Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Ёлка, ёлка! Глядзi, якая ёлка! - радаваўся Давул, дурэючы ля ёлкi i смеючыся.

Зарыпа была ўзрадавана не меней:

- Ты ўсё-ткi здабыў яе! Якi малайчына!

А Эрмек, выяўляецца, нiколi яшчэ не бачыў ёлкi. Ён так i ўталопiўся вачамi ў яе.

- Мама, гэта ёлка, ёлка? Яна будзе жыць у нас?

- Зарыпа, - сказаў Едыгей, - паглядзi на мужа. Давай хутчэй адаграваць яго. Боты найперш трэба зняць.

Боты зрабiлiся калянымi. Абуталiп моршчыўся, сцiснуўшы зубы, стагнаў, калi з яго каторы раз спрабавалi сцягнуць боты. Дзецi шчыравалi асаблiва. То так, то гэтак хапалiся яны кволымi рукамi за тыя цяжкiя каляныя боты, што нiбы прымерзлi да ног.

- Дзятва, не замiнайце, дзецi, дайце я сама! - адганяла iх мацi. Але Едыгей на тое цiха сказаў:

- Не чапай iх, Зарыпа. Няхай, няхай iм усцешна будзе. Ён душой сваёй адчуў, што для Абуталiпа найвялiкшая радасць - дзiцячая ўцеха. Асаблiва расчулiў малодшы. Эрмек чамусьцi называў бацьку папiкам. I нiхто яго не папраўляў, усе пагадзiлiся з ягонай выдумкай.

- Папiка! Папiка! - радасна мiтусiўся ён, расчырванеўшыся ад марных намаганняў. Ягоныя валосiкi аж сталi стырчма, вочкi прагавiта гарэлi, а сам ён быў такi сур'ёзны, што мiжволi хацелася засмяяцца.

Трэба было неяк малым памагчы.

- Ану, хлопцы, сядайце за мной. Будзем як цягнiк - адзiн аднаго цягнуць. Давул, ты трымайся за мяне, а ты, Эрмек, хапайся за Давула.

Абуталiп зразумеў Едыгеевы хiтрыкi i ўхвальна закiваў галавой, заўсмiхаўся скрозь слёзы, што навярнулiся мо болей ад таго, што быў ён нядаўна з марозу.

Едыгей сеў насупраць Абуталiпа, за iм расселiся, пабраўшыся рукамi адзiн за аднаго, дзецi, i Едыгей, даўшы каманду, пачаў сцягваць бот. I прыгаворваў:

- Ану, хлапцы, мацней, дружней! Вось гэтак. А то мне аднаму не пад сiлу. Давай, давай! Давул! Эрмек! Мацней!

Хлапчукi яшчэ як старалiся памагчы! Зарыпа была балельшчыцай. Едыгей знарок рабiў выгляд, што яму цяжка, i калi нарэшце першы бот быў зняты, хлапчукi пераможна закрычалi. Зарыпа кiнулася была расцiраць мужу ступню, але Едыгей сказаў:

- Ану, хлапцы, ану, мама! Вы што ж гэта? А другi бот хто будзе сцягваць? А мо так i пакiнеце бацьку з адной разутай нагой? Цi добра так будзе?

I ўсе рассмяялiся нечага. Доўга смяялiся, аж качалiся па падлозе. Асаблiва хлапчукi i сам Абуталiп.

I хто ведае, думаў потым пра гэта Буранны Едыгей, шмат разоў стараючыся адгадаць страшную загадку, хто ведае, магчыма, менавiта ў той момант недзе вельмi далёка ад Баранлы-Бураннага iмя Абуталiпа Кутыбаева зноў усплыло ў паперах i людзi, што атрымалi тыя паперы, вырашалi на iх падставе пытанне, пра якое нiхто нi ў сне, нi наяве не здагадваўся - нi ў гэтай сям'i, нi на раз'ездзе.

Бяда звалiлася знянацку. Хаця каб Едыгей быў больш вопытны ў такiх справах, хiтрэйшы каб быў, можа, хоць бы i не здагадаўся, але хоць трывогу якую адчуў у душы.

