Голас Альберт а. Маліся за мяне, Амелія. Паглынае душу маю холад, а цела — агонь, і ўсе адступіліся ад мяне. Няўжо і ты, каханая, пакінеш мяне, не падасі рукі сваёй...
Паненка Амелія ўсхопліваецца з ложка, прывіды знікаюць, спачывальню залівае ранішняе святло. Амелія сядзіць на ложку, абхапіўшы галаву рукамі, хістаецца то ў адзін, то ў другі бок. У спачывальню ўрываецца ўсхваляваная пакаёўка Агапка.
Агапка. Паненка Амелія, паненка Амелія! Уставай-е хутчэй, гаспадыня! Прыехалі пан Альберт прасіць вашае рукі!
Амелія. Так, рукі... Вось мая рука, любы!
Заслона
Карціна другая
Праз месяц у вітальні панскага дома ў маёнтку Магільна. Дзверы ў адзін з суседніх пакояў завешаны чорным мошастам, дзверы ў другі — белым ядвабам. З белых дзвярэй выходзіць самотная пані Амелія з кніжкай у руках, сядае за стол і спрабуе засяродзіцца на чытанні.
Амелія (адрываецца ад кнігі). Дзіўна, колькі ні бяру я ў рукі гэты томік вершаў — заўсёды трапляю на радкі, сугучныя маім маркотным думкам і настрою. (Чытае ўголас):
Гэты свет мне пустэльняю дзікай здаецца,
Ні душу, ані вока няма чым спатоліць;
Жаль у сэрцы, а думка бязлітасна б'ецца
У бяссонныя ночы, а ўдзень яшчэ болей.
Уваходзіць шляхціц Завальня, прыслухоўваецца да верша, што чытае пані Амелія.
Завальня. Што я чую: у такой маладой, прыгожай пані такія невясёлыя, змрочныя думкі!
Амелія. Ах, гэта вы, пане Завальня! Мусіць, каб не было ў гэтым доме вас, я б даўно звар'яцела тут ад адзіноты і холаду. Але, бачу, вы сабраліся ў дарогу і хутка пакінеце мяне?
Завальня. Так, зайшоў развітацца. Выпраўляюся ў горад па даручэнні пана Альберта. Вязу грошы, каб сплаціць скарбавыя падаткі і вярнуць крэдыторам частку даўгоў. У гэтую бяздонную прорву знікне ўвесь твой пасаг, дачушка.
Амелія. Не шкада мне гэтых грошай, шкада свайго жыцця, загубленага з-за іх. Ах, як я магла так падмануцца, паверыць нейкім дзіўным снам, спадзявацца на каханне пана Альберта! Заўсёды ён неспакойны і злосны, мая рэдкая ўсмешка здаецца яму здзеклівай і падазронай, маю прагу да кніжак ён называе дзівацтвам і глупствам. Малітвы, якім навучыла мяне маці, гучаць яму дакорам і даводзяць да шаленства.
Завальня. Прызнаюся, і мяне здзівіла тады твая згода, бо шкадаваў цябе і спадзяваўся, што адмовіш пану Альберту. Бачу цяпер, што, ажаніўшыся, мой гаспадар не змяніўся ў лепшы бок. Праўду казаў Тамаш: калі радзілася жарабя з лысінкай, дык з той самай лысінкай і ваўкі з'ядуць.
Амелія. А мне кожнае начы сняцца кашмары, кожную ноч з'яўляецца ў сне нейкі чорны чалавек: худы, бледны, з вялізным, вострым носам, як у драпежнае птушкі, з густымі брывамі, з валасамі, чорнымі, бы крумкачовыя пёры, з поглядам такім пранізлівым і калючым, што цяжка вытрымаць, калі глядзіць табе проста ў вочы. I толькі калі я прачынаюся і, спалоханая, жагнаюся — жудасны прывід знікае і тае начы болей не прыходзіць...
Завальня. Нейкая чорная меланхолія зацьміла тваю душу, дачушка. Не сумуй і не бяры ўсё так блізка да сэрца. Буду ў горадзе, зазірну ў краму і набуду табе колькі новых кніжак грэкаў ды рымлянаў, якіх ты так любіш чытаць.
Амелія. Дзякуй вам за дабрыню і клопаты, дзядзечка! Няхай дапамагае вам Бог у дарозе і ў справах. А я праводжу вас да брамы.
Выходзяць з пакоя. Праз нейкі час з чорных дзвярэй з'яўляюцца пан Альберт і Чарнакніжнік.
Альберт. Дзіўныя рэчы паказаў ты мне, Чарнакніжнік. Ніколі не забуду, як звычайныя чалавечыя валасы, абрэзаныя і кінутыя ў ваду, таньчылі, спявалі і спляталіся ў кубло, як вужакі. Калі, аднак, у маіх кішэнях зазвіняць залатыя манеты? Ўсе грошы маёй жонкі пайшлі на сплату падаткаў і даўгоў, мне засталіся толькі яе дакоры і слёзы.
