— Ага! У мужавай хаце. У сваёй хаце. Гэта добра. Ах, ах, ах...
Грудзі госця ўзняліся ад раптоўнага, кароткага ўздыху. Ён змоўк.
За доўгім сталом ішла гаворка. Пятнаццацігадовы Ясік жартам нападаў на бабу, што тая крадком выпіла другую чарку, а баба біла кулаком у грудзі і крычала:
— Брэшаш, як сабака! Каб мяне халера схапіла, калі я выпіла!
Бондар гаварыў нешта жонцы, якая брала каля сцяны калаўрот. Аленка голасна смяялася з Ясікавай спрэчкі з бабай. Адны толькі вусны маўчалі там, паволі цягнучы дым з кароткага цыбука, і адна пара вачэй пранізліва глядзела з-пад сівых, навіслых броваў, няспынна глядзела праз лёгкі дым на госця, што стаяў каля печы.
Раптам над гоманам узняўся зычны, самаўпэўнены Аляксееў голас. Ён шырока сядзеў на зэдліку, бокам да стала, як заўсёды ганарліва адкінуўшы галаву, і звярнуўся да госця:
— А пра Бонка вы нічога не чулі, ходзячы па свеце, га?
Усе зацікаўлена змоўклі, але і госць добрыя паўхвіліны маўчаў. Потым ён адказаў спакойна:
— Чаму ж не чуў? Чуў. Увесь свет толькі пра яго і гаворыць.
— Ды гавораць, не дай Бог нікому, каб так пра яго людзі гаварылі! — выгукнуў малады мужчына. — А як вы думаеце: зловяць яго ці не зловяць?
— Можа, зловяць, можа, не зловяць, — лена адказаў госць.
— Добра было б, каб злавілі, а то пісар кажа, што калі, крый Божа, не зловяць, усім бяда будзе... Разбой, кажа, будзе, рабункі будуць, так і так, кажа, будзе. Што злыдзень гэты, калі на волі застанецца, ці мала яшчэ людзям бяды наробіць...
— Чорт яго зловіць, калі ён такі спрытны, — сказаў бондар, які крыху павесялеў ад другой чаркі, — два разы ўцякаў, дык і цяпер уцячэ.
— Мяне больш за ўсё цікавіць, як ён мог тады, дзесяць гадоў таму назад, уцячы з турмы. Я ж не раз і не два разы быў у горадзе і турму бачыў. Такія сцены, божухна ты мой! Усюды салдаты са штыкамі. Птушкай трэба быць, а не чалавекам, каб вылецець адтуль. А ён вылецеў... Каб яго... Ну ж і спрытны! Зубамі сцяну перагрыз, ці што?
— Ды не, — перапыніў госць.
— Тады як? Бо калі б і краты жалезныя распілаваў, усе роўна праз акно не мог бы выскачыць, праз такое высокае... Калі б на каменне з чацвёртага паверха пляснуўся, дык душа з цела адразу ўцякла б...
Цяпер чалавек, які стаяў каля камінка, залажыўшы рукі за спіну, пачаў свабодна пакалыхвацца ў бакі, злёгку пераступаючы з нагі на нагу. Пераступаннем гэтым ён нагадваў гарадскога франта. Зверху глядзеў на маладога хлопца, які звяртаўся да яго.
— Ён не выскачыў праз акно, ён вылецеў... — сказаў з кплівай усмешкай.
— Хіба на тых крылах, якія яму чорт прычапіў, — абурыўся бондар.
— Не на крылах ён вылецеў...
— Дык, можа, на ведзьмінай лапаце, — пажартаваў Аляксей.
Жанчыны і падлетак Ясік засмяяліся таксама.
— На парасоне, — сказаў госць.
Усе змоўклі. Госць пакалыхваўся каля печы яшчэ больш свабодна і зверху вадзіў позіркам па ўсіх прысутных. Можа, так вось гарадскія фанфароны выхваляюцца перад натоўпам у шынку сваёй высокай вучонасцю, уменнем разбірацца ў сусветных падзеях.
— Глупства, — гаварыў ён, — для невука гэта здаецца цудам, а для таго, хто ведае, глупства, драбніца! Вось як ён зрабіў, гэты Бонк, калі ўцякаў з турмы...
Ён узяў свой кій, што стаяў побач, прыслонены да печы, і, адпаведна памахваючы ім, пачаў расказваць:
— Бонк узяў парасон, такі вялікі парасон, раскрыў яго, перавярнуў яго вось так, уніз, і разам з парасонам шусь праз акно... Калі б без парасона, дык паляцеў бы потырч галавой і звярнуў бы сабе карак... Але парасон апускаў яго ўніз памаленьку, памаленьку, бо вецер яму хутка ляцець не даваў, і так апусціўся да самай зямлі. А Бонк толькі выцягнуўся на бруку ды носам аб камень ударыўся. З носа кроў пацякла, і косці страшэнна забалелі. Ды што там! Ногі за плечы і падаўся ў свет! Тры гады яго потым шукалі. Парасон каля турмы знайшлі, а яго тры гады дарма шукалі.. Ха, ха, ха!
Пакуль ён расказваў, увесь яго доўгі, касцісты твар свяціўся амаль дзіцячай весялосцю. Чалавек быў падобны на хлапчука, які з хітрай усмешачкай расказвае пра ўдалае свавольства.
