А што яны потым зрабiлi з яго целам? Каб ёй хоць аддалi яе дзiця, як некалi аддалi мужа з прабiтым куляю лобам.
Нарэшце яна пачула галасы. Гэта прусакi вярталiся з сяла. Яна хуценька схавала лiст, выцерла вочы i сустрэла немцаў са звычайным выразам твару.
Усе чацвёра задаволена смяялiся, бо неслi ладнага труса, крадзенага, канешне, i знакамi паказвалi старой, што сёння ў iх будзе смачны абед.
Яна адразу ж пачала завiхацца, каб прыгатаваць ежу, але калi спатрэбiлася забiць труса, у яе не хапiла рашучасцi. А гэта было ёй не ўпершыню! Адзiн з салдатаў забiў яго, стукнуўшы па патылiцы.
Яна злупiла з труса шкуру, агалiўшы чырвонае цельца, але выгляд крывi, што цякла ў яе па руках, цёплае крывi, што ўвачавiдкi ахалодвала i застывала, прымушаў яе калацiцца з галавы да ног; i ўвесь час у яе перад вачыма стаяў сын, разарваны напалам, увесь у крывi, як i гэты звярок, што яшчэ падрыгваў.
Яна села за стол разам з прусакамi, але не магла з'есцi нiводнага кавалачка. Яны праглынулi труса, не звяртаючы на яе ўвагi. Старая моўчкi паглядала на iх збоку, выношваючы нейкую думку, але твар яе быў такi непранiкальны, што яны нiчога не заўважылi.
Раптам яна сказала: "Я не ведаю нат вашых прозвiшчаў, а ўжо месяц, як вы ў мяне жывяцё". Яны зразумелi, што яна хоча, праўда, не без цяжкасцi, i сказалi ёй свае прозвiшчы. Але ёй гэтага было мала, яна папрасiла напiсаць iх на паперы разам з адрасамi iхнiх сем'яў i, начапiўшы акуляры на свой доўгi нос, агледзела незнаёмы почырк. Пасля згарнула паперу i паклала яе ў кiшэню разам з лiстом, што паведамiў ёй пра смерць сына.
Калi прусакi паелi, яна сказала: "Пайду пасцялю вам". I пачала насiць сена на гарышча, дзе яны спалi.
Яны здзiвiлiся, i старая растлумачыла, што так будзе цяплей. Прусакi ўзялiся памагаць ёй. Запхаўшы гарышча да самае страхi, яны зрабiлi сабе нешта накшталт вялiкага пакоя з цёплага духмянага сена, дзе яны маглi спаць найлепшым чынам.
У час абеду адзiн з салдатаў занепакоiўся, што цётка Саваж яшчэ нiчога не ела. Яна адказала, што ў яе балiць жывот. Пасля яна запалiла добры агонь, каб сагрэцца, а чацвёра немцаў, як i кожны вечар, залезлi па лесках на гарышча.
Як толькi дзверы за iмi зачынiлiся, старая прыняла лескi, адчынiла дзверы ў хату i пачала насiць салому, аж покуль не завалiла ўсю кухню. Яна хадзiла па снезе босая так асцярожна, што нiчога не было чуваць. Час ад часу яна прыслухоўвалася да гучнага i няроўнага храпу салдатаў. Вырашыўшы, што саломы ўжо досыць, яна сунула адно бярэмя ў агонь, яно запалала, i старая расцярушыла яго па кухнi. Потым яна выйшла i пачала глядзець.
Праз некалькi хвiлiн неўтаймоўнае полымя залiло халупу з сярэдзiны, пасля яно ператварылася ў жахлiвае вогнiшча, у вялiзарную печ, што палала i пырскала святлом праз вузкiя вокны, кiдаючы на снег яскравы адбiтак.
Моцны крык вырваўся з вышынi хаты, ператварыўся ў хвалю чалавечага ляманту, поклiчаў, што рвалi душу жахам i роспаччу.
Пасля дзверцы правалiлiся ўсярэдзiну, вогненны вiхор вырваўся на гарышча, пранiзаў саламяную страху, узняўся ў неба магутным полымем, i ўся халупа запалала.
З сярэдзiны чулася толькi, як патрэскваюць у агнi сцены i абвальваюцца бэлькi. Раптам страха правалiлася, i з абнятага агнём дома рвануўся ў неба, проста ў хмару дыму, вялiзны сноп iскраў.
Белае, асветленае агнём наваколле ззяла, як срэбны, з чырванню абрус.
Аднекуль здалёк пачуўся звон.
Старая Саваж стаяла перад сваiм разбураным гняздом; яна трымала сынаву стрэльбу, баючыся, каб хто з прусакоў не выскачыў з полымя.
Убачыўшы, што ўсё скончана, яна кiнула сваю зброю ў вогнiшча. Грымнуў выбух. Збеглiся сяляне, прусакi.
Старая сядзела на калодзе спакойная i задаволеная.
Адзiн нямецкi афiцэр, што гаварыў па-французску, як сапраўдны француз, спытаўся ў яе: "Дзе вашы пастаяльцы?"
Яна выцягнула сваю худую руку да барвовага россыпу вуголля, што ўжо затухала, i цвёрда адказала: "Там!"
Людзi таўклiся вакол яе. Прусак спытаўся: "Як пачало гарэць?"
Яна вымавiла: "Я падпалiла".
Ёй не паверылi, падумалi, што з-за гэтага няшчасця яна раптоўна звар'яцела. Стоячы ў атачэннi людзей, што слухалi яе, яна расказала iм усё ад пачатку да канца; ад моманту, калi яна атрымала лiст, i да апошняга крыку людзей, што згарэлi ў хаце.
Скончыўшы, яна выцягнула з кiшэнi дзве паперкi i начапiла свае акуляры, каб адрознiць iх у апошнiх водблiсках полымя. Паказваючы адну, яна сказала: "У гэтай пра смерць Вiктора". Падаючы другую, яна кiўнула на барвовыя руiны: "Гэта iхнiя прозвiшчы, каб напiсаць iм дадому". Спакойна аддала паперку афiцэру, што трымаў яе за плечы, i дадала: "Апiшыце, як усё здарылася, i скажыце iхнiм бацькам, што гэта зрабiла я, Вiкторыя Сiмон, Саваж! Не забудзьце!"
Афiцэр крыкнуў па-нямецку нейкi загад. Старую схапiлi, кiнулi да яшчэ гарачае сцяны яе хацiны.
Дванаццаць чалавек сталi шыхтом за дваццаць метраў ад яе. Яна стаяла нерухома, зразумеўшы ўсё, яна чакала.
Пачулася каманда - гук стрэлаў рвануў паветра. Нечы запознены стрэл самотна прагучаў пасля ўсiх.
Старая не ўпала, яна асела, нiбы падрэзаная. Прускi афiцэр падышоў да яе. Яе амаль разарвала напалам, а сцiснутая рука яе ўсё трымала скрываўлены лiст.
Мой сябра Сэрваль дадаў: "Як пакаранне - немцы разбурылi тутэйшы замак, што належаў мне".
А я задумаўся пра мацярок чатырох добрых хлопцаў, што згарэлi ў гэтай хацiне, i пра жорсткi гераiзм другое мацi, расстралянае каля гэтай сцяны.
I я падабраў маленькi каменьчык, чорны ад агню.