Литмир - Электронная Библиотека

У многіх любімых пісьменнікаў ёсць заключныя сказы, пават таксама толькі абрыўкі тых сказаў, якія запомніліся нам з маленства. Скажам, у Тургенева, пра Каліныча, які «...запел вполголоса... и все глядел да глядел на зарю...»; у Сянкевіча, пра малога, закатаванага Янку-музыканта: «Nad Jankiem szumiały brzozy»; у Шаўчэнкі: «...затихло все... Тