Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Клён з непаразуменнем зiрнуў на яе, нiчога не сказаў, уздыхнуў.

- Чарлi i я згатавалi для цябе цудоўнае марожанае. Арэхавае. Са свежымi сунiцамi. Хочаш? - падлашчвалася мацi.

А глыбокай ноччу, калi ўжо мо дзесяты раз быў успомнены Вар, калi ўсё цела было бяссонным, наструненым i гарачая падушка неаднойчы падала з ложка на падлогу, раптам успыхнула ў пакоi мяккае срабрыстае святло. Клён уздрыгнуў, але звалодаў з сабою, пачаў пiльна ўзiрацца туды, дзе яно з'явiлася. Ён убачыў, як з разеткi асцярожна выплывае маленькi элiпсападобны плазмоiд.

- Я памятаю цябе, мы сустракалiся, - усхвалявана зашаптаў Клён. - Ты такi прыгожы, такi яркi... Але ж СЦ перасялiлася на Вар. Чаму ты застаўся на Зямлi?

- Мне сумна, - адказаў плазмоiд, павольна кружачыся над Клёнам. - Я нiколi не быў на Вары, i мяне там чакае самазнiшчэнне. А я ведаю, што вельмi сумна i табе. I я рашыў дапамагчы. Апранайся (толькi рабi ўсё цiха, бясшумна), i я павяду цябе.

- Куды? - зачаравана глядзеў на плазмоiда Клён, а сам ужо нацягваў свiтэр.

- Да той жанчыны, якая знiкла i з якой ты быў на планеце Вар.

- Да Веры? Ты ведаеш, дзе знаходзiцца Вера Хрысцiнюк, i яна жывая?

- Жывая. Хутчэй апранайся.

- Але там, за дзвярыма, сядзяць робаты-вартаўнiкi. А ў дзвярах электронны замок.

- Маўчы i апранайся.

Праз лiчаныя iмгненнi яны пакiнулi пакой. Плазмоiд падплыў да дзвярэй, дакрануўся да замка, i замок мякка, бясшумна адчынiўся. У самы апошнi момант Клён шапнуў:

- Пачакай. Мне трэба ўзяць з сабой малаток.

- Навошта? - здзiвiўся плазмоiд.

Але Клён не стаў тлумачыць, сярод слясарнага рыштунку схапiў малаток, увапхнуў у кiшэнь курткi.

Вярнiдуб з Каратыстам своечасова зрэагавалi на нечаканую атаку: узвiлiся на ўвесь свой магутны рост. Ды плазмоiд толькi чыркануўся аб iхнiя жалезныя галовы, i робаты селi на табурэты, знерухомелi.

На вулiцы бушаваў рэзкi ўсёпранiкальны вецер. Белачолы месяц мiльгаў памiж хмарамi.

- Мне падалося, што ты малатком хочаш разбiваць iлбы робатам, засмяяўся плазмоiд.

Клён нiчога не адказаў, падбег да пастамента, на якiм стаяў помнiк Чалавеку з брыльянтавым сэрцам, з нянавiсцю паглядзеў на яго. Помнiк быў зроблены з цёмна-сiняга шкла, сэрца, зiхоткае, прамянiстае, гарэла ўнутры, нават (калi даўжэй засяродзiць позiрк) пульсавала.

- Табе паставiлi помнiк, - з павагай прамовiў плазмоiд, праплыў наўкол шкляной фiгуры, дадаў: - Вельмi падобны.

Раптам Клён размахнуўся, ударыў малатком. Пырснулi шкляныя аскабалкi.

- Што ты робiш?! - закрычаў плазмоiд. А Клён бiў i бiў, сашчамiўшы зубы i заплюшчыўшы вочы. Ляцела ва ўсе бакi, звiнела, трашчала шкло.

- Вось вам, - як закляцце, паўтараў Клён. - Наце... Вось вам... Атрымайце...

Са шкляной фiгуры вывалiлася, выскачыла сэрца, пазвоньваючы, пакацiлася, затарахцела па асфальце. Яно аказалася звычайнай, трошкi падзалочанай бляшанкай. Клён з лютасцю пачаў таптаць яго нагамi.

- Вось вам, - цяжка дыхаючы, казаў ён.

Потым адшпурнуў малаток, сеў на краёк пастамента, заплакаў. Плазмоiд як бы з нейкiм спалохам завiс у яго над правым плячом. Шалеючы, выў вецер.

- Пойдзем да той жанчыны, - нарэшце сказаў плазмоiд.

