Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Герда прыгадала вялiкiя прыгожыя камякi пад павелiчальным шклом, але гэтыя былi значна большыя, страшнейшыя, i ўсе жывыя.

Гэта былi перадавыя дазорныя войскi Снежнай каралевы.

Адны нагадвалi сабой вялiкiх пачварных вожыкаў, другiя - стогаловых змеяў, трэцiя - тоўстых медзведзянят з узлахмачанай поўсцю. Але ўсе яны аднолькава зiхацелi белiзной, усе былi жывымi снежнымi камякамi.

Аднак Герда смела iшла ўсё наперад i наперад i нарэшце дабралася да палаца Снежнай каралевы.

Паглядзiм жа, што адбывалася ў гэты час з Каем. Ён i не думаў пра Герду, а ўжо менш за ўсё пра тое, што яна вельмi блiзка ад яго.

Гiсторыя сёмая

Што здарылася ў палацы Снежнай каралевы i што адбылося потым

Сценамi палаца былi завiрухi, вокнамi i дзвярыма - вятры. Больш за сто залаў цягнулася тут адна за адной так, як намятала iх завiруха. Усе яны асвятлялiся паўночным ззяннем, i самая вялiкая распасцiралася на мноства мiль. Як холадна, як пустэльна было ў гэтых белых, ярка ззяючых пакоях! Весялосць нiколi не заглядвала сюды. Нiколi не праводзiлiся тут мядзведжыя балi з танцамi пад музыку буры, на якiх маглi б вызначыцца зграбнасцю i ўменнем хадзiць на заднiх лапах белыя мядзведзi; нiколi не гулялi ў карты са спрэчкамi i бойкай, не збiралiся паразмаўляць за кубкам кавы беленькiя кумкi-лiсiчкi.

Холадна, пустэльна, грандыёзна! Паўночнае ззянне ўспыхвала i гарэла так размерана, што можна было дакладна разлiчыць, у якую хвiлiну святло ўзмацнiцца, у якую пацямнее. Пасярод самай вялiкай пустэльнай снежнай залы знаходзiлася замёрзлае возера. Лёд патрэскаўся на iм на тысячы кавалкаў, такiх аднолькавых i правiльных, што гэта здавалася, якiмсьцi фокусам. Пасярод возера сядзела Снежная каралева, калi бывала дома, сцвярджаючы, што сядзiць на люстэрку розуму, на яе думку, гэта было адзiнае i лепшае люстэрка ў свеце.

Кай зусiм ссiнеў, амаль счарнеў ад холаду, але не заўважаў гэтага пацалункi Снежнай каралевы зрабiлi яго неадчувальным да холаду, ды i само сэрца яго было ўсё роўна як кавалак лёду. Кай поркаўся каля плоскiх востраканцовых iльдзiн, укладваючы iх на разнастайныя лады. Ёсць такая гульня - складванне фiгур з драўляных дошчачак, - якая называецца кiтайскай галаваломкай. Вось Кай таксама складваў розныя забаўныя фiгуры, толькi з iльдзiн i гэта называлася ледзяной гульнёй розуму. У ягоных вачах гэтыя фiгуры былi цудам мастацтва, а складванне iх - заняткам першараднай важнасцi. Гэта здарылася таму, што ў ягоным воку сядзеў асколак чароўнага люстэрка.

Складваў ён i такiя фiгуры, з якiх атрымлiвалiся цэлыя словы, але нiяк не мог скласцi таго, што яму асаблiва хацелася, - слова "вечнасць". Снежная каралева сказала яму: "Калi ты складзеш гэта слова, ты будзеш сам сабе пан, i я падару табе ўвесь свет i новыя канькi". Але ён нiяк не мог яго скласцi.

- Цяпер я палячу ў цёплыя краiны, - сказала Снежная каралева, - зазiрну ў чорныя катлы.

Так яна называла кратэры агнядышных гор - Этны i Везувiя.

- Пабялю iх трошкi. Гэта карысна для лiмонаў i вiнаграду.

Яна паляцела, а Кай застаўся адзiн у неабсяжнай пустэльнай залё, глядзеў на iльдзiны i ўсё думаў, думаў, аж у галаве ягонай трашчала. Ён сядзеў на месцы, такi бледны, нерухомы, быццам нежывы. Можна было падумаць, што ён зусiм змерз.

