Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Ды вы паэт! - няшчыра ўсклiкнула дыктарка, бо ў яе планы зусiм не ўваходзiў тэледыспут на фiласофскую тэму.

- Як вы думаеце, - перавяла яна гаворку ў патрэбнае рэчышча, - што можа пагражаць у гэтыя хвiлiны Веры Хрысцiнюк, Буслейку i Дубровiчу на планеце Вар? Асаблiва Клёну Дубровiчу?

Навум Масейкiн уздыхнуў.

- Я добра знаёмы з сям'ёй Дубровiчаў. Клён - цудоўны малады чалавек, разумнiк, сур'ёзна цiкавiцца гiсторыяй планеты, фiласофiяй. Учора я амаль паўдня глядзеў на яго фатаграфiю. Вы ж, напэўна, ведаеце, што калi чалавек памрэ, памрэ сваёй смерцю, ягонае фота адразу, што называецца, тухне, трацiць кантраснасць, бляск. Гэта дзейнiчае нядаўна адкрыты эфект доктара Каласкоўскага. Калi ж чалавека забiваюць, фота павольна тухне на працягу некалькiх дзён. Спяшу супакоiць паважаных тэлегледачоў: фатаграфiя Клёна Дубровiча, як я нi ўзiраўся ў яе, абсалютна не змянiлася, а з гэтага вынiкае, што наш адважны хлопчык жывы.

- Брава! - пляснула ў ладкi дыктарка. - Мы будзем чакаць яго ўсёй планетай! I яшчэ я хачу паведамiць усiм шаноўным тэлегледачам i вам, спадар Масейкiн, што мы, маладыя журналiсты Iндаэўрапейскага тэлебачання, паслалi на адрас Надзвычайнага З'езда Ўсiх Зямных Канфедэрацый тэлеграму, у якой прапануем прысвоiць Клёну Дубровiчу за ягоны гераiчны высакародны ўчынак званне Чалавека з брыльянтавым сэрцам, вышэйшае ганаровае званне планеты Зямля.

Тут ужо Навум Масейкiн даў волю радаоным эмоцыям, але амаль адразу ж астудзiў сябе.

- Дык жа Клёну яшчэ няма шаснаццацi, - сказаў ён.

- Ну й што? - упэўнена парыравала дыктарка. - Нас падтрымала Лiга Акселератаў.

- Хiба ўжо ёсць i такая? - здзiвiўся Масейкiн.

- Ёсць. I яна настойвае, каб нават дванаццацiгадовыя жыхары планеты Зямля карысталiся абсалютна ўсiмi грамадзянскiмi правамi. Iхнi iнтэлект нiчым не саступае iнтэлекту шаснаццацiгадовых. Цi я кажу няпраўду?

Навум Масейкiн дыпламатычна пацiснуў плячыма.

Усе наступныя днi ў шмат якiх гарадах планеты адбывалiся шэсцi, стыхiйныя мiтынгi. Людзi неслi транспаранты: "Выратуем Клёна Дубровiча!", "Выратуем сына Планеты!", "СЦ, ты з намi цi з Сiняй Зоркай?!", "Касмiчныя войны - у чорную дзiрку!". Асаблiва бурны мiтынг адбыўся ў Менску, родным горадзе Клёна. Сотнi тысяч людзей затапiлi вулiцы, плошчы. На вулiцы Заслаўскай каля двухпавярховага катэджа сям'i Дубровiчаў моладзь арганiзавла збор подпiсаў пад прапановай прысвоiць iхняму земляку званне Чалавека з брыльянтавым сэрцам. У гэты час на балкон выйшаў Гай Дубровiч, якога сустрэлi авацыяй. Гай узняў руку, просячы цiшынi, i калi ўсталявалася крохкая цiшыня, сказаў разгубленым голасам:

- Няўжо гэта так важна?

- Важна! - закрычалi юнакi i дзяўчаты. - Важна! Ваш сын павiнен стаць першым беларусам, якi атрымае высокае званне.

- Брыльянтавае сэрца, - горка ўсмiхнуўся Гай. - А жывое сынава сэрца хто мне верне яго?

