Литмир - Электронная Библиотека

Скасаваць нішто не зможа вечны сэрцаў двух хаўрус!

Каб давесці сваю дружбу, ёсць на свеце тры навукі:

Быць перш-наперш разам з другам, жыць у згодзе дзень у дзень;

Па-другое, ўсім дзяліцца, каб дарылі радасць рукі,

І, па-трэцяе, быць смелым, калі друг твой у бядзе!

Скарачаць размову трэба — кожны справе хай паслужыць.

Загаю я раны сэрца, калі ўдасца мне ўцячы.

Абяцай жа ў час разлукі, я прашу цябе, мой дружа,

Што выконваць будзеш шчыра ўсё, чаму цябе вучыў!

Перш за ўсё адданым службе будзь, як быць мы ўсе павінны,—

Пакажы сваю сумленнасць, непадкупнасць пакажы;

Войскам ты кіруй адменна, замак мой ахоўвай пільна;

Ты служыў дагэтуль добра, яшчэ лепш ты паслужы!

Барані свой край, каб вораг не пайшоў на нас паходам;.

Добрым будзь для добрых, злыдням не давай хады нідзе!

Як вярнуся — найвышэйшай надзялю ўзнагародай;

Служба спраўная ніколі задарма не прападзе!»

Шармадзін, пачуўшы гэта, поўны смутку, плакаў горка;

Ён сказаў: «Я не баюся заставацца сам з сабой,

Аднаго баюся: сэрца без цябе туга агорне!

Лепш у доўгую дарогу ты вазьмі мяне з сабой!

Не чутно было, каб віцязь быў адзін у падарожжы,

Не чутно было, каб кінуў у бядзе слуга яго.

Як адзін тут жыць я буду, аб табе гадаць трывожна?»

Адказаў на гэта віцязь: «Слова не змяню свайго!

Веру я ў тваю адданасць, мне любоў твая — не жарты,

Не магу з табой згадзіцца, свет варожы да мяне.

На каго я ўсё пакіну, замяніць мяне хто варты?

Супакойся, не магу я ўзяць цябе з сабою, не!

Шлях міджнура — вандраванні на чужыне ў адзіноце,

Кроў і слёзы закаханы мусіць моўчкі з гора ліць;

Лёс міджнура — ўцехі пошук, дні і ночы ў маркоце,—

Свет такім, павер мне, створан, і не нам яго змяніць!

Дзе б ні быў я, пастарайся не забыць мяне ніколі;

Сам сабе слугой я стану, да ўсяго знайду ключы.

Трэба мужным быць мужчыне і змагацца з лютай доляй,-

Той нікчэмны, спраў ганебных хто не змог перамагчы!

Я не з тых, хто ў свеце толькі агурком існуе спелым,—

Мне за друга дарагога не шкада жыццё аддаць!

Я спытаў дазволу ў сонца — ў шлях мяне пусціла смелы;

Калі я яе пакінуў, што мне дом свой шкадаваць?!

Перадаць хачу з табою запавет мой Растэвану,

Хай цябе шануе шчыра так, як я цябе любіў.

А памру — не паддавайся д'ябла хціваму жаданню,—

Плач па мне, але з адчаю сам сябе не загубі!»

АЎТАНДЗІЛАЎ ЗАПАВЕТ ЦАРУ РАСТЭВАНУ

Сеў пісаць ён запавет свой — словы сумныя ліліся:

«Цар, я змушаны таемна ехаць, каб знайсці таго,

Без каго агнём палаю, без каго жыцця не мыслю,—

Будзь жа літасцівы, гневу ты пазбаў мяне свайго!

Добра ведаю, што ўчынак для цябе мой нечаканы,

Што шукаць іду я друга — не такая ўжо віна.

Словы мудрыя Платона прывяду табе з пашанай:

«Разам з целам губяць душу і няшчырасць і мана!»

У мяне ляжыць пачатак і няшчасця й цяжкай страты, —

Ці ж забыць магу я друга, што за брата даражэй?!

Што бяздзейнаму навука філасофіі багатай?

Мэта ўсякага пазнання — стаць да ісціны бліжэй.

Што апосталы пісалі пра каханне — верыць трэба:

Сэнсу мудрых запаветаў у вяках не пастарэць.

«Нас каханне ўзвышае!» — звон іх слоў ляцеў да неба;

Калі ты не разумееш, як жа іншым зразумець?

Творца даў мне досыць сілы, каб нікому не скарыцца,

Бачыць ён усё на свеце, хоць не бачым мы яго;

На зямлі істоце кожнай вызначае ён граніцы,

Ён з адзінкі творыць сотню, з сотні робіць аднаго!

Што яму непажадана, дык таго павек не будзе.

Без прамення ружа звяне, ператворыцца ў асцё.

Ўсё прыгожае на свеце асалоду ў душах будзіць;

Мне без друга стане хутка немагчымасцю жыццё!

Ты прабач за неслухмянасць, не пазбаў сваёй увагі:

Я, палоннік дум агнёвых, твой не выканаў загад.

Мой ад'езд — бальзам гаючы, ён глыток вады ад смагі.

Дзе б ні быў я — вольнай волі я ўсё роўна буду рад!

Слёзы мне не дапамогуць, мужнасць — шлях цяпер адзіны,

Бо не ўнікнеш волі вышняй, што прызначана з нябёс.

Муж цярплівы быць павінен, не скарыцца злой гадзіне,—

Ні адна душа жывая не абыдзе ўласны лёс!

Што прызначыць бог — прыму я і пакорна і пачціва,

А вярнуся — будзе ў сэрцы хай не попел, а спакой.

Хай цябе я зноў убачу і багатым і шчаслівым;

40
{"b":"599012","o":1}