Литмир - Электронная Библиотека

Твар пазногцямі крывавіць стала ў роспачы Фацьма.

Як вар'ятка, галасіла, слёз струмень паплыў ракою:

«Хай заб'юць каменнем людзі — горшай кары мне няма!

Праз мяне загінуць марна добры муж, малыя дзеці,

Я згубіла ўсе багацці, разбурыўшы ўсё датла.

Зганьбаваная раднёю, без сяброў, адна на свеце —

Я сама сябе ад шчасця да няшчасця давяла!»

Аўтандзіл жанчыну слухаў са здзіўленнем, поўны жалю:

«Што з табою, адкажы мне, не хавай у сэрцы боль;

Хто ён, злосны гэты віцязь, і за што ён пагражае

Помстай лютай і расправай над няшчаснаю табой?»

«О мой леў, я вар'яцею! — так Фацьма яму сказала.—

Не пытайся пра прычыну — не магу сказаць, павер!

Я дзяцей сваіх згубіла і сябе я пакарала

Тым, што горача кахаю аднаго цябе цяпер!

Кара неба спасцігае тых, хто стаў на шлях аблудны,

Хто трымаць не можа тайны да патрэбнае пары.

Хоць і літасці прашу я, але бачу лёс свой згубны,—

Хто сваёй крыві жадае, тых не лечаць дактары.

З двух адно ты выбраць мусіш, я прашу цябе аб гэтым.

Мсціўца, што мяне абразіў, сёння ж ты забі ўначы,

А як вернешся — раскрыю ўсіх пакут маіх сакрэты.

Толькі ворага крывёю зможаш ты мне памагчы.

А калі не здзейсніш гэта, дык збяры сваю паклажу

І пакінь пад сховам ночы назаўсёды гэты край.

Пра мае цяжкія мукі хай ніхто табе не скажа,

Як мяне й дзяцей бязвінных той злачынец пакараў».

Аўтандзіл, пачуўшы скаргу, ускіпеў ад абурэння,

Горды, смелы і прыгожы, зброю ў рукі ён схапіў

І сказаў ёй: «Не хвалюйся, душагуба смерць сустрэне!

Хто ў бядзе жанчыну кінуў — лёс над тым бы вечна кпіў!

Дапамога непатрэбна, толькі дай мне чалавека,

Каб дарогу да злачынца без памылкі паказаў.

Будзе знішчан, хто жанчыне пагражае лютым здзекам;

Ты чакай мяне спакойна, волі не давай слязам!»

Толькі служка той з'явіўся, віцязь рушыў у дарогу,

А Фацьма ўслед прасіла: «Жар гарот маіх згасі,

Помсту здзейсні, і маліцца буду я табе, як богу.

На руцэ ў яго мой персцень, ты яго мне прынясі!»

Аўтандзіл прайшоў праз горад, хутка ўбачыў бераг мора;

З пліт чырвоных і зялёных узвышаўся там палац.

Над тэрасаю тэраса нібы самі беглі ўгору,

Лашчыў вока нечакана хараства дзівосны лад.

Аўтандзіл з маўклівым служкам падышлі да агароджы,

Той шапнуў: «Вось гэта тое, што цікавіць зараз нас».

І дадаў: «На той тэрасе ўладара знайсці ты зможаш.

Ён, напэўна, спачывае, самы зручны гэта час!»

Два ахоўнікі драмалі ціхамірна каля брамы,

Аўтандзіл цішком падкраўся і за горлы іх схапіў,

І, ад долу адарваўшы, так ударыў галавамі,

Што разбіў ім вокамгненна на кавалкі чарапы.

Гаспадар ляжаў на ложку, не паспеў вачэй прымружыць,

Як раз'юшаны, ўварваўся віцязь выпэцканы ў кроў.

Кінуў вобзем чачнагіра ён сваёй рукою дужай

І працяў кінжалам вострым сэрца ворага наскрозь.

Для сяброў падобны сонцу, для непрыяцеля ж — гора,

Ён адсек з пярсцёнкам палец, як дамоўлена было,

І з размаху кінуў цела праз акно ў хвалі мора,

Каб нідзе сабе магілы ў тым бяздонні не знайшло.

Так вось помста адбылася пад начным туманным сховам;

Ружы пах салодкі ў цемры клаў нябачаны свой след,—

Гэта, здзейсніўшы прысуд свой і крывавы і суровы,

Аўтандзіл знаёмай сцежкай прабіраўся ў імгле.

Быццам леў у бляску сонца, да Фацьмы вярнуўся віцязь

І сказаў ёй: «Злыдзень гэты больш не будзе пагражаць.

Ён забіты — раб твой сведка — і не можа больш з'явіцца;

Вось пярсцёнак разам з пальцам, вось — скрываўлены кінжал.

А цяпер ты растлумач мне, ў чым журбы тваёй прычына?

Пагражаў чаму юнак той жорсткай караю табе?»

Нізка ўкленчыўшы, герою адказала так жанчына:

«Ты ад мук мяне пазбавіў, сэрца ж раніў мне глыбей.

Ты прынёс нам адраджэнне — дзецям мілым, мне і мужу,

Смерцю ворага ліхога ты вярнуў жыццё ўсім нам.

Чым аддзякаваць магу я, чым цябе ўславіць мушу?

Раскажу я ўсё дакладна, ты ж мяркуй, як можаш, сам».

ФАЦЬМА РАСКАЗВАЕ ПРА ЛЁС НЕСТАН-ДАРАДЖАН

«Дзень Наўроза мы спраўляем, калі год страчаем новы:

Гэты дзень усе святкуюць, нават гандаль не вядуць.

Прыхарошваюцца людзі ў адмысловыя абновы

І ў палац на пачастунак урачыста ўсе ідуць.

Падарункі дарагія мы, купцы, ў палац прыносім,

Цар адорвае таксама ўсіх паводле іх заслуг;

56
{"b":"599012","o":1}