— Вы не бойцеся, — я так буду чытаць, што вы ўсё зразумееце. Добра?
I так хочацца хлопцу, каб і стары даведаўся пра тых, што ў кнізе, пра сапраўдных людзей з той Польшчы, што там вунь — далёка на захадзе! I пра такіх, як пані Мар’я… Не, пра яе, пра гэты надпіс на кнізе ён не скажа і дзеду. Нікому не сказаў і нікому не скажа…
— Дык што, дзеду, пачытаем?
— Хіба, можа, пасля. Нешта мне, брат, зноў захацелася душу сваю пагладзіць.
Стары палез рукой за пазуху.
— Тады, дзеду, іграйце адразу вясёлае! Добра?
Дзед Мікіта, трымаючы перад тварам сваю «пісклю», усміхнуўся, — ужо без хітрасці, а неяк крыва.
— З песні, Даніла, слова не выкінеш, — сказаў ён, — а плачучы — рота ніхто не паправіць.
Над лугам загаласіла — той самай жніўнаю песняй — жалейка. Сіратлівая, сумная песня!..
1942–1956