Литмир - Электронная Библиотека

Вінцук пісаў, нібыта ў апошні раз, і мармытаў сабе ў бараду:

— Дзёрзкасць… І безабароннасць… Так і належыць… Так і добра… Чысціня і наіўнасць… Але з горыччу, з горкім адценнем. Лазурак і залацістыя адценні… Толькі прасветы. Боязь жыцця — адкрытасць насустрач — і боязь… Канфлікт кармінавага і смарагдавага… Вар'яцкае спалучэнне…

— Слухайце, не магу ўсвядоміць, ці вы вар'ят, ці псіхатэрапеўт, — не вытрымала я.

Мастак ніяк не адрэагаваў на мае словы, час ад часу працінаючы мяне з-за мальберта позіркам.

Раптам унізе, на першым паверсе, нешта загрукала.

— Вінцук, чуеце?!

Не чуе. Я падбегла і патрэсла яго за рукаў.

— У доме нехта ёсць!

Вінцук апусціў пэндзаль і недаўменна паглядзеў на мяне. Дзесьці ўпала нешта металёвае. Вартаўнік кінуўся да выключальніка, патушыў святло і схапіў мяне за руку.

— Хадзем, толькі ціха!

— Можа, гэта Нюта мяне шукае? — няўпэўнена шапнула я, але зараз жа ўнізе пачуўся такі грукат, які неўзнарок нават Нюта не магла б утварыць. Мне зрабілася страшна.

Вінцук пацягнуў мяне за руку па цёмным калідоры, пасля па вузкай вінтавой лесвіцы… А ў доме чуўся пранізлівы жаночы голас:

— Я ведаю, што ты тут! Выходзь, пагаворым! Ты стаў баяцца мяне, Віктар? Не бойся. Мне ўсяго толькі трэба з табой пагаварыць! Я так больш не магу. Будзь разумны…

У канцы лесвіцы знаходзілася нізкае акно, забітае дошкамі. Вінцук адным рухам выламаў іх.

— Ну, усё, ідзіце… Тут невысока.

— А вы?

— Я вартаўнік. Як жа мне пакінуць давераны аб'ект? Не хвалюйцеся, нічога яны мне не зробяць, а ад свайго лёсу не ўцячэш. Давайце падсаджу… Ну…

Але не паспела я ўскараскацца на падаконнік, як перада мной узнікла страшная чырвоная фізіяномія з аптымістычнай усмешкай.

— Банжур, мадам. Куды спяшаецеся? І па сотавым тэлефоне:

— Гаспадыня, яны тут! Барадаты з нейкай бабай! Адкуль я ведаю, што за баба? Рудая, сімпотная. Добра, трымаю.

8

Шэравокая «прынцэса» глядзела на мяне з нянавісцю.

— Ты, даражэнькая, проста як прывід: калі ні з'явішся, тут як тут. Спадабалася, напэўна…

І прыгажуня некалькімі квяцістымі фразамі распісала, што канкрэтна мне спадабалася ў вартаўніку, а яму ўва мне, і хто я такая ёсць. Ад бруднай лаянкі я звычайна губляюся і адчуваю тужлівае неразуменне. Але тут мяне настолькі ўразіў кантраст між вытанчаным абліччам дамы і брудам, які ліўся з яе дасканалых вуснаў, што я проста з цікаўнасцю глядзела на яе, як на рэдкую жывёлу.

— Замаўчы, — жорстка сказаў Вінцук. — Не варта мераць іншых па сабе. Кацярына Аляксееўна займаецца тут сваёй навуковай працай. Ёй, дарэчы, час ісці. Яе чакаюць супрацоўнікі. Так што не рабі глупствы, няхай Кацярына Аляксееўна пойдзе, і абяцаю, што я пагавару з табой.

«Прынцэса» штучна засмяялася:

— Ну, па-першае, калі ўжо ты ўпершыню за два гады зрабіў мне такую ласку, што загаварыў са мною, то я падазраю, гэта не без уплыву тваёй навукоўкі. Па-другое, яна зараз пойдзе і падыме шухер, прывалачэ якога-небудзь ідыёта. І па-трэцяе, ёсць у нас меркаванне, што твая дамачка можа дапамагчы нам па адным цікавым пытанні. Так што няхай яна тут, у цёплым месцы, пасядзіць, пакуль мы паразмаўляем. І сядзіць ціхенька, а то мае хлопчыкі вельмі нервовыя…

На гэты раз з «прынцэсай» было трое «хлопчыкаў»-бамбізаў, не лічачы антыквара. Мяне ветліва правялі ў першую залу музея і пасадзілі на крэсла перад калыскай, так што я адчула сябе часткай экспазіцыі. На другім канцы залы антыквар, які час ад часу кідаў на мяне злыя позіркі, курыў і ціха перагаворваўся з чарнявым тыпам з баксёрскім прыплюснутым н осам. Яшчэ адзін «хлопчык», прыгажунчык з каротка стрыжанымі светлымі валасамі, забаўляўся тым, што круціў у руках ножык-«матылёк». Ну а той чырванаморды, што злавіў нас ля акна, відаць, па-ранейшаму ахоўваў дом ад непажаданых сведак. З другой залы пачуўся голас «прынцэсы». Мусіць, дзверы няшчыльна зачыненыя. Я схавала твар у каўнер футра, каб не выдаць сябе эмоцыямі, і прыслухалася. «Прынцэса», мяркуючы па інтанацыі, хвалявалася — ніколі б не падумала, што такая лялька можа хвалявацца.

