Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Абмяркоўвалася пытанне, дзе найлепш здабываць iксiянскую энергiю: на арбiтальных станцыях у космасе, каб затым перадаваць яе на Зямлю па геасiнхронных арбiтах, цi непасрэдна на самой Зямлi. Але на роздум час яшчэ быў.

Ужо рыхтавалася вялiкая экспедыцыя па доўгатэрмiновай высадцы групы буравiкоў i гiдролагаў, якiм належала забяспечыць пастаянны, з аўтаматычным кiраваннем, прыток вады з iксiянскiх сховiшчаў у сiстэму водаправодаў. Арбiтальная станцыя "Парытэт" была, карыстаючыся тэрмiнам альпiнiстаў, галоўным базавым лагерам на шляху да Iкса. На "Парытэце" ўжо былi збудаваны неабходныя канструкцыi для прычальвання, разгрузкi i пагрузкi транспартных "чаўнакоў", якiя будуць снаваць памiж Iксам i "Парытэтам". З часам, як збудуюцца блокi, на "Парытэце" змаглi б размясцiцца больш за сто чалавек у даволi камфартабельных умовах, уключаючы пастаянны прыём тэлевiзiйных перадач з Зямлi.

У гэтым вялiкiм касмiчным мерапрыемстве здабыча i аналiз iксiянскай вады былi б першым актам вытворчай дзейнасцi, якую калi-небудзь ажыццяўляў чалавек па-за межамi сваёй планеты...

I гэты дзень наблiжаўся. I ўсё iшло да таго...

На Саразекскiм i Нявадскiм касмадромах завяршалася апошняя падрыхтоўка да гiдратэхнiчнай аперацыi на Iксе. "Парытэт", знаходзячыся на арбiце "Трамплiн", быў напагатове да прыняцця i перакiдкi на Iкс першай рабочай групы касмiчных цалiннiкаў.

Па сутнасцi, сучаснае чалавецтва стаяла ля вытокаў сваёй пазаземнай цывiлiзацыi.

Менавiта ў гэты момант, напярэдаднi ажыццяўлення засылкi першай групы гiдролагаў на Iкс, два парытэт-касманаўты, што знаходзiлiся на арбiце "Трамплiна" з доўгатэрмiновай касмiчнай вахтай на "Парытэце", бясследна знiклi...

Яны раптам перасталi адказваць на сiгналы наогул - нi ў запланаваны час сеансаў сувязi, нi ў iншы час. Уражанне было гнятлiвае - акрамя датчыкаў, што пастаянна значылi месцазнаходжанне станцыi, i канала карэкцыi яе руху, усе астатнiя сiстэмы радыётэлевiзiйнай сувязi бяздзейнiчалi.

Час iшоў. "Парытэт" не адказваў нi на якiя звароты да яго. Трывога на "Канвенцыi" ўзрастала. Рабiлiся розныя прапановы, узнiкалi розныя здагадкi. Што з iмi, з парытэт-касманаўтамi? У чым прычына iхняга маўчання? Цi не захварэлi, цi не атруцiлiся якой непрыгоднай ежай? I наогул, цi жывыя яны?

Нарэшце, было выкарыстана ўсё, апошнi сродак - быў пасланы сiгнал на ўключэнне сiстэмы агульнай пажарнай трывогi на станцыi. Нiякай рэакцыi i на гэта.

Над праграмай "Дэмiвург" навiсла сур'ёзная небяспека. I тады Абцэнупр на "Канвенцыi" скарыстаў апошнiя свае магчымасцi для высвятлення абставiн. Да "Парытэта" былi тэрмiнова запушчаны на стыкоўку са станцыяй два касмiчныя караблi з двума касманаўтамi - з Нявадскага i Саразекскага касмадромаў.

Калi сiнхронная стыкоўка ажыццявiлася, што само па сабе было справай надзвычай цяжкай, першая вестка, якую атрымалi ад касманаўтаў, што трапiлi на "Парытэт", была ашаламляльнай: абышоўшы ўсе адсекi, усе лабараторыi, усе паверхi, усе да апошняга куткi, яны паведамiлi, што не знайшлi на борце станцыi парытэт-касманаўтаў. Iх тут не было, нi жывых, нi мёртвых.