Якраз у гэты час у вялiзныя вароты, якiмi былi парывiстыя вятры, уваходзiла Герда. I перад ёю вятры сцiхлi, нiбы паснулi. Яна ўвайшла ў велiзарную пустэльную ледзяную залу i ўбачыла Кая. Адразу пазнаўшы яго, дзяўчынка кiнулася яму на шыю, моцна абняла i ўсклiкнула:

- Кай, мiлы мой Кай! Нарэшце ж я знайшла цябе!

Але ён сядзеў усё такi ж нерухомы i халодны. I тады Герда заплакала; гарачыя слёзы яе пацяклi яму на грудзi, пранiклi ў сэрца, растапiлi ледзяную кару, расплавiлi асколак. Кай зiрнуў на Герду i раптам залiўся слязамi i плакаў так моцна, што асколак выцек з вока разам са слязамi. Тады ён пазнаў Герду i ўзрадаваўся:

- Герда! Мiлая Герда!.. Дзе ж гэта ты была так доўга? Дзе ж быў я сам? - I ён агледзеўся вакол. - Як тут холадна i пустэльна!

I ён моцна абняў Герду. А яна смяялася i плакала ад радасцi. I гэта было так цудоўна, што нават iльдзiны пусцiлiся ў скокi, а калi стамiлiся, то ўлеглiся i склалi тое самае слова, якое задала скласцi Каю Снежная каралева. Склаўшы яго, ён мог стаць сам сабе панам ды яшчэ атрымаць ад яе ў падарунак увесь свет i новыя канькi.

Герда пацалавала Кая ў абедзве шчокi, i яны зноў запунсавелi, як ружы; пацалавала яго ў вочы, i яны заблiшчалi; пацалавала яго рукi i ногi, i ён зноў стаў бадзёрым i здаровым.

Снежная каралева магла вярнуцца невядома калi - яго адпускная ляжала тут, напiсаная блiскучымi ледзянымi лiтарамi.

Кай з Гердай поплеч выйшлi з ледзянога палаца. Яны iшлi i размаўлялi пра бабулю, пра ружы, якiя квiтнелi ў iх садку, i перад iмi сцiхалi парывiстыя вятры, праглядвала сонца. А калi дайшлi да куста з чырвонымi ягадамi, там ужо чакаў iх паўночны алень.

Кай i Герда накiравалiся спачатку да фiнкi, адагрэлiся ў яе i даведалiся пра дарогу дамоў, а потым - да лапландкi. Тая пашыла iм новае адзенне, адрамантавала свае санi i паехала iх праводзiць.

Алень таксама праводзiў юных падарожнiкаў аж да самай гранiцы Лапландыi, дзе ўжо прабiвалася першая трава. Тут Кай i Герда развiталiся з iм i лапландкай.

Вось перад iмi i лес. Заспявалi першыя птушкi, дрэвы пакрылiся зялёнымi пупышкамi. З лесу насустрач падарожнiкам выехала вярхом на прыгожым канi маладая дзяўчына ў ярка-чырвонай шапачцы, з пiсталетамi за поясам.

Герда адразу пазнала i каня - ён быў калiсьцi запрэжаны ў залатую карэту i дзяўчыну. Гэта была маленькая разбойнiца.

Яна таксама пазнала Герду. Колькi было радасцi!

- Бач ты, валацуга! - сказала яна Каю. - Хацела б я ведаць, цi варты ты таго, каб па цябе бегалi на край свету.

Але Герда пагладзiла яго па шчацэ i запытала пра прынца i прынцэсу.

- Яны паехалi ў чужую краiну, - адказала маладая разбойнiца.

- А крумкач? - пацiкавiлася Герда.

- Лясны крумкач памёр; ручная варона засталася ўдавой, ходзiць з чорнай шарсцiнкай на ножцы i скардзiцца на лёс. Ды ўсё гэта дробязi, а вось ты лепш раскажы, што з табой было i як ты адшукала яго.

Герда i Кай расказалi ёй пра ўсё.

- Ну, вось i казцы канец! - сказала маладая разбойнiца, пацiснула iм рукi i паабяцала наведаць iх, калi заедзе ў горад.

41
{"b":"73838","o":1}