Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Каб пераканацца ў тым, што хлеб - самая смачная ежа ў свеце, вазьмiце, моцна прагаладаўшыся, скарыначку хлеба i разажвiце, пасмакуйце яе - адразу прыпомнiце i маленства, i тыя добрыя рукi, якiя вырасцiлi i спяклi гэты цуд.

Не хачу пакрыўдзiць прыхiльнiкаў iншых шматлiкiх прысмакаў - ешце iх на здароўе, але хлеб можна параўнаць з сонцам.

Як вакол сапраўднага сонца круцяцца планеты, так i вакол хлеба - усе мы.

ПАСЫЛКА

Жылi мы з жонкай адразу пасля вяселля i ў розных гарадах - я ў Менску, яна - у Горадне, i здымалi куток у чужых людзей, потым я атрымаў ад работы васьмiметровы пакойчык на агульнай кухнi. Затым - "хрушчоўка" на першым паверсе старога дома, дзе пад нашай кватэрай знаходзiлася бойлерная. Часцяком у ёй здаралiся аварыi, i смурод з парай прасочвалiся ў нашы пакоi. Бывала, што старэнькая мэбля набракала ад вiльгацi i трэскалася...

Толькi на пяцьдзесят чацвёртым годзе свайго жыцця я атрымаў больш-менш людскую кватэру, плошчай трыццаць сем метраў. Не атрымаў бы i гэту, каб не быў пiсьменнiкам.

I вось на першым этапе нашых басцянняў, калi каханне спальвала нашы сэрцы, а абставiны не дазвалялi жыць разам, я завальваў жонку ласкавымi лiстамi, яна - мяне. Тэлефанаваў ёй столькi, колькi дазвалялi грошы, хацелася рабiць нешта неверагоднае, незвычайнае, але што я мог зрабiць... Я нават не меў прапiскi ў Менску, жыў нелегальна з братам i бацькамi ў дзесяцiметровым пакойчыку, у бараку. Грошы ў мяне - куры не "клявалi", бо не было нi курэй, нi грошай.

Усё гэта замяняла нам з жонкай мядовы месяц i вясельнае падарожжа.

Аднаго разу вясной назбiраў я ў лесе вялiкi букет ландышаў, закруцiў iх у мокрую тканiну, абматаў паперай, упакаваў у пасылку i адправiў па пошце маладой жонцы.

Скрынка пасылкi была даволi ўнушальная, бо "лялька" з кветак, тканiны i паперы атрымалася не малой.

Колькi ж было здагадак у жонкi i яе сям'i, калi яны атрымалi тую пасылку i яшчэ не паспелi ўскрыць!

Але яшчэ большае было здзiўленне, калi дасталi з пасылкi свежанькiя ландышы, бо да такога мог дадумацца толькi закаханы чалавек.

КАРПIЛАЎСКАЯ ПАПЯЛУШКА

Нарадзiлася дзiця...

З першых гукаў, з першых крокаў - на тваiх вачах. Расце, здавалася б, непрыкметна, а разам з тым i неяк надта ўжо хутка.

Нядаўна было - годзiк... пяць... Сёння - пятнаццаць!

Што можа быць цiкавей?!

Мне пашчасцiла назiраць за такiм вось непрыкметна-iмклiвым ростам дзяўчынкi. Не, не маёй дачкi, хаця i пра яе можна было б напiсаць многа цiкавага. Але сваё дзiця - ёсць сваё, тут можна непрыкметна для сябе i перахвалiць яго. А вось пра гэту дзяўчынку - Кацю Васiлевiч, пiшу з задавальненнем, з радасцю, са светлым пачуццём, нават - з любоўю. Чаму? На мой погляд, яна - унiкальная дзяўчынка, асаблiва на агульным сучасным, не вельмi радасным, фоне падлеткавага "здароўя" нацыi.

Да гадкоў пяцi яна была дзiця як дзiця - як i ўсе дзецi такога ўзросту: па-свойму прыгожая, тоўсценькiя шчочкi, захапленне ў вочках ад усяго, што яны бачылi, i - бясконцая колькасць пытанняў.

Потым, гадкоў з пяцi, Кацюня пачала не толькi здзiўляцца жыццёвымi з'явамi, а здзiўляць мяне сваiмi адносiнамi да жыцця, да ўсяго, што яе акружае.

Трэба адзначыць, што ўсе мае назiраннi адбывалiся (i адбываюцца) у вёсцы Карпiлаўка, дзе жылi Кацiны дзед i баба. Сёння ў жывых засталася толькi баба Галя.

