Литмир - Электронная Библиотека
A
A

I тады журботна туманiўся Едыгееў пагляд, як тая маўклiвая саразекская далеч. Не знаходзiў Едыгей адказу, маркоцiўся, перажываў, дух ягоны занепадаў, каб зноў акрыляць сябе лятункамi...

А часам рабiлася яму i страшнавата, вусцiшнавата ў гэтай глушэчы i пустэльнасцi. I навошта такое жыццё выпала яму? Навошта ён трапiў у саразекi? Навошта напаткалася яму тут гэтая няшчасная сям'я, якую неўзлюбiў лёс? Не было б усяго гэтага, не ведаў бы нiякiх згрызот i жыў бы сабе спакойна i вольна. Дык не, душа пакутуе, i хочацца ёй таго, што немагчыма... А тут яшчэ гэты Каранар, таксама клопат, нейкая кара боская. Не, як нi кажы, не шанцуе ў гэтай жытцы...

Дабраўся Едыгей да Ак-Майнака якраз пад вечар. Стамiлася ў дарозе вярблюдзiца. Няблiзкi свет, зiмовая дарога.

Ак-Майнак - такi ж раз'езд, як Баранлы-Буранны, толькi вада ў iх свая, калодзежная. А так - тое самае, тыя ж саразекi.

Пад'язджаючы да Ак-Майнака, спытаў Едыгей у нейкага стрэчнага, дзе, маўляў, тут Каспан. Той яму сказаў, што Каспан гэтым часам на рабоце, дзяжурыць на раз'ездзе. Туды i пакiраваў Едыгей. Пад'ехаў да дзяжуркi i хацеў быў спешыцца, калi на ганку паявiўся жвавы, усмешлiвы нейкi дзяцюк у кажусе не па росту, у стаптаных валёнках, у старым малахаi, надзетым на адно вуха.

- А-а, Едыгей-ага! Наш дарагi Баранлы-ага! - адразу пазнаў ён Едыгея i кiнуўся насустрач з ганка. - Вось i ты. А мы чакаем-чакаем, думаем, цi прыедзе.

- Паспрабуй не прыехаць, - усмiхнуўся Едыгей, - калi такое грознае пiсьмо атрымаў.

- А як жа iнакш? Але пiсьмо - марнасць, паперка. А тут справы такiя, што трэба тэрмiнова ратаваць нас ад дурнога Каранара, бо мы нiбы ў блакадзе. У стэп ходу нам няма. Убачыць каго здаля - бяжыць як апантаны, гатовы знявечыць! Вар'ят нейкi. Гэта ж кара - мець такую жывёлiну! - Ён змоўк, аглядзеў Едыгея i дадаў: - Толькi я не разумею, як ты да яго падступiшся з голымi рукамi.

- Навошта з голымi рукамi? Вось мая зброя. - Едыгей дастаў з дарожнай сумы накручаны на пугаўё бiч.

- Гэтай пугай ты рады дасi?

- А што, гармату загадаеш мець супроць вярблюда?

- Ды мы тут з ружжамi баiмся. Не ведаю, можа, папусцiцца табе як гаспадару... Але наўрад, вочы шалёныя...

- Ну, гэта яшчэ паглядзiм, - адказаў Едыгей. - Навошта час трацiць? Мусiць, ты i ёсць той самы Каспан. Калi так, дык вядзi мяне, пакажы, дзе ён, а ўсё астатняе справа мая.

- Гэта не так блiзка, - сказаў Каспан i пачаў аглядвацца па баках, а потым паглядзеў на гадзiннiк. - Вось што, Едыгей-ага, позна ўжо. Пакуль дабярэшся туды, звечарэе. Не, так справа не робiцца. А потым, такiх людзей, як ты, не заўсёды даклiчашся ў госцi. Будзь нашым госцем. А ранiцай - рабi як знаеш.

Такога павароту Едыгей не чакаў. Ён разлiчваў, што калi ўдасца злавiць Каранара, дык сёння ж ноччу дабярэцца да Кумбеля, там заначуе, а на свiтаннi выправiцца далей. Бачачы, што Едыгей нецярплiвiцца, Каспан рашуча запярэчыў:

- Не, Едыгей-ага, так не будзе. За пiсьмо даруй. Але другога выйсця не было. А цяпер я не адпушчу цябе. Не дай бог здарыцца што ноччу ў бязлюдным стэпе... Не, заставайся, а ранкам як хочаш. Вунь мой дамок, з краю. Ён твой. Заставайся. А вярблюдзiцу стаўляй у загон. Корм будзе. Вада ў нас свая, хапае.