Чарнакніжнік. Хутка, вельмі хутка ўсё пераменіцца і ў тваім лёсе, і ва ўсім краі. Адкрыю табе таямніцу — мая гаспадыня, Белая Сарока, збіраецца далучыць ваш край да сваіх уладанняў.
Альберт. А хто такая Белая Сарока?
Чарнакніжнік. О, Белая Сарока мудрасцю свет здзіўляе, твар яе — цуд прыгажосці, постаць велічная, адзенне з каштоўных дыяментаў і перлаў, жыве ў палацы, якога ты яшчэ ніколі не бачыў. Ёй кланяюцца багацейшыя паны і магутнейшыя ўладары на свеце, духі па яе загаду здабываюць скарбы з зямлі і мора, дзікіх мядзведзяў прывучыла яна да сябе, і тыя, як пакорлівыя сабакі, ляжаць ля яе трона. А часам гэтая чараўніца ўбіраецца ў пёры белае птушкі, калі хоча пабачыць тых, хто спрыяе ёй, і іх узнагароджвае, робіць шчаслівымі.
Альберт. Што ж, мне ўсё роўна, каму прадаваць сваю душу: д'яблу ці Белай Сароцы. А можа, гэта адна і тая ж асоба? Калі ты рэкамендуеш мяне сваёй гаспадыні?
Чарнакніжнік. Шмат хто з тваіх суседзяў-паноў хацеў бы пабачыць Белую Сароку ў сваім маёнтку, узняць у яе гонар келіх і пракрычаць «віват». Абяцаю, што ты будзеш не апошні сярод іх. Але спачатку трэба падрыхтавацца да сустрэчы вялікай уладаркі, а таму зрабі тое, аб чым я цябе надоечы прасіў. (Накіроўваецца да свайго пакоя.)
Альберт (неахвотна). Ах, так, вясковыя могілкі... Няўжо гэта сапраўды патрэбна?
Чарнакніжнік. Неабходна! I не забудзься пра Глухое возера. (Знікае за чорнымі дзвярыма.)
Альберт (кліча лёкая). Карпа!
З'яўляецца лёкай Карпа.
Карпа. Слухаю пана!
Альберт. Ты прывёў Тамаша?
Карпа. Тамаш ад самага ранку чакае на двары вашага загаду, пане.
Альберт. Пакліч яго сюды!
Карпа выходзіць. Праз нейкую хвіліну з'яўляецца Тамаш, а ўслед за ім — пані Амелія.
Тамаш. Слухаю вас, паночку.
Альберт. Ці быў ты калі на Глухім возеры, недалёка ад Нешчарды?
Тамаш. Давялося два разы, а болей — крый Божа. Акружана тое паганае возера з усіх бакоў цёмным лесам, нават у самае добрае надвор'е не відаць у тым возеры ані сонца, ані воблакаў на небе, ані зорак, ані месяца. Там заўжды вада каламутная, ніколі там не плаваў човен, ніводны рыбак не закідваў там сеці.
Альберт. Заўтра збірай людзей, адпраўляйцеся на Глухое возера і закідвайце там нерат. Калі з пракаветных часоў там ніхто ніколі не лавіў, дык, мусіць, шмат будзе рознае рыбы.
Тамаш. Адкуль тое пану? Шмат навакол прыдатных для лоўлі рэк і азёраў, няхай пан толькі скажа — і мы сёння ж прынясем рыбы колькі трэба.
Альберт. Будзеце рабіць тое, што вам загадана!
Тамаш. То няхай пан перш папросіць святара, каб пасвянціў нерат, бо ў тым возеры даўно пасяліўся нячысцік.
Альберт. Ды хіба ты яго бачыў, што плявузгаеш?
Тамаш. Пане, запытайся ў людзей — кожны ведае, якія там бываюць дзівосы ўначы: пачвары снуюць па беразе, чуваць з-пад вады енк і смех. Аднойчы я сам, калі гнаў коней на начлег, бачыў, як ляцела ў той бок нейкае страшыдла, з шумам рассыпаючы вакол сябе іскры, нібы распаленае жалеза пад молатам каваля, і над самым возерам распалася на дробныя часткі.
Альберт. Калі яшчэ раз пачую падобную лухту, дык загадаю ўсыпаць сорак бізуноў. Заўтра, што б там ні было, бярыце нерат і закідвайце на Глухім возеры.
Тамаш. Не пасвянціўшы ваду?
Альберт. Няма такое патрэбы. I якую б дзіўную рыбіну вы ні злавілі — не палохайцеся, а прыносьце сюды.