Ёй здавалася, што яна бяжыць вельмi доўга. Сэрца яе разрывала грудзi. Яна пайшла павальней. Ногi блыталiся ў траве, над якой гулi пчолы. Гарачыня цiснула яе. Яна азiрнулася i села на зямлю. Сваё дзiця яна паклала на зямлю i, пакуль аддыхвалася, не адкрывала вачэй, а як адкрыла, убачыла, што дзiця не варушыцца i не дыхае. Смерць! Яна гэта адчула ўсiм сваiм iнстынктам. Яна ўстала на ногi i доўга так стаяла. Цяпер яна з усёй яснатой думкi чакала, што хто-небудзь з'явiцца на гэтым пустым i гарачым полi. Раптам яна прыгнулася, дакранулася рукой да нежывога дзiцяцi i вельмi паволi пайшла ў той бок, куды iшла i дагэтуль - к сонцу. Многа разоў яна чула за сабой далёкiя ўзрывы, многа разоў чула дзесьцi над сабой рокат нямецкiх ненаеднiкаў, але яна нават не аглядалася, быццам нiчога i не чула. Усё iшла i iшла. Вузкая палявая дарога была перад ёю. I якраз добра - дарога вяла проста туды, дзе стаяла сонца. Яна пайшла шпарчэй. Сонца плыло к захаду. Цяпер было лягчэй iсцi, не такая была гарачыня. I яна падумала, што сонца спусцiцца яшчэ нiжэй i тады стане яшчэ лягчэй, а пасля будзе адвячорак i яна напаткае людзей i зусiм добра будзе. Яна ўскiнула твар угару, каб паглядзець, цi высока сонца. Сонца стаяла ўжо даволi нiзка, i тут яна адумалася i ўспомнiла, што не туды iдзе, куды трэба. Трэба iсцi туды, дзе сонца ўсходзiць, а яна iдзе туды, дзе сонца будзе заходзiць. Спалохана яна азiрнулася i пачала думаць: дзе ж на небе тое месца, дзе ўсходзiць сонца. Цi там, дзе на даляглядзе вiдны нейкiя дрэвы, цi там, дзе той узгорак з ветраком? I нiяк яна ўгадаць не магла. Яе агарнула думка: перачакаць тут ноч да дня i тады рушыць на першыя сонечныя праменнi. Яна зноў села на зямлю, пасля неспакойна ўстала. Непадалёку вызначалiся зараснiкi нiзкарослых дрэў i кустоў. Iх нядаўна мiнула сонца. Яна пайшла туды i ўвайшла ў цень.
Аднак жа гэта быў сапраўдны лес, i здаваўся ён здалёк нiзкiм таму, што рос у лагчыне. Тут раслi ялiны i траплялiся бярозы. I ядловец гусцiўся пад арэшнiкам. Як тут было цiха i спакойна! Здавалася, усе грымучыя навальнiцы смерцi i пакут адышлi ў нябыт. З вельмi далёку даходзiў сюды грукат нейкiх узрываў, але гэта не было над галавой, i ў гэтым было шчасце. У прагалiну памiж дрэў падала з самага нiзкага свайго захаду сонца. Дзяўчынка стаяла ў сонцы быццам ужо ў бяздум'i. Стракатая хусцiнка на яе галаве страцiла ўжо ўсе свае колеры. Гэта была анучка, брудная i скамечаная. Сукенка вiсела на гэтым дзiцяцi кавалкамi трантаў, вываляных у зямлi. Ног не было вiдно з-пад пласта пылу. Там, дзе ногi былi прабiты i абадраны аб каменнi i карчы гэтай нялюдскай дарогi, тырчалi гузы закарэлай крывi. Завостраныя плечы яе тырчалi ўгару, адно плячо трымалася вышэй за другое i раз-поразу ўздрыгвала. А твар быў учарнелы, завостраны i неспакойны. Чым больш яна стаяла тут, тым выразней сыходзiла з яго пячаць ранейшай цягавiтай упартасцi, i замест яе ажываў адчай.
