— І мне, татка, пара ўжо.
А дурань таксама:
— І мне ўжо даўно была б пара.
— Ну, — кажа бацька, — ідзіце вы ўсе ў лес, а хто найхутчэй ды найбольш ягад назбірае, таго я першага і ажаню.
Пайшлі яны ўсе ў лес і так збіраюць ягады, так збіраюць, што нават не разгінаюцца, каб як найхутчэй набраць. Разумныя да дурня падышлі і пытаюцца:
— Ну што, дурань, — ты многа ягад назбіраў?
— Ого, — кажа дурань, — я ўжо дахаты хутка пайду. Пазайздросцілі разумныя дурню, узялі ды забілі яго, нож у сэрца ўсадзілі...
— Ой! — войкнула некалькі жаночых галасоў.
— Ну, ну, так ужо адразу ўзялі і забілі! — усумніўся хтосьці з хлопцаў.
Баба Настуля з поўнай упэўненасцю паўтарыла, трасучы галавой:
— Узялі і забілі, нож у сэрца ўсадзілі, у зямлю закапалі, пяском засыпалі, замест крыжыка вішню ў галавах пасадзілі і пайшлі дахаты.
А тут па гэтай самай дарозе едзе пан. Убачыў ён вішню і думае сабе:
— Ссяку я гэтую вішню і зраблю з яе дудачку.
Ссек ён вішаньку, зрабіў з яе дудачку, едзе сабе ды грае, а дудачка тая спявае:
Не грай, паночку, не грай,
Сэрцайка майго не разрывай,
Мяне браты забілі,
Нож у сэрца ўсадзілі,
Чарапком вочы накрылі,
Пясочкам засыпалі,
Вішаньку замест крыжа пасадзілі...
[23]
Дзівіцца гэты пан, дзівіцца, а дудка просіць ды просіць, каб ён на ёй не граў...
— Ага-а! — зноў перапынілі старую некалькі здзіўленых галасоў.
— Так і спявала гэтая дудка, так і прасіла! Ну!..
Вочы бабы Настулі блішчалі, як сярэбраныя іскры, завялыя губы, здавалася, што раз, то больш дрыжалі ад жаху. Успёршыся на калені локцямі і расставіўшы рукі, яна баяла далей:
— Прыехаў пан у тую вёску, дзе жылі дурнявыя браты і бацька, ночка застала яго ў дарозе, дык ён прыйшоў да іх і просіць, каб дазволілі пераначаваць. Дазволілі яму пераначаваць, выпраг ён каня, увайшоў у хату і кажа гаспадару:
— Ехаў я, — кажа, — цераз такі ды такі лес, гляджу — ажно стаіць сабе вішанька, такая роўная ды высокая. Я гэтую вішаньку ссек і дудку з яе зрабіў. А каб ты ведаў, як гэтая дудка грае! Я ніколі яшчэ не чуў, каб дудка так грала. Вазьмі, стары, ды пайграй трошкі.
Узяў мужык дудку, пачаў на ёй граць, а яна спявае:
Не грай, татуля, не грай,
Сэрцайка майго не разрывай,
Мяне браты забілі,
Нож у сэрца ўсадзілі,
Чарапком вочы накрылі,
Пясочкам засыпалі,
Вішаньку замест крыжа пасадзілі.
Здзівіўся стары і даў дудку сынам сваім, каб яны на ёй зайгралі. Граюць яны, а дудка спявае:
Не грайце, брацікі, не грайце,
Сэрцайка майго не разрывайце,
Гэта вы мяне забілі,
Нож у сэрца ўсадзілі,
Чарапком вочы накрылі,
Пясочкам засыпалі,
Вішаньку замест крыжа пасадзілі.
Тады ўсе здагадаліся, што разумныя забілі дурня. Пайшлі на магілку, адгарнулі пясок і ўсё так знайшлі, як расказала дудка.
Тады гэтых братоў у канцылярыю забралі і ў турму пасадзілі.
Баба змоўкла, і ніхто і словам не аказаўся. Калаўроты круціліся паволі, паволі, а праз ціхае іх тарахценне чулася цяжкое ўздыханне. Здавалася, што з расказанай казкі выплылі прывіды забойства і пакарання і нябачнай хмарай павіслі ў духаце гэтай хаты. Адзін Аляксей, заўсёды ганарысты і вясёлы, з'едліва пасміхаўся і шаптаў Дзям'яну на вуха:
— Вось напалохаліся бабы! Ну, я ж ім яшчэ большага страху наганю!
Ён выйшаў ціха ў сені, а праз дзве хвіліны з трэскам расчыніў дзверы і гукнуў на ўсю хату:
— Людзі, ратуйце! Хто ў бога верыць, ратуйце! Бонк ідзе! Разбойнік Бонк ідзе! Вось-вось ужо прыйшоў! З вялікім вострым нажом прыйшоў! Гу, гу, гу!..
