Кузьма Чорны
Ноч пры дарозе
I
Абодва яны шэрыя i тоўстыя ад сваiх суконных вопратак, з цяжкiмi, грузнымi крокамi ад вялiзарных ботаў.
Буянiўшы па жоўтым iржышчы палявы вецер абвяяў iх каравыя твары, мяў густыя борады, дарэмна стараючыся збiць iх з тропу. А яны ўсё iшлi сухою дарогаю, мала азiралiся назад, як бы не думаючы больш варочацца туды, адкуль выйшлi.
I ўсе iх прылады былi пры iх.
У старшага - Уласа - гладка прыставала к плячам падоўжаная вялiкая пiла ў дзеравянай раме зубамi; у малодшага - Кузьмы - разам з клункамi хлеба горбiлася на спiне торба з малаткамi, напiльнiкамi, грунтвагамi.
Так i хадзiлi яны.
Ад сяла да сяла, з мястэчка ў мястэчка. Праходзiлi праз гарады i чыгуначныя станцыi. Прыпынялiся там, дзе была работа. Цягнулася яна, гэтая работа, год - не пакiдалi яны яе; цягнулася два днi - былi там два днi. А канчалася работа - iшлi далей.
I цягнула iх к рабоце, а значыць, i к людзям, бо дзе работа, там заўсёды людзей спаткаеш.
- Сам ты адкуль, Улас? - запыталi раз у адной вёсцы, дзе яны пiлавалi дошкi.
- Не ведаю, - адказаў Улас.
- Як так не ведаеш?
- Не ведаю. З усяго свету, мусiць. Радзiўся каля Вiльнi, дзе бацька пасля будынкi ў маёнтку будаваў, i што паўгода, то новае месца было. А потым, як сам узняўся на ногi, пайшоў з пiлою па белым свеце. Так i жыву.
- I нiчога?
- Хоць бы што... Прывычка.
А Кузьма - трохi iначай. Не любiў ён жыцця вечнага валацугi. Была ў яго недзе за Нясвiжам гаспадарка невялiкая, жыў на ёй брат яго малодшы; а з братам ён заўсёды быў душа ў душу. Быў у войску, а потым, як звольнiўся, гранiца дзяржаўная ляжыць мiж iм i братам. Яно то пастараўшыся i можна было б перабрацца туды, але нялiшне квапiў на гэта Кузьма: пасля Чырвонай Армii паны; так i чакаў ён усё перамены.
З Уласам спаткалiся яны ў Жлобiне на станцыi. Гурт пiльшчыкаў там дошкi пiлаваў - мост там нейкi правiлi. А тут якраз таварыш Уласаў пакiнуў яго. I прыстаў Кузьма к Уласу. Так i пiлавалi яны там, пакуль работа не скончылася; а потым, па старой прывычцы, пацягнуў Улас Кузьму за сабою па свеце: дзе чутна работа - туды i пайшлi...
Убiлiся ў глуш. Усе вёскi ды хутары ў палёх i мiж лясоў. У гарачую летнюю пару, калi вёскi пуставалi цэлымi днямi, выправiўшы жывых усiх у поле, мала было работы. Часта тады i не заходзiлi Кузьма з Уласам у вёску, а начавалi i днявалi нават часам каля рэчкi дзе-небудзь, у кустах. Пяклi вечарам сала на ражэнчыках, ранiцаю ўмывалiся ў рэчцы, вымалi з торбы сарочкi чорныя, якiя даўно ўжо мыць трэба было, i, уцёршыся, iшлi далей.
Тады Кузьма, гледзячы на Ўласа, i густую бараду сабе запусцiў.
А ўвосень работы стала многа, хоць нядоўга прыходзiлася прыпыняцца на адным месцы - тыдзень, два - не больш, але затое далей ужо пэўная праца чакала.
Любiў Улас працаваць у глушы восенню. Сытыя вёскi тады. А ў здаровыя ясныя днi "баб'яга лета", калi белае павуцiнне блытаецца ў iржышчы за гумнамi, плавае ў чыстым сiнiм паветры, звон пiлы гучна аддаецца ў прасторы.
Весела робiцца за працаю тады...
У пору, калi восень гатавалася ўжо ўступiць месца зiме, работы па вёсках больш яшчэ стала...
Было хоць ясна ад сонца, але холадна.
Начамi былi першыя марозы, але ў палях мала было iм што замарожваць восень была сухая.
