Жаба не ўсё разумела, пра што гаварылi маладыя людзi. Яе зацiкавiла размова ў буслiным гняздзе. Бацька-бусел даводзiў сваiм дзецям:
- Чалавек - самая фанабэрыстая жывёлiна. Любiць пагаварыць, пахвалiцца багаццем сваёй мовы. А варта яму пераехаць у iншае месца, ён ужо не разумее суседа. От наш клёкат зразумелы ўсюды: у Данii, у Егiпце... Эх, людзi! Яны нават лятаць не ўмеюць.
"Якая цудоўная прамова! - падумала маленькая жаба. - Вiдаць, той бусел вельмi знакамiты. I так высока сядзiць!"
Раптам бусел развёў крылы i ўзляцеў з гнязда. Жаба зноў пазайздросцiла яму: "Як ён плавае ў паветры!"
Яна чула, як буслiха ў гэты час расказвала дзецям пра далёкую i цёплую краiну Егiпет, пра цудоўную раку Нiл. I ёй вельмi захацелася самой пабываць там.
- Хай бы буслы ўзялi мяне з сабой! - сказала жаба. - Гэта куды прыемней, чым насiць у галаве каштоўны камень!..
А каштоўны камень якраз i быў схаваны ў яе. Толькi не ведала пра гэта жаба-падарожнiца. Ёй хацелася аднаго: скакаць ўперад i падняцца высока!
Нечакана падышоў да жабы сам бусел. Ён ляцеў, убачыў яе ў траве, апусцiўся i схапiў небараку. Ды не вельмi далiкатна. Дзюба яго сцiснулася, у жабiных вушах засвiстаў вецер. Гэта было не вельмi прыемна, але ж яна была ўверсе. Яе неслi ў Егiпет! Вочы ў жабы зазiхацелi, з iх пырснулi iскры, яна крыкнула на ўсё наваколле:
- Квак-ах!
Гэта былi апошнiя словы маленькай жабы.
А дзе ж яна дзелася сама? Сакрэт просты, калi вы ведаеце, чым любяць ласавацца буслы.
Толькi не хочацца верыць, што бусел разам з жабай пракаўтнуў i каштоўны камень. Ён, вiдаць, вылецеў з яе вачэй разам з зыркiмi iскрамi. Яго падхапiлi сонечныя промнi. I занеслi на само сонца. А мо схавалi яшчэ дзе-небудзь? Давайма, сябры, шукаць каштоўны камень. Не стамляйцеся радавацца жыццю, кожны дзень рабiце для сябе ўсё новыя i новыя адкрыццi.
А цяпер падумайце: што ў гэтай казцы выдумка, а што - праўда?
СТАРЫ ДОМ
На адной вулiцы стаяў зусiм стары дом, пабудаваны яшчэ каля трохсот гадоў таму - гэтае можна было лёгка ўбачыць, бо на яго карнiзе, у вiньетцы-завiтушцы з цюльпанаў i хмелю, быў выразаны год ягонай пабудовы, а пад iм - даўнiмi лiтарамi i з захаваннем даўняга правапiсу ажно цэлы верш. З лiштваў i шалёвак пазiралi смешныя твары-мордачкi, што выяўлялi розныя ўхмылкi. Верхнi паверх дома быў значна шырэйшы за нiжнi; пад самым дахам быў вадасцёчны латок, што заканчваўся драконаваю галавой. Дажджавая вада павiнна была вылiвацца ў дракона з зяпы, але сачылася з жывата - латок быў дзiравы.
Усе iншыя дамы на вулiцы былi новенькiя, чысценькiя, з вялiкiмi вокнамi i гонкiмi, роўнымi сценамi; як адчувалася, яны, гэтыя свежыя пабудовы, не хацелi знацца са старым домам i нават думалi: "Цi доўга ён будзе тырчаць тут на ганьбу ўсёй вулiцы? З-за гэтага выступу нам не вiдаць, што робiцца вакол! А лесвiца, а лесвiца! Шырокая, нiбы ў палацы, i высокая, быццам вядзе на званiцу! Жалезныя парэнчы нагадваюць уваход у магiльны склеп, а на дзвярах блiшчаць вялiкiя медныя клямкi! Проста непрыстойна!"