З-пад залепленых зямлёй вейк вiдны былi вочы, у якiх смяртэльная стома змагалася з выбухамi страшнага агню. Гэта быў позiрк нi з чым не параўнанай прагi да радасцi, здушанай найвялiкшым смуткам. Неўзабаве пачало прасочвацца ў душу i пачуццё адзiноты, але яно не паспела пакласцi сваю пячаць на вочы. Так, як птушка, чуючы свой час, шукае цiхага месца ўмiраць, яна пачала шукаць вачыма чагосьцi каля сябе. Ужо ў гэтыя моманты ногi яе пачалi згiнацца ў каленях, худзенькая постаць яе яшчэ больш прысутулiлася, яшчэ больш паднялiся ўгару плечы, твар усiмi рысамi сваiмi i вачыма ўпаў унiз, i ўсю яе павяло з месца. Нейк бокам падышла яна к дрэву i паехала ўнiз. Гэта было жывое ўвасабленне самай закончанай супрацьлегласцi ёй самой, якая яна была яшчэ некалькi дзён таму назад. Каб увесь свет, як вялiк ён нi ёсць, ад усiх сваiх пачаткаў i бязмежнасцi сабраўся i ажыў, як вялiкая iстота, з вачыма, каб бачыць, з вушыма, каб чуць, з душой, каб адчуваць, з розумам i думкамi, - сумленне кiнула б яго нiц перад гэтым дзiцем. Ён страсянуўся б ад жаху, што так не ўдаўся ў iм сэнс шмат чаго, што ён церпiць на сабе.
Упаўшы на зямлю, яна, чорная, скурчаная, маленькая, здушаная, уткнулася галавой у дрэва, тварам унiз, i сцiшылася. Праз паўхвiлiвы яна шпарка адарвала галаву ад зямлi, зiрнула ўгару i зноў упала. I так было многа разоў. Вiдаць, душа яе не паддавалася зморанасцi цела, i кiпела, i рвалася. Раптам яна ўздрыганулася. Гэта быў плач не дзiцячым голасам, але гэта плакала дзiця, а не тая жанчына, што не так даўно апекавалася над меншымi за сябе. У яе ўжо i слёз не было, i вочы былi сухiя, калi яна плакала. Нарэшце лiтасцiвы сон навалiўся на яе, але ласкавасць яго не была доўгая. Пачаўся сонны кашмар, без выразнасцi i якой бы там нi было формы. Бяздомнасць, выгнанне, смерць, сiроцтва, матчыны вочы перад смерцю, грукат нямецкiх бомб, самалётаў, бязлiтаснасць, жорсткасць - усё палосамi агню i зямлi iшло ўгару i не давала шчасця быць у забыццi. I так цягнулася доўга. Можа гэта была вечнасць, якую хрысцiянства дакляроўвае злачынным душам. I вось яна паднялася i села. Зорнае неба было над ёю, i чорныя дрэвы маўчалi. Стаяла цiшыня. Яна прытулiлася к дрэву. I так, седзячы, адразу заснула i ўжо не чула сама, як галава яе i плечы паехалi па дрэве ўнiз i яна ляжала на зямлi.
Прайшло многа часу, бо калi яна прачнулася - сонца спускалася к захаду. Пабудзiлi яе выстралы i крыкi. Стоячы пад дрэвам, яна бачыла, як беглi чырвонаармейцы, як навокал стралялi, як дзесьцi на ўзлеску стукаў кулямёт, а ў другiм баку ехалi грузавiкi. Лес ажыў, i яна азiралася навокал сябе i пасля стулiлася за дрэва. I раптам яна ўбачыла, што проста да яе бяжыць пемец. Яна яго пазнала адразу, хоць нiколi раней яго не бачыла. Ён ужо быў крокаў за шэсць ад яе i раптам пачуў наперадзе, так як i за сабой чуў, крыкi i шум людзей. Ён закруцiўся на месцы. Яна задрыжала i не спускала з яго вачэй. Ён кiнуўся на жывот, выцягнуўся i пачаў страляць перад сабою. Яна бачыла яго плечы i, адумаўшыся, пачала заўважаць, што ён цэлiцца перад сабою. Але да яе свядомасцi, што значыў гэты прыцэл, дайшло пасля. Цяпер яна не зводзiла воч з яго плеч, з яго галавы. Пачуццё жаху, уласнай гiбелi, рэшткi вячорнага кашмару ўладалi ёю. Каб не стрывожыць яго, яна цiхом адышлася, пасля пабегла. I ўбачыла трох чырвонаармейцаў. Яны ляжалi на зямлi i, выцягнуўшы перад сабою вiнтоўкi, не спускалi з чагосьцi вачэй. Яна кранула аднаго рукой.