- Памяць у вас выдатная, - пахвалiў плазмоiд. - Толькi наконт айсберга ў вас недакладная, а калi гаварыць шчыра, зусiм няправiльная iнфармацыя.
- Чаму? - здзiвiўся Радаслаў. - Увесь свет гэта ведае. Прэса пiсала. Засталiся жывыя вiдавочцы.
- Таму, што айсберга не было, а была падводная таранная машына, якую вынайшлi i зрабiлi ў глыбокай тайне ад Старой Цывiлiзацыi фiялетавы i чырвоны кланы.
- Але ж айсберг быў. Цэлая ледзяная гара!
- Гэта быў муляж. Унутры так званага айсберга была ўманцiравана наймагутнейшая таранная машына са стальным бiўнем даўжынёй у сто метраў. Воданепранiкальныя перагародкi "Тытанiка" ён прабiў, як iголка прабiвае мяккую тканiну.
- Не веру, - матнуў галавой Клён. - Я глядзеў кiнафiльм "Гiбель "Тытанiка".
- I я не веру, - падтрымала яго Вера Хрысцiнюк. - I не бачу нiякага сэнсу ў гэтай бандыцкай, iнакш не скажаш, акцыi.
- Старая Цывiлiзацыя сурова асудзiла напад фiялетавага i чырвонага кланаў на "Тытанiк", - павольна, з адчуваннем уласнай годнасцi загаварыў Талеркiй Жоўты 106. - З таго часу, можна сказаць, i пайшла глыбокая трэшчына ў жывым целе народа плазмоiдаў. Фiялетавы i чырвоны кланы аддзялiлiся ад нас i працягваюць па сённяшнi дзень атакаваць чалавецтва. А калi гаварыць пра сэнс таго, што адбылося ў туманах i хвалях халоднай Атлантыкi, дык гэта было папярэджанне чалавецтву i помста.
- За што? - спытаў Буслейка.
- За тэхнiчны прагрэс, за пахвальбу i непамерныя амбiцыi.
- Калi помсцiць кожнаму, хто не так, як паложана, паглядзiць на веласiпед i задумае прыкруцiць да яго нейкую новую гайку, дык мы апынемся ў каменным веку.
- Згодзен з вамi, жыхар не нашай планеты. Старая Цывiлiзацыя, добра зразумеўшы тую небяспеку, якую прынясе ўсiм нам бясконцая i, самае галоўнае, бяссэнсавая канфрантацыя, рэзка асудзiла фiялетавы i чырвоны кланы. Зараз мы ваюем не з вамi, а з гэтымi двума кланамi - адшчапенцамi. Вы ўчора бачылi, як мы ваюем.
- Гэта было жахлiва, - сказала Вера Хрысцiнюк.
- Учора адшчапенцы пацярпелi паражэнне, адступiлi, - не звярнуўшы ўвагi на яе словы, працягваў Талеркiй Жоўты 106. - Але ў iх яшчэ шмат сiлы. Яны трымаюць пад сваiм кантролем адну трэць планеты Вар, у тым лiку вулкан Нябесны Зуб, дзе робяць i трэнiруюць полчышчы Жалезных Людзей.
- Робатаў? - спытаў Клён.
- Так. Жалезныя Людзi, змайстраваныя iмi, залiваюць бетонам паверхню ўсёй планеты, не пакiдаючы нiчога жывога. Вы спытаеце: навошта? Можна даць некалькi адказаў. Першы i, вiдаць, галоўны - яны хочуць, выцеснiўшы з Вара астатнiя пяць кланаў, пабудаваць помнiк самiм сабе. Вам, людзям, цяжка зразумець такое. Вы ўзводзiлi i зараз яшчэ ўзводзiце помнiкi некаторым дзеячам, якiх лiчыце вартымi пасмяротнай увагi i славы. Вы значна сцiплейшыя, чым яны, бо фiялетавы i чырвоны кланы прагнуць калектыўнага самаўслаўлення. Планета Вар, гладка залiтая бетонам, будзе павялiчанай копiяй плазмоiда, што вечна плавае ў касмiчнай прасторы, прычым адна палова яе будзе пафарбавана ў фiялетавы колер, другая - у чырвоны. Два гэтыя кланы - i ўсё. I нi жоўтага, нi зялёнага, нiякага...
Падалося, што Талеркiй Жоўты 106 усхлiпнуў.
- Няўжо гэта так важна? - асцярожна пацiкавiўся Радаслаў. - Няўжо з-за таго, у якi колер афарбавана планета, можна распачынаць жорсткую вайну?
