У першую чаргу Гай з Клёнам пайшлi да Магiл Продкаў. На ўзгорку, абсаджаным лiпамi i дубкамi, стаялi тры высокiя каменныя крыжы. I на кожным былi выбiты тры словы: "Помнi пра нас". Каменныя сцiплыя надгробкi бялелiся памiж зялёнай шаўкавiстай травы. Пырхаў чырвона-чорны матылёк. Звонка шчабятала птушка.
- I нас з табой пахаваюць тут? - цiха спытаў сын.
- Тут, - цiха адказаў бацька.
Сын пiльна, вельмi пiльна паглядзеў на бацьку, шкадаванне i роспач мiльганулi на iмгненне ў чыстых сiнiх вачах, страх перад халодным небыццём, але ён быў мужчынам, рыхтаваўся стаць грамадзянiнам Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi i ён цвёрда, як i патрэбна ў такiх выпадках, сказаў, пакланiўшыся надгробкам:
- Спiце спакойна.
А Гай раптам успомнiў далёкi-далёкi восеньскi дзень, россып дажджу ў змрочным глухiм лесе. Тады яны з Клёнам, яшчэ шасцiгадовым, пайшлi ў грыбы i заблудзiлiся. Не было з сабой нi компаса, нi наручнага бранзалета з радыёмаяком, нi запальнiчкi, лiў, шумеў у дрэвах дождж, раззыбаныя ветрам хмары сцюдзёна шклянелi над лесам. Клён спалохаўся, заплакаў. I тады Гай пасадзiў яго сабе на плечы, пайшоў наўздагад па лесе. Дзiцячыя тонкiя, такiя безабаронныя ножкi бiлi яму па грудзях, калi часам ён спатыкаўся на нябачных у цемры каранях. Ён мацней трымаў, прыцiскаў сына i штохвiлiнна казаў яму: "Твар беражы, вочы. Нахiлiся да мяне, каб галiны не ўдарылi па вачах". Даволi хутка знайшлi яны сцежку, выйшлi на дарогу, але тое лясное змушанае вандраванне назаўсёды засталося ў памяцi, аб'яднала iх духоўна. Яны, дарослы i хлапчук, уласнай скураю адчулi дыханне далёкiх стагоддзяў i тысячагоддзяў, калi чалавек быў вельмi залежны ад прыроды, быў яе беднай часцiнкай, быў кропляю лiўня i сняжыякай завiрухi, калi вецер бязлiтасна шкуматаў яму валасы, сек вочы, раздзiраў сцятыя вусны. "Зямлёй Славянiяй" назваў Клён той няўтульны лес i тыя няпростыя адчуваннi. Назва, трэба прызнацца, была вельмi трапная. Як гiсторыкi (сын - будучы гiсторык) яны найбольш цiкавiлiся першаславянамi, таямшчым, магутным i, на жаль, безгалосым акiянам-лесам, якi шумеў калiсьцi ад Адрыятыкi i Пелапанеса да Белага мора i Ўрала. Праславянскае жыццё, як восеньскi лес, амаль не пакiнула пасля сябе яркiх фарбаў, жывой лiстоты. А яно ж было! Дубровiч-старэйшы праславiўся тым, што стаў адным з членаў iнiцыятыўнай групы, якая выпрацавала i рэалiзавала iдэю Вялiкай Кампенсацыi. Яны дамаглiся, каб славянам (дакладней, толькi ўсходнiм славянам) былi выплачаны трыста мiльярдаў кантрыбуцыi ў iндаэўрапейскiх доларах. За што? За тое, што ў свой час найбольш актыўныя i рухомыя з iндаэўрапейскiх плямёнаў, напрыклад, галы, франкi, выцеснiлi продкаў славян на самы край гiстарычнай Айкумены, адрэзаўшы iх такiм чынам ад культуры, ад святла Рымскай iмперыi. Вечны Рым, як багаты стол, вабiў да сябе ўсiх варвараў, але славянам не пашанцавала сесцi за той стол, iх проста не пусцiлi больш удачлiвыя народы. А багацце ж, i духоўнае, i матэрыяльнае, было агульнае, бо сам Рым, калыску розуму i прагрэсу, змайстравалi iндаэўрапейцы, сярод якiх былi i продкi славян.
Успомнiўшы, падумаўшы пра ўсё гэта, Гай Дубровiч паглядзеў на сына, шырока ўсмiхнуўся i сказаў:
- Вiтаем цябе, Зямля Славянiя.
I пакланiўся ў пояс лiпам, дубам, двухпавярховаму каменнадраўлянаму будынку, усяму Чорнаму Хутару.
