Значыцца, мы пакiдаем на борце "Парытэта" сваё пасланне, калi хочаце, тлумачальную запiску, адкрыты лiст, зварот... Не тое важна. Мы дастаткова цвяроза разумеем, на што iдзем i якi цяжар адказнасцi мы бярэм на сябе. Мы ўсведамляем, што лёс захацеў даць менавiта нам магчымасць саслужыць такую службу чалавецтву, вышэй за якую мы не ўяўляем нiчога...
I, аднак, самым пакутлiвым для нас было пераадоленне пачуцця абавязку, знiтаванасцi iм, дысцыплiны, нарэшце... Таго, што выхавана ў нас кожным даўнiмi традыцыямi, законамi, грамадскiмi нормамi маралi. Мы пакiдаем "Парытэт", не даводзячы тое да вашага ведама, не ўзгадняючы свае мэты i задачы нi з кiм i нi ў якой форме не таму, што пагарджаем правiламi грамадскага жыцця на Зямлi. Для нас гэта сталася тэмай самага цяжкога роздуму. Мы вымушаны зрабiць так, бо няцяжка ўявiць сабе, якiя настроi, супярэчнасцi, страсцi разгарацца, як толькi прыйдуць у рух сiлы, якiя нават у кожным лiшнiм хакейным голе бачаць палiтычную перамогу i перавагу сваёй грамадскай сiстэмы. Так, мы занадта добра ведаем нашу зямную рэчаiснасць! Хто можа паручыцца, што магчымасць кантактаў з пазаземнай цывiлiзацыяй не стане яшчэ адной зачэпкай для новай калатнечы памiж зямлянамi?
На Зямлi цяжка або амаль немагчыма ўхiлiцца ад палiтычнай барацьбы. Але, знаходзячыся працяглы час - многiя днi i месяцы - у дальнiм космасе, адкуль зямны шар здаецца не большым за аўтамабiльнае кола, з болем i бяссiльнай прыкрасцю мы думаем, што цяперашнi энергетычны крызiс, якi даводзiць грамадства да роспачы i наблiжае некаторыя краiны да жадання схапiцца за атамную бомбу, - гэта ўсяго толькi буйная тэхнiчная праблема; вось каб гэтыя краiны ў стане былi дагаварыцца, што важней...
Мы баялiся растрывожыць, ускладнiць i без таго небяспечнае становiшча зямлян, таму асмелiлiся ўзяць на сябе небывалую адказнасць - выступiць перад носьбiтамi пазаземнага розуму ад iмя чалавечага роду, у адпаведнасцi са сваiмi перакананнямi i сумленнем. Мы спадзяемся i адчуваем унутраную ўпэўненасць, што выканаем сваю добраахвотную мiсiю належным чынам.
Нарэшце апошняе. У сваiм роздуме, сумненнях i хiстаннях мы ў немалой ступенi былi заклапочаны тым, каб не нанесцi шкоды праграме "Дэмiвург", гэтаму найвялiкшаму пачынанню ў геакасмiчнай гiсторыi чалавецтва, выпакутаванаму нашымi краiнамi ў вынiку доўгiх год узаемнага недаверу, прылiваў i адлiваў супрацоўнiцтва. I ўсё-ткi розум перамог - i мы сумленна служылi нашай агульнай справе. Але, суаднёсшы адно з другiм i не жадаючы падстаўляць праграму "Дэмiвург" пад азначаныя выпрабаваннi, мы выбралi сваё - мы пакiдаем часова "Парытэт", з тым, каб пасля вяртання давесцi да чалавецтва вынiкi наведвання планеты Лясныя Грудзi. Калi мы не знiкнем назаўсёды цi калi кiраўнiцтва палiчыць нас нявартымi працягваць нашу вахту на "Парытэце", дык замянiць нас будзе не так складана. Заўсёды знойдуцца патрэбныя хлопцы, якiя будуць працаваць не горш за нас.
