Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- I праўда. Я табе даўно гаварыў. I Зарыпе казаў, - загневаўся ў сваю чаргу Едыгей, каб такiм чынам яшчэ раз асцерагчы Абуталiпа. - Што ты ходзiш па пуцях, нiбы паравоз павiнен з рэльсаў зварочваць, дарогу табе ўступаць? Ёсць жа правiлы бяспекi. Граматны чалавек, колькi разоў можна табе казаць? Ты цяпер чыгуначнiк, а ходзiш, як на базары. Пападзеш яшчэ, не жартуй.

- Ну, калi такое здарыцца, сам буду вiнаваты, - змрочна згадзiўся ён. Але ты ўсё ж паслухай мяне, потым будзеш дапякаць.

- Ды я так, да слова, кажы.

- Некалi людзi дзецям спадчыну пакiдалi. Цi на добрае, цi на лiхое выходзiла з той спадчынай - калi як. Колькi кнiг пра гэта напiсана, казак, у тэатрах колькi спектакляў пра тыя часы, як дзялiлi спадчыну i што пасля было з нашчадкамi. Найчасцей - благое. А чаму? Таму што спадчына тая чужым мазалём часцей за ўсё нажывалася, на чужых нягодах, на падмане, таму ў самым сваiм пачатку тоiць яна зло, грэх, несправядлiвасць. А я цешу сябе тым, што мы, дзякуй богу, не такiя. Мая спадчына не зробiць нiкому шкоды. Гэта толькi мой дух, мае запiсы будуць, а ў iх усё, што я зразумеў i вынес з вайны. Большага багацця для дзяцей у мяне няма. Тут, у саразекскiх пустынях, прыйшоў я да такой думкi. Жыццё ўвесь час адцiрала мяне сюды, каб я згубiўся, а я запiшу для iх усё, што думаю-гадаю, i ў iх, у дзецях сваiх, здзейснюся калi-небудзь. Таго, чаго не ўдалося мне, можа, дасягнуць яны... А жыць iм будзе цяжэй, чым нам. Дык няхай набiраюцца розуму ззамаладу...

Некаторы час яны iшлi моўчкi, кожны заняты сваiмi думкамi. Дзiўна было Едыгею чуць такое. Здзiвiўся ён, што можна, аказваецца, i так разумець сваю сутнасць на зямлi. I ўсё-такi ён вырашыў высветлiць тое, што яго ўразiла:

- Усе думаюць, дый па радыё кажуць, што дзецям нашым будзе жыць лепш i лягчэй, а табе здаецца, што iм давядзецца цяжэй, чым нам. Атамная вайна надарыцца, цi што?

- Ды не, не толькi таму. Вайны, можа, i не будзе, а як i будзе, то не хутка. I не пра хлеб гаворка. Проста кола часу круцiцца ўсё хутчэй. Iм давядзецца да ўсяго даходзiць самiм, сваiм розумам i за нас часткова адказваць. А думаць заўсёды цяжка. Таму iм будзе цяжэй, чым нам.

Едыгей не стаў удакладняць, чаму ён лiчыць, што мыслiць заўсёды цяжка. I дарэмна не стаў, пасля вельмi шкадаваў, успамiнаючы гэтую размову. Трэба было распытаць, выведаць, у чым тут сэнс...

- Я да чаго гэта кажу, - нiбы адзываючыся на сумненнi Едыгея, працягваў Абуталiп. - Для малых дзяцей дарослыя заўсёды здаюцца разумнымi, аўтарытэтнымi. Вырастуць, глянуць - а настаўнiкi, гэта значыць мы, не так ужо i многа ведалi i не такiя ўжо разумныя, як здавалася. З iх i пасмяяцца можна, iншы раз нават не вельмi дасведчанымi здаюцца iм састарэлыя настаўнiкi. Кола часу ўсё хутчэй i хутчэй раскручваецца. I, аднак, пра сябе мы самi павiнны сказаць апошняе слова. Нашы продкi iмкнулiся зрабiць гэта ў сказаннях. Хацелi даказаць нашчадкам, якiя яны былi вялiкiя. I мы мяркуем цяпер пра iх паводле iх духу. Вось i я раблю, што магу, для сыноў, што падрастаюць. Мае сказаннi мае ваенныя гады. Пiшу для сыноў мае партызанскiя сшыткi. Усё, як было, усё, што бачыў i перажыў. Прыдадуцца iм, як падрастуць. Але i акрамя гэтага ёсць задумкi нейкiя. У саразеках давядзецца iм расцi. Зноў жа, як падрастуць, няхай не думаюць, што на пустым месцы жылi. Песнi нашы запiсаў старадаўнiя, iх таксама потым не знойдзеш. Песня, як я разумею, - вестка з мiнулага. Укубала твая многа iх ведае, як выявiлася. I яшчэ абяцала прыпомнiць.