Iх сустрэў робат-вартаўнiк па iменi Дулеб. Радуючыся гаспадарам, ён узняў у прывiтаннi доўгую жалезную руку, сцiснутую ў кулак. З кулака вылецела зялёная ракета.
- Усё спакойна, Дулеб? - спытаў Клён. Робат зiрнуў на падлетка, зiрнуў, падалося, з вясёлай хiтрынкаю, але ў першую чаргу робат-вартаўнiк абавязаны размаўляць з дарослымi, паўнапраўнымi грамадзянамi Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi. I таму ён сказаў, павярнуўшыся да Гая:
- У электроннай сетцы два разы падала напружанне. На другiм паверсе, у кабiнеце, у тры гадзiны ночы рыпеў паркет.
- Цi не хочаш ты сказаць, Дулеб, што там хадзiў прывiд? - iранiчна перапынiў яго Клён.
Робат строга паглядзеў на падлетка, потым павярнуўся да старэйшага па ўзросце, размерана прамовiў:
- Паркет рыпеў. Тады ж, роўна ў тры гадзiны ночы i дзве хвiлiны, насупраць акна, якое маецца ў кабiнеце, мной заўважаны з боку двара празрыстабелы шар дыяметрам у тры метры дваццаць сантыметраў. Ён бясшумна падплываў да акна. Ярка свяцiў месяц, i часам шар як бы знiкаў з поля зроку, пэўна, раствараючыся ў месячных промнях.
- Ты i нагаворыш, Дулеб. Кiнь палохаць, - зноў умяшаўся Клён, але голас ужо быў трохi цiшэйшы, не такi звонкi.
- Гэта быў КЛА*, - цвёрда сказаў Дулеб. - У Школе Робатаў я вывучаў iх. Маецца пяць класаў, адзiнаццаць падкласаў, светлая i цёмная афарбоўка, трыццаць тры вiды канфiгурацыi. Бурдзугалараф, якi прылятаў на Зямлю ў 1999 годзе, быў камандзiрам самага прымiтыўнага КЛА. Ён...
* КЛА - Касмiчны лятаючы аб'ект. Прыкладна да паловы XXI стагоддзя называўся НЛА - Неапазнаны лятаючы аб'ект.
- Хопiць-хопiць, - перапынiў робата Гай. - Усе мы ведаем, што ты самы разумны, самы iнфармаваны.
Ад такiх слоў гаспадара шчокi ў Дулеба - два адпалiраваныя да бляску пукатыя металiчныя кружочкi - ярка запунсавелiся. Робаты вельмi любяць, калi iх хваляць.
- Глядзi, не пусцi слязу, - пстрыкнуў робату пальцамi ў самы лоб Клён.
Дулеб iранiчна i горда зiрнуў на яго, нiчога не сказаў. I было ў позiрку, у павароце галавы нешта дужа падобнае на позiрк аравiйскага вярблюда.
- Не крыўдуй! - крыкнуў яму, узбягаючы на веранду дома, Дубровiч-малодшы i зноў не стрымаўся: - Усе кажуць, што ты самы мудры робат. Адкажы, што азначае тваё iмя?
- Дулебы, саюз усходнеславянскiх плямёнаў на тэрыторыi Заходняй Валынi. У VII стагоддзi апынулiся пад уладай авараў, або обраў. З X стагоддзя ў складзе Кiеўскай Русi пад iмем бужан i валынян, - бадзёра адрапартаваў робат.
- Ну, ты й даеш, - захоплена прысвiснуў Клён.
Бацька i сын спачатку распранулiся i паплавалi ў басейне, сценкi якога былi абкладзены рознакаляровымi керамiчнымi плiткамi. Вада пахла бярозавым лiсцем, навальнiчным дажджом. Скура ў Дубровiчаў была асляпляльна белая, бо мода на загар, прынамсi, у Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi, даўно прайшла людзi пазбягалi пякучых сонечных прамянёў. Абцёрлiся калянымi рушнiкамi i ў прасторных iльняных кашулях i ў такiх жа штанах пайшлi распальваць камiн. Ён быў зроблены ў выглядзе магутнага чырвонацаглянага зубра, што, падкурчыўшы ногi i раскрыўшы пашчу, ляжаў каля глухой сцяны вялiкай залы. Неўзабаве ў гэтай пашчы радасна заскакала полымя. Клён кiдаў туды сухiя паленцы, кавалачкi антрацыту. Потым сын i бацька, глянуўшы адзiн на аднаго, адначасова кiнулi ў агонь жоўтыя шарыкi пахучай смалы. Пачуўся лёгкi трэск.