- Гэта ты добра надумала... Паеду.
- I да начальства, i вунь сябра твой, Елiзараў, колькi клiча ў госцi! Адрас пакiдае кожны раз. Бяры адпачынак i адпраўляйся. Колькi ў цябе адпачынкаў было за гэтыя гады - на сто гадоў! Вазьмi хоць адзiн раз i там, на месцы, вялiкiм людзям усё раскажаш.
- А што, жонка, ты праўду кажаш. Давай падумаем.
- I не думай. Не той выпадак. Чым хутчэй паедзеш, тым лепей будзе. Афанасiй Iванавiч табе дапаможа. Куды iсцi, да каго iсцi, ён лепш ведае.
- Твая праўда.
- А тым часам нешта купiш i для дому. Дзяўчаткi нашы падраслi. Саўле пойдзе восенню ў школу. У iнтэрнаце будзе жыць, цi як? Ты думаў пра гэта?
- Думаў, думаў, а як жа, - схамянуўся Буранны Едыгей. Яго ўразiла, што так хутка падрасла старэйшая дачка, вось ужо i ў школу пара.
- Дык вось, калi думаў, - казала Укубала, - едзь, раскажы людзям аб тым, што мы тут перажылi ў тыя гады. Няхай памогуць сiротам апраўдацца за бацьку. А потым, калi яшчэ будзе час, то пахадзi, паглядзi дачушкам i мне чаго-небудзь, - сказала яна i ўздыхнула.
Едыгей адчуў, як салодка зашчымела ягоная душа: i гэтак надзейна i ўтульна яму стала ў сваёй хаце, i гэтак усцешылi яго жончыны словы, што ён не стрываў - скупая слязiна пакацiлася па шчацэ - не паспеў сцерцi... i ён, саромеючыся сябе такога, глядзеў i глядзеў на Укубалу. Нiбы толькi ўбачыў i зморшчынкi пад вачамi, i прытоеную скруху ў куточках вуснаў. Знаёмая i незнаёмая Укубала. Мацi яго дзяцей. На яе скронях бялела тры-чатыры нiтачкi, не болей, i ўсё-такi яны таксама сведчылi пра пражытае i перажытае.
...Праз дзень Едыгей быў ужо на станцыi Кумбель - ехаў пасажырам. Але давялося зрабiць ход назад ад Баранлы-Бураннага, каб сесцi на алма-ацiнскi цягнiк. Так цi iнакш, трэба было спачатку адбiць тэлеграму Елiзараву пра свой прыезд. А гэта можна было зрабiць толькi на станцыi...
На алма-ацiнскiм пероне Едыгей убачыў Елiзарава i ўзрадаваўся бурна, як дзiця.
Елiзараў прыветна памахаў яму капелюшом. Вось пашанцавала! Нават не марыў Едыгей, што Елiзараў сам яго сустрэне. Бачылiся яны недзе мiнулай восенню. Не, не змянiўся Афанасiй Iванавiч, хоць быў ужо сталага веку. Такi ж рухавы, хударлявы. Казангап называў яго аргамакам - скакуном чыстай пароды. Гэта была высокая пахвала - аргамак Афанасiй. Елiзараў ведаў пра гэта i пагаджаўся няхай будзе па-твойму, Казангап! I дадаваў - стары аргамак, але ж усё-такi аргамак! I на гэтым дзякуй! Звычайна ён прыязджаў у саразекi ў рабочай вопратцы, у кiрзавiках, у старой кепцы, а тут быў пры гальштуку, у добрым цёмна-сiнiм гарнiтуры. I гэты касцюм вельмi пасаваў да яго валасоў - ужо напалову сiвых.
Пакуль цягнiк прыцiшваў ход, Афанасiй Iванавiч iшоў побач з вагонам, усмiхаючыся Едыгею ў акне. Шэрыя вочы яго задаволена свяцiлiся. Гэта адразу сагрэла Едыгея, i нядаўнiя сумненнi пакiнулi яго. "Добры пачатак, узрадаваўся ён, - бог дасць, паездка будзе ўдалай".
- Ну, нарэшце прыехаў! Добры дзень, Едыгей! Добры дзень, Буранны! сустрэў яго Елiзараў.
Яны моцна абнялiся. Ад мнагалюддзя наўкол, ад радасцi Едыгей зусiм разгубiўся. Елiзараў распытаў пра ўсё i пра ўсiх: як пачуваюцца Казангап, Укубала, Букей, дзецi, хто цяпер начальнiк раз'езда, не забыўся папытаць i пра Каранара.
