Карпа. Дзякуй табе, пане! Хоць і боязна мне, але зраблю ўсё так, як ты параіў. (Выходзіць з вітальні.)
Чарнакніжнік (задаволена рагоча). Як казала мая гаспадыня, Белая Сарока, не грэбуй ні душой пана, ні душой лёкая, бо па сваёй сутнасці яны аднолькавыя. (Знікае ў сваім пакоі.)
Заслона
Карціна трэцяя
Поўнач. Старая капліца. У паўзмроку відаць тры труны. Уваходзіць, крадучыся, Карпа, хаваецца за мармуровы надгробак. Неўзабаве дзве труны «ажываюць», з іх выходзяць два нябожчыкі, зачыняюць за сабой века.
Першы нябожчык. Эх, слаўная выдалася ночка, разамнем свае косцейкі!
Другі нябожчык. Ух, здаецца мне, жывым чалавечым духам тхне. Давай паклічам ваўкалака, няхай ён пашукае.
Першы нябожчык. Ахвота табе час марнаваць. Што жывому чалавеку рабіць ноччу ў капліцы. Жывыя людзі ноччу лічаць грошы.
Другі нябожчык. Альбо мілуюцца з чужымі жонкамі. Ах, сапраўды, пайду пагляджу, з кім сёння забаўляецца мая кабеціна.
Другі нябожчык (шэптам). А я пайду праверу, ці не дабраўся які шылахвост да майго скарбу.
Сыходзяць. З-за мармуровага надгробка высоўваецца збялелы Карпа.
Карпа. Ну і жахі, лепш бы я пайшоў да Змяінага каменя. Добра яшчэ, што ваўкалака не паклікалі... Пачакай, а дзе ж Трэці нябожчык? Здаецца, іх было два, а Чарнакніжнік казаў пра трох. (Чакае хвіліну, затым выходзіць з-за надгробка і аглядае труны.) А можа, ён меў на ўвазе тры дамавіны, а не трох нябожчыкаў? Можа, трэцяя дамавіна — пустая? Ага, адзін з нябожчыкаў пайшоў пільнаваць закапаны скарб. Вось у ягоную дамавіну мне і трэба залезці. Т-а-а-к, павінна яна быць трэцяю злева. (Стоячы спіной да ўваходу ў капліцу, паказвае левай рукой на крайнюю труну.) Гэтая. (Падыходзіць бліжэй, раптоўна задумваецца, паварочваецца тварам да ўваходу: зараз левая рука паказвае на іншую труну.) А цяпер — гэтая. Гм, якая ж з іх? (Разглядае труны.) Мусіць, усё ж такі гэтая — яна прыгожа аздобленая, што выдае на багатага гаспадара.
Карпа здымае века і зазірае ў труну. Насустрач яму з труны ўзнімаецца нябожчык. Нейкае імгненне яны асалапела глядзяць адзін на аднаго, затым разлятаюцца ў розныя бакі.
А-а-а-а! Нябожчык! (Хаваецца за мармуровы надгробак.)
Трэці нябожчык. У-у-у-у! Чалавек! (Выбягае з капліцы.) Браткі, тут жывы чалавек!
Карпа (высоўваецца з-за надгробка, спалохана). Ну ўсё, зараз налятуць! Трэба ўцякаць, д'ябал з ім, з тым скарбам. (Бяжыць да выхаду, але, зірнуўшы за дзверы, вяртаецца назад.) Не паспеў — яны вярнуліся! Што ж рабіць? (Азіраецца.) Эх, была не была! (Забіраецца ў труну Трэцяга нябожчыка, зачыняе за сабой века.)
З'яўляюцца ўсе тры нябожчыкі.
Першы нябожчык. Дзе ён?
Трэці нябожчык. Толькі што быў тут!
Другі нябожчык. Схаваўся, нягоднік!
Пачынаюць шукаць і знаходзяць Карпу ў труне.
Трэці нябожчык (зняўшы з труны. века, абурана). Ён залез у маю труну! Цяпер яна ўся прапахне чалавечынай!
Другі нябожчык. Гэй, жывы чалавек! Ты навошта залез у труну? Жывыя людзі па начох павінны ляжаць у ложку і лашчыць сваіх жонак.
Карпа (сабраўшы рэшткі мужнасці, сядае). Не выйду, пакуль не скажаце, дзе закапалі скарб.
Першы нябожчык (істэрычна). Ага, ён ведае пра мой скарб! Нельга выпускаць яго адсюль жывым!
Карпа з перапуду зноў падае ў труну. Другі нябожчык спрытна зачыняе труну векам.
Першы нябожчык забівае некалькі цвікоў.
Другі нябожчык (Трэцяму нябожчыку). Ты пільнуй труну, а мы пойдзем шукаць ваўкалака.