— Ты нават не спрабаваў мяне зразумець. Як быў казлом, так і застаўся… (Умеюць жа некаторыя гаварыць квяціста!) Пажыў бы, як я, з бацькамі-алкашамі, у кватэры, дзе нават коўдры прапілі… Я табе сказала, што я з дзетдома, жыву на кватэры… Баялася, што ты пабачыш той бруд, у якім я жыву. Я нават зрабіла ўсё, каб маці і бацька не даведаліся, што я выходжу замуж, каб не дай Бог не з'явіліся на вяселле. Каб твая мамачка ў капялюшыку не пабачыла маёй маці ў паркалёвай хустцы. Ты ж быў прынц, паніч, узвышаная натура. Для ўсіх я была — Верка, для цябе назвалася Вітай. Дзе табе здагадацца, што я сукенку ў сяброўкі пазычыла, што, каб купіць сабе французскія духі — табе ж спадабаўся іх пах! — цэлы месяц аблічвала пакупнікоў, ружы другога гатунку падстаўляла да першага гатунку. Што дырэктар крамы аднойчы гэта заўважыў, і, каб замяць справу, мне давялося аддацца яму проста ў кутку крамы, пасля працы… А ты чакаў мяне на вуліцы, каб павесці да чарговых геніяльных знаёмых. А ты ведаеш, чаго мне каштавалі тыя візіты да геніяльных знаёмых? «Ах, Кандзінскі! Ах, Драздовіч! А вы чыталі апошнія вершы Разанава?«Яны думалі, я сціплая і маўклівая… А я слова баялася вымавіць… І ты яшчэ вучыў мяне размаўляць на гэтай калхознай мове. Ды яна мне дома абрыдла, мацюкамі перасыпаная! Ты ж не прыняў бы мяне такой, якая я была, ці не так?

— Табе вельмі хочацца, каб я быў вінаваты? Што ж, прызнаю сваю віну. Сапраўды, глядзеў на свет праз ружовыя акуляры. Але ты дарэмна баялася — я вельмі цябе кахаў. Ты магла разлічваць на мяне.

— Казёл! — злосна выгукнула Вера. — Ты хацеў бачыць багіню. Але якая б мыла табе шкарпэткі. Ну, што ж, я мыла твае шкарпэткі… І, ведаеш, нават шчаслівая пры гэтым была.

— Дык чаму ж не хапіла табе гэтага шчасця? Не толькі ж мыццё бруднай бялізны ў цябе было… Нашто спатрэбілася прадаваць мяне крымінальнікам?

— Дурань! Гэта самы звычайны бізнес. Ды я табе колькі пра гэта ўжо… А ты, калі ў мянтоўку пайшоў, думаў, што са мной зробяць?

— Я нічога пра цябе не расказваў.

— Я не пра міліцыянтаў,— што яны могуць, а пра тых… крымінальнікаў. Маё шчасце, што Бог даў мне прывабны тварык. Выкруцілася. Нават, як бачыш, угару пайшла.

— Віншую.

— І не трэба намякаць, што я — сцерва, а ты — святы. Колькі разоў я да цябе ў бальніцу прыходзіла, колькі цябе прасіла? Ты ж як слуп на сваім стаяў… Нават не размаўляў са мною. І вось, бачыш, чаго дабіўся — сядзіш тут, як воўк, ні працы, ні хаты. Якая шалава на ноч прыбяжыць — дык і рады. Але цяпер хоць паслухай… Таму што я больш прапаноўваць не буду.

Вера загаварыла ціха і горача:

— У цябе зараз ёсць шанец. Я ведаю, вы знайшлі месца, дзе тая залатая штуковіна. А можа, і сама яна ў вас? Антыквар кажа, яна тысяч на трыста баксаў пацягне. Мы яе прададзім і з'едзем разам за мяжу. Я — не дурная, даўно валодаю паловай акцый свайго благавернага. Калі хочаш ведаць, у нашым свеце я маю больш уплыву, чым ён. У мяне зараз у адным банку два мільёны баксаў. Ну а крыж — будзе твой пасаг. Я ведаю, ты не мог на мяне забыцца. Няма такога мужыка ў свеце, які б мог на мяне забыцца. Ты скажы толькі месца, дзе, на тваю думку, закапана тая халера. І хай яны капаюць. Папраўдзе, крыж для мяне — толькі падстава. Я нават не надта веру, што ён існуе. Ты толькі згадзіся… І мы з табой з'едзем. Куплю табе майстэрню, дзе захочаш, — у Парыжы, у Венецыі, у Швейцарыі… Зноў будзеш маляваць, твае карціны трапяць у лепшыя галерэі свету. Усё табе дам, што пажадаеш. Дурненькі мой…

Голас «прынцэсы» загучаў упэўнена-ласкава… Але адразу ж змяніўся. Відаць, Вінцук не адрэагаваў на яе ласку.

— Грэбуеш? Ды хто ты такі? Ты хоць разумееш, што варта мне пальцам кіўнуць і цябе зараз на кавалачкі настругаюць. І цябе, і тваю… А я — з усёй душой…

— Бедная, бедная Віта, — Вінцук гаварыў спакойна-спачувальна. — Ты так і не зразумела, што не ўсё ў жыцці можна купіць.

156
{"b":"599012","o":1}