- Быццам хто сядзiць i дзяўбе ўсё адну i тую ж п'есу. Справа не ладзiцца, а ён не здаецца, маўляў, - даб'юся свайго! Дарэмна, аднак, стараецца, нiчога не атрымлiваецца!
Неяк ноччу вучоны прачнуўся; дзверы на балкон былi расчынены, i вецер расхiнуў парцьеры; вучоны глянуў на працiлеглы дом, i яму здалося, што балкон азораны нейкiм дзiўным ззяннем, кветкi палалi дзiвоснымi рознакаляровымi агнямi, а памiж кветкамi стаяла стройная, цудоўная дзяўчына, таксама, здавалася, акружаная ззяннем. Вось гэтыя бляск i святло так i паласнулi па шырока адкрытых пасля сну вачах вучонага. Ён усхапiўся i цiхенька падышоў да дзвярэй, але дзяўчына ўжо знiкла, бляск i святло - таксама. Кветкi больш не гарэлi агнямi, а стаялi сабе цiхенька-цiхенька, як заўсёды. Дзверы з прыхожай на балкон былi напаўадчынены, i з глыбiнi дома даносiлiся пяшчотныя, чароўныя гукi музыкi, якiя кожнага маглi б перанесцi ў свет летуценняў i мар!..
Усё гэта было падобна на вядзьмарства! Хто ж там жыў? Дзе, уласна кажучы, быў уваход у дом? Увесь нiжнi паверх быў аддадзены пад крамы, але ж не праз iх пастаянна хадзiлi жыхары!
Аднойчы вечарам вучоны сядзеў на сваiм балконе; у пакоi за iм гарэла свечка, i зусiм натуральна, што цень яго ляжаў на сцяне процiлеглага дома; цень ляжаў нават на самым балконе, якраз памiж кветкамi; варта было варухнуцца вучонаму - варушыўся i цень, - гэта ён умее.
- Сапраўды, мой цень - адзiная бачная iстота ў гэтым доме! - сказаў вучоны. - Бачыш, як добра ўсеўся памiж кветкамi! Ну а дзверы ж напаўадчынены; вось бы ценю здагадацца ўвайсцi туды, выгледзець усё, потым вярнуцца i расказаць пра ўсё мне! Так, варта было б i табе быць карыснай! - сказаў ён жартам i затым дадаў: - Ну, цi не пажадаў бы туды пайсцi! Ну? Iдзеш? - I ён кiўнуў свайму ценю галавой, цень таксама адказаў кiўком. - Ну, iдзi! Толькi глядзi не прападзi там!
З гэтымi словамi вучоны падняўся, цень яго, якi сядзеў на процiлеглым балконе, - таксама, вучоны павярнуўся - павярнуўся i цень, i калi б хто-небудзь уважлiва назiраў за iмi ў гэты час, то ўбачыў бы, як цень слiзгануў у напаўадчыненыя балконныя дзверы загадкавага дома, калi вучоны пайшоў з балкона ў пакой i зацягнуў за сабой парцьеру.
Ранiцай вучоны пайшоў у кандытарскую папiць кавы i пачытаць газеты.
- Што гэта значыць? - сказаў ён, калi выйшла з-за хмары сонца. - У мяне няма ценю! Так ён i на самай справе пайшоў учора вечарам i не вярнуўся? Даволi-такi непрыемная гiсторыя!..
I ён раззлаваўся, не столькi таму, што цень пайшоў, колькi таму, што ўспомнiў вядомую гiсторыю пра чалавека без ценю, якую ведалi ўсе i кожны на яго радзiме, у халодных краiнах; вярнуўся б ён туды i расказаў сваю гiсторыю, усе сказалi б, што ён пачаў пераймаць iншых, а ён у гэтым зусiм не адчуваў патрэбы. Таму ён вырашыў нават не заiкацца пра тое, што адбылося з ценем, i зрабiў разумна.
Вечарам ён зноў выйшаў на балкон i паставiў свечку за сабой, ведаючы, што цень заўсёды iмкнецца адгарадзiцца ад святла сваiм панам; выманiць гэтым манеўрам цень яму, аднак, не ўдалося. Ён i садзiўся i выпростваўся на ўвесь рост - цень усё не з'яўляўся. Ён задуменна хмыкнуў, але i гэта не дапамагло. Прыкра было, але, на шчасце, у гарачых краiнах усё расце i спее незвычайна хутка, i вось праз тыдзень вучоны, калi засвяцiла сонца, заўважыў з вялiкiм задавальненнем, што ад яго ног пачаў расцi новы цень, - напэўна, каранi старыя засталiся. Праз тры тыднi ў яго быў ужо даволi нядрэнны цень, якi ў час падарожжа вучонага на радзiму вырас яшчэ, а напрыканцы зрабiўся такiм вялiкiм i доўгiм, што хоць убаўляй яго.