Усе хатнія прыўзнялі галовы і паразяўлялі ад здзіўлення раты. Сярод агульнага маўчання з-за клубоў дыму пачуўся нізкі, суровы голас:
— А адкуль жа вы ведаеце, як гэта было?
— Гэта ж праўда! Адкуль вы ведаеце? — паўтарыла пытанне некалькі галасоў.
Нібы адчуўшы ў гэтых настойлівых пытаннях варожы выклік, госць зухаватым рыўком узняў галаву і з-пад броваў, якія пагрозліва сышліся, павёў вакол палымяным позіркам.
— І ведаю! Ну і што, калі ведаю! Разумны гаворыць, дурны дзівіцца... А-а-а! Паразяўлялі раты! Адкуль я ведаю? А ці ж гэта ў людзей языкоў няма, ці не расказваюць?.. Яны расказвалі, а я слухаў. Цьфу!
Ён плюнуў і раптам зноў занепакоіўся, кінуў навокал устрывожаны позірк, пацёр рукі. Аляксей дзёрзка глядзеў у яго вочы.
— Нешта вы, пане, — пачаў ён, — зашмат ужо ведаеце пра гэтага Бонка. Можа, вы яго калі бачылі?
Той абыякава паціснуў плячыма:
— А дзе я мог яго бачыць? Не бачыў. Я з Прусіі іду... Больш за дваццаць год не быў у гэтым баку.
— Шкада, бо калі б вы яго бачылі, дык сказалі б нам, як ён выглядае. Лягчэй было б злавіць... Ой, злавіў бы я яго, з вялікай ахвотай злавіў бы, і пакуль тая паліцыя даведалася б пра яго, сам бы з яго палосамі скуры надраў!..
— Бач, такі малады, а ўжо гатовы людзям скуру са спіны спускаць! — пасміхнуўся госць.
— Дык ён жа разбойнік! — выгукнуў, усхапіўшыся з лавы, малады задзірысты мужчына. — Сам пісар сёння казаў: «Крамы рабаваў, грошы падрабляў, а самае горшае, — казаў, — што трох чалавек забіў са сваімі супольнікамі...» Дык што — шкадаваць такую звяругу? Ой, я б з яго скуру здзёр! Няхай іншых не забівае!..
І ён падняў пагрозліва кулак.
— Ціха, Аляксей! Сціхні, не крычы так! — супакойвала яго маладая жонка, цягнучы за крысо расшпіленага кажуха.
Бондар замахнуўся гэблікам:
— Каб яму так добра на свеце не было, як ён нявінных людзей загубіў...
— Ой! — войкнула Ганулька. — Можа, і цяпер ён пачне буяніць.
— Вядома ж, пачне, — загаварыла баба. — Такі злыдзень, што ў людской крыві выкупаўся...
— Каб яму косці пакруціла... Каб яго паралюш разбіў...
— Ці пачне, ці не пачне, — панура азваўся бондар, — а лавіць яго трэба, бо яшчэ шайку сабе падбярэ і коні пачне красці...
— Не дачакаецца! — выгукнуў Аляксей. — Будзе ён красці коні, калі кат яму дзвесце бізуноў у спіну ўлепіць...
— Ой, ой! — запішчала Ганулька.
— А табе што? — накінуўся на яе Аляксей, але зірнуў на жонку, якая, нахіліўшы свой тонкі стан, таксама пачала галасіць.
— Ай-я-ёячкі!..
Баба Настуля падперла сухую шчаку рукою і голасна ўздыхала:
— Божа ж ты мой, Божа! Ой, божа ж літасцівы!..
Пятнаццацігадовы Ясік стаяў, нібы акамянелы, вылупіўшы вочы, а потым закрыў рот рукамі і дрыготкім голасам зароў:
— Гу-гу-гу!..
— Во напалохаліся, што разбойніку пападзе бізуноў! — засмяяўся Аляксей.
Госць не стаяў ужо так ганарліва, як раней. Калі Аляксей упершыню напомніў пра бізуны, відаць было, як пад тонкім сукном парванага сурдута заварушыліся і паволі палезлі ўгару яго лапаткі, а карак, як ад раптоўнага ўдару, апусціўся долу і барада дакранулася да грудзей.
— Цікава, ці вытрымае злыдзень? — прабурчаў бондар.
— Ого! Яшчэ як вытрымае! — гаварыў сваё Аляксей. — Яшчэ потым у кайданах на край свету пойдзе. А калі прыйдзе туды, дзе жыць загадаюць, дык ад цямна да цямна будзе пад зямлёю молатам біць або тачкі цягаць...
— Ой, бедны ён, такі бедны! — уздыхнула Аленка і яшчэ мацней прыціснула да грудзей малое.
— І навошта яму было на гэты свет прыходзіць? Навошта Бог Усявышні паслаў яго на гэты свет? — уздыхала баба Настуля.
— Я, здаецца б, не вытрымала. Узяла б і ўтапілася... — вяла сваё Ганулька.
Хрысціна, пакінуўшы мыць посуд, выпрастала высокі, моцны стан, зноў склала рукі на грудзях і заглядзелася на агонь сваімі цёмнымі вачыма. Зморшчыліся яе прыгожыя вусны, сышліся цёмныя бровы. Калі ўсе змоўклі, пачуўся яе нізкі, глыбокі голас: