Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Тады ўжо сам, некалькi разоў, хацеў Алёша пайсцi к Стронiну i распытаць яго аб усiм, даведацца, аб чым думае гэты чалавек.

I не ведаў яшчэ Алёша, што нiколi не зразумее ён гэтага чалавека, Стронiн жыў адзiн, Алёша жыў з людзьмi...

IV

Прывезлi раз ва ўнiверсiтэцкi анатамiчны тэатр мерцвяка для практыкi студэнтаў. Iшлi тады з працы рабочыя, суседзi Алёшы i Стронiна, мiма ўнiверсiтэта i зайшлi на двор глянуць...

Мярцвяк быў страшна худы, высахшы за нейкую доўгую хваробу. На мяккiх месцах цела абвiсла скура на iм фалдамi i змаршчакамi; яны, жоўта-гразныя, выяўлялi сабою вялiкую агiднасць чалавека пасля яго смерцi, у працэсе распаду матэрыi. Вострыя рэбры тырчалi пад скурай, а твар ужо мала што выяўляў - мусiць, доўга i паволi ўмiраў гэты чалавек. Калi што было на твары гэтага быўшага чалавека, дык гэта слабы адбiтак нейкага як бы непаразумення перад тым, што з iм рабiлася. Але вiдаць - гэта ўнутранае, несвядомае, бяспамятнае.

Як знiмалi яго з воза, галава яго абвiсла ўнiз, i толькi ў тую хвiлiну з'явiлася ў мерцвяку нешта такое ў яго земляной постацi, што, перавёўшы на жывога чалавека, сказала б:

- Вось надышло нешта надзвычайнае, вялiкае, як увесь свет, як усё разам, што iснуе. Яно здарылася са мною адным, прымусiла людзей нешта рабiць са мною, а я павiнен маўчаць...

I тады сярод жывых было тут вось што.

Рабочыя затаiлi на тварах выраз дзелавых людзей, перамешаны з пачуццём як бы нейкай ненармальнасцi вакол iх.

"Вось тут трэба нешта рабiць", - гаварылi iх твары.

- Вось, брат, высушыла яна яго, - сказаў адзiн.

- Тут пазнаюць, колькi i як яна яго сушыла.

- Эх ты, лiха на яго!

- Лiха. Тут возьмуцца за гэтае лiха.

Алёша паглядзеў на мерцвяка i закалацiўся ў нечым знаёмым ужо, але большым па сваёй сiле.

"Хоць бы не стаяць тут мне на адным месцы, а рабiць што тут", гаварылi ўсе яго пачуццi.

I больш:

"Цераз гэтага мерцвяка, цераз многiх iх, навукаю, да процiлеглага таму, што ў гэтым мерцвяку. Вось што тут ёсць, дзе я стаю цяпер i што бачу".

Жалезнае, нястрыманае жаданне дзейнасцi сцiснула ў адзiн жмут пачуццi. Хацелася Алёшу разам з усiмi студэнтамi напружыць свае сiлы для карыснай працы.

I тады Алёша глянуў на Андрэя Стронiна.

Той стаяў паводдаль, сагнуты, мiзэрны. Быў роспач у яго вачах. Здавалася - гiне гэты чалавек.

I раптам Стронiн сустрэўся вачыма з Алёшам, глянуў на рабочых. I пайшоў ад iх, паволi павярнуўшыся.

I тады адчуў Алёша, што мiж iм i Стронiным - бяздонне. Што ён, Алёша, будзе жыць, Стронiн жа адыходзiць у нябыт. I чым хутчэй Стронiн i яму падобныя адыдуць у нябыт, тым хутчэй размахнецца шырыня жыццёвай радасцi.

1925

3
{"b":"73567","o":1}