- Ну а як жа! Усё ж аральская родам! - адразу заганарыўся Едыгей. - А пець на моры добра. Мора, яно ўсё разумее. Што нi скажаш - ад душы ўсё i да ладу на моры.

- Праўда твая. Перачытаў надаўна запiсанае - амаль да слёз з Зарыпай не дайшлi. Як жа прыгожа спявалi даўней! Кожная песня - цэлая гiсторыя. Так i бачыш тых людзей. I хочацца з iмi быць душа ў душу. I пакутаваць, i любiць, як яны. Вось якую памяць пакiнулi пасля сябе. Я i Казангапаву Букей упрасiў успамiнай, кажу, свае каракалпакскiя песнi, запiшу ў асобны сшытак. Будзе ў нас каракалпакскi сшытак...

I так яны iшлi, не спяшаючыся, уздоўж чыгуначнай лiнii. Рэдкая гадзiна выдалася. Лёгка, як працяглы ўздых, замiраў супакоены скок дня той перадвосеньскай пары. Здавалася б, нi лясоў, нi рэк, нi палёў у саразеках, але згасаючае сонца было супакойным дзякуючы наўлоўнаму руху святла i ценю па адкрытым аблiччы зямлi. Няўлоўная, цякучая сiнява прасторы пераймала дых, узвышала думкi, выклiкала жаданне доўга жыць i многа блукаць думкай...

- Паслухай, Едыгей, - загаварыў зноў Абуталiп, успамiнаючы пра тое, што адклаў на пасля ў думках i да чаго павiнен быў вярнуцца пры выпадку. - Даўно збiраюся спытаць. Птушка Даненбай. Як ты думаеш, напэўна, ёсць такая птушка ў прыродзе, якая так i называецца - Даненбай? Табе не даводзiлася сустракаць такую птушку?

- Дык гэта ж паданне.

- Разумею. Але часта, бывае, пацвярджаецца, што такое ёсць i ў жыццi. Вось, напрыклад, ёсць такая птушка слонка, якая ў нас у Сямiрэччы цэлы дзень спявае ў горных садах i ўсё пытае: "Хто мой жанiх?" Дык тут проста гульня, сугучча. I ёсць казка - чаму яна так спявае. Вось я i думаю: цi няма такога i ў гэтай гiсторыi? Можа, iснуе ў стэпе нейкая птушка, якая крычыць нешта падобнае на iмя Даненбай, i таму яна трапiла ў паданне?

- Не, не ведаю. Не думаў нават, - усумнiўся Едыгей. - Аб'ездзiў тутэйшы край уздоўж i ўпоперак, але такой птушкi не сустракаў. Мабыць, яе i няма.

- Магчыма, - задумлiва азваўся Абуталiп.

- А што, як няма такой птушкi, то, выходзiць, усё гэта няпраўда? устрывожыўся Едыгей.

- Не, чаму ж. Ёсць жа могiльнiк Ана-Бейiт i нешта, мусiць, тут было. I яшчэ я думаю чамусьцi, што такая птушка ёсць. I яна каму-небудзь патрапiцца. Для дзяцей я так i запiшу.

- Ну, калi для дзяцей... - няпэўна кiнуў Едыгей, - тады можна...

На памяцi Бураннага Едыгея толькi два чалавекi ў свой час запiсвалi саразекскую легенду пра Найман-Ану на паперу. Спачатку Абуталiп Кутыбаеў запiсаў яе для сваiх дзяцей на той час, як яны падрастуць, гэта было ў канцы пяцьдзесят другога года. Рукапiс гэты прапаў. Колькi гора прыйшлося выцерпець пасля гэтага. Цi да таго было! Колькi гадоў пазней, у годзе пяцьдзесят сёмым, запiсаў яе Елiзараў Афанасiй Iванавiч. Цяпер яго няма, Елiзарава. А рукапiс, хто яго ведае, напэўна, у яго паперах застаўся ў Алма-Аце... I адзiн, i другi запiсвалi яе, бадай, толькi ад Казангапа. Едыгей быў пры тым, але больш як падказчык-памагаты i нiбы каментатар.

41
{"b":"73526","o":1}