- Якiя вы дзiўныя i незразумелыя, прадстаўнiкi бялковай цывiлiзацыi, уздыхнуў плазмоiд. - Пэўна, вы дальтонiкi. Ды колер гэта - усё. Разумееце? Усё. Як можна iснаваць мне i майму зялёнаму клану, калi планета Вар будзе толькi фiялетавай i толькi чырвонай? Дзеля чаго мы будзем iснаваць?
Радаслаў здагадаўся, што няўдалым пытаннем моцна пакрыўдзiў плазмоiда. Каб неяк загладзiць вiну, спытаў:
- А яшчэ што за прычына, з-за якой Вар пакрываюць бетонам?
- Па некаторых звестках, чырвоны i фiялетавы кланы хочуць перад сваёй самалiквiдацыяй (а яна некалi абавязкова адбудзецца) выстралiць па планеце Зямля з Нябеснай Гарматы. Вар будзе i гарматай i ядром.
- Хiба такое магчыма?
- У Розума Народа Ўсiх Сямi Колераў маецца iнфармацыя, што па Зямлi ўжо раз стралялi з космасу. Гэта адбылося шэсцьдзесят пяць мiльёнаў гадоў назад. На тэрыторыi мексiканскага паўвострава Юкатан вашы вучоныя знайшлi ў дзiкiх джунглях кратэр з варонкай дыяметрам сто семдзесят сем кiламетраў. Яны, вашы зямныя вучоныя, са сваёй заўсёднай самаўпэўненасцю аб'явiлi, што гэта след ад сутыкнення Зямлi з гiганцкiм астэроiдам, у вынiку якога вымерлi ўсе дыназаўры. Дыназаўры вымерлi, гэта праўда, як i тое, што вымерла семдзесят пяць працэнтаў усiх жывых iстот на планеце. Але варонка на Юкатане зусiм не ад астэроiда, а ад ядра Нябеснай Гарматы. Адным словам, гэта была не касмiчная выпадковасць, а прыцэльны стрэл з глыбiняў космасу.
Клён вельмi ўважлiва слухаў словы плазмоiда, хваляваўся.
- Вы хочаце сказаць, што Зямлю хацелi знiшчыць? - нарэшце спытаў ён.
- Так, знiшчыць.
- Але навошта? Каму яна перашкаджала?
- Не ведаю, - адказаў Плазмоiд Жоўты 106. - Мы, плазмоiды (гэта я гавару з усёй адказнасцю), не маглi страляць, бо самi знаходзiлiся ў той час на Зямлi. Вар мы асвоiлi значна пазней. Iснуюць, жыхар не нашай планеты, Законы Касмiчнай Канкурэнцыi. Кiруючыся гэтымi законамi, нейкая цывiлiзацыя з нейкай планеты i стрэлiла па Зямлi.
Невядома, колькi б яшчэ доўжылася гэта размова-дыскусiя, калi б не надзвычайнае здарэнне, якое парушыла плаўнае, выверанае стагоддзямi цячэнне свята. Зусiм нечакана для ўсiх з тулуравага не дужа густога лесу з'явiўся магутны рухавы дзiк, спакойна i ўпэўнена падышоў да Ракi Адноўленых Твараў, прыпынiўся на самым беразе. Адразу ж мноства плазмоiдаў закружылася над iм.
- Хiба на планеце Вар жывуць дзiкi? - здзiўлена спытаў Клён у Талеркiя Жоўтага.
- Як бачыш, жывуць, - адказаў той. - Наколькi мне вядома, у Вялiкiм Балоце быў яшчэ зусiм нядаўна зафiксаваны iхнi статак. Водзяцца ў нас i iншыя зямныя жывёлы - конi, каровы. Iх прывезлi на планету Вар з Зямлi нашы прашчуры. Але такiя дзiкi ў нас нiколi не вадзiлiся.
- Якiя - такiя?
- Смелыя, самаўпэўненыя, я б сказаў, нахабныя. Дзiк - асцярожны жыхар чаратоў i дрыгвы i яшчэ нiколi, прынамсi, да сённяшняга дня, нiводнага лыча не было вiдно над свяшчэннай Ракой Адноўленых Твараў. Хаця, чакайце... Што такое?
Жоўты плазмоiд пабялеў, пэўна, ад нейкай абсалютна невераемнай весткi, i стрымгалоў iрвануўся туды, дзе стаяў дзiк. Вярнуўшыся, ён ад вялiкага ўзрушэння колькi хвiлiн не мог гаварыць, а потым выдыхнуў: