Перад iм сядзеў Эрлепес, натхнёна наiгрываючы на дамбры i памагаючы ёй голасам, сядзеў начальнiк раз'езда, якога першы клопат думаць пра чыгунку, i навошта, здавалася б, яму адгукацца на пакутную гiсторыю Раймалы-агi, навошта перажываць так, быццам сам ён быў iм... Вось што азначае сапраўдная музыка i сапраўдныя спевы, думалася Едыгею. Скажуць: памры i нарадзiся наноў - i гэткае здаецца магчымым у такую хвiлiну... Эх, як хочацца, каб заўжды гарэў у прасветленай душы такi агонь, ад якога хораша думаецца чалавеку пра сябе i пра ўсё на свеце...
Не адразу заснуў Едыгей на новым месцы, хоць ён i выходзiў перад тым падыхаць паветрам. Ён ляжаў ля акна i чуў, як за сцяной шкрэбся вецер, як праходзiлi цягнiкi ў тым i другiм напрамку... Чакаў свiтання, каб абрытаць Каранара i як раней падацца ў дарогу, як хутчэй быць у Баранлы-Буранным, дзе чакаюць яго малыя абодвух дамоў, ягоныя малыя, бо ён затым, можа, i жыве на гэтай зямлi, каб iм было добра... Абдумваў ён таксама, якiм чынам трэба будзе ўтаймаваць Каранара. Бы наканаваў хто, каб i вярблюд дастаўся яму самы наравiсты i сiберны, людзi баяцца аднаго яго выгляду i гатовыя, можа, нават i застрэлiць... А як давесцi жывёлiне, што добра, а што блага? Давядзецца закаваць яго ў ланцугi i трымаць усю зiму ў загоне, а iначай яму хана - не Каспан, дык хто другi прыстрэлiць, i нiчога тут не зробiш... Засынаючы, успомнiў ён i Эрлепесавы спевы, ягонае гранне на дамбры i адчуў задавальненне ад таго, што давялося з iм быць гэты вечар. Ажылi ў сэрцы ягоным колiшнiя пакуты песняй нешчаслiвага Раймалы-агi. I хоць нiчога агульнага не было памiж iмi, Едыгей адчуў у ягоным лёсе нешта блiзкае сабе, нейкi знаёмы i яму боль. Едыгей цяжка ўздыхаў, варочаўся на пасцелi, тужлiва было яму ад здагадкi пра небяспечную нейкую перамену ў сабе, ад думкi пра нейкую блiзкую небяспеку. Куды яму памкнуцца i як жыць далей? Што сказаць Зарыпе i што адказаць Укубале? Не, не знаходзiў выйсця, думка блыталася, i, засынаючы, добра было яму зноў апынуцца на Аральскiм моры... Галава кружылася ад нясцерпнай сiнечы i свежага ветру. I як тады, як у маленстве, рынуўся б да мора, адчуўшы сябе бадай што чайкай, што вольна лунала над бурунамi, i яшчэ чуў ён праз увесь час, як гула i звiнела дамбра, як спяваў Эрлепес пра нясчаснае каханне Раймалы-агi, i снiў iзноў, як выпускае ён у мора залатую мекрэ. Мекрэ была спружынiстая i цяжкая, i калi ён нёс яе да вады, папраўдзе адчуваў жывую яе вагу i тое, як сутаргава, настойлiва хацела яна вырвацца з ягоных рук. Ён iшоў па прыбою, мора кацiла хвалi яму пад ногi, а ён смяяўся насустрач ветру, а потым расслабiў пальцы, i залатая мекрэ, успыхнуўшы ў паветры жывой вясёлкай, паволi, паволi карацiла шлях свой да хвалi... I ўсё гэтак жа чулася аднекуль музыка... Нехта канькаў i скардзiўся на свой лёс...
Той ноччу гуляў па стэпе марозны парывiсты вецер. Сцюжа набiрала моцы. Статак вярблюдзiц з чатырох галоў стаяў у зацiшку, у цеглавiне пад невысокай сопкай. Снегам мяло на iх, яны збiлiся ў гурт, грэючы самi сябе, паклаўшы галовы адна адной на шыi, але iх усёўладны Каранар не даваў iм спакою. Ён увесь час кiдаўся, кружыў каля жывёлiн, зласлiва равучы, раўнуючы iх невядома да каго, хiба што да месяца, што прасвечваў скрозь хiсткую iмглу.
Каранар не знаходзiў сабе месца. Ён таптаўся на завейным снезе, цёмны звяруга з двума гарбамi, з даўжэзнай шыяй i грознай патлатай галавой. Колькi ж было ў iм моцы! Ён i цяпер быў не супроць заняцца адвечнай сваёй працай i ўсё дакучаў, прыстаючы, то адной, то другой матцы, моцна кусаў iх за лыткi i клубы, адцiраў iх адна ад адной. Але гэта было ўжо занадта для вярблюдзiц, таму яны зласлiва адбiвалiся ад яго, - ноччу iм хацелася спакою.
