Литмир - Электронная Библиотека
A
A

На той час забылася цыганка. Яна то i не забылася, але думкi i адчуваннi аб ёй злiлiся з тонкасцю перажыванняў i думак i аб ёй самой, i аб тым, што было ў жыццi, што непакоiла i радавала, застаўляла пакутаваць i ўзнiмацца настроям. I дома гэта яшчэ павялiчылася.

Там было цiха. Нiкога не было. Андрэй ведаў, што i меншы брат паехаў на поле, недзе пайшла на работу сястра, i ён адзiн стаў хадзiць па хаце, не могучы разабрацца, ад чаго яму так усё здалося дарагiм i любым i разам з тым страшным па тым, як яно ўсё абкружвала чалавека.

Гулi ў хаце апошнiя мухi, i вяла поўзалi яны па вокнах, i на адным акне моцна пахлi нейкiя агароднiя, белыя, познiя кветкi, пастаўленыя сястрой у пабiтую шклянку. Ён з нейкiм замiлаваннем разгледзеў гэтыя кветкi, адчынiў акно, каб выпусцiць на двор муху, не думаючы аб ёй, пасля зноў прайшоў па хаце i заўважыў каля самых дзвярэй на лаве нявымыты гаршчок з вараным шчаўлем. I гэта раптам абудзiла ў iм цэлую буру. Ён яшчэ невыразна падумаў аб усiм, звязаным з гэтым, i ў нейкай нецярплiвасцi закурыў, i, закурваючы, раптам прыпомнiў.

Быў тады канец лета, i ў той дзень таксама дзьмуў пыльны вецер. Тады ён сама што пачаў узрастаць, i кожны дзень хадзiў за шэсць вёрст у горад вучыцца. Прыйшоў ён быў тады рана i таксама нiкога не застаў дома, i весела хадзiў тады па агародах за хатаю. Па поўднi ж прыйшла з поля старшая сястра i прынясла ў прыполе адтуль вераб'iнага шчаўлю. Таксама палажыла моўчкi яго на лаву i лягла. I да самага змроку нiчога нiкому не гаварыла. Змрокам жа паднялася, накармiла ўсiх i нават яшчэ перабрала той шчавель i тады лягла, не раздзеючыся, сказаўшы толькi, што ёй моцна баляць грудзi. Ноч тая была зусiм для ўсiх спакойнай, бо хто ж яго ведаў, што адчувае i перажывае душою сястра. Назаўтра яна паднялася, так, як i заўсёды, раней за ўсiх, выпалiла ў печы i той шчавель зварыла, i, лёгшы, больш ужо не ўставала. Яны - два браты i сястра - елi той халодны i нiшчымны шчавель i думалi, што б гэта такое прыдумаць i дзе б яго дастаць, каб з'ела хворая. I пасля таго дня, з тае самае ночы, пайшлi вострыя днi. Назаўсёды ў памяцi асталiся i ясныя асеннiя ранiцы, i аўсянае поле з белым павуцiннем, жураўлi, што ляцелi высока. I пакрываў, i паглыбляў нейк усё гэта выраз твару хворай сястры. Пасля больш яшчэ памятным заставаўся хмурны, сухi i кароценькi дзень, у якi моцна пахла з саду халоднымi бэрамi, лiстамi i нядаўна выбранаю вiльготнаю яшчэ ад зямлi бульбаю. У той дзень, пад вечар, пайшоў Андрэй за рэчку на хутары прасiць дошчак на труну для сястры.

- Чаму гэта я пра гэта думаю i нашто гэта я ўспамiнаю? - сказаў сам сабе моцна Андрэй. - Нiхто нiколi пра гэта не думае i стараецца не ўспамiнаць.