Дзяўчаты закрычалі і пахаваліся за прасніцы. Нават Хрысціна ўздрыгнула і з трывогай зірнула на дзяўчатак, што сядзелі каля яе ног. Ясік пранізліва завішчаў і схаваўся за шырокія бацькавы плечы. Мужчыны, хоць некалькі з іх і спалохаліся спачатку, хутка зразумелі, што гэта жарт, і грымнулі смехам. Гэта супакоіла і жанчын. Сур'ёзная Хрысціна абурылася:
— Не дурыся, Аляксей! — прыкрыкнула яна на дзевера. — Ахвота табе людзей палохаць! Пасаромеўся б!
Аднак паніка прайшла не адразу. Відаць, усе прысутныя чулі ў той дзень пра Бонка. Хлопцы прывезлі з кірмашу страшныя гісторыі пра яго. Жанчыны наслухаліся іх. Ганулька прыціскала руку да сэрца.
— Б'ецца, ой як б'ецца і не можа ўтаймавацца! — стагнала яна.
Мажная Ульяна выцірала пот, што кроплямі выступіў на лбе.
Усе яны наракалі:
— А каб цябе, Аляксей!.. Каб такога страшнага чалавека супраць ночы ўспамінаць... Яшчэ, крый Божа, і прыгаворыш! Яшчэ сапраўды калі прыйдзе...
— А што, і прыйдзе! З такім вялікім вострым нажом прыйдзе! — пацвельваўся мужчына.
— Ай! — зноў закрычала некалькі галасоў.
— Годзе! — цвёрда сказала Хрысціна і, крутнуўшы мацней калаўрот, дадала: — От, заспявайма лепш.
Голас яе быў прыгожы, звонкі, сур'ёзны, як і сама яна. Усе ведалі, што хоць яна ўжо шаснаццаць год замужам, аднак вельмі любіць спяваць. Паволі ведучы з кудзелі доўгую, роўную нітку, яна звонка, спаважна завяла:
Ой, валы мае, ды палавыя,
Чаму ж вы не араце,
Ой, леты мае, леты маладзенькія,
Чаму ж вы марна ідзяце...
Хор галасоў — розных: серабрыстых і чыстых, пісклявых і фальшывых — ураз падхапіў:
Каб валам маім ды паша была,
То яны пааралі б,
Каб летам маім ды раскоша была,
То яны пагулялі б...
Песня лілася ў душнай хаце доўга, то ўздымалася, то ападала, нібы хваля. Калаўроты ўторылі ёй роўным, але павольным, прыцішаным тарахценнем. У святле лямпы залаціліся выведзеныя ніткі. Часамі на дзявочых грудзях пазвоньвалі каляровыя нізкі пацерак. Над дзяўчатамі віўся, узнімаўся ў комін блакітны дым папяросаў, што паблісквалі ў ценю, як іскры, а ў паўзмроку віднеліся касматыя галовы і вясёлыя вочы дзецюкоў. Дзве дзяўчынкі, што сядзелі абапал Хрысціны, выцягнулі голыя ногі бліжэй да агню, палажылі на матчыны калені галовы, закрытыя пасмамі льняных валасоў. Чырвоны Настулін чапец калыхаўся то ў адзін бок, то ў другі, ажно ўрэшце прыпаў да краю печы. Баба заснула.
Але якраз у гэты момант стары гаспадар, што адзін моўчкі сядзеў каля сцяны, расплюшчыў вочы. Нібы з нейкіх глыбіняў, аднаму яму вядомых, вынеслі яго на паверхню хвалі песні. Ён прыўзняў павекі і з аслупянелай упартасцю пачаў углядацца ў супрацьлеглы бок хаты. Нядаўна, калі Аляксей з трэскам адчыніў дзверы і гукнуў: «Бонк ідзе! Разбойнік Бонк ідзе!» — госць, які сядзеў побач з Аленкай, закалаціўся ўсім целам і ўсхапіўся, нібы падкінуты мінай. Настуліну казку ён слухаў з яшчэ большай увагай, чым раней загадкі, вачэй не зводзіў з бабы, пасміхаўся толькі часамі, пабліскваючы вачыма. Аляксееў крык вырваў яго з задумы. Госць усхапіўся, моцна сціснуў свой кій, што стаяў паміж каленяў. Кінуўся да дзвярэй. Але тут раптам пачуўся рогат, якім дзецюкі даводзілі, што яны прынялі за жарт Аляксеевы словы. Госць затрымаўся каля парога і нейкую хвіліну вадзіў па хаце памутнелымі вачыма. Ён глядзеў на сцены, на столь, на яркі агонь камінка, пакуль не спыніў позірк на старым, што нерухома сядзеў каля сцяны. Госць пачаў паволі апускацца долу. Ён прысеў за бочкай на таку, відаць, на хвіліну толькі прысеў, трымаючы свой кій у апушчаных руках. Увесь ён схаваўся за бочкай, пад якой толькі ўздымалася яго галава, а збоку пабліскваў сталёвы наканечнік кія. На гэтую галаву зірнуў Мікула, прыўзняўшы павекі, і ўжо не адрываў ад яе аслупянелых вачэй. У святле, што наўскос падала на яе ад агню, галава гэтая, акружаная прыцемкам, здавалася, вісела ў паветры і ўпарта, нерухома глядзела на старога Мікулу. Стары падняў руку да лба і раптам прашаптаў: