Спачатку ён нiчога не сказаў, пасля, праз некалькi хвiлiн, адно выцiснуў: "Ах!"
Яна перастала смяяцца, занадта позна зразумеўшы памылку.
Лёе ўрэшце спытаўся:
- З кiм?
I яна адказала:
- З хлопцам.
Ён раптам павярнуўся да яе i суха сказаў:
- Я разумею, што не з кухаркай. Я пытаюся, з якiм хлопцам, ты чуеш?
Яна маўчала. Ён схапiў коўдру, у якой яна была схавала галаву, i адкiнуў на сярэдзiну ложка, паўтарыўшы:
- Я хачу ведаць, з якiм хлопцам.
Тады яна тужлiва вымавiла:
- Я хацела пасмяяцца.
Але яго трэсла ад гневу:
- Што? Як? Хацела пасмяяцца? Дык, значыць, ты насмiхалася з мяне? Але з мяне кпiны не строяць, чуеш? Як завуць хлопца?
Яна нерухома ляжала на спiне i маўчала.
Ён узяў яе за руку i моцна сцiснуў:
- Ты мяне чуеш цi не? Я патрабую, каб ты адказвала, калi я з табой размаўляю.
Тады яна нервова вымавiла:
- Мне здаецца, што ты звар'яцеў, не чапай мяне!
Ён калацiўся ад лютасцi i з роспачы не ведаў, што казаць. Ён штомоцы затрос яе i паўтарыў:
- Ты чуеш? Ты чуеш мяне?
Яна нечакана рванулася, каб вызвалiцца, i кончыкамi пальцаў зачапiла мужаў нос. Той палiчыў, што яму стукнулi, раз'юшыўся i ўмiг абрынуўся на жонку.
Ён трымаў яе пад сабой, з усяе моцы даваў поўху i крычаў:
- На, на, на, вось табе, вось, жабрачка, курва, курва!
Нарэшце, зняможаны, знясiлены, ён падняўся i пайшоў да камоды, каб налiць сабе салодкага аранжаду, бо чуў у целе такую стому, што ў кожную хвiлiну мог знепрытомнець.
А яна плакала, залiвалася слязамi ў ложку, зразумеўшы, што праз адну памылку загубiла ўсё сваё шчасце.
I, яшчэ ў слязах, яна пралепятала:
- Паслухай, Антуан, iдзi да мяне, я цябе ашукала, ты зараз усё зразумееш, паслухай.
I, падрыхтаваная да абароны, гатовая апраўдвацца i хiтрыць, яна крыху ўзняла раскудлачаную галаву ў каптуры набакiр.
А ён павярнуўся i наблiзiўся да яе, саромеючыся, што бiўся, адначасова ў глыбiнi яго мужавага сэрца расла невычарпальная нянавiсць да гэтае жанчыны, што здрадзiла другому - Суры.