў, як спрытна спраўляецца з ёю Пятнiца, як хутка ўмее ён паварочваць яе ўправа i ўлева i як добра вяслуе.
Я спытаў у яго, цi няма небяспекi, на яго думку, выпраўляцца ў мора на такой лодцы?
- О не, - сказаў ён, - такая лодка не страшна плыць, няхай дзьме моцны вецер!
Але перш чым рушыць у мора, я намерыўся зрабiць яшчэ адну справу, пра якую Пятнiца пакуль што не ведаў, а iменна: паставiць у лодцы мачту з ветразем, а таксама змайстраваць якар i карабельны канат. Зрабiць мачту было няцяжка: на выспе расло многа на дзiва стройных высокiх кедраў. Я выбраў адно маладзенькае дрэўца - яно расло непадалёку ад бухты, дзе стаяла наша новая лодка, - i загадаў Пятнiцу ссекчы яго. Затым ён пад маiм кiраўнiцтвам ацерабiў ствол ад галiн i старанна абчасаў яго. Мачта была гатова.
Над ветразем мне давялося пастарацца самому. У мяне ў кладоўцы захоўвалiся старыя ветразi, або, лепш сказаць, кавалкi парусiны. Але гэта парусiна ляжала ўжо больш за дваццаць шэсць год.
Я нiколi не спадзяваўся, што мне давядзецца шыць з яе ветразi, i таму не вельмi даражыў ёю i нiколькi не клапацiўся пра тое, каб захаваць яе. Я быў упэўнены, што ўся гэта парусiна даўно згнiла. Так яно i аказалася: большая частка яе была гнiлая. I ўсё ж сёе-тое магло зараз згадзiцца. Я выбраў два мацнейшыя кавалкi i ўзяўся за шытво.
Многа сiлы патрацiў я на гэту работу: у мяне ж не было нават iголак! I ўсё ж у рэшце рэшт я змайстраваў нейкае мiзэрнае падабенства вялiкага трохкутнага ветразя, накшталт тых, якiмi карыстаюцца ў Ангельшчыне (там такi ветразь называюць "нагою барана"), i, апрача таго, маленькi ветразь, так званы "блiнд".
Такiмi ветразямi я ўмеў кiраваць лепш за ўсё, таму што дакладна такiя ж ветразi былi на той шлюпцы, на якой я некалi ўцякаў з Афрыкi.
Каля двух месяцаў прыладжваў я да лодкi мачту i ветразi, але затое ўся работа была зроблена вельмi дасканала. Апрача двух ветразяў я змайстраваў яшчэ трэцi. Гэты ветразь я ўмацаваў на носе. Ён павiнен быў памагаць нам паварочваць лодку пры перамене галса*, для таго каб iсцi супроць ветру.
* Галс - курс судна адносна ветру; напрыклад, судна iдзе левым галсам, калi вецер дзьме ў левы бок судна.
А затым я зрабiў выдатны руль i прыладзiў яго да кармы, што павiнна было значна аблегчыць кiраванне лодкай.
У справе пабудовы марскiх суднаў я быў невук, але я добра разумеў усю карысць такога прыстасавання, як руль, i таму не пашкадаваў тут нi сiлы, нi працы. Далося мне гэта нялёгка: на адзiн гэты руль у мяне пайшло амаль столькi ж часу, колькi на пабудову i аснастку ўсяе лодкi.
Калi ўсё было гатова, я пачаў вучыць Пятнiцу кiраваць маёй лодкай, таму што нi руля, нi ветразя ён нiколi ў вочы не бачыў. На першым часе, калi ён убачыў, як я паварочваю лодку рулём i як ветразь надзiмаецца то з аднаго, то з другога боку, ён быў такi ашаломлены, нiбыта яму паказалi нейкае дзiва.
Тым не менш пад маiм кiраўнiцтвам ён хутка навучыўся кiраваць лодкай i зрабiўся ўмелым мараком. Адна толькi справа нiяк яму не давалася - карыстанне компасам. Але паколькi ў тых мясцiнах туманы бываюць толькi ў час дажджоў, компас быў не вельмi патрэбны. Днём мы маглi кiраваць на ўзбярэжжа, якое вiднелася ўдалечынi, а ноччу трымаць курс па зорках. Iншая справа ў перыяд дажджоў, але тады ўсё роўна нельга было падарожнiчаць нi морам, нi па зямлi.
Надышоў дваццаць сёмы год майго зняволення ў гэтай турме. Праўда, тры апошнiя гады можна было смела скiнуць з разлiку, бо пасля з'яўлення на выспе майго адданага Пятнiцы жыццё маё зусiм змянiлася.
Наблiжаўся сезон дажджоў, калi большую частку дня даводзiцца сядзець дома. Неабходна было перачакаць гэты час i зрабiць захады да таго, каб дажджы не пашкодзiлi нашу лодку. Мы прывялi яе ў тую бухтачку, у якую я прыставаў са сваiмi плытамi, i, дачакаўшыся прылiву, падцягнулi яе да самага берага. Потым мы выкапалi на тым месцы, дзе стаяла лодка, даволi глыбокую яму такiх памераў, што лодка змясцiлася ў ёй, як у доку. Ад мора мы адгарадзiлi яе моцнай плацiнай, пакiнуўшы для вады толькi вузкi праход.
Калi з наступным прылiвам наш маленькi док запоўнiўся вадою, мы наглуха заклалi плацiну, так што лодка засталася на вадзе, але марскiя хвалi не маглi захлiснуць яе i прылiў не мог знесцi яе ў мора. Каб абаранiць лодку ад дажджоў, мы прыкрылi яе тоўстым слоем галiн, i яна такiм чынам апынулася нiбы пад страхой.