Мы iдзем у невядомасць. Нас вядзе туды прага ведаў i адвечная мара чалавека адкрыць да сябе падобныя iстоты ў iншых светах, каб розум аб'яднаўся з розумам. Аднак нiхто не ведае, што тоiць у сабе вопыт пазаземнай цывiлiзацыi - дабро або зло для чалавецтва? Мы пастараемся быць аб'ектыўнымi ў сваiх ацэнках. Калi ж мы адчуем, што наша адкрыццё нясе ў сабе нешта пагражальнае, нешта разбуральнае для нашай Зямлi, мы клянемся ахвяраваць сабой такiм чынам, каб не наклiкаць на Зямлю нiякай бяды.
I яшчэ раз апошняе. Мы развiтваемся. Мы бачым праз нашы iлюмiнатары Зямлю збоку. Яна ззяе як праменiсты дыямент у чорнай ночы пространi. Зямля цудоўная неверагоднай сiнiзной i адсюль здаецца крохкай, як галава немаўляцi. Нам здаецца адсюль, што ўсе людзi, якiя жывуць на свеце, усе яны нашы сёстры i браты, i без iх мы не ў стане ўяўляць сябе, хаця мы ведаем, на самой Зямлi гэта далёка не так...
Мы развiтваемся з зямным шарам. Праз колькi гадзiн мы пакiнем арбiту "Трамплiн", i тады Зямля схаваецца ад нашых вачэй. Iншапланецяне-леснагрудцы ўжо ў дарозе. Поблiз нашай арбiты. Неўзабаве яны будуць. Праз колькi гадзiн. Засталося зусiм мала. Чакаем.
I яшчэ. Мы пакiнем пiсьмы нашым сем'ям. Вельмi просiм вас усiх, хто будзе мець адносiны да гэтай справы, перадаць нашы пiсьмы паводле прызначэння...
Р. S. Даведка для тых, хто прыбудзе на "Парытэт" на наша месца. У вахценным сшытку мы пазначылi прыёмна-перадатачны канал i частату радыёхваль, з дапамогай якiх мы ўступалi ў кантакт з iншапланецянамi. Пры неабходнасцi мы будзем звязвацца з вамi па гэтым канале i перадаваць свае паведамленнi, наколькi мы маглi зразумець паводле кантактаў з леснагрудцамi, i самы зручны i адзiны спосаб сувязi - гэта бартавыя сiстэмы арбiтальнай станцыi, бо радыёсiгналы, звернутыя з Сусвету непасрэдна да Зямлi, не дасягаюць яе паверхнi з прычыны непераадольнай перашкоды - магутнай iянiзаванай сферы ў атмасферным акружэннi Зямлi.
Вось i ўсё. Бывайце. Нам пара.
Iдэнтычны тэкст паслання складзены на дзвюх мовах - на ангельскай i расейскай.
Парытэт-касманаўт 1-2.
Парытэт-касманаўт 2-1.
Борт арбiтальнай станцыi "Парытэт".
Трэцяя вахта, 94-я суткi".
Роўна ў прызначаны тэрмiн, у адзiнаццаць гадзiн паводле далёкаўсходняга часу, на палубе авiяносца "Канвенцыя" адзiн за другiм селi два рэактыўныя самалёты з асобаўпаўнаважанымi камiсiямi на борце - ад амерыканскага i савецкага бакоў.
Сябры камiсiй былi сустрэты строга ў адпаведнасцi з пратаколам. Iм адразу аб'явiлi, што на абед даецца паўгадзiны. Адразу пасля абеду сябрам камiсiй належала сабрацца ў кают-кампанii на закрытую нараду ў сувязi з надзвычайным становiшчам на арбiтальнай станцыi "Парытэт".
Але нарада, ледзь паспеўшы пачацца, была нечакана перапынена. Касманаўты-кантралёры, што знаходзiлiся на "Парытэце", перадалi Абцэнупру на "Канвенцыю" першае паведамленне, якое атрымалi ад парытэт-касманаўтаў 1-2 i 2-1 з суседняй Галактыкi, з планеты Лясныя Грудзi.
IV
Цягнiкi ў той мясцовасцi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...
А наўзбоч ад чыгункi ў гэтых мясцiнах ляжыць вялiзная пустэльная пространь - Сары-Азекi. Сярэдзiнныя землi жоўтага стэпу.
У гэтай мясцовасцi любая адлегласць вымяраецца ад чыгункi, як ад Грынвiчскага мерыдыяна...