Але гэта толькi сказаў ён, сам жа не мог адагнаць думак гэтых ад сябе, ды i не хацеў адганяць. Нават была яму нейкая як бы асалода ў гэтым, што так моцна варушыў ён, хоць i не наўмысня, сваю душу. Нават хацелася абвiнавацiць сябе ў тым, што дазволiў ён усяму таму адбыцца, хоць тут ужо, разам з тым, была свядомасць - што ж мог зрабiць ён? I тады патроху пачаў ён адганяць ад сябе ўсе гэтыя перажываннi, бо ў адну хвiлiну нейк уявiў сабе, што нешта iншае тут трэба, хоць яно i будзе мець пачаткам сваiм усю гэтую вастрату i тонкасць. Ён ужо стараўся думаць аб тым, што неўзабаве павiнна быць пiсьмо з дальняга горада, куды ён напiсаў свайму земляку аб тым, што хоча пераехаць у горад. Але думкi аб гэтым не маглi доўга плысцi спакойна i роўна. Бо верх бралi пачуццi, непакойныя i вельмi ж узбуджаныя. I як нi стараўся ён узбiцца на звычайны настрой, нiяк не мог. А тут пачаў канчацца дзень, i прыйшла аднекуль сястра - маладая i вясёлая. Дзiўна было яму думаць, што, гледзячы на яе, яшчэ горш нейк сумна яму стала. Але разам з тым яшчэ адчуў ён, што гэта была ў iм нейкая адмысловая, а можа i ўсiм прыналежная сiла, якая хоць i так выяўляецца, але здольная ўзняць чалавека да непераможнай дзейнасцi. Тады нейк не так востра мучыўся ён сваiмi перажываннямi. I, сказаўшы некалькi нязначных для сястры i глыбокiх для яго самога слоў, ён выйшаў з хаты. Там меншы брат распрагаў каня i пачаў расказваць яму, як у горадзе пад вечар быў, мусiць, пажар, бо вельмi ж многа ў тым баку паднялося нейкага чорнага дыму; i ён надзвычайна так нейк, як нiколi, быў рад братавай гаворцы. Не трэба было таму помачы, а ён памог яму выпрагчы каня. Пасля пастаяў ён каля сцяны, пакуль брат пайшоў у хату, i сам падумаў аб тым, што як гэты самы брат быў меншы i не было ў яго нейк раз ботаў, ён замаразкамi ездзiў заворваць поле босы, i тады заўсёды ногi былi ў яго папрабiватыя i ў нейкiх струпах... Тады ўжо не мог ён нiчога зрабiць з сабою - пералез ён паволi цераз жардзяны плот, пайшоў пад жоўтыя клёны, лёг там на вiльготную зямлю, прыпаў да яе тварам i заплакаў...

Тады стала ясна яму, што гэта ўсё ў яго не ад цыганскае дзяўчыны...

Адтуль ён вярнуўся позна. Нейк лёгка стала яму. Сплыло ўсё; чыстата стала ў iстоце i кволасць да ўсяго. Сястра i брат клалiся спаць. Брат курыў i сядзеў каля стала, гойдаючы босымi нагамi, а сястра весела расказвала, як у суседа Юстына адарвалася ў хаце вешала з тытунём i стукнула яму па галаве. I Андрэй ужо сам смяяўся i памог сястры выказаць думку аб тым, што б гэта тады было, каб вешала было цяжэйшае. Пасля гэтай гаворкi стаў у яго на кароткi час зусiм звычайны кожнадзённы настрой, толькi чуласць была незвычайная ды яшчэ моцнае адчуванне, што яму нешта рупiць, як бы мяшае чаму, некуды цягне яго, i тады, пасядзеўшы трохi, успомнiў раптам пра цыганскую дзяўчыну. Цяпер думаў аб ёй нейк iначай; самы працэс думкi быў нейкi цвёрды i вызначаны розумам, хоць вельмi востры ад пачуццяў. Тады ён хутчэй узяў падушку i кажух i пайшоў спаць на сена ў гумно. Там, у цiшы, стала патрэбным яму раптам гаварыць з кiм-небудзь, выказаць каму ўсё, што можна толькi выказаць, i яшчэ адчулася iм нейкая тая вялiкая адзiнота i размах, якiя бываюць у асеннiя месячныя ночы. Доўга не мог ён заснуць, пакуль аж не пачалi недзе спяваць пеўнi. I як пачаў драмаць, нервова пачала спець у яго ўпэўненасць у патрэбе заўтра iсцi да цыганоў. Прычына гэтага была вядома, але рэальны пункт - чаго? - не быў аформленым... Так ён i заснуў.

III

Гэта тады брат цыганскае дзяўчыны стаяў на беразе рэчкi. Тады Андрэй не прымецiў гэтага, а цяпер падумаў, што гэта няйначай так. Было гэта назаўтра таго дня. Ён тады пайшоў на работу, i зноў астаўся на беразе адзiн пасля ўсiх, i стаяў пад вечар i думаў, што ў гэтага цыгана нейкiя такiя вочы, цi можа гэта яны здаюцца такiмi i ў яе, i ў яго здалёк. Цяпер яму было толькi нейк здзiўлёна, як гэта мог ён учора паддацца такiм настроям i нават плакаць, што нiколi не бывае, - i гэта пасля адчуванняў аб той цыганскай дзяўчыне. I ў самога перад сабою нейк як бы нядобра было яму за ўчарашнюю слабасць. I яшчэ падумаў ён, што ўсё, нават варанае зелле, можа ўзварушыць у чалавеку буры...

2
{"b":"73790","o":1}