Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Едыгей i сам разумеў гэта i таму ўсяляк стараўся, каб малыя меней думалi пра бацьку. Помнячы, што Абуталiп наказваў гаварыць малым пра мора, ён успамiнаў усё новыя i новыя падрабязнасцi свайго дзяцiнства i рыбацкай маладосцi, усялякае рознае пра Аральскае мора. Эрмек быў самым зацiкаўленым слухачом i самым лепшым вытлумачальнiкам ягоных расказаў. Але пра што б нi пачалася размова, ён абавязкова яе паварочваў на бацьку. Едыгей расказваў:

- А на Аральскiм моры ёсць такiя азёры з берагамi, ля якiх расце трыснёг. А ў тым трыснягу хаваюцца паляўнiчыя з ружжамi. I вось качкi ляцяць вясной на Аральскае мора. Зiмой яны жылi на другiх морах, дзе цяплей было, а калi расталi льды на Арале, ляцяць як найхутчэй i днём i ўначы, бо вельмi засумавалi па тутэйшых мясцiнах. Ляцяць яны вялiкай чарадой, хочуць паплаваць у вадзе, пакупацца, пакуляцца, i ўсё нiжэй яны i блiжэй да берага, а тут раптам агонь i дым з-за трыснягу - пах-пах! То страляюць паляўнiчыя. Качкi з крыкам падаюць у ваду. А каторыя залятаюць аж на сярэдзiну мора i кружаць там над хвалямi i крычаць. Бо яны прывыклi плаваць ля берагоў. А да берагоў ляцець баяцца.

- Дзядзька Едыгей, але ж адна качка адразу паляцела назад, туды, адкуль прыляцела.

- А чаму яна туды паляцела?

- Дык мой жа папiка там матросам, ён плавае там на вялiкiм караблi. Ты ж сам казаў, дзядзька Едыгей.

- Ну так, усё правiльна, - успамiнае Едыгей, не цямячы, што да чаго. - Ну i што потым?

- А гэтая качка прыляцела i сказала майму папiку, што паляўнiчыя схавалiся ў трыснягу i стралялi ў iх. I што iм няма дзе жыць!

- Глядзi ты. I праўда!

- А папiка сказаў той качцы, што скора ён прыедзе, што на раз'едзе ў яго два хлопчыкi - Давул i Эрмек, i яшчэ ёсць дзядзька Едыгей. I калi ён прыедзе, мы ўсе збярэмся i пойдзем на Аральскае мора i прагонiм з трыснягоў паляўнiчых, якiя страляюць качак. I зноў качкам будзе добра на Аральскiм моры... Будуць плаваць у вадзе i куляцца вось так, цераз галаву...

Ад расказаў Едыгей пераходзiў на варажбу з каменьчыкамi. Цяпер ён пастаянна насiў пры сабе сорак адзiн каменьчык увелькi з буйную гарошыну. Гэты даўнi спосаб варажбы меў свае сакрэты, свае назвы. Калi Едыгей раскладваў каменьчыкi, прыгаворваючы, каб яны адказвалi без маны i адразу, цi жывы чалавек, iмя якога Абуталiп, дзе ён i цi скора дарога ляжа перад iм, i што на думцы ў яго, i што на душы, малыя засяроджана маўчалi, цiкуючы за тым, як клалiся каменьчыкi. Аднойчы неяк Едыгей неўпрыкмет падышоў да хлапчукоў, якiя гэтак сцiшылiся недзе ў кутку, што не заўважылi яго. Яны цяпер самi варажылi на каменьчыках. Эрмек раскладваў iх як умеў, перад тым кожны каменьчык падносiў да вуснаў i да iлба i кожнаму казаў:

- I цябе я люблю. Ты таксама вельмi разумны, добры каменьчык. I ты не памыляйся, не збiвайся, а кажы сумленна i праўдзiва, гэтак кажы, як гавораць каменьчыкi дзядзькi Едыгея. - Вось бачыш, Давул, паказваюць яны няблага. Вось гэта дарога. Дарога трохi затуманена. Але нiчога. Дзядзька Едыгей кажа, што гэта дарожныя клопаты. У дарозе бывае. Бацька толькi i думае пра дарогу. Ён хоча сесцi ў сядло, але падпруга трохi саслабла. Яе трэба падцiснуць ямчэй. Пачакаем. А цяпер паглядзiм, што на правай рабрыне, што на левай рабрыне. Рэбры цэлыя. Гэта добра. А на лбе што ў яго? На лбе хмурнасць нейкая. Надта ён трывожыцца за нас. На сэрцы, бачыш гэты каменьчык, на сэрцы боль i туга надта сумуе па дому. Цi скора ў дарогу? Скора. Але адна падкова на заднiм капыце каня адстала, трэба перакаваць. Трэба пачакаць яшчэ. А што ў дарожных сумках? О, пакупкi з базару! А цяпер - цi будуць яму спрыяць зоры? Вось бачыш, гэтая зорка - Залатая канавязь. А ад яе пайшлi сляды. Яны яшчэ не зусiм выразныя. Але зразумела, што скора ў дарогу.

