Пачтарка з каменным выразам твару моўчкi працягнула тэлеграму.
Валянцiна Лявонцеўна хуценька прабегла вачамi па лiтарах, шукаючы вiншаванне, i з першага разу нiчога не зразумела. З вуснаў прасiлiся словы "гэта не нам", але, лiхарадкава перачытваючы тэкст, пачала халадзець ад жудаснага сэнсу слоў...
- Вiта-а-а... - паспела крыкнуць яна страшэнным голасам i, як нежывая, павалiлася ля парога.
* * *
Цi ж мог думаць Алег Сцяпанавiч, што першая справа, якую будзе ён кантраляваць на новай пасадзе, - будзе крымiнальная справа па факце гiбелi яго адзiнага сына?
"Усiх паднiму на ногi! Усё перавярну ўверх нагамi, а вiнаватых знайду! як заклiнанне паўтараў ён сам сабе. - Пакараць! Пакараць - i ў першую чаргу Генадзя! Гэта ён лiсой улез у сяброўства да сына. Каб не ён - жыў бы Вiталiк!"
Крымiнальную справу ўзбудзiў, па тэрытарыяльнасцi, раённы аддзел унутраных спраў, але пiльны кантроль ажыццяўляла i раённая, i абласная пракуратуры.
Алег Сцяпанавiч, як i абяцаў, паставiў каго на ногi, каго на галаву. У Генадзевай вёсцы днявалi i начавалi следчы i ўчастковы, праз дзень наведваўся i сам начальнiк мiлiцыi.
Дапытвалi днём i ноччу ўсiх, хто хаця б вухам чуў пра гэта здарэнне. Потым, гэтых жа дапытаных, выклiкалi ў аддзел мiлiцыi. I працягвалi дапытваць зноў - здабывалi доказы, нiбы выцягвалi жылы.
Але ў такой справе цяжка даказаць нечую вiнаватасць - нiхто не прымушаў пiць, нiхто сiлком у горла не лiў. Ды i вясковыя хлопцы - не дурныя, аднеквалiся: не бачыў, не ведаю, не пiў з iм...
Адзiн Генадзь, на якога быў накiраваны асноўны цяжар абвiнавачванняў, цiха i цвёрда заявiў следчаму на першым жа допыце:
- Я вiнаваты... Адзiн я...
I калi праз некаторы час у народным судзе яму задалi апошняе пытанне: "Цi прызнаяце вы сябе вiнаватым?" - ён зноў цiха i цвёрда адказаў:
- Прызнаю!..
Ён i сапраўды шчыра лiчыў сябе вiнаватым i гэтак жа шчыра жадаў панесцi пакаранне, каб прыглушыць у сэрцы нясцерпны боль.
Таму, калi прагучала ўрачыстае: "Iмем Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi...", Генадзь думкамi быў далёка ад гэтай афiцыйнай залы.