У гэты час пачуўся мерны цяжкi тупат. Клён, забыўшы пра небяспеку, кiнуўся да акенца. Жалезныя Людзi шчыльнымi блiскучымi шарэнгамi адыходзiлi ад вагончыка. Ён бачыў толькi iхнiя патылiцы i плоскiя спiны. Паперадзе робатаў велiчна кацiўся-крочыў Пяцiног. Гэтае шэсце нагадвала нечым трумф рымскiх iмператараў, не хапала толькi каляснiцы з белымi коньмi. Радаслава i Веры, як нi ўглядаўся Клён, нiдзе не было. "Я выратаваўся, - успыхнула ў душы радасць. - Пяцiног не здолеў зламаць мяне сваiм гiпнозам. Цiкава, чаму Радаслаў з Верай называлi яго Ўльтрамозгам, Уладаром Таямнiцы? Што паспеў ён унушыць iм?"
Трывога за людзей, якiя дзеля ягонага ажыўлення прыляцелi на Вар i самi трапiлi ў бяду, сцiснула сэрца. Дзе яны зараз? У кратэры вулкана? У патаемнай рэзiдэнцыi Пяцiнога? Цi жывыя яны?
Клён Дубровiч адчуў, што вось-вось пакоцяцца з вачэй слёзы, але ён быў прывучаны нiколi не плакаць, i таму, узяўшы пачуццi ў кулак, пачаў рабiць фiзiчныя практыкаваннi. Гэта дапамагло, i праз колькi хвiлiн вярнулася ўпэўненасць i сiла. Клён падышоў да дзвярэй, прыслухаўся. Здаецца, знадворку нiкога не было. Ён таўхануў дзверы, баючыся, што яны не адчыняцца. Ды дзверы надзiва лёгка паплылi ад яго, выпускаючы з вагончыка.
Ланцуг Жалезных Людзей iшоў, ззяў на схiле вулкана i знiкаў, быццам правальваўся ў кратэр. Стаяла надзвычайная цiшыня - хоць бы адзiн малюсенькi гук. Клёну здавалася, што ў яго вушы залiты воскам. Што ж рабiць? Зноў ляжала перад iм чужая планета, дзе жывуць плазмоiды i крангi, дзе ўначы палохаюць, раздзiраюць душу жахлiвыя незразумелыя крыкi, дзе маўклiвымi робатамi кiруе ўсясiльны Пяцiног, якi ўзяў у палон ягоных сяброў. Заставалася адно - шукаць караля жывёл планеты Вар Аюса Першага. Аюс сказаў, што будзе начаваць у Вялiкiм Балоце, значыць, трэба iсцi ў балота.
Клён, уважлiва гледзячы пад ногi, азiраючыся, павольна пашыбаваў у трыснягi. Разгаралася ранiца. Калiсьцi на Зямлi бацька будзiў яго, пырскаў халоднай вадою ў твар, смяяўся i казаў: "Прачынайся, сынок. Ранiца. Самая часiна iсцi тушыць расу", Яны, дарослы i малы Дубровiчы, уздрыгваючы ад волкай свежасцi, басанож спяшылi на луг, крочылi, прытупваючы, па блiскучай расянай траве. Ногi аж заходзiлiся ад холаду, успыхвала, здавалася, гарэла пад першымi сонечнымi промнiкамi раса, а Клён быў вельмi-вельмi шчаслiвы ён тушыў расу.
Дзе ж Аюс i ўсе астатнiя жывёлы? Няўжо i яны скарылiся Пяцiногу? Клён прайшоў ужо амаль з паўкiламетра, але толькi спудзiў аднаго кранга ды парадкам намачыў ногi. З левага боку праз густую шчэць трыснягу пачала адкрывацца велiзарная заасфальтаваная пустка. Розныя ўчасткi яе мелi розны колер: чорны, шэры, сiняваты. Клён здагадаўся, што пярэстасць афарбоўкi залежыць не ад якасцi раствору, а ад таго, даўно цi нядаўна залiвалi яго Жалезныя Людзi. Раптам крокаў за сто ад сябе на маслянiста-чорным асфальце ён убачыў Радаслава i Веру i ледзь не задыхнуўся ад радасцi.
- Я тут! - што ёсць моцы выгукнуў Клён. - Радаслаў! Вера! Я тут!
Ломячы трыснёг, ён iрвануўся да iх, бо не было ў гэтую хвiлiну раднейшых людзей ва ўсiм свеце.
- Я тут! - ляцеў з горла крык.
