За плячыма госця моцна пляснулі нечыя рукі і пачуўся пісклявы бабскі голас:
А каб я веку свайго не дажыла! Каб мой язык апруцянеў! Каб мае рукі пакруціла, як галіны на той вярбе, калі я пра яго забылася, пра Ясіка майго любага, саколіка майго няшчаснага... Гэта ж я яго, калі ён на свет нараджаўся, ад маткі прымала. Гэта ж я яго на руках сваіх не раз і не дзесяць раз насіла... Сваіх дзяцей не было, але ён быў, і палюбіла я яго, як сыночка родненькага.
Бабіна галава ў чырвоным чапцы, з касмылямі белых валасоў на маршчыністым ілбе, з пачырванелымі ад гарэлкі шчокамі, калывалася над госцевым плячом, дыхала яму амаль у вуха смярдзючым перагарам. А ён, адхіліўшыся крыху, падпёр рукой галаву і, прыжмурыўшы вочы, слухаў, як яна заводзіла. Але неўзабаве перапыніў яе пытаннем:
— Дык вы, пан гаспадар, зусім ужо Ясіка не памятаеце? Ён жа ваш першы быў, старэйшы...
Нібы сілаю адарваны ад сваіх думак, стары змрочна адказаў:
— Чаму ж не памятаю? Памятаю... А вы яго добра ведалі?
— Яшчэ як добра! Добры быў хлопец, кемлівы, смелы...
— Занадта смелы, — буркнуў стары, выбіваючы з люлькі попел. — А вы чулі, што з ім здарылася?
Відаць, нягледзячы на змрочны настрой і пранізлівыя позіркі, якія стары час ад часу кідаў на госця, яму ўсё больш хацелася пагаварыць пра старэйшага сына. Але баба Настуля зноў завялася:
— Ой, гора яго напаткала, горачка! Ды каб ім пан Бог грахоў не дараваў, як яны яму, маладзенькаму ды дурненькаму, тады не даравалі! Загубілі яны яго, як сабаку, змарнавалі... Нябожчыца маці яго даводзілася мне пляменніцай. А ён мяне бабулькай называў...
Госць спытаўся ў старога Мікулы:
— А што ж з ім такое здарылася?
Стары з паўхвіліны варушыў сківіцамі, нібы перажоўваў нешта цвёрдае. І не хацелася яму раскрываць душу перад гэтым чужаком, але пагаварыць ахвота брала.
— От, — пачаў ён, — з драбніцы пачалося... Можа, ён першы раз і за справядлівасць пакутаваў. Суд супраць нас пачалі дубраўлянскія суседзі, каб ім дабра не было... Ну, мяне грамада выбрала ўпаўнаважаным, я ў горад ездзіў і з гадвакатам гаварыў, з тым, значыцца, што на судзе нас бараніў. Я Ясіка з сабою ў горад браў і да гадваката браў, так сабе, без дай прычыны, надта ж я яго любіў, а калі таму чаго вельмі ж захочацца, дык я ўсе яму дазваляў. Можа, Бог усемагутны мяне не пакарае за тое патуранне...
Баба зноў улезла ў яго гаворку:
— Ой, любілі яго, галубілі, песцілі ўсе добрыя людзі і ўсё яму дазвалялі, бо надта ж ужо міленькі быў і ласкавы... Ручкамі, бывала, абдыме за шыю і туліцца да чалавека, як тое ягнятка, а вочкі былі — што тыя васількі ў жыце...
Стары не звяртаў увагі на бабскае прастарэкванне, ён усё больш ахвотна выцягваў з памяці даўнія падзеі.
— Вельмі ён быў разумны, але ж надта дзёрзкі і зусім не такі, як іншыя хлопцы... Ані ў яго работа, ані гульня не былі такія, як ва ўсіх... Калі працуе, дык нібы той конь гарачы, а калі гуляе, дык так, што рады не дасі... Бывала, за шыю абдыме і цалуе, чуць не задушыць, а іншым разам занаровіцца і, каб там немаведама хто, — асой у вочы кідаецца. Лаяў я яго добра, лаяў, але найбольш патураў... Але нічога дрэннага ён тады не рабіў.
Стары задумаўся, паківаў галавою.
— На пагібель браў я яго тады ў горад і да гадваката, — працягваў, разгаварыўшыся, стары.
— Ён слухаў, пра што мы паміж сабою гаварылі, слухаў, а калі вярталіся, бывала, і кажа: «Тата, я заб'ю таго, хто несправядліва прыйдзе забіраць нашу зямлю!» Я толькі смяюся. Маладое, дурное, думаю. Зямля па справядлівасці наша была, але даўнасць зайшла, і суд мы прайгралі. Калі мы суд прайгралі, дубраўлянцы прыйшлі зямлю забіраць, а мы заўзяліся не аддаваць. Не аддамо і не аддамо. Усёй грамадой, бывала, выйдзем і тых захопнікаў, каб ім Бог грахоў не дараваў, праганяем. Усе сваволілі, сваволіў і Ясік. Ну, няхай сабе, думаю. Калі ўсе, дык няхай сабе і ён. Ажно вясною, кажуць, ураднік прыедзе і дубраўлянцам зямлю аддаваць будзе. Бяда! З ураднікам не тое што з мужыкамі. Мы рукой махнулі. Няхай будзе і так! Няхай будзе наша крыўда. Пан Езус больш адпакутаваў. Аднак не ўсё мы як трэба ўлічылі. Не ўлічылі мы гэтых маладых, а надта ж дзёрзкіх, што сваім розумам разважылі і змову зрабілі... Прыехаў нейкі высокі ўраднік і двух ніжэйшых з сабою прывёз, і давай яны па полі хадзіць, таму тое, гэтаму другое выдзяляць... А нашы хлопцы як выскачаць з косамі, з граблямі ды каламі! Можа, з дваццаць іх было, а мой Ясік спераду, як які генерал!.. Ураднікаў прагналі...