Хутка сцямнела тым зiмовым днём. Каспан i ягоная сям'я аказалiся цудоўнымi людзьмi. Старая мацi, жонка, хлапчук гадоў пяцi (старэйшая дзяўчынка вучылася ў Кумбельскiм iнтэрнаце) i сам Каспан толькi i клопату мелi, каб дагадзiць госцю. У доме было цёпла, па-асаблiваму ажыўлена. На кухнi варылася мяса, духмяны пах стаяў. Тым часам пiлi чай. Старая сама налiвала пiялы Едыгею i ўсё распытвала пра сям'ю, пра дзяцей, пра жонку, ды адкуль, маўляў, сам, ды сама ў сваю чаргу расказвала, калi i як прыбiлася на раз'езд Ак-Майнак. Едыгей ахвотна адгукаўся на размовы, хвалiў пачастунак, асаблiва масла - не такi часты пачастунак у саразеках. А яго iм прыслалi сваякi з Уралу. Едыгей, смакуючы праснакi з гэтым маслам, казаў, што адчувае нават пах лугавых траў, чым надта расчулiў старую, i яна пачала расказваць пра радзiму сваю - пра яiцкiя землi, пра тамтэйшыя травы, лясы i рэкi...

Тым часам прыйшоў начальнiк раз'езда - Эрлепес, запрошаны Каспанам з выпадку прыезду Бураннага Едыгея. Пачалася мужчынская размова пра службу, пра транспарт, пра заносы на лiнii. З Эрлепесам Едыгей быў трохi знаёмы i раней, той даўно працаваў ужо на чыгунцы, а тут давялося сысцiся блiжэй. Быў той старэй за Едыгея. Начальнiкам Ак-Майнака сядзеў з канца вайны, i адчувалася, што ўсе тут паважалi яго.

Ужо ноч стаяла за вокнамi. Час ад часу з шумам праносiлiся цягнiкi, звiнелi шыбiны, посвiст ветру чутны быў.

З прыходам Эрлепеса Едыгею стала яшчэ цiкавей. Эрлепес добра ведаў казахскую даўнiну. Вельмi спадабалася ў той вечар Едыгею ў ак-майнакскiх сяброў. Захмялеў трохi Буранны Едыгей, ажывiўся, заўсмiхаўся. Эрлепес таксама дазволiў сабе выпiць у гонар госця i таксама быў у добрым настроi. Таму ён i папрасiў Каспана:

- Схадзi, калi ласка, прынясi маю дамбру.

- Гэта тое, што трэба, - сказаў Едыгей. - З малых год зайздрошчу тым, хто грае на дамбры.

- Здатнай iгры не абяцаю, Едыке, але тое-сёе прыгадаю ў твой гонар, сказаў Эрлепес.

Калi ён узяў у рукi дамбру, дык быццам бы, засяродзiўшыся, адлучыў сябе ад паўсядзённасцi. Настройваючы iнструмент, Эрлепес зiрнуў на Едыгея доўгiм, пранiклiвым поглядам, i ў яго чорных пуклявых вачах блiснулi iскрынкi святла. А калi ён ударыў па струнах i прабегся доўгiмi чэпкiмi пальцамi ўгору i ўнiз па дамбры, паспеўшы сарваць адразу цэлую плойму гукаў, зразумеў Буранны Едыгей, што не дасць яму забыцца музыка, што не будзе паратункам яна. Першыя ж гукi дамбры зноў вярнулi яго да сябе, зноў кiнуўся ён галавой у вiр бядотаў сваiх i сваёй тугi. Адкуль наплыло гэта? Выходзiць, што даўно такое ведалi ўжо людзi, што прыдумалi гэтую музыку, ведалi, як i што адбудзецца з Едыгеем, якiя пакуты i якая горнасць наканаваны яму на вяку. Страпянулася Едыгеева душа, кiнулася ў бездань i застагнала, i разам адчынiлiся для яе ўсе дзверы свету радасцi, скрухi, няпэўных жаданняў i вiдочных сумненняў...

Хораша, надта хораша граў Эрлепес на дамбры. А Едыгей, расчулены, думаў пад гукi той музыкi, што ёсць на свеце жанчына, якую ён кахае, i сама думка пра яе для яго i слодыч, i пакута, што жыць без яе немагчыма яму, i таму ён будзе любiць яе заўсёды, безаглядна, бясконца, чаго б яму гэта нi каштавала. Пра тое во i звiнела, то згасаючы, то разгараючыся, дамбра ў Эрлепесавых руках. Адны найгрышы змянялiся другiмi, адна мелодыя пералiвалася ў наступную, i плыла Едыгеева душа, нiбы лодка па хвалях. Зноў апынуўся ён у думках на Аральскiм моры, успомнiлiся тамтэйшыя берагi, да якiх кралася нябачная плынь, варушачы водарасцi, доўгiя i густыя, нiбы жаночыя валасы. Некалi Укубала мела такiя валасы. I калi яна купалася, яе доўгiя валасы адплывалi ад яе ўбок i шавялiлiся, як водарасцi. I яна шчаслiва смяялася, прыгожая i смуглявая.

62
{"b":"73526","o":1}