Крыклiвы i гаварлiвы натоўп зацiх. Бацькоўская пакута чорнымi ценямi ляжала на твары ў гiсторыка, i нiхто не хацеў бесцырымоннай шумнай весялосцю пакрыўдзiць яго. Нават калi адзiн чалавек сумуе, павiнна хоць нейкае iмгненне сумаваць уся Зямля. Так павялося памiж людзей ВЭП. На вышынным саракапавярховым будынку Крэдытнага Банка, якi ўвiнчваўся ў неба на вулiцы Заслаўскай непадалёк ад катэджа Дубровiчаў, нехта павесiў вялiкi каляровы партрэт Клёна. Вецер шкуматаў, iрваў палатняны прамавугольнiк. Клёнаў твар то напалову знiкаў, то кiсла моршчыўся, то браўся рухомымi, рознага памеру пухiрамi. Гай глядзеў на сынаў партрэт, i дзiўныя пачуццi вiравалi ў душы. Ён шкадаваў сына i ў той жа час (можа, нават падсвядома) быў злы на яго куды палез, што за рыцарства стукнула ў маладую, яшчэ дурнаватую галаву? Памяццю ж гiсторыка ён (зноў падсвядома) пераносiўся ў далёкую-далёкую мiнуўшчыну, у Канстанцiнопаль, якi ўзялi ў аблогу i хацелi штурмаваць орды сельджукаў. Тады духавенства i абаронцы горада вынеслi на сцены велiзарныя выявы Хрыста i Багамацеры, намаляваныя на палатне. Вецер адразу ж заварушыў iх, распальваючы ярасны агонь фарбаў. "Багi на сцены выйшлi!" - закрычалi да смерцi спалоханыя язычнiкi, пападалi на каленi i ўцяклi, пабеглi ў свае стэпы i пустынi.

- Адзiны, цябе клiчуць да тэлефона, - сказала Бярозка, якая гэтымi журботнымi днямi насiла чорную сукенку, нiкуды не выходзiла i адчувала цiхую нянавiсць да ўсiх шумных натоўпаў - там сын у лапах невядомай пачвары, а яны вiшчаць, гарлапаняць, патрабуюць даць сыну найвышэйшую ўзнагароду планеты. Ды рассыпся прахам гэтая ўзнагарода - абы сын быў жывы i здаровы, быў побач.

Гай узяў тэлефонную трубку. Пакрысе ён пачаў баяцца тэлефонных размоў. Чалавечы голас, асаблiва незнаёмы голас, мог прынесцi нечаканы боль, жахлiвую вестку пра Клёна. Ён браў трубку, i было адчуванне, быццам яго праз некалькi хвiлiн кiнуць у кiпецень.

- Спадар Гай Дубровiч, - рашуча сказала трубка, - вам тэлефануе маёр рэспублiканскай гвардыi Хвалiбог. Якi ў вас крывяны цiск i што вы бачылi ў апошнiм сне?

"Ну й людзi! Божа, - аж застагнаў у думках Гай, - ведаюць, што нелады з сынам, i цiкавяцца, цi добрае самаадчуванне ў ягонага бацькi. Пракляты этыкет! Ды лепей бы мяне абклалi трохпавярховым матам". Але давялося, як i належыць чалавеку ВЭП, пачцiва адказваць на пытанне.

- Нядаўна ўбачыў на тэлеэкране выступленне Навума Масейкiна i тэлефаную вам, - напорыста казаў невядомы Гаю маёр. - Атрад касмадэсантнiкаў колькасцю ў пяцьсот чалавек рыхтуецца да высадкi на планеце Вар. Мне аказаны гонар быць камандзiрам гэтага атрада. Я - чалавек дзеяння. Гэта не прымiтыўная самарэклама, а жыццёвы факт. Клянуся вам, спадар Дубровiч, што ваш сын здаровы i непашкоджаны вернецца на Зямлю. Жывуць Сонца i Кiсларод!

На тым канцы запiкалi кароткiя гудкi. "Лаканiчны чалавек. Добры чалавек", - падумаў Гай.

А праз нейкую гадзiну пазванiў Метэор i па старой дружбе запрасiў у Дом Пераўтварэнняў.

- Для вас у мяне маецца навiнка, - сказаў доктар.

Гай адразу ж згадзiўся, бо трэба было ратавацца ад неадчэпнай трывогi, якая магла скончыцца дэпрэсiяй.

На пятнаццатым паверсе Дома Пераўтварэнняў робаты ўвялi яго ў маленькi круглы пакой, пасадзiлi ў крэсла-вяртушку. Доктар Метэор, як заўсёды, з'явiўся на экране. Гэта было ўжо звычна, як узыход Сонца.

54
{"b":"73874","o":1}