Але Радаслаў з Вераю (i гэта здзiвiла Клёна) не звярнулi на яго нiякай увагi. У iх на галовах былi прыгожыя вянкi, сплеценыя з дробных блакiтных кветак. Яны весела смяялiся, з любасцю пазiралi адно аднаму ў вочы i (што зноў здзiвiла Клёна) горача цалавалiся. Для iх, як ён здагадаўся, не iснавала ў гэтую хвiлiну нi планеты Вар, нi плазмоiдаў i робатаў, нi яго, Клёна. Ён усё яшчэ бег да iх, але ўжо не крычаў. "Яны, вядома ж, пачулi мой голас, не маглi не пачуць, але нават не павярнулi ў мой бок галовы, - думаў ён. - Чаму? Яны ж дапамаглi мне ажыць, яны ж, калi верыць iм, паважалi, нават любiлi мяне. Няўжо iх не хвалявала тое, што магло здарыцца са мной у вагончыку?"
З вострай крыўдай у душы Клён бег ужо толькi па iнерцыi. I раптам яго нешта ўдарыла па нагах i ён упаў, тыцнуўшыся рукамi i тварам проста ў твань. Кароль жывёл стаяў над iм.
"Не бяжы туды, - загадаў Аюс. - Табе нельга туды бегчы, хутканогi i вастравокi".
- Чаму? - спытаў Клён, хуценька ўскокваючы.
"Там - мiраж".
Клён абтрасаў ад бруду рукi, выцiраў твар i ўсё не мог даўмецца, аб чым яму гаворыць дзiк.
"Там - мiраж. Гэта не зямляне i не твае сябры. Вазьмi камень (вунь ляжыць каля куста) i кiнь у iх. I ты ўбачыш, што адбудзецца".
- Кiнуць у Радаслава i Веру? Шукай дурняў.
"Бяры камень".
Аюс ужо амаль загадваў. Клён абурана глянуў на яго, але нагнуўся, узяў мокры камень, кiнуў. Пакуль той ляцеў, абмiраў сэрцам, каб толькi не паранiла, або, не дай бог, не прыбiла каго-небудзь з сяброў. Ды раптам грымнуў выбух, i там, дзе толькi што цалавалiся Радаслаў з Верай, застаўся чысты сiнявата-шэры асфальт. Гэта было так нечакана, так палохала сваёй нязвычнасцю, што Клён уздрыгнуў.
"Мiраж, - сказаў Аюс. - Ультрамозг, Уладар Таямнiцы, яшчэ не такое можа прыдумаць. Нiхто нiколi не бачыў мiражоў, пакуль ён не з'явiўся на планеце Вар".
- Дык ён не з вашай планеты? - здзiвiўся Клён.
"Не. У нас акрамя мяне i маiх падданых жывуць i жылi крангi. I яшчэ жыве вурдак. Той, што ўначы крычыць. Крангаў шмат, дзесяткi тысяч, а вурдак толькi адзiн. Чуў, як ён крычыць?"
- Чуў. Вельмi страшна, - адказаў Клён.
"А Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы, прыляцеў да нас з iншай галактыкi. Iхнi зоркалёт трыста дваццаць гадоў назад пацярпеў крушэнне на арбiце Вара i разбiўся ўшчэнт. Жывым са ста членаў экiпажа застаўся ўсяго адзiн, якога мы называем Ультрамозгам, Уладаром Таямнiцы".
- Я заву яго Пяцiногам, - уставiў слоўца Клён Дубровiч.
"Можна i так, - згадзiўся Аюс. - У яго i сапраўды пяць ног. Дык гэтага аднаго, што ацалеў у час аварыi, знайшлi чырвоныя i фiялетавыя плазмоiды. Вось чаму яны такiя магутныя, амаль непераможныя - Пяцiног (буду i я зваць яго гэтак, бо ненавiджу) навучыў iх мудрасцi, хiтрасцi i жорсткасцi. Вось чаму пяць кланаў не могуць справiцца з двума".
- Што Пяцiног можа зрабiць з Радаславам i Верай? - спытаў Клён.
"Над кожным, хто трапляе да яго, ён праводзiць эксперымент. З кожнага, хто б гэта нi быў, высмоктвае ўсю да рэшты iнфармацыю".
- Высмоктвае?
"Так. Пяць ягоных ног абвiваюць галаву i цела ахвяры. А потым Жалезныя Людзi таго, над кiм скончыўся эксперымент Ультрамозга, Уладара Таямнiцы, выносяць з Нябеснага Зуба i аддаюць вурдаку".