Часам на мяне нападаў адчай, у такiя моманты я адчуваў смяротны сум. Каб перамагчы гэтыя горкiя пачуццi, я ўзяў пяро i паспрабаваў даказаць сам сабе, што ў маiм адчайным становiшчы ёсць усё ж нямала i добрага. Я падзялiў старонку папалам i напiсаў злева "кепска", а справа "добра", i вось што ў мяне атрымалася:
Кепска
1. Я закiнуты на панылую бязлюдную выспу, i ў мяне няма нiякай надзеi на выратаванне.
2. Я адарваны ад усяго чалавецтва; я пустэльнiк, назаўсёды пазбаўлены свету i людзей.
3. У мяне мала адзежы, i хутка мне не будзе чым прыкрыцца.
4. Я не здолею абаранiцца, калi на мяне нападуць злыя людзi цi дзiкiя звяры.
5. Мне няма каму сказаць слова, i нiхто мяне не падбадзёрыць i не суцешыць.
Добра
1. Але я застаўся жывы, хоць мог бы патануць, як усе мае спадарожнiкi.
2. Але я не памёр з голаду i не загiнуў у гэтай пустынi.
3. Але клiмат тут гарачы, i можна абысцiся без адзежы.
4. Але тут няма нi людзей, нi звяроў. I я магу лiчыць сябе шчаслiвым, што мяне не выкiнула на бераг Афрыкi, дзе столькi драпежнiкаў.
5. Але я паспеў назапасiць усяго неабходнага для жыцця i забяспечыць сабе пражытак да канца сваiх дзён.
Гэтыя разважаннi былi для мяне вялiкай падтрымкай. Я ўбачыў, што мне не варта сумаваць i адчайвацца, таму што нават пры самых цяжкiх выпрабаваннях можна i неабходна знайсцi суцяшэнне.
Я супакоiўся i стаў куды больш бадзёры. Да гэтага часу я толькi i думаў, як мне пакiнуць выспу; гадзiнамi ўглядаўся я ў марскую далячынь - цi не пакажацца дзе-небудзь карабель. Цяпер жа, скончыўшы з дарэмнымi надзеямi, я пачаў думаць пра тое, як мне лепей наладзiць сваё жыццё на выспе.
Я ўжо апiсваў сваё жытло. Гэта была палатка, пастаўленая на схiле гары i абнесеная моцным двайным частаколам. Але цяпер маю агароджу можна было назваць сцяной цi валам, таму што з надворнага боку ўшчыльную да яе я зрабiў земляны насып, таўшчынёй у два футы.
Праз нейкi час (гады праз паўтара) я паклаў на свой насып жэрдкi, прыхiлiўшы iх да адхону гары, а зверху зрабiў насцiл з галiн i доўгага шырокага лiсця. Такiм чынам, мой дворык аказаўся пад страхой, i цяпер я мог не баяцца дажджу, якi, як я казаў ужо, у пэўную пару года бязлiтасна палiваў маю выспу.
Чытач ужо ведае, што ўсю маёмасць я перанёс у сваю крэпасць, спачатку толькi за агароджу, а затым i ў пячору, якую я выкапаў у гары за палаткай. Але я павiнен сказаць, што на першым часе ўсе мае рэчы былi бязладна звалены ў кучу i загрувашчвалi ўвесь двор. Я бясконца спатыкаўся на iх, i мне зусiм не было дзе павярнуцца. Каб скласцi ўсё як мае быць, мне давялося пашырыць пячору.
На шчасце, гара складалася з рыхлага пясчанiку. Пракапаўшы зямлю ўправа, колькi па майму разлiку было патрэбна, я ўзяў яшчэ правей i вывеў ход за агароджу.
Гэты скразны падземны ход - чорны ход майго жытла - даў мне магчымасць не толькi смела пакiдаць двор i вяртацца дадому, але i значна павялiчыў плошчу мае кладоўкi.
Скончыўшы гэты занятак, я ўзяўся майстраваць сабе мэблю. Больш за ўсё мне патрэбен быў стол i крэсла: без стала i крэсла я не меў асалоды нават ад таго, чым я валодаў у маёй адзiноце, - я не мог нi есцi па-людску, нi пiсаць, нi чытаць.