Вучоны вярнуўся дамоў i пачаў пiсаць кнiгi пра iсцiну, дабрыню i прыгажосць. Так iшлi днi i гады, прайшло шмат гадоў. Аднойчы вечарам, калi ён сядзеў у сябе дома, пачуўся цiхi стук у дзверы.
- Заходзьце! - сказаў ён, але нiхто не заходзiў; тады ён адчынiў дзверы сам - перад iм стаяў неверагодна худы чалавек; апрануты ён быў, памiж iншым, вельмi элегантна, як сапраўдны пан.
- З кiм маю гонар гаварыць? - спытаў вучоны.
- Я так i думаў, - сказаў элегантны пан, - што вы не пазнаеце мяне! Я набыў цялеснасць, абзавёўся плоццю i адзеннем! Вы, вядома, i не думалi сустрэць мяне калi-небудзь такiм багатым. Але няўжо вы ўсё яшчэ не пазнаяце свой былы цень? Мне вельмi пашанцавала з таго часу, калi я расстаўся з вамi. Я ва ўсiх адносiнах заваяваў сабе трывалае становiшча ў свеце i магу адкупiцца ад службы, калi захачу!
Пры гэтых словах ён забрынкаў цэлай звязкай бiрулек, якiя вiселi на ланцужку для гадзiннiка, а потым пачаў забаўляцца важкiм залатым ланцужком, якi насiў на шыi. Пальцы яго так i зiхацелi брыльянтавымi пярсцёнкамi! I золата i каштоўныя камянi былi сапраўдныя, а не падробныя!
- Я проста ў сябе не магу прыйсцi ад здзiўлення! - сказаў вучоны. - Што гэта такое?
- Так, з'ява не зусiм звычайная, гэта праўда! - сказаў цень. - Але вы ж самi не належыце да лiку звычайных людзей, а я, як вы ведаеце, з дзяцiнства хадзiў за вамi. Як толькi вы прыйшлi да думкi, што я ўжо настолькi вырас, каб жыць самастойна, я i пайшоў сваёй дарогай, дасягнуў, як бачыце, поўнага дабрабыту, ды вось засумаваў штосьцi па вас, захацелася пабачыцца з вамi, пакуль вы яшчэ не памерлi - вы ж павiнны памерцi! - i, дарэчы, паглядзець яшчэ раз на гэтыя краявiды. Бо заўсёды захоўваеш любоў да сваёй радзiмы!.. Я ведаю, што ў вас цяпер новы цень; скажыце, цi не павiнен я што-небудзь яму або вам? Толькi скажыце слова - i я заплачу.
- Не, так гэта на самай справе ты?! - ускрыкнуў вучоны. - Вось дзiва, дык дзiва! Нiколi б я не паверыў, што мой стары цень вернецца да мяне, ды яшчэ чалавекам!
- Ну, скажыце мне, цi не павiнен я вам? - зноў спытаў цень. - Мне не хацелася б быць каму-небудзь абавязаным.
- Што за размовы! - сказаў вучоны. - Якi там доўг! Ты зусiм свабодны! Я вельмi рад твайму шчасцю! Ну, сядай, стары дружа, i раскажы мне, як усё гэта адбылося i што ты ўбачыў у тым доме насупраць?
- Зараз раскажу! - сказаў цень i ўсеўся. - Але пры ўмове, што дасце мне слова не гаварыць нiкому тут, у горадзе, - дзе б вы мяне нi сустрэлi, - што я быў некалi вашым ценем! Збiраюся жанiцца! Я ў стане ўтрымлiваць i не адну сям'ю!
- Не хвалюйся, - сказаў вучоны. - Нiхто не даведаецца, хто ты, уласна, такi! Вось мая рука! Даю табе слова! А слова ж чалавек...
- Слова - цень! - дагаварыў цень - бо iначай ён не мог выказацца.
Увогуле ж вучонаму заставалася толькi здзiўляцца, як шмат было ў iм чалавечага, пачынаючы з самой вопраткi: чорны гарнiтур з тонкага сукна, на нагах лакiраваныя боты, а ў руках цылiндр, якi мог складвацца, так што ад яго заставалiся толькi донца ды поле; пра бiрулькi, залаты ланцужок i брыльянтавыя пярсцёнкi мы ўжо гаварылi. Так, цень быў апрануты выдатна, i вось гэта, уласна, надавала яму выгляд чалавека.