Першы нябожчык. Ён адаб'е ахвоту ў гэтага шылахвоста шукаць чужыя скарбы!
Першы і Другі нябожчык і сыходзяць. Трэці сядае на века труны. Раптоўна тая пачынае грукатаць і падскокваць — ачуняў Карпа.
Трэці нябожчык. Гэй, чалавеча, хіба так паводзяць сябе ў дамавіне?
Труна грукоча і падскоквае яшчэ мацней.
Трэці нябожчык. Ну хочаш сабе грукаць — дык грукай. Дамавіна ўсё роўна вытрымае — сам рабіў, ведаю. (Труна супакойваецца.) Рабіў на заказ важнаму пану, а тут смерць прыйшла і самому давялося легчы.
Карпа (з труны). Дык гэта ты, цясляр Пётра?
Трэці нябожчык. Я — Пётра, а ты хто такі?
Карпа. Я — лёкай Карпа, твой былы сябрук. Здымі века, размова ёсць.
Трэці нябожчык (здзіўлена). Карпа?! Вось не думаў, што давядзецца з табой яшчэ раз сустрэцца! (Вымае цвікі і адчыняе труну.) Мы, нябожчыкі, з цяжкасцю пазнаем жывых.
Карпа (сядае ў труне). Я ж на тваіх памінках мора гарэлкі выпіў, каб табе на тым свеце добра жылося, а ты па начох з дамавіны выходзіш і людзей палохаеш!
Трэці нябожчык. Эх, Карпа, з-за гарэлкі ўсё і сталася, з-за яе, паганай. Прынёс я неяк пляшку гарэлкі дахаты і схаваў ад жонкі за бэльку. А назаўтра памёр, не паспеўшы ні выпіць яе, ні жонцы аддаць. I так мне гэтая пляшка ў душу запала, што вось ляжыць яна за бэлькаю і ніхто пра яе не ведае — не магу на той свет пайсці, пакуль пляшку маю не знойдуць і не вып'юць. Марнуюся вось тут з двума грэшнікамі, адзін з якіх скарб свой вартуе, а другі — сваю распусную жонку.
Карпа (знешне абыякава). А табе ён не паказваў?
Трэці нябожчык. Каго — жонку?
Карпа. Ды не, той першы не паказваў табе, дзе скарб схаваны?
Трэці нябожчык. Ты што, ён ні жывым, ні мёртвым не давярае!
Карпа (прыслухоўваецца). Слухай, Пётра, выпусці мяне адсюль.
Трэці нябожчык. Як гэта — выпусці?
Карпа. Я тую пляшку з-за бэлькі дастану і разам з тваёй радзінай вып'ю, каб ты не пакутаваў болей на гэтым свеце.
Трэці нябожчык. Збавіцель ты мой! I пасля смерці свайго сябра ў бядзе не пакідаеш! (Прыслухоўваецца.) Але тады хутчэй уцякай, бо, здаецца мне, суседзі-грэшнікі вяртаюцца. А я ў труну палезу, спадзяюся, на гэты раз назаўсёды. (Хаваецца ў труну, з якой вылез Карпа.)
Карпа. Бывай, Пётра! (Выбіраецца з капліцы.)
На авансцэну выбягае лёкай Карпа і налятае на захутанага ў чорны плашч Чарнакніжніка.
Чарнакніжнік (расхутвае плашч). Куды бяжыш, Карпа? Можа, выкопваць скарб?
Карпа. Ах, гэта ты, пане! Ну і нацярпеўся я жаху з твае ласкі! Скарбу не знайшоў, а жыццё ледзь не страціў. Лепш бы я пайшоў да Змяінага каменя ды пашукаў Цмока.
Чарнакніжнік. Ва ўсім вінаватыя твая няўважлівасць і баязлівасць. Што ж, хочаш Цмока — будзе табе Цмок. (Вымае нешта з кішэні.) Вазьмі гэтыя чырвоныя зярняты. Калі не маеш свайго чорнага пеўня, дык расстарайся дзе-небудзь, накармі яго гэтым зернем, і ён знясе яйка, не большае ад курынага. Праз колькі дзён вылупіцца з яйка крылаты Цмок, які будзе выконваць усе твае загады. Ноччу ў чорным абліччы прынясе табе жыта, пшаніцы і іншага збожжа, а калі прыляціць, палаючы агнём, — будзе мець пры сабе золата і срэбра.
Карпа. Дзякуй табе, пане! Займець уласнага цмока — куды лепш, чым жыўцом у труну лезці. (Бярэ зярняты, кланяецца і адыходзіць.)
Чарнакніжнік (ціха). А вось гэта яшчэ невядома, хлопча. (Зларадна смяецца і знікае.)