- Ходзiць. Што з iм зробiцца, з Каранарам, раве сабе, - казаў Едыгей. - У саразеках яму воля. Чаго яму там не хапае?
Недалёка ад вакзала стаяла вялiкая чорная машына. Такую Едыгей бачыў першы раз. Гэта быў ЗIМ - лепшы аўтамабiль пяцiдзесятых гадоў.
- А вось мой Каранар, - пажартаваў Елiзараў. - Сядай, Едыгей, - сказаў ён, адчыняючы яму пярэднiя дзверцы. - Паедзем.
- А хто ж павядзе машыну? - запытаўся Едыгей.
- Я, - адказаў Елiзараў i сеў за руль. - На сконе веку адважыўся, як бачыш. Мы не горшыя за амерыканцаў.
Елiзараў упэўнена завёў матор. I перш чым паехаць, пасмiхаючыся, запытальна паглядзеў на госця.
- Вось нарэшце ты прыехаў. Выкладвай адразу - цi надоўга?
- Я ж па справе, Афанасiй Iванавiч. Як атрымаецца. Але спярша параiцца трэба з вамi.
- Я так i ведаў, iначай цябе адтуль не выцягнеш. Давай так, Едыгей. Зараз мы паедзем дадому. Будзеш жыць у нас. I не пярэч. Нiякiх гатэляў! Ты ў мяне асаблiвы госць. Як я ў вас у саразеках, так ты ў мяне. Сыйдын сыйы бар - так жа па-казахску. Павага ад павагi!
- Ды быццам так, - пацвердзiў Едыгей.
- Значыць, вырашылi. I мне весялей будзе. Мая Юля паехала ў Маскву да сына, другi ўнук нарадзiўся.
- Другi ўнук! Вiншую! - сказаў Едыгей.
- Так, ты чуеш, другi ўжо! - паўтарыў Елiзараў. - Будзеш дзедам, зразумееш мяне! Хоць табе яшчэ далёка. У твае гады ў мяне яшчэ вецер гуляў у галаве. А вось дзiўна, мы з табою разумеем адзiн аднаго. Ну, цяпер паехалi. Паедзем праз увесь горад. Вунь бачыш горы, снег на вяршынях? Туды пад горы ў Медэо. Я табе, здаецца, гаварыў, што мой дом у прыгарадзе, амаль у сяле.
- Памятаю, Афанасiй Iванавiч, вы гаварылi, каля самай рэчкi. Заўсёды чуваць ваду...
- Зараз пераканаешся. Паехалi. Пакуль яшчэ вiдно, паглядзi на горад. Прыгожа ў нас цяпер. Вясна. Усё цвiце.
Ад вакзала вулiца iшла наўпрост i здавалася бясконцай, бо паступова набiрала вышыню i круцiлася. Елiзараў ехаў не спяшаючыся. Расказваў пра крамы, установы, адметныя дамы, якiя траплялiся iм па дарозе. У цэнтры горада на вялiкай адкрытай плошчы стаяў будынак, якi Едыгей адразу пазнаў - гэта быў Дом урада.
- Тут ЦК, - кiўнуў Елiзараў.
Яны праехалi мiма, не падумаўшы нават, што заўтра iм давядзецца прыйсцi сюды па справе. I яшчэ адзiн будынак пазнаў Буранны Едыгей, калi яны з вулiцы павярнулi ўлева - гэта быў Казахскi оперны тэатр. Праз два кварталы яны зноў павярнулi ў бок гор на дарогу, якая iшла на Медэо. Цэнтр горада застаўся ззаду. Ехалi доўга сярод асабнякоў, агародчыкаў, кветнiкаў. Вакол буялi сады.
- Прыгожа, - расчулiўся Едыгей.
- Я вельмi рады, што ты прыехаў вясной, - сказаў Елiзараў. - Прыгажэйшай, чым цяпер, Алма-Ата не бывае. Зiмой таксама прыгожа. Але ў такi час душа спявае!
- Значыць, добры ў цябе настрой, - парадаваўся Едыгей за Елiзарава.
Той востра глянуў на яго шэрымi пухлявымi вачамi, кiўнуў i зрабiўся сур'ёзны. Але ненадоўга, зноў на твары з'явiлася ўсмешка, павесялелi вочы.
- Гэтая вясна асаблiвая, Едыгей. Перамены ёсць. Таму i жыць стала цiкавей, хоць i гады iдуць. Адумалiся, агледзелiся. Ты калi-небудзь хварэў так, каб пасля радасць жыцця адчуць?