Па аўсяным iржышчы, каля хутароў, цягалiся крыклiвыя гусi, а ў чыстым полi i на паплавах панавалi вясёлыя вароны.
Буян-вецер радасна гайсаў па полi, пераскакваў цераз кусты, з песняй забягаў наперад, зазiраў холадам у вочы, трапятаўся за каўняром, блытаўся ў вусах i бародах. Чуць-чуць ад яго пазвоньвала за плячыма пiла; боты стукалi размерана, паважна.
- От каб дзе, здаецца, на адным месцы засесцi, не люблю цягацца. Каб дзе гаспадарку якую завесцi, - сказаў Кузьма.
- Па мне, - адказаў Улас, - можна засесцi, можна i хадзiць. Мне ўсё роўна. А пакуль што добра было б прыпынiцца дзе сягоння на работу, цягнуцца далёка ахвоты няма ветрам такiм - у вочы сыпле i з ног збiвае.
- I ўсяго табе?
- Усяго. Табе другое дзела. Прывык ты к аднаму месцу з малых дзён. А мне ўсё роўна.
- Трэба будзе ў вёсцы якой паклапацiцца, каб на вясну зямлi кавалак адвялi - там i засяду, калi гранiца дадому не адкрыецца. Зiмою падумаю.
- Падумай сабе... А сяла не вiдаць нiдзе... Заварочваецца як бы вецер з другога боку...
Потым змоўклi i цiха iшлi далей, аддаўшыся глухой дарозе - куды прывядзе... Як дарога крута спусцiлася ўнiз, узышлi на мосцiк над вузкаю рэчкаю. Чыстая вада, сцiснутая абкошанымi берагамi, баялася некуды спазнiцца i ўсё плыла-плыла, падганяючы сама сябе. Вецер шараваў рэдкiмi калiвамi пакалечанага быдлам плюшнiку аб берагавыя карчы.
- Што гэта ён там робiць, - сказаў Кузьма, ткнуўшы пальцам налева.
Улас стаў i прыгледзеўся.
Там, на жоўта-зялёным беразе, дзе пачыналiся нiзенькiя кусты ядлоўцу, сядзеў, прытулiўшыся к караваму пню крывое, голае вярбы, рыжы мужык у жоўтым, доўгiм кажусе. Ззаду за iм цягалася чорная кабыла, пашчыпваючы нiзенькую мёрзлую траву, а вецер падмахваў пасмамi яго доўгае, чырвонае барады, ад чаго падобнымi яны былi да языкоў полымя на вогнiшчы ўночы.
- Што гэта яму прыйшло ў галаву пасвiць каня гэтакаю парою?
- Не, гэта ён там так нешта робiць другое.
- Можа i гэтак... Давай сядзем на мосце - аддыхнём i закурым. Ды папытаем, дзе тут вёскi якiя ёсць.
Яны селi на халодным мосце, глядзелi ў адно месца, i здавалася iм, што сонца як бы грэць трохi стала.
Рыжы мужык падышоў к пiльшчыкам. Высокаю i лёгкаю фiгураю сваёю стаяў ён проста пры самым мосце ўнiзе, улажыўшы рукi ў рукавы кажуха i ад холаду чмыхаючы тонкiм гарбатым носам.
- Аддыхаеце?
- Але.
- Далёка iдзiцё?
- I далёка i блiзка. Дзе работа будзе з пiлою - нiдзе не брышкуем. А сёлы далёка тут?
- Блiзка.
- А ты гэта, чалавеча, што каня пасеш гэтакаю парою?
- Пасу, - усмiхнуўся крыва рыжы.
- Такi праўда пасеш?
Рыжы скрывiў рот i шырока ўсмiхнуўся.
- Ну? - дапытваўся Кузьма. Яму хацелася ведаць, чаго гэта такою парою сядзiць мужык на поплаве. Усiмi сваiмi пачуццямi i думкамi ён сам быў селянiн, i гэта цiкавiла яго.
- Ёсць, браце, прычына сядзець мне тут, - загаварыў рыжы. - Вартаўнiком сяджу, вось што. Унадзiлi ездзiць поплавам - блiжэй, а дарогай - кружней. Па чарзе выходзiм кожны дзень, аж абрыдзела. Я сяджу тут i прашу Бога, каб каго чорт нагнаў - не памiлую, дубiнаю голаў растаўку сукiнаму сыну. Проста хочацца, каб хто праехаў. Вось слаўна было б.