Литмир - Электронная Библиотека

З поўначы, са славяна-гецкай зямлі, прыбыў у Грэцыю Арфей, заснавец гарадоў, вучыцель мастацтва і рамёслаў. З поўначы прынёс Праметэй святло, за што быў неміласэрна пакараны.

Праметэй, першы цывілізатар Грэцыі, прыкаваны за гэта да Каўказскай скалы, паводле слоў Эсхіла, жаліўся: «Багі, мне дзеецца крыўда! Паслухайце, што я даканаў дзеля смяротных. Дзякуючы мне са звярат, якімі былі, сталіся людзьмі. Сляпыя, глухія, як мары, яны туляліся без правоў і ладу, не ўмелі будаваць дамоў, пячоры былі ім адзіным прытулкам, цягнулі жыццё няпэўнае, не разрознівалі часу і пор году. Я першы навучыў іх пазнаваць ход гвёздаў, навучыў іх знакаў пісьма, знакаў лічэння, абдарыў іх памяццю, маткаю муз, навучыў іх лавецтву. За што ж карае мяне завісны Зеўс? Ці ж бы за святло, збліжаючае людзей да багоў?»

Грэцкія пісьменнікі самі сведчаць, што жыўшыя на поўнач ад іх паўночныя народы занеслі ў Грэцыю не толькі некаторыя мастацтвы, але і цэлую рэлігійную сістэму, навукі і ўмеласці. Славянскія народы, як, прыкладам, — курэты, квірыты, або крывіты, — ужывалі рунічнага пісьма задоўга да прыбыцця ў Грэцыю феніцыянскага Кадмуса. Іхнія будоўлі напаміналі цыклапічныя, адзначаючыся незвычайнай трываласцю. У першых іхніх сялібах, прыкладам, на гарах Алімпійскіх, Геліконскіх і Пандэйскіх насамперш зараджаюцца рэлігія, музыка і філасофія, якой пасля славілася Грэцыя. Згэтуль выходзіць Апалон, які займаўся тут пастырствам. Арфей (orfeos — цёмны), праўдападобна сляпы, як Гамер, сваёй вымоўнасцю аблашчываў дзікіх звяроў і лагодзіў дзікасць тыбульскіх барбараў. На чароўны, акудны гуд яго ліры палі змяняюцца ў гарады (грэцкае: горад — paleis). Ален, Тамарыс і Лінэй, таксама, як Арфей, сваімі прамовамі скланяюць тубыльцаў пакінуць людскія ахвяры багам, а здаецца, і вырачыся людаедства.

Але ёсць народы, як і паасобныя людзі, прызначаныя быць не толькі месіямі чалавецтва, але і яго адкупіцелямі. Да гэткіх належыць народ гетаў, з усімі яго галінамі. І мы бачым: Праметэя за яго дабрадзействы, выказаныя людзям, распялі на каўказскай скале. Арфея раздзерлі п'яныя, упаўшыя ў шал, кабеты. Фасційскія пелазгі за недаверства паганізму былі пабіты грэкамі і патоплены ў моры. Троя, славянская сяліба між грэкаў, збурана грэкамі. Урэшце грэкі, падбіўшы сваіх даўных вучыцялёў і цывілізатараў, нішчучы, стараліся іх зняславіць перад гісторыяй, няслушна прыпісваючы ім нялюдскія абычаі і чараўніцтва.

Перш чым стаўся носьбітам веды і задаўся мэтамі месіянізму, народ гетаў павінен быў прайсці сам рад унутраных пераабражэнняў і рэформ.

Першым рэфарматарам быў Зарада. Да яго існавала ў гетаў супольнасць кабет і маёмасці. Народ займаўся толькі лавецтвам. Ён вучыў рамяству і завёў свабодны выбар жон і жонамі мужоў, раз кожнага году. Штогодна меў права муж змяніць жонку і жана мужа. Дзень гэты быў названы Купаллем, дзеля таго, што ў гэты дзень павінны былі кандыдаты на жаніцьбы адбыць ачышчэнне праз агонь і купанне ў вадзе. Кожная пара магла мець сваю ўласнаць і аддзяліцца ад грамады. Ніхто не мог карыстацца чужой працай. Кожны пільнаваў ладу ў сваёй сям'і і дома быў поўным суверэнам. За крыўды, зробленыя суседу, караў сход суседзяў. Але сем'і пачалі множыцца, і бацькі мала-памалу ўстанавілі патрыярхат, неабмежаную нічым уладу галавы сям'і над усімі сем'янінамі. Прычым патрыярхі неахвотна выпушчалі каго-колечы з сям'і, і сем'і разрасталіся да 100-200 душ. Уласнасць у сем'ях сталася сямейнай уласнасцю, або, іначай кажучы, уласнасцю патрыярха, як і ўсе кабеты сям'і. Пайшло агульнае нездаволенне.

У гэтым часе аб'явіўся другі рэфарматар — Багавей, які высунуў на першы план касту святароў. Апавешчана была святарская дыктаратура; зямля, як належачая да Бога, была аддадзена на ўласнасць галоўнай святыні, а з яе рамення патвораны былі па ўсім краю правінцыянальныя святыні. Усе жыхары, і бацькі і дзеці, павінны былі нараўне працаваць для багоў і святынь. Як найсвяцейшая праца была палічана праца ратарская. Сімвалам яе ўстаноўлен быў белы бык, які атрымліваў асаблівую пашану пры святынях. Пры гэтым ладзе хутка ратар сам стаўся паніжан да безгалосай скацежыны, за якую думае гаспадар. Каб патушыць нарастаючую рэвалюцыю, святары пайшлі на ўступкі: прызналі роўнае права з сабой галовам родаў. Утворан быў духоўна-арыстакратычны ўрад, які, прыкрываючыся воляю багоў, выдаваў ад іх імені свае загады, маючы перш за ўсё на мэце свае карысці. Гэта тройца — духавенства, старшыны і багі — моцна і надоўга села на карк рэшты народа. Але ў гэтым часе пачалі адбывацца напады суседніх качавых народаў, абарона ад якіх вытварыла мала-памалу трэці стан — вайсковы. У суполку — багі, святары, старшыны — павінны былі быць прынятымі і вайскоўцы.