Насупраць старога дома, на iншым баку вулiцы, стаялi гэткiя ж новенькiя, чысценькiя домiкi i думалi тое ж, што iхнiя калегi; але ў адным з iх сядзеў каля акна малы ружовашчокi хлапчук з яснымi, зiхотнымi вачыма; яму стары дом i пры сонечным, i пры месяцавым святле падабаўся куды болей за iншыя дамы. Пазiраючы на сцяну старога дома з патрэсканаю, а сям-там i з абляцелай атынкоўкаю, ён у думках маляваў сабе самыя дзiўныя карцiны мiнулага, уяўляў усю вулiцу забудаваную такiмi ж дамамi, з шырокiмi лесвiцамi, выступамi i востраверхiмi дахамi, бачыў перад сабою салдатаў з сякерамi i дзiдамi на доўгiм дрэўку, а вадасцёчныя латкi - драконамi i змеямi... Канечне ж, нельга было не паўзiрацца на стары дом! Жыў у iм адзiн дзядок, якi насiў кароткiя штаны да каленяў, жупан з вялiкiмi металiчнымi гузiкамi i парык, пра якi адразу ж можна было сказаць: вось гэта сапраўдны валоснiк! Ранiцамi да старога прыходзiў стары пакаёвы, якi прыбiраў усё ў доме i спаўняў усе гаспадаровы наказы; астатнi час стары заставаўся дома адзiн-адзiнюткi. Калi-нiкалi ён падыходзiў да акна кiнуць позiрк на вулiцу i на суседнiя дамы; хлапчук, якi сядзеў каля акна, хiтаў старому галавой i меў у адказ такi ж сяброўскi кiвок. Так яны пазнаёмiлiся i пасябравалi, хоць нi разу не загаварылi адзiн з адным, - гэта нi кроплi iм не замiнала!
Аднойчы хлапчук пачуў, як мацi сказала бацьку:
- Стары ўвогуле жыве няблага, але ён такi адзiнокi, бедны!
У наступную ж нядзелю хлапчук загарнуў штосьцi ў паперчыну, выйшаў за вароты i запынiў пакаёвага старога.
- Будзь добры! Занясi гэта ад мяне старому пану! У мяне два алавяныя салдацiкi, вось яму адзiн! Няхай ён застанецца ў яго, бо стары пан гэтакi адзiнокi, бедны!
Пакаёвы, здаецца, узрадаваўся, кiўнуў галавой i занёс салдацiка ў стары дом. Затым той жа слуга заявiўся да хлапчука запытаць, цi не пажадае ён сам зайсцi да старога пана. Бацькi дазволiлi, i хлапчук адправiўся ў госцi.
Медныя бляшкi на поручнях лесвiцы блiшчэлi ярчэй, чым калi, быццам iх нацёрлi, чакаючы госця, а жвавыя трубачы - на дзвярах былi выразаныя якраз трубачы, якiя выцiкоўвалi з цюльпанаў, - здавалася, дзьмулi ў трубы з усяе сiлы, i шчокi iхнiя напаўнялiся, круглелi больш, чым заўсёды. Яны трубiлi: "Тра-та-та-та! Хлопчык iдзе! Тра-та-та-та!" Дзверы адчынiлiся, i хлапчук зайшоў у вiтальню. Усе сцены былi абвешаны старымi партрэтамi рыцараў у латах-панцырах i жанчын у шаўковых сукенках, рыцарскiя даспехi пазвоньвалi, а сукенкi шамацелi... Затым хлапчук трапiў на лесвiцу, што спачатку вяла высока ўверх, а пасля зноў унiз, i апынуўся на даволi-такi пракаветнай тэрасе з вялiкiмi дзiркамi i шырокiмi шчылiнамi ў падлозе, з якiх вытыркалiся зялёная трава i лiсце. Уся тэраса, увесь двор i нават уся сцяна дома былi абчапляныя зеленню, дык тэраса здавалася сапраўдным садам, хоць на самай справе гэта была толькi тэраса! Тут стаялi старыя гаршкi для кветак нападобе галоў з аслiнымi вушамi; кветкi раслi ў iх як хацелi. У адным гаршку так i лезлi цераз край гваздзiкi: зялёныя сцяблiнкi iх разбягалiся ва ўсе бакi, i гваздзiкi нiбы гаварылi: "Ветрык песцiць нас, сонейка цалуе i абяцае падарыць нам у нядзелю яшчэ адну кветачку! Яшчэ адну кветачку ў нядзелю!"
З тэрасы хлапчука завялi ў пакой, абабiты свiной скураю з залатым цiсненнем.