Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Вакол дрымотнаю рэчкаю плыло жыццё трухлявых хат. Замаразкамi курылiся кусты сiненькiм дымком, i вецер прыносiў адтуль к хатам самагонны дух, i тады ж мацней яшчэ пачалi выць зусiм блiзка начамi ваўкi.

У святыя днi выходзiлi людзi на вулiцу. Несканчоныя i вялыя вялiся цэлымi днямi гаворкi, i так не гарманiзаваў з iмi ўвесь выгляд залатой восенi.

Так i праходзiў цiхенька дзень.

А то часам пiлiкне дзе-небудзь за вуглом скрыпка, i ўся вулiца рынецца туды. Пад няхiтрую музыку адной скрыпкi i часам двух барабанаў вiхрам выконваецца танец - той танец, якi адбываўся ў вясёлыя хвiлiны стагоддзi таму назад, а ў больш прымiтыўным выглядзе - назад цэлыя тысячагоддзi.

I хоць стаяць тут людзi, сцяною налёгшы адзiн на другога, але ў кожнага ў галаве блытаецца думка аб пакiнутай працы.

Прымiтыўнае вяселле цiхiх людзей не пералятае сваiмi зыкамi далей саламяных стрэх. Тут жа i гiнуць пiсклiвыя зыкi скрыпкi за родным вуглом.

А пустое поле вакол i знаць не хоча людскога вяселля, - яго зыкi гiнуць у iм. Абросшае дзiкiм быльнiкам, яно цiха дрэмле ўсiм сваiм бязмерным абшарам. Вясковыя шумы яно перамагае сваiм начным выццём ваўкоў, яго ж цiшыню, нават зыкамi свайго вяселля, перамагчы людзi не могуць.

II

У адзiн дзень засыпаў сiвер мёрзлым пылам трухлявыя хаты, апусцеўшае поле захмурнела высахшым быльнiкам на разросшыхся межах, сiвыя платы мерзлi i тулiлiся да бярвенняў старых будынкаў.

Па цёмных хлявах корпалiся ў кастрыцы людзi, маўчалi, здавалiся поўнымi думак, але думак не мелi. Аб чым могуць думаць яны?

Толькi нейкая баязлiвасць вызначалася ў iх. Так непрытульна ў полi, так дзiка-шумна i холадна. I здаецца, што вось прыйдзе нехта суровы, насмешлiва тупне нагою i зробiць нейкае зло. Вось чаму людзi так акуратна, саломка за саломкаю, дубец за дубцом, складвалi i збiралi сваю мураўiную маёмасць: "Калi ўсё будзе ў парадку, не такая вiна мая будзе вялiкая". А ў чым i якая вiна? А былi калi разумныя думкi аб гэтым?!.

За ваколiцай на пыльнай дарозе буян-вецер скручваўся ў жмут, дакачваўся стралой да крайняй хаты, узбягаў па сцяне i кiдаўся на яе старую вiхрастую голаў. Яна баранiлася саламяным крыкам, i такi ж крык узнiмалi суседнiя стрэхi. Гэта быльнiкава поле "гуляла" над вёскай. I ў той дзень вецер не сцiх, але зрабiлася так, што раптам стаў непрыметным; стала раптам так, што свiсту яго нiхто не пачуў.

Нешта шырокае рванулася за ваколiцай, шэра-жоўтым лiўнем зыкаў секанула; заглушыла вецер, павыкiдала людзей з цёмных хлявоў, парушыла iх "баязлiвы парадак".

Сотнi вачэй бачылi:

Па пыльнай дарозе к вёсцы iшоў запылены чалавек, узняўшы руку ўгору, за iм - шэрая сцяна з меднымi сонцамi труб, за трубамi несканчоны лес вастраверхiх шапак.

З труб вылiвалася туга-звонкае, срэбнае. I, як запылены чалавек махнуў унiз рукою, рванулася яно вiхурай, затапiла ўвесь свет, заскакала па саламяных стрэхах, i зусiм не чуваць стала ветру. З вулiцы пераскочыла яно праз саламяныя стрэхi, пераляцела цераз поле i там загаварыла. I вось, пераскокваючы цераз быльнiкавыя межы, прыбеглi людзi за некалькi вёрст...

У вулiцы знялi музыканты свае трубы з плеч, разнеслi па хатах, i асеннi вечар грануў чырвонаармейскiмi песнямi.

У той дзень, хто бачыў запыленага чалавека, ад маху рукi якога рванулася з медных труб нечуванае вяселле, радаснае захапленне, пакрыўшае поле, у тых, у глыбiнi пачуццяў, несвядома з'явiлася:

З той сiлай, якая адчуваецца ва ўсiм гэтым, можна прайсцi ўсю зямлю, перад ёю зацiхаюць вятры, робiцца нядужнай прастора адзiчэлых палёў...

У той вечар у Паўлавай хаце вакол цьмянай газоўкi сядзела за поўнач не шэсць, а восем чалавек, i два былi ў вастраверхiх чырвонаармейскiх шапках.

Нiякiх гутарак пра начное пасяджэнне ў Паўлавай хаце на вёсцы не было.

Людзi думалi, як гэта пачулi музыку за некалькi вёрст за кустамi, цераз усё поле, як гэта перамаглi людзi зыкамi поле ў час яго бурнага шуму...

Назаўтра пайшлi чырвонаармейцы з вёскi далей - раптам згiнулi так, як i з'явiлiся.

Асталося тады ў вёсцы вось што.

Вясковы скрыпач, Амелька, зняў паволi са сцяны сваю скрыпку, пiлiкнуў два разы па ёй смыкам, стукнуў у яе пальцам, прылажыў к ёй вуха, паслухаў i выйшаў у сенцы.

У раздум'i пастаяў ён хвiлiну i палез на гару. I там выбраў самы цёмны кут i закiнуў у яго сваю скрыпку.

А Павал выцягнуў з палiцы кнiжку i найшоў у ёй адрас свайго былога начлежнiка.

У яго ж паперах з'явiўся новы запiс:

"Зусiм знiшчыць быльнiкавы межы"...

У наступныя ночы ў Паўлавай хаце многа гаварылi над гэтым запiсам. Многа раз збiралiся яго выкасаваць. I, можа, сапраўды выкасуюць. I не адзiн раз, можа, будуць яго зноў запiсваць, i не адзiн раз, можа, зноў выкасоўваць.

Няважна.

Важна тое, што ўласнаю рукою, ад уласнай свядомасцi, ён раз ужо быў утворан, гэты запiс.

У наступныя ночы зноў галасiлi ў быльнiкавых межах ваўкi; у наступныя днi зноў падымаў вецер саламяны крык на вiхрастай галаве вёскi.

Няважна.

Важна тое, што ў вiхрастай галаве ёсць веда:

"На свеце iснуе тое, чалавекам створанае, чым можна заглушыць воўчыя галасы ў быльнiкавых межах i саламяны крык вёскi пад ударамi буйнага ветру".

1924

2
{"b":"73754","o":1}