А цi была падстава для трывогi? Заўсёды пад канец года прыязджаў на раз'езд участковы мiлiцыянер. Паводле графiка аб'язджаў ён раз'езд за раз'ездам, ад станцыi да станцыi. Прыедзе, дзень-другi пабудзе, праверыць, як зарплата выдавалася, як маёмасць ды матэрыялы розныя зберагалiся i ўсё такое, напiша акт рэвiзii разам з начальнiкам раз'езда i яшчэ з кiм-небудзь з рабочых i паедзе назад якiм патрапiцца цягнiком. Дый i колькi спраў тых на раз'ездзе? Едыгей, бывала, таксама, распiсваўся ў тых актах. Гэты раз рэвiзор тры днi прабыў у Баранлы-Буранным. Начаваў у дзяжурным дамку, у галоўным памяшканнi раз'езда, дзе была сувязь ды пакойчык начальнiка, што зваўся кабiнетам. Начальнiк раз'езда Абiлаў усё бегаў, чай насiў яму ў чайнiку. Зазiрнуў да рэвiзора i Едыгей. Сядзеў чалавек, думаў над паперамi. Едыгею падалося, што, можа, хто з ранейшых знаёмых, але не, гэты быў незнаёмы. Чырванашчокi такi, зубы рэдкiя, у акулярах, сiваваты. Дзiўная, шматзначная ўсмешка мiльганула ў ягоных вачах.

А позна ўвечары сустрэлiся. Едыгей вяртаўся са змены, бачыць - рэвiзор праходжваецца каля дамка пад лiхтаром. Каўнер палiтона падняў, палiць раздумлiва, хрубасцiць пясочак пад падэшвамi.

- Добры вечар. Што, падыхаць выйшлi? Стамiлiся? - паспачуваў яму Едыгей.

- Яно так, - адказаў той з кволай усмешкай. - Нялёгка. - I зноў усмiхнуўся.

- Ды праўда, праўда, - адно i сказаў дзеля далiкацтва Едыгей.

- Заўтра з ранiцы еду, - паведамiў рэвiзор. - Дачакаюся семнаццатага спынiцца. I паеду. - I зноў усмiхнуўся. Голас ягоны глухаваты, натужлiвы нейкi. А вочы былi з прыжмурам, чэпкiя. - Дык вы будзеце Едыгей Жангельдзiн? спытаўся рэвiзор.

- Ды я гэта, ён самы.

- Я так i думаў. - Рэвiзор упэўнена дыхнуў дымам праз рэдкiя зубы. - Былы франтавiк. На раз'ездзе з сорак чацвёртага. Пуцейцы Буранным называюць.

- Усё так, - дабрадушна пацвердзiў Едыгей. Яму было прыемна, што той так многа знаў пра яго, але i здзiвiўся адначасна, як, навошта рэвiзор усё гэта ўведаў i запомнiў.

- А ў мяне памяць добрая, - з лёгкай усмешкай сказаў рэвiзор, мабыць, здагадваючыся, пра што думае Едыгей. - Я ж таксама пiшу, як ваш Кутыбаеў, кiўнуў ён, пускаючы струмень дыму ў бок асветленага акна, у прахоне якога схiлялася, як заўсёды, над нейкiмi паперамi галава Абуталiпа. - Трэцi дзень назiраю - усё пiша i пiша. Разумею. Сам пiшу. Толькi я вершамi займаюся. У дэпоўскай шматтыражцы амаль кожны месяц друкуюся. У нас там гурток лiтаратурны. Я iм кiрую. I ў абласной газеце памяшчалi. Восьмага сакавiка аднойчы. Першага мая сёлета.

Яны памаўчалi. Едыгей ужо збiраўся быў развiтацца i пайсцi, але рэвiзор зноў загаварыў:

- А ён пра Югаславiю пiша?

- Шчыра кажучы, не ведаю дакладна, - адказаў Едыгей. - Мусiць так. Бо ён партызанiў там. Ён для дзяцей сваiх пiша.

- Чуў пра тое. Я тут распытаў Абiлава. Ён i ў палоне пабываў. Нiбыта i настаўнiчаў колькi год. А цяпер рашыў заявiць пра сябе з дапамогай пяра, непрыемна гiгiкнуў ён. - Але гэта не так проста, як здаецца. Я таксама тое-сёе задумаў. Фронт, тыл, праца будзе. Ды часу ў нашага брата зусiм няма. Усё камандзiроўкi...

- Ён таксама, начамi толькi. А ўдзень працуе, - асмелiўся сказаць Едыгей.

Яны зноў памаўчалi. I зноў Едыгей не паспеў пайсцi.

- Ну i пiша, ну i пiша, галавы не ўзнiмае, - усё гэтак жа паўнасмешлiва казаў рэвiзор, углядаючыся ў сiлуэт Абуталiпа ў акне.

- Дык трэба ж нечым займацца, - адказаў яму на тое Едыгей. - Чалавек граматны. Наўкол нiкога i нiчога. Вось i пiша.

43
{"b":"73526","o":1}