Калі мы прыгледземся да зместу нашых народных казак, то гэту гісторыю мы знойдзем там, перададзеную ў сімвалах. У сялянскай сям'і, прыкладам, родзіцца які-небудзь Кацігарошак, найсільнейшы за ўсіх, якія існуюць сілачы ў свеце. Падросшы, ідзе нішчыць зло на зямлі і памалу дабірае сабе яшчэ двух, а часам трох асілкаў, якія ўрэшце робяць паміж сабой змову, каб загубіць яго, і закідаюць у бяздонную, безвыходную пропасць. Але Кацігарошак раней-пазней дабываецца з пропасці і, пасаромеўшы сваіх сяброў, бярэ ў свае рукі кіраўніцтва над светам, якому дае спакой і шчасце.

Пад панаваннем старшын і духавенства, змацаваным вайскоўцамі, ратары ў грэцкай сімволіцы прыбіраюць постаць аднавокага цыклопа, а пазней дурнога і сляпога Паліфема.

Але яшчэ не канец на гэтым. Чужаземцы, прыманыя спярша як госці, пачалі панявольваць славянскія народы і памалу абяртаць у сваіх нявольнікаў. Вышэйшыя класы, арыстакратыя і духавенства, зліліся з пануючымі прыходцамі.

Тут мы маем такую самую гісторыю, як і ў Італіі, дзе, за многа гадоў да заснавання Рыму, жыў высокакультурны народ этрускі. Чужаземныя дружыны паняволілі іх, абярнулі ў сваіх нявольнікаў і, пераняўшы ад іх культуру, ачарнілі этрускаў перад гісторыяй як дзікіх і нічога не вартых людзей. Аб дзівах мастацтва, промыслаў і навук, аб стане высокай асветы ў этрускаў мы сягоння даведваемся толькі з раскопак іхніх магілішч і гарадзішчаў. Цывілізацыя этруская загінула ў войнах прыходцаў з мясцовым жыхарствам. А пасля, за часоў Сцылія, безміласэрна, разам з выдатнейшымі мясцовымі людзьмі, былі нішчаны ўсякія помнікі этрускай культуры, іх кнігі і творы іхнага генія. І этруская культура заняпала навекі. Рым пакрыў яе маўчаннем або сыпаў лаянкай і знявагай.

Пад ударамі чужаземскіх наезнікаў заняпала і наша культура, а асабліва ў часе хрышчэння нарманамі славянаў.

Трэба памятаць, што міфалогія многіх народаў нічога супольнага з тэасофіяй не мае, як прыклад можа служыць лацінская міфалогія. Лічу патрэбным гэта зазначыць дзеля таго, каб стала відней, што з нашае міфалогіі належыць да тэасофіі, а што з'яўляецца толькі сімвалам пройдзенай народам гісторыі.

Ёсць апавяданне аб Сатурне, што за яго панаванне быў на зямлі залаты век. Сатурн — бог патрыцыяў. Легенду гэтую, ведама, улажылі патрыярхі, спамінаючы сваё даўняе і безгранічнае панаванне. І дармо некаторыя хочуць бачыць у гэтым песімізм класічных народаў, якія, кладучы спярша век залаты, пасля сярэбраны, мядзяны, урэшце — зялезны, хацелі быццам зазначыць, што — чым далей, тым горш на свеце. Не, гэту гісторыю трэба паставіць у зусім другую плашчыню.

Сатурн пачаў есці сваіх дзяцей.

Гэту басню выдумала ўжо каста святароў, спіскуючы1 супраць усеўладнага патрыярхату. Устаноўлены лацінскімі святарамі пазнейшы лад аддаваў уладу ў рукі багатых сямей, «абдарыў старшых братоў правам боскім і людскім» — jus pater (згэтуль Юпітэр), крыўдзячы і вызываючы з правоў малодшую, ратарскую браццю. Утварыліся патрыцыі (паны) і плебейцы (мужыкі).

Патрыцыі тонуць у збытках і раскошах, плебей у заплату і падзяку за крывавую працу мае бізуны і розгі. І вось у лацінскім богабайніцтве апавядаецца, што Венера, жонка плебейскага Вулкана, стала задавацца з патрыцыянскім Марсам. Вулкан, не могучы знесці гэткай знявагі, абвівае спячых — Венеру і Марса — сеткай, падложанай пад іх, і выкідае іх на святло, каб яўным ужо сталася, што плебс змаўляецца і бяскарна пасягае на правы патрыцыяў. Гэта быў дакор, зроблены Апалону, вартаўніку права. Увесь Алімп устрывожаны. Апалон памярцвеў са знявагі. Адны багі смяюцца, а другія выказваюць злосць і абурэнне. Юпітэр страшліва загрымеў — quos ego!..2 Бачачы, аднак, прыгожую Венеру гэтак зняважанай, кажа: «Годзе ўжо ён... На Вулкана няма спосабаў — quem ego!..3 За мяшанне ў маю спрэчку з Юнонай у справе надання правоў плебеям нядаўна так піхнуў яго я нагой на зямлю, што аж нагу ён зламаў».

98
{"b":"599012","o":1}