Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Чарот Михась

Сон Габруся (на белорусском языке)

Мiхась Чарот

(сапр. Мiхась Кудзелька)

Сон Габруся

Сонца ўжо даўно схавалася за бор, i ноч, нiбы чорная коўдра, пакрывала ўсход.

Пастухi папрыганялi з палёў.

Касцы i жнеi вярталiся дахаты, i адгалос iх песень лiўся далёка-далёка па лесе...

Прайшло з паўгадзiны, i зусiм сцямнела. Вёска патрошку стала засыпаць... Толькi па дварэ сельскага савета чулася моцная гутарка...

- Браточкi, - гукаў Нiчыпар, - гэта ж людзi ноч расхапаюць, а мы ўсё спрачаемся...

Але яго словы ледзьве можна было распазнаць памiж той гамарнi, якая цяпер тварылася на дварэ.

- Ну, цiха! Дайце мне сказаць колькi слоў, - абазваўся стары Тамаш i стаў пасоўвацца на сярэдзiну грамады, якая чуць тоўпiлася на досыць такi шырокiм двары. - Я ўжо раней казаў i цяпер кажу, што не трэба зварочваць увагi на двух цi трох чалавек, якiя не хочуць дапамагчы ў гэткiм няшчасцi...

Цi ж не сорам вось табе, Габрусь: ты, можа, яшчэ маеш леташнi хлеб, але скажу папраўдзе, яшчэ два-тры, а то i болей пудзiкаў захована пад саломай, i сёлета, дзякуй богу, ураджаi добрыя, i вось ты, шляхецкая твая натура, каб табе загiнуць, не хочаш даць колькi фунтаў тым няшчасным галодным людзям, якiя цяпер зямлiцу ды кару з дрэва ядуць?! Цi ж не грэх i не сорам гэта, мужчыны?

- Мне дай слова, старшыня! - закрычаў Кузьма, чуць не самы бедны селянiн вёскi. - Я сам галадаю, мне самому прыходзiцца iсцi ў людзей прасiць кавалак хлеба, а я бажуся перад усiмi, што, як толькi сажну свой загон, першы прывязу сваю частку, каб паслаць туды, дзе ўсё спёка папалiла i дзе тысячы людзей памiраюць ад голаду... Мне здаецца, што ўжо даволi нагукалiся, я раджу гэтак запiсаць i ў пратакол, што сход пастанаўляе: як толькi збяром з палёў хлеб, памалоцiм, чым хутчэй выпаўнiм харчовы налог i тады абяцаем, хто колькi можа, прынясём збожжа, бульбы i iншых харчоў вось сюды, да старшынi на двор, для адпраўкi ўсяго туды, у галодныя губернi, адкуль даносiцца плач галодных дзетак i льюцца аж сюды рэчкаю слёзы iх бацькоў... Згодны, мужчыны?..

- Згодны! - закрычалi ўсе ў адзiн голас.

- Мы апошняе пашлём тым гаротнiкам, каб выратаваць ад бяды, - казаў барадаты Ахрэм, - бо ўсе жывём пад богам i не ведаем, што нас чакае, - мо на другое лета самi апынiмся ў гэткiм становiшчы?..

- А хто не згаджаецца з гэткаю пастановаю? - запытаў старшыня.

- Я!.. - адгукнуўся адзiн толькi Габрусь.

- Ну i бог табе суддзя... Ты зусiм не нашай вёскi селянiн, ты нейкi вырадак нашай прыгожай працоўнай сям'i...

Пачалi гаварыць мужчыны i, закурыўшы люлькi i папяросы, разышлiся па хатах...

Габрусь таксама, нiбы той воўк, моўчкi пасунуўся дамоў. Яму нават зрабiлася i сорамна, што ён адзiн не згадзiўся даць сваёй долi на дапамогу галадаючым людзям...

Ноч зусiм ужо ахiнула сваiмi чорнымi крыллямi вёску, i Габрусь быў вельмi рад, што яго нiхто не прымячае...

Гэтак, з нейкаю пакутаю ў сэрцы, ён дацягнуўся дахаты i сеў за вячэру...

- Ну, што? На чым жа скончылася? - запытала яго жонка Адэля.

- На тым скончылася, - адказаў Габрусь, - што ўсе згадзiлiся даць сваю частку дабра, каб паслаць туды, у галодны край, а я не згадзiўся...