I вось я зрабiўся сталяром.
Нiколi ў жыццi да таго часу не трымаў я ў руках сталярнага iнструмента, i тым не менш, дзякуючы прыроджанай кемлiвасцi i настойлiвасцi ў працы, я памалу так налаўчыўся, што, калi б у мяне былi ўсе патрэбныя прылады, я мог бы змайстраваць любую мэблю.
Аднак i без iнструмента, цi амаль без iнструмента, з адной толькi сякераю i рубанкам, я зрабiў мноства рэчаў, хоць, напэўна, нiхто яшчэ не рабiў iх такiм першабытным спосабам i не трацiў на гэта столькi працы. Толькi для таго, каб зрабiць дошку, я павiнен быў спiлаваць дрэва, ачысцiць ствол ад галiн i часаць яго з абодвух бакоў да таго часу, пакуль з яго не атрымаецца нешта накшталт дошкi. Спосаб гэты быў i нязручны i мала карысны, таму што з цэлага дрэва атрымлiвалася ўсяго адна дошка. Але што было рабiць, даводзiлася мiрыцца. Да таго ж i мой час i мая праца каштавалi вельмi танна, дык цi не ўсё роўна было, што я буду рабiць.
Такiм чынам, перш за ўсё я зрабiў сабе стол i крэсла. На гэта мне прыдалiся кароткiя дошкi, якiя я прывёз з карабля. Затым сваiм першабытным спосабам я начасаў даўгiх дошчак i прыладзiў у маiм склепе некалькi палiц, футаў на паўтара шырынёю. Я склаў на iх iнструменты, цвiкi, кавалкi жалеза i iншую дробязь - словам, зрабiў парадак, каб, як спатрэбiцца, я мог знайсцi любую рэч.
Апрача таго, у сцяну свайго склепа я ўбiў калкi, на якiх павесiў стрэльбы, пiсталеты i iншыя рэчы.
Калi б хто ўбачыў тады маю пячору, напэўна, падумаў бы, што гэта склад разнастайных гаспадарчых прылад. I я меў сапраўдную радасць, калi заглядваў на гэты склад - так многа было там рознага дабра, у такiм парадку былi раскладзены i развешаны ўсе рэчы, i кожная дробязь была ў мяне пад рукою.
З таго часу i пачаў я весцi свой дзённiк, запiсваючы ўсё, што я рабiў на працягу дня. На першым часе мне было не да запiсаў: я быў завалены работай; да таго ж у мяне тады быў такi змрочны настрой, што я баяўся, каб ён не адбiўся i на маiм дзённiку.
Але цяпер, калi мне, нарэшце, удалося адолець сваю самоту, калi я пакiнуў цешыць сябе бескарыснымi марамi i надзеяй, я ўзяўся цяпер абсталёўваць сваё жытло. Прывёў да ладу сваю хатнюю гаспадарку, змайстраваў сабе стол i крэсла, наогул уладкаваўся па магчымасцi зручна i ўтульна i ўзяўся за дзённiк. Прыводжу яго тут поўнасцю, хоць значная частка падзей, якiя тут апiсаны, чытачу вядома ўжо з папярэднiх раздзелаў. Паўтараю, я вёў свой дзённiк акуратна, пакуль у мяне было чарнiла. Калi ж чарнiла скончылася, дзённiк мiжволi давялося спынiць.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ
Дзённiк Рабiнзона. - Землятрус.
30 верасня 1659 года. Наш карабель, захоплены страшэнным штормам у адкрытым моры, пацярпеў крушэнне. Увесь экiпаж, апрача мяне, патануў; мяне ж, няшчаснага Рабiнзона Круза, выкiнула ледзь жывога на бераг гэтай праклятай выспы, якую я назваў выспай Адчаю.
Да самай ночы мяне прыгняталi змрочныя пачуццi: я ж застаўся без ежы, без жытла; у мяне не было нi адзежы, нi зброi; я не меў дзе схавацца, калi б на мяне напалi ворагi. Чакаць выратавання было дарэмна. Наперадзе мне бачылася толькi смерць: або мяне разарвуць драпежныя звяры, або заб'юць дзiкуны, або я памру з голаду.