Перад свiтаннем супакоiўся, утаймаваўся Буранны Каранар. Стаяў побач з самкамi, пакрыкваючы час ад часу, нiбы ў сне, няўцямна азiраючыся наўкол сябе. I тады вярблюдзiцы прылеглi на снег, адна каля другой, выцягнулi шыi, апусцiлi галовы i зацiхлi, задрамалi, можа. Снiлiся iм няйначай малыя верблюдзяняты, тыя, што былi, i тыя, што мусiлi нарадзiцца ад чорнага атана. I снiлася iм лета, пахкi палын, далiкатнае дакрананне сысуноў да вымя, i вымя балела, нiбы прадчуваючы будучае малако... А Буранны Каранар стаяў усё гэтак жа на варце, i вецер шавялiў ягоныя космы...
I плыла Зямля на кругах сваiх, абмытая вясновымi вятрамi. Плыла каля Сонца, круцячыся, i, нарэшце, павярнулася такiм бокам, што настала ранiца над саразекамi, i тады ўбачыў раптам Буранны Каранар, як паявiлiся непадалёк два чалавекi верхам на вярблюдзiцы. То былi Едыгей i Каспан. Каспан узяў з сабой ружжо.
Раз'ятрыўся Буранны Каранар, задрыжаў, закрычаў, закiпеў ад гневу - як маглi людзi ступiць ва ўладаннi ягоныя, як маглi наблiзiцца да ягонага гурту, якое мелi права парушыць ягоны гон? Каранар закрычаў зычным пагрозлiвым голасам i, торгаючы галавой на доўгай шыi, заклацаў зубамi, як дракон, i разявiў страшную клыкастую пашчу. I пара валiла, як дым, з ягонага гарачага рота i тут жа асядала шэранню на касмылях грывы. Ад узбуджанасцi Каранар пачаў мачыцца, стаў раскiрэкаю i пусцiў струмень процi ветру, i тады ў паветры востра запахла мачой, i ледзяныя кроплi трапiлi на Едыгееў твар.
Едыгей саскочыў на зямлю, скiнуў шубу на снег i так - у ватоўцы i ватных штанах - раскруцiў бiч з пугаўя, якое трымаў у руках.
- Ты глядзi, Едыке, калi што, я яго звалю, - сказаў Каспан, узнiмаючы ружжо.
- Не, нi ў якiм выпадку. За мяне не турбуйся. Я гаспадар, я сам адказваю... Калi на цябе нападзе, тады страляй...
- Добра, - згадзiўся Каспан, застаючыся верхам на вярблюдзiцы.
Едыгей, стрэльнуўшы бiчом, пайшоў насустрач свайму Каранару. Каранар жа, убачыўшы, як ён наблiжаецца, яшчэ больш раз'ятрыўся i патрухаў, крычучы i пырскаючы слiнай, насустрач Едыгею. Тым часам маткi ўсталi з лежбiшча i таксама неспакойна забегалi кругом.
Ляскаючы бiчом, Едыгей iшоў па снезе i гукаў здаля Каранара, спадзеючыся, што той пазнае ягоны голас.
- Эй, эй, Каранар! Не будзь дурнем! Чуеш, кажу! Гэта я! Ты што, аслеп? Гэта я, кажу!
Але Каранар не зважаў на ягоны голас, i Едыгею стала вусцiшна, калi ўбачыў пагрозлiвы, з-пад касмылёў, зiрк вярблюда i тое, як ён насоўваўся на яго ўсёй сваёй чорнай аграмадай, чорным гломаздам. I тады, як шчыльней насунуўшы на лоб малахай, Едыгей крутнуў бiчом. Бiч быў доўгi, метраў сем, плецены з цяжкой, прасмоленай скуры. Вярблюд крычаў, наступаў на Едыгея, стараючыся ўхапiць яго зубамi цi павалiць на зямлю i растаптаць, але Едыгей не падпускаў яго да сябе i паласаваў бiчом з усяе сiлы, адступаў i наступаў i ўсё крычаў яму, каб той апомнiўся i прызнаў гаспадара. Так бушавалi яны кожны сам па сабе, i кожны быў пры сваёй праўдзе. Аднаго толькi баяўся Едыгей: каб не выбiць Каранару вочы. Настырнасць Едыгеева змагла, нарэшце, Каранараву волю. Ляскаючы бiчом, крычучы, Едыгею ўдалося наблiзiцца да вярблюда, кiнуцца да яго, схапiцца за верхнюю губу са страшнай сiлай i тут жа налажыць на яе прыгатаваную ўжо закрутку. Каранар замычэў, застагнаў ад нясцерпнага болю, i ў яго спалоханых, вырачаных ад страху i болю вачах Едыгей убачыў выразны свой адбiтак i схамянуўся быў ад раптоўнага страху. Яму захацелася кiнуць усё i бегчы прэч, але ён тут жа адумаўся: яго чакалi ў Баранлы-Буранным, i нельга было вяртацца без Каранара. I ён перабораў сябе. Пераможна ўскрыкнуў i пачаў пагражаць вярблюду, прымушаючы яго легчы на зямлю. Трэба было яго асядлаць. Буранны Каранар усё яшчэ не паддаваўся, стагнаў i крычаў, дыхаючы на гаспадара горача i хрыпла, але гаспадар не шкадаваў яго. Ён прымусiў вярблюда скарыцца.