Литмир - Электронная Библиотека

Так, яму значна лягчэй, калі ён адзін, у сваім пакоі, дзе паліцы з любімымі кнігамі, дзе на лямпе зялёны кружок, А на паперах, на шырокім пісьмовым стале светлы круг ад лямпы, спакойны, утульны. Ёсць запаветнае месца ў пісьмовым стале, тут складзены ліст «Нашай нівы», кніжкі далёкіх таварышаў, некалькі экземпляраў «Вянка»,— пасланцы далёкай радзімы!.. Вянок, якім вянчаюцца поспехі? Ці вянок на магілу? А можа, на маладосць, пакрамсаную сухотамі? Купала, як выйшаў «Вянок», сказаў словы захаплення. Першакласны паэт, з літаратурным імем Ясакар, пісаў, што кніжка прынесла яму многія хвіліны асалоды. У адным з лістоў пераказвалі думку Цёткі пра тое, што яго «Вянок» ззяе кветкамі беларускага летняга поля...

І ў памяці паўстаў вобраз гэтай энергічнай жанчыны і паэтэсы. Тое, як яна залівіста смяецца, як дасціпна скача з крышку няўклюдным і сарамлівым Янкам Купалам. І тое, як падышла яна да яго, дакранулася рукой да форменнай тужуркі і сказала: «Трэба прыехаць да нас назаўсёды, зняць гэтую скуру, і хвароба пройдзе». Ці пройдзе?

Набягае яно

Вечарамі, начамі,

Адчыняе акно

І шамрэе кустамі...

Ён заўсёды слухаўся свайго натхнення, цалкам аддаваўся ўладзе музыкі, якая ўзнікла ў ім, ніколі не заціскаў яе, не стрымліваў, не абмяжоўваў. Лісткі пакрываліся дробным, але вельмі выразным почыркам, яны адкладаліся адзін да аднаго, парамі, з цягам часу ён вяртаўся да іх. Тады пачыналася праца, шліфоўка, праверка рытму, замена слоў. Яго мякка папракнулі ў кніжнасці мовы. І цяпер, апрацоўваючы вершы, ён заўсёды помніў гэты папрок. А думкі музычнай хваляй цяклі і адліваліся ў пяшчотныя, у запаветныя радкі:

І гавора адну

Старадаўнюю казку —

Аб любоў і вясну,

І жаночую ласку...

І хваля праходзіць, музыка сціхае. І зноў у полі ўвагі цячэ тонкая песня самавара. Пра што гэта? Пра каханне? Пачуццё тугі па радзіме, якое саграе, суцяшае, абнадзейвае. «След нагі на пясочку» — гэта ж з песень беларускіх, уласцівы народнай песні вобраз. Ён з кнігі? З Шэйна? Ці з запісаў бацькі? Няхай. Але гэты вобраз ён бачыць перад сабой, гэта вобраз радзімы, вярбы, ціхай люстранай ракі і жоўтага пясочку на беразе, на якім ледзь вільготныя сляды...

А як лепш — «старадаўнюю» ці «старажытную»? Гэта трэба апрацаваць. Развага ўжо ўзяла перавагу над пачуццём. Адкласці. Атрамант[19] высахне, пачуцці астынуць, у яго вялікае ўмельства глядзець на свае вершы староннім позіркам, халодным позіркам чытача і крытыка. І таму яго вершы маюць такую выдатную форму.

Новыя кнігі, часопісы, альманахі ляжаць перад ім. З іх ён выбера тое, аб чым напіша чарговую рэцэнзію ў мясцовую газету. Гэта яго пасільны заработак, які амаль цалкам ідзе на тыя ж кнігі. У дваццаць пяць гадоў трэба было б жыць самастойна, зарабляць не толькі на сябе, але і на сям’ю. Колькі разоў узнікалі гутаркі аб гэтым! Але такт Адама Юр’евіча, бацькі, згладжваў вострыя куты. Аб гэтым будзем думаць, калі льга будзе паправіць здароўе...

Максім раскрывае кнігу. Быў час, калі захапленне сімвалістамі было вельмі моцнае. Але скора ён пачаў добра разбірацца, дзе пачыналася тут сапраўдная паэзія, а дзе апускалася заслона перад прорвай, за якой — пустата. Блока і асабліва Брусава ён даўно вылучыў з плеяды агулам ахрышчаных «дэкадэнтамі» паэтаў, вылучыў за тое, што яны выйшлі ў свет сапраўднага жыцця і мастацтва, а не спыніліся перад гэтай заслонай. Захапленне Брусава армянскімі паэтамі падзяляў і ён, Максім. Але тое, што ён чытаў цяпер, уразіла яго не толькі хараством формы і глыбінёй думкі, а нечым яшчэ большым.

Перад ім былі пераклады з Саят-Новы.

І тое, што гучала як баявы заклік сто пятнаццаць, сто дваццаць гадоў таму назад для іншых людзей, авалодала Максімам Багдановічам з нечаканай свежасцю і сілай. Быццам яго ўласныя, нясмелыя, але запаветныя думкі кіравалі і гэтым армянскім паэтам, імя якога авеяна любоўю народнай і легендамі.