Такое не магло прыйсцi ў галаву нiкому. Нiякае ўяўленне не магло дапусцiць таго, што адбылося, куды раптам прапалi два чалавекi, што знаходзiлiся больш двух месяцаў на арбiтальнай станцыi, да гэтага часу дакладна выконваючы ўсе ўскладзеныя на iх функцыi. Не ператварылiся ж яны ў пару? Не выбралiся ж у адкрыты космас!

Сеанс абследавання "Парытэта" праходзiў пры прамой радыётэлевiзiйнай сувязi з "Канвенцыяй", пры непасрэдным удзеле абодвух генеральных сукiраўнiкоў - галоўных парытэт-планетолагаў. Было добра вiдно на мностве экранаў Абцэнупра, як касманаўты-кантралёры, перамаўляючыся, абыходзiлi, праплывалi ў бязважкасцi ўсе блокi i памяшканнi арбiтальнай станцыi. Яны абследавалi станцыю пядзя за пядзяй, пры гэтым увесь час дакладваючы пра свае назiраннi. Гэтыя размовы былi захаваныя магнiтафонным запiсам:

"П а р ы т э т". Вы назiраеце? На станцыi нiкога няма. Мы нiкога не знаходзiм.

"К а н в е н ц ы я". Цi ёсць сляды якiх-небудзь разбiтых прадметаў, парушэнняў, паломак на станцыi?

"П а р ы т э т". Не. Усё выглядае як мае быць, усё ў парадку. Усё на сваiм месцы.

"К а н в е н ц ы я". Цi траплялi вам на вочы сляды крывi?

"П а р ы т э т". Абсалютна не.

"К а н в е н ц ы я". Дзе знаходзяцца i ў якiм стане рэчы парытэт-касманаўтаў?

"П а р ы т э т". Ды, здаецца, усё на сваiм месцы.

"К а н в е н ц ы я". А ўсё-ткi?

"П а р ы т э т". Уражанне такое, што яны былi тут зусiм нядаўна. Кнiгi, гадзiннiкi, прайгравальнiк i ўсялякiя iншыя рэчы - усё на месцы.

"К а н в е н ц ы я". Добра. Цi няма якiх занатовак дзе-небудзь на сцяне цi на паперы.

"П а р ы т э т". Нiчога такога на вочы не трапляла. Хаця чакайце! Вахценны сшытак раскрыты на нейкiм вялiкiм запiсу. Каб ён не плаваў у бязважкасцi, сшытак замацаваны прышчэпкамi i павернуты старонкамi на нас.

"К а н в е н ц ы я". Чытайце, што там напiсана!

"П а р ы т э т". Зараз паспрабуем. Гэта два тэксты, яны побач слупкамi на ангельскай i расейскай мовах...

"К а н в е н ц ы я". Чытайце, чаму марудзiце?

"П а р ы т э т". Назва - "Пасланне землякам". А ў дужках - тлумачальная запiска.

"К а н в е н ц ы я". Стоп. Не чытайце. Сеанс сувязi перапыняецца. Чакайце. Праз колькi часу мы зноў выклiчам вас. Будзьце гатовыя.

"П а р ы т э т". О'кэй!

У гэтым месцы дыялог памiж арбiтальнай станцыяй i Абцэнупрам быў перапынены. Параiўшыся памiж сабой, Генеральныя сукiраўнiкi праграмы "Дэмiвург" папрасiлi ўсiх, акрамя двух дзяжурных парытэт-аператараў, пакiнуць блок касмiчнай сувязi. Толькi пасля гэтага зноў быў адноўлены сеанс двухбаковай сувязi. Вось тэкст, пакiнуты парытэт-касманаўтамi на арбiце "Трамплiн":

"Паважаныя калегi, паколькi мы пакiдаем арбiтальную станцыю "Парытэт" пры вельмi незвычайных абставiнах, на няпэўны час, магчыма, на бясконца доўгi, усё будзе залежаць ад цэлага шэрагу фактараў, звязаных з нашым беспрэцэдэнтным мерапрыемствам, мы лiчым сваiм абавязкам растлумачыць матывы нашага ўчынку...

Мы добра ўсведамляем, што наш учынак здасца, несумненна, не толькi нечаканым, але, вядома, i недапушчальным з пункту гледжання элементарнай дысцыплiны. Аднак выключны факт, з якiм мы сутыкнулiся, знаходзячыся на арбiтальнай станцыi ў космасе, факт, роўны якому цяжка знайсцi ва ўсёй гiсторыi чалавечай культуры, дазваляе нам разлiчваць хаця б на разуменне...

12
{"b":"73526","o":1}