- Дзе Вера? - устрапянуўся, ажыў Клён. - Вядзi!

Яны паiмчалiся праз шэры свiтальны туман - уперадзе, нiзка над зямлёй, ляцеў плазмоiд, следам за iм бег Клён. У гэтым iмклiвым руху было ягонае выратаванне, суцяшэнне, самазабыццё. Яму здавалася - спынiся вось зараз, проста прымарудзь, i адразу памрэш. Ён не ведаў, адкуль узялося такое адчуванне, але яно было, жыло ў кожнай клетцы цела. А яшчэ ён уцякаў ад сябе ранейшага, учарашняга, ад сябе наiўна-зялёнага, якi глядзеў у рот дарослым, прымаючы на веру кожнае iхняе слова. У гэтым бегу ён нанова нараджаўся. Так нараджаецца малады жытнёвы колас, выплываючы вясной з цёплай зямлi.

Яны прыпынiлiся на зарослым дрэвамi i хмызняком беразе возера Маладзёжнага.

- Дзе Вера? - задыхана i нецярплiва спытаў Клён.

- Вось яна, - адказаў плазмоiд, з нейкай нерашучасцю наблiжаючыся да маладой лiпы, што стаяла над самай вадой.

Цёмныя хвалi нястрымным бурлiвым ланцугом iшлi з туманнага возера i клалiся каля самых каранёў лiпы, ужо трохi падмытых вадою. Трымцела зялёнае вiльготнае лiсце. Чуўся трывожны i няясны шум, у якiм была сама патаемнасць.

- Дзе ж Вера? - са злосцю азiрнуўся Клён.

- Яна перад табой.

- Ты хочаш сказаць, што вось гэтае дрэва, гэтая лiпа i ёсць... Вера Хрысцiнюк? - уздрыгнуў голасам, перайшоў на шэпт Клён.

- Так. Яна была ў Доме Пераўтварэнняў у доктара Метэора. Яна вельмi-вельмi прасiла, каб доктар дапамог ёй прыблiзiцца да Радаслава Буслейкi. Яна моцна кахала Радаслава i, калi ён загiнуў, не магла жыць без яго. Вельмi-вельмi прасiла Вера, i Метэор здаўся - ён ператварыў яе ў лiпу, любiмае дрэва Буслейкi. Уначы, патаемна ад людскiх вачэй, яе вывезлi з Дома Пераўтварэнняў у крытым грузавiку i пасадзiлi менавiта на гэтым месцы. Некалькi гадоў назад якраз тут упершыню ўбачыла Вера Хрысцiнюк Радаслава, якi займаўся ў вадналыжнай секцыi.

- Чалавека ператварылi ў дрэва! - усклiкнуў уражаны Клён. - Хiба можна такое рабiць?

- Гэта пакуль што забаронена. I доктара Метэора неўзабаве будзе дапытваць Суд Сумлення ў Доме Народаў. Нехта з персанала ўсё-ткi данёс на доктара. Але ж ты не будзеш адмаўляць той факт, што на шчаслiвай планеце Зямля ўсё яшчэ ёсць самазабойцы, якiя добраахвотна спыняюць сваё жыццё.

- Я ведаю пра такое, - згадзiўся Клён.

- Хiба магла жыць Вера, калi не стала Радаслава? Магла, але гэта была б ужо зусiм iншая жанчына, а не Вера Хрысцiнюк. Доктар Метэор доўгi час думаў над гэтай складанай, над гэтай трагiчнай праблемай i нарэшце прыйшоў да канкрэтнага яе вырашэння, якое ён назваў "трэцiм варыянтам". Як ты ведаеш, да самага апошняга часу ў Доме Пераўтварэнняў людзей, што дасягнулi шаснаццацiгадовага ўзросту, маглi на некалькi гадзiн пераўтвараць у цеплакроўных млекакормячых, у птушак i рыб, а таксама пераносiць iх у мiнулыя эпохi. "Трэцi варыянт" - новае слова ў канцэпцыi доктара Метэора. Па ўласным жаданнi чалавек можа стаць дрэвам, кветкай, iншай раслiнай. Яшчэ з грэчаскiх мiфаў вядомы юнак Нарцыс, якi зрабiўся прыгожай кветкай. Вельмi часта ператваралiся ў бярозу або калiну героi славянскiх казак. Усё гэта, вядома ж, невыпадкова. Але ў "трэцяга варыянта" маецца iстотны недахоп.

69
{"b":"73874","o":1}