Перад ім вырысоўвалася маленькая Грузія, якую ён ніколі не бачыў і, мусіць, ніколі не ўбачыць, але лёс якой быў яму блізкі і зразумелы, бо ён быў такім жа, як лёс яго радзімы, яго Беларусі. «Краю мой родны! Як выкляты богам,— колькі ты зносіш нядолі». Зноў, зноў на тваіх палях гадзюкамі віецца калючы дрот, зноў цела зямлі тваёй парэзалі акопамі і траншэямі, зноў у дыме і агні гінуць твае вёскі і мястэчкі, зноў з папялішч, з раскіданых гнёздаў бягуць людзі, уцекачы... зноў бот немца-заваявальніка топча твае палеткі...

А там... Орды Ага-Магамет-Хана, разбэшчаныя рабаўніцтвам орды, ляцелі на Грузію, на старадаўні прыгожы горад Тбілісі. Тады Тбілісі быў горадам не толькі грузінскіх паэтаў, ён быў прытулкам армянскай музы: многія народы Закаўказзя лічылі яго сваёй Меккай. Ці не тым, няўхільна ўзнікла раўналежна астатняй думцы параўнанне, для беларусаў, літоўцаў, яўрэяў Вільня была пэўны час. Многія народы і многія гарады схілілі пакорлівую галаву перад касым і драпежным Ага-Магамет-Ханам. Многа разоў грузінскія і армянскія землі пакрываліся попелам ад падпаленых рукой бязлітаснага заваявальніка сёлаў і гарадоў, трупамі ненавісных мусульманскім ордам хрысціян... Але Тбілісі, як фенікс, зноў падымаўся, зноў распраўляў крылле, зноў спяваў сваю салаўіную песню. І зноў ён быў у коле персіянскіх войск, ужо трон драпежнага персіяніна стаяў у старажытным саборы Мцхеці... І ўзняўся народ, узняўся грузінскі, армянскі народ, узняўся магутнай з’яднанасцю, каб грудзьмі абараніць сваю Мекку, адстаяць ці памерці... Няхай князі спрачаюцца паміж сабой, ім патрэбна ўлада і багацце, а народу патрэбна жыццё, воля, шчасце... Узброеныя чым папала жыхары Тбілісі выходзяць насустрач спрактыкаваным коннікам шаха, а паперадзе іх, узнімаючы ўгору рукі, узвышаючы голас, ідзе, спяваючы баявую песню, што кліча на бой за Айчыну, ідзе Саят-Нова[20]...

Цішыня, нерухомасць. Не сочыцца праз каменне тонкі струмок вады. Заціх самавар у сталовай. Між лапатак боль — значыць, многа сядзіць, значыць, позна. «Я бальны, бяскрыдлы паэт...» Максім Багдановіч адсоўвае кнігу, якая так уразіла яго. Ён узнімаецца з крэсла і колькі хвілін стаіць нерухома, яшчэ ахоплены думкай. Каштанавыя валасы над высокім ілбом, такія ж вочы, якія часта цямнеюць, здаюцца нават чорнымі, над чырвонымі, хваравіта-яркімі вуснамі мяккія вусы, трохі святлейшыя за валасы. Твар вельмі бледны, малочна-белы, толькі на скулах ружавеюць дзве плямы сухотнага румянцу. Ліцэйская тужурка, у ёй вельмі ўтульна, хоць яна і старая ўжо. Максім ідзе ад стала да печкі, каля якой, на сцяне, вісіць люстэрка ў металёвай простай акантоўцы. Матчын падарунак. Было гэта тады, калі сын, хлопчыкам, употай пагаліўся. Маці, мякка ўсміхаючыся, сказала: «Ну, раз пагаліўся, значыць, і люстэрка трэба заводзіць». Маці размаўляла па-руску, як і ўсе ў доме, але часта ў гаворцы чулася яе мяккае «дз». Люстэрка вісела ля печкі. І яно было сведкай таго, як змяняецца аблічча паэта ад хваробы. «Цёмнае ліха», «цёмнае ліха» — вобраз гэты любіў паўтараць. Так, сягоння яно развеялася, гэтае ліха. Саят-Нова дапамог. Яго мужны голас, напоены любоўю да прыгнечанай радзімы, быццам уліў сілы. А заўтра? Ці хопіць мужнасці перасіліць боль, кашаль, безуважна глядзець на кроў, не страчваць надзеі, калі раптам не хапае паветра, раптам здаецца, што цябе душыць і што вось-вось спыніцца сэрца, назаўсёды спыніцца сэрца? Што дасць сілы?

«...зняць гэтую скуру, і хвароба пройдзе...» Чые гэта словы? Ах, гэта сказала вясёлая і энергічная Цётка, стаўшы на хвіліну сур’ёзнай і чула-ўважлівай.

Не! «І думкі мкнуцца мімаволі туды, дзе расцвіла вясна...» Ён даўно гэта выказаў такімі простымі і велічна-прыгожымі словамі. Яго слуцкія ткачыхі адчувалі тое ж, што і ён, бо што больш страшнае — няволя ці сухоты? Ён стаіць перад люстэркам і ўжо не глядзіць у яго. Тое, што непакоіла вось ужо многа дзён, што намагаўся ён заглушыць работай, чытаннем, перакладамі, шліфоўкай вершаў для новай, лепшай, кнігі, зноў валодае думкамі, зноў патрабуе прыняць рашэнне.

101
{"b":"599012","o":1}