Буранны Едыгей неўпрыкмет адышоўся, расчулены, збянтэжаны i здзiўлены ўсiм гэтым. З таго дня ён пачаў пазбягаць браць у рукi каменьчыкi.

Але дзецi дзецьмi, iх яшчэ можна было неяк суцешыць, абнадзеiць, а калi на тое, узяўшы на душу грэх, i падманiць да пары да часу. Iншая дума, iншы клопат грызлi Едыгееву душу. Надта ён перажываў за мацi iх, Зарыпу. Ён не проста шкадаваў яе, спачуваў, як любы i кожны, ён як бы супакутаваў з ёй, ён думаў пра яе з любоўю, з неадступнай тугой i ўнутранай гатоўнасцю стаць для яе чалавекам, на якога яна магла бы пакласцiся ва ўсiм, што тычылася яе жыцця. I ён быў бы шчаслiвы, каб даведаўся, што яна, скажам, так i думае, што менавiта ён, Едыгей, самы адданы i самы шчыры да яе чалавек на свеце.

Гэта было пакутлiва - рабiць выгляд, што нiчога асаблiвага ў яго да яе няма, што памiж iмi нiчога i не павiнна быць!..

Па дарозе ў Кумбель ён заняты быў такiмi вось думкамi. Даймаў сябе iмi. Спахоплiваўся на тым, што дзiўнае ў яго нейкае прадчуванне - цi то скорага свята, цi то непазбежнай хваробы. А то здавалася яму часам, што ён адчувае сябе як бы на моры. Там заўсёды чалавек адчувае сябе па-другому, не як на зямлi, нават калi ўсё спакойна наўкол i, здавалася б, нiчога не пагражае. Як нi вольна, як нi радасна падчас адольваць хвалi, якiмi б прыгожымi нi былi адлюстроўкi ранiшняга i вечаровага сонца на вадзе, але ўсё адно трэба было вяртацца да таго цi iншага берага. Усё жыццё на вадзе не пратрымаешся. А на беразе чакае зусiм iншае жыццё. Мора - на час, суша - назаўсёды. Або на шляху да берага знайсцi выспу, асесцi там i ведаць, што тут тваё месца. I яму выразна ўявiлася: знайшлася такая выспа, забраў ён з сабой Зарыпу з малымi i жыве там. Да мора прывучыў бы малых i сам супакоiўся б на той выспе, не скардзячыся на лёс, а толькi радуючыся. Толькi б ведаць, што ў любы час можаш убачыць Зарыпу i быць для яе патрэбным, жаданым, самым родным чалавекам...

Але тут жа рабiлася сорамна перад сабой ад такiх жаданняў - ён адчуваў, як чырвань залiвала шчокi, хоць на сотнi кiламетраў наўкол i духу чалавечага блiзка не было. Кiнуўся ў летуценнi як хлапчук, на выспу, бач, захацелася, а чаго, спытаць, навошта? I цi яму пра такое марыць, яму, якога жыццё звязала па руках i нагах сям'ёй, дзецьмi, працай на чыгунцы, нарэшце, саразекамi, да якiх прырос, сам таго не заўважаючы, душой i целам... Дый цi патрэбны ён Зарыпе, нават калi i цяжка ёй, чаму ён павiнен думаць, што яна неабыякавая да яго? Малыя цягнулiся да яго, а Зарыпа?

Буранны Каранар iшоў знаёмай сцягой, колькi ўжо ходжанай, i, ведаючы, колькi яшчэ дарогi наперадзе, без гаспадаровай прынукi трухаў даволi жвава, ускрыкваючы i час ад часу стогнучы, пакiдаючы за сабой нямераныя саразекскiя адлегласцi, мiнаючы ўзвалкi, лагi, перасохлыя некалi азёры. А Едыгей, седзячы на iм, пакутаваў, думаючы сваё... I так поўнiлi яго гэтыя супярэчлiвыя пачуццi, што не знаходзiў ён сабе месца i душа яго таксама не знаходзiла прытулку ў нямеранай прасторы Сары-Азекаў... Так невыносна было яму...

56
{"b":"73526","o":1}