Вось у гэтую невялiкую вёсачку Кацюню цягне з незвычайнай сiлай. Нарадзiлася ў Менску, а сваёй "малой радзiмай" лiчыць Карпiлаўку. А вядома ж, што многiя вяскоўцы са скуры лезуць, каб лiчыцца "городскими". У Кацi ж свае погляды на жыццёвыя каштоўнасцi. З малых год едзе сюды з бацькамi, з радасцю застаецца тут на ўсё лета i, вiдаць, душой тут спачывае. Каб сказаў, што сяброў цi сябровак тут шмат - дык не. Цi каб ела тут ласункi ды прысмакi таксама не. Звычайныя вясковыя "разнасолы" - бульбiна, пералежаная скварчына, малако...

Дык вось, прыкладна з пяцi гадоў Кацюня пачала цвёрда станавiцца на ўласныя ногi. Куды б нi падалася баба Галя - за ёй, як хвосцiк, Кацюня. Баба у хлеў выкiдваць гной, Каця - за ёй. I не проста стаiць ля яе, а дапамагае, наколькi дазваляюць сiлы. Баба - у гарод, Каця - ужо тут, порацца, праполвае. Баба - кармiць свiней, даiць карову, Каця - пры ёй. Пабяжыць, шчаўя назбiрае, збегае ў лес (адна!), прынясе баравiчкоў, у хаце прыбярэ, нешта мые, штосьцi зашывае... Дзiва! Не Каця, а Папялушка з казкi!

Здаецца, пашлi яе зiмой у лес назбiраць пралесак - прынясе i iх.

Вось так, без прымусу, з радасцю, з лёгкасцю, нават з нейкай патрэбай, Каця бярэ ў свае рукi тое, да чаго не надта хочуць дакранацца i некаторыя дарослыя.

Яна даўно на "ты" з жыццёвымi складанасцямi. Сёння - яна спраўляецца i з канём, i спрабуе касiць, i бярэ сякеру ў рукi - i ўсе свае шматлiкiя справы ўкладвае ў тры словы: "Бабулi трэба ж дапамагаць!"

А якiя цудоўныя цацкi яна вырабляе ды вышывае з рознакаляровых кусочкаў тканiны! Тут i лялькi, i звяркi, i птушкi - у краме падобных вырабаў не бачыў!

Такiя вось летнiя справы ў Кацi. Зiмой жа яна цалкам прысвячае сябе i свой час вучобе, якую спалучае з курсамi па вывучэнню ангельскай мовы. Што ж сур'ёзны чалавек да ўсяго ставiцца сур'ёзна.

У вас можа скласцiся ўражанне, што яна - "хлопчыкападобная" дзяўчынка, якая кампенсуе працавiтасцю недахоп дзявочай чароўнасцi.

О не! Не дай Божа (цi дай Божа) зiрнуць вам на гэту прыгажосць, на гэты цудоўны бутон! Закахаецеся!

Сёння ёй - пятнаццаць! Прыгожая i стройная, ветлiвая i сцiплая, яна заслугоўвае лёсу казачнай Папялушкi, якая спаткала свайго прынца. Калi глядзiш на Кацю, радуецца сэрца - не ўсё дрэнна ў жыццi.

Шчасця табе, чароўная дзяўчынка!

ПАМIЖ НЕБАМ I ЗЯМЛЁЙ

Надышла i мая пара iсцi служыць у войска. Спачатку прызыўная ваенная камiсiя зрабiла заключэнне: "Годзен для службы ў надводным флоце", што выклiкала з майго боку бурлiвую радасць - надта ж мне падабалася марская форма. Тады мяне не засмуцiла тое, што на флоце трэба служыць на год больш, чым у войску, - аж чатыры гады. Карпiлаўскi Пеця Слiжук служыў на флоце, а чым я горшы?

Потым прыйшла павестка, i я апынуўся ў войску - i дзякуй Богу! Тры гады маладога жыцця, няхай i ваеннай няволi - тэрмiн не малы.

Прызвалi мяне з Карпiлаўкi, i пачаўся мой "пачэсны абавязак". Усё было добра, але падчас маёй службы брат Косцiк забраў старых бацькоў з вёскi ў Менск, дзе ён, працуючы токарам, атрымаў у драўляным бараку дзесяцiметровую каморку на Вознiцкiм завулку. I зажылi яны ўтраiх на дзесяцi метрах, як тыя паны на хамутах. Жывуць, перабiваюцца на Косцiкаву мiзэрную зарплату, бо бацькам за дзесяцiгоддзi дармавой працы ў калгасе, згодна савецкiх законаў, дзяржава, замест пенсii, выставiла фiгу (прабачце, не фiгу, а цэлых дзве маме i тату).

28
{"b":"74282","o":1}