I толькi як пачаў узнiмацца вецер, парушыў ён цiшыню. Плыў ён недзе з далёкiх, неабсяжных далей зямлi i веяў дзiкаю воляй. Пачынаў блытацца за вугламi камянiц. Пры цьмяным свеце лiхтароў вiдно было, як музыканты на бульвары пачалi настаўляць каўняры. I можа гэта ад таго, што ўсё пачало варушыцца, зноў захацелася Вiктару Зенiчу iсцi на вулiцу цi куды-небудзь iначай, абы iсцi. Цягнула да музыкантаў, туды, дзе пабольш людзей i зыкаў.
I зусiм ужо прайшоў цiхi настрой. Была ўжо вясёласць ад можа i несвядомага пачуцця, што вось ты сярод людзей, а вакол цябе iмчыцца жыццё. Што многа будзе чаго бачыцца i чуцца на зямлi, многа будзе дзён пражыта i гэтакiх вечароў, многа будзе зроблена нечага вялiкага, што заўсёды, да канца жыцця, стаiць перад табою, i нiколi не зробiцца так, каб быў яму ўжо абсалютны канец...
Вецер плыве, i музыка грае. Яскрава гараць агнi над горадам. Плывуць з ветрам з поля цiхiя песнi, ходзяць над зямлёй хмары, i iмкнецца жыццё на зямлi. Гавораць людзi, носяць радасць i смутак, смяюцца i плачуць. Б'ецца з пустаты глыбiня, з-пад смутку - радасць.
Жыццё ты маё шырокае без краёў, глыбiня мая бяздонная!..
Вiктар Зенiч уздзеў палiто, наставiў каўнер i выйшаў на вулiцу. Лiхтары слаба разганялi змрок, нёс вецер аднекуль лiсты i шумеў i шумеў. Нехта iшоў па тратуары, кiваючыся ў бакi - можа з пiўной хто да дому дабiраўся. У кватэры Баляслава Гельца было цёмна i цiха. Мусiць, пайшла некуды Антанiна або сядзiць адна, лёгшы галавою на сваё пiянiна. Вокны сталяра свяцiлiся. Чуцён быў ужо бесклапотны рогат сытай сталярыхi, адкiнуўшай на ноч усе свае трагiзмы. Недзе плакалi дзецi, на бульвары нехта смяяўся, iшоў з лапаткаю з магiлак стораж i даў "добры вечар" Вiктару Зенiчу. А пасля некуды памчаўся аўтамабiль, i зноў чуваць сталi радасныя песнi з клуба. I колькi было тут i пустаты, i глыбiнi на гэтым маленькiм кавалку зямлi!
Вiктар Зенiч паволi пайшоў у бок бульвара. Там пад высокiм лiхтаром стаяў высокi капельмайстар i ўсё махаў рукамi, забыўшы ўсё, апрача зыкаў. А зыкi вялiкiя разбягалiся па свеце.
Вiктар Зенiч зайшоў далёка ў забульварныя вулiцы, там ужо чутны былi крыкi паравiкоў, шум нейкiх машын, што мяшаўся з прарэзлiвым ужо свiстам асенняга ветру. Гэтая шырокая сiмфонiя гучала то моцна, то зусiм цiха.
I як ападала яна нiзка, мацней беглi ў свет вялiкiя зыкi. I гаварылi яны аб вялiкасцi, аб радасцi i смутку, аб бязмернай глыбiнi жыцця.
1925
Каментары
Друкуецца па зборнiку "Пачуццi" /Менск, БДВ, 1926/. Упершыню апублiкавана ў часопiсе "Маладняк", 1926, № 10. Датуецца 14-15 кастрычнiка 1925 года.