- I добра зрабiў! - залепятала яна. - Яшчэ што? Харчовы падатак бяруць, усё трэба купiць за збажынку i яшчэ ахвяру нейкую рабi... Разумна зрабiў, што адмовiўся. Еш, Габруська, зацiрачку, - сказала яна да мужа i лепятала далей: Гэта ж сорам i так, што мы да гэтага дажылi, каб ты, Габрусь, што быў самым багатым шляхцiцам на ўсю аколiцу, i сёлета чуць-чуць сваiм старым хлебам пракiдаўся да новага ўраджаю... А памятаеш, як даўней у нас было, як яшчэ хлопцаў ды дзяўчат наймалi? Заўсёды паўзасека жыта заставалася на другi год... А колькi мы прадавалi?.. Эх! Эх! - I, цяжка ўздыхнуўшы, яна пачала ўкладвацца спаць.

Габрусь таксама, выментаўшы дзве мiсы зацiркi, улёгся спаць, але думка аб тым, цi добра ён зрабiў, што адмовiўся даць хлеба галодным, не пакiдала яго, i ён доўгi час не мог заснуць...

Урэшце сон летняй кароткай ночы яго змарыў, i ён пачаў храпцi, ды гэтак моцна, нiбы хто яго душыў i не даваў спакойна дыхаць...

I вось снiцца Габрусю страшны, страшны сон... Нiбы ён блукае па нейкаму выпаленаму сонцам полю i шукае сваёй палосы... Пасля знаходзiць - i што ж?! Там, дзе ўвосень зелянела густая шаўковая рунь, дзе вясною сэрца яго было поўна радасцi, гледзячы на сваю шырокую i доўгую палоску, якая хвалявалася, як мора, i шаптала яму аб вялiкiм ураджаi, цяпер ён там не можа знайсцi нiводнага каласка, нiводнай зялёнай травiнкi... Усё пажоўкла, усё пачарнела, i нiбы ад таго вогнiшча нясе нейкiм пахам даўнейшага дыму i чаду... Габрусь падае на каленi на гэтай выпаленай палосе, на якую праз усю вясну i лета капелька дажджу не ўпала, i горкiмi слязьмi мочыць пагарэлыя саломкi каласоў, лiсты пажоўклай травiны....

Iдзе ён далей i бачыць, што аўсы i ячменi таксама звалiлiся на зямлю, а нацiнне бульбы завяла, пахiлiлася ў барозны, якiя глыбокiмi шрамамi выглядаюць на гладкiм паленым полi... Габрусь ад слёз i ад жалю бяжыць, сам не ведаючы куды. Ён забягае ў гай i бачыць, як без пары пажоўклi лiсточкi на дрэвах, i чуе, як жаласна цыркаюць i пiшчаць птушачкi, шукаючы лужынкi вады, каб прагнаць смагу... Але, бедныя, не знаходзяць i на вачах Габруся кiдаюцца i памiраюць ад страшэннай спёкi...

Вось раптам чуе ён нейкае страшнае жалобнае рыканне... Ён выходзiць на балота i бачыць, як худыя, зусiм змучаныя кароўкi грызуць сухi, выпалены сонцам мох i кусты багуну... Яны рыкаюць нейкiм скрабучым за сэрца голасам, равуць, шукаючы сырую травiнку, шукаючы выгар, дзе можна было б глынуць хоць адну капельку гразкай вады... I, не знаходзячы, тут жа са страшным рыканнем туляцца да дрэва i, грызучы бяросту, лiжучы яе языком, застаюцца ляжаць назаўсёды...

Габруся пачынае разбiраць нейкi страх... Ён не можа знайсцi сабе месца... Але раптам якаясь невядомая сiла пераносiць яго ў сваю хату... Ён пераступiў парог i зжахнуўся...

Бачыць на ложку хворую i высахшую, белую як палатно жонку... Яна працягвае да яго свае худыя кастлявыя рукi i канаючым голасам шэпча: "Ратуй, Габруська!.. Расiнка праз два тыднi не было ў роце... хлеба кавалачка два тыднi не бачыла... з голаду i смагi памiраю... Ратуй мяне... Ратуй сваiх дарагiх маленькiх дзетак..."

Габрусь ад перапалоху адхiляе сваю галаву на кут... I вось... бачыць, у куточку сядзяць яго трое маленькiх дзетак... Яны апухлi i азызлi з голаду, зусiм не падобны да тых вяртлявых скакуноў, якiмi ён бачыў iх раней...

1
{"b":"73753","o":1}