Бабу Настулю раптам ахапіў страшэнны гнеў. Яна крычала, стукаючы кулаком адной рукі па далоні другое:
— Каб яму пан бог не дараваў за тое, што ён быў такі дзёрзкі! Каб ён праз зямлю праваліўся, як ён сам сябе змарнаваў!..
— Ён праваліўся ўжо, не праклінайце, бабуля, — цыкнуў госць на ап'янелую бабу і зноў пачаў пільна слухаць старога.
А стары ўжо добра-такі разгаварыўся. Можа, ён і не думаў пра таго, каму гаварыў; гаварыў, бо даўні, амаль забыты боль грыз яго сэрца, а ўспаміны пра старэйшага, страчанага сына разганялі туман мінулых гадоў.
— Значыцца, — гаварыў ён далей, — бунт. Значыцца, супраціўленне ўладзе. Ну, пасадзілі іх у турму, судзілі іх. Іншых выпусцілі або сяк-так пакаралі, а яго на тры гады турмы асудзілі. Зачыншчык, кажуць. Ну, добра. Тры гады — не век. А яму тады толькі васемнаццаты гадок пайшоў... Не вельмі я тады і гараваў, што ён там тры гады пасядзіць. Розуму, думаю, навучыцца, пакорлівасці навучыцца.
— Навучыўся? — спытаўся госці, — Ха, ха, ха! Што ж, ці навучыўся? Га?
Стары, пазіраючы долу, паківаў вялікай галавой.
— Якраз навучыўся! Каб гэтак чэрці злыя душы вучылі! Калі вярнуўся дахаты, дык ужо і дня спакойнага ў хаце не было. Сядзе, бывала, і расказвае, як зладзеі ўначы ходзяць красці і ўсе замкі адмыкаюць. «На ўсё ёсць спосаб, а я ўсе спосабы ведаю». Або кажа: «Ахвота ж гэта людзям у такіх хатах сядзець, бедаваць, калі на свеце столькі багацця і да яго такім лёгкім спосабам можна дайсці». Я яго кулаком па спіне: «Вось табе, — кажу, — лёгкі спосаб не думаць пра зладзейства і ўсялякую поскудзь». А ён у адказ: «Не бі, татка, бо ўцяку і толькі ты мяне бачыў». За шапку і ў карчму. Піць навучыўся. Раней не піў, вядома, дзіця, яму ж ледзь семнаццаць гадкоў споўнілася. А там і гэтага навучыўся. Нап'ецца, бывала, і буяніць на ўсю вёску: з хлопцамі б'ецца, дзяўчат ловіць... Я да яго па-добраму: «Ці табе, Ясік, не сорамна? Ці ты пана Бога не баішся?» А ён смяецца: «Эх, татка, — кажа, — ці я такое бачыў? Ці я пра такое наслухаўся, калі там быў? Вы, дурныя, сядзіце ў сваёй вёсцы і нічога не ведаеце, а я цяпер вучоны!» Ох, вучоны ён зрабіўся, пабыўшы тры гады ў турме, вучоны! Каб тых губернёраў, што яго там вучылі...
Госць доўга смяяўся ціхім грудным голасам. Пасля паківаў галавой:
— Ох, пане гаспадар, сядзіце вы ў сваёй вёсцы, рукамі зямлю сваю дзераце і нічога не ведаеце! Каб вы пабачылі тых губернёраў ды каб пачулі, як яны вучылі вашага сыночка, то вас бы, пане гаспадар, можа, толькі ад аднаго страху паралюш разбіў бы...
Стары рэзка ўзняў галаву і зноў уважліва, як і некалькі разоў раней, паглядзеў на госця. Ў голасе, якім той вымаўляў апошнія словы, чуліся нейкія гукі, што з асаблівай сілай кранулі яго слых.
— Што ж гэта? — сказаў ён павольна. — Ці я вас калісьці ведаў, ці не ведаў... Замарок нейкі. Хто вы такі?
Але ў гэты момант госць занепакоіўся і павярнуўся да печы, каля якой цяпер пачынаўся ўсё большы ды большы рух і гоман. Там ужо замест двух, Ганульчынага і Хрысцінінага, калаўротаў аказалася цэлых пяць. Дзве дзяўчыны ўвайшлі раней і селі з калаўротамі абапал Ганулькі, а цяпер толькі што прыйшла яшчэ адна, з якою Аляксей якраз жартаўліва вітаўся, а Хрысціна ветліва запрашала, каб яна садзілася побач з ёю. У Мікулавай хаце пачыналіся зімовыя вячоркі, гаманлівыя і — да поўначы.
Госць акінуў быстрым позіркам людзей каля печы і зноў павярнуўся да старога. Але Мікула зноў сядзеў моўчкі, з люлькай у роце, апусціўшы галаву. Твар яго амаль зусім схаваўся за дымам, што вылятаў з люлькі, часамі толькі стары ківаў галавою, разгублена думаючы пра штосьці, нечаму здзіўляючыся. Затое баба Настуля ўсё больш гарнулася да госця, каб пагаварыць. Бутэлька з рэшткай недапітай гарэлкі нейкім дзіўным чынам, непрыкметна зноў аказалася побач з яе локцем. Зноў заблішчалі слязлівыя вочы, жывей захадзілі сухія рукі. Яна, нібы абцугамі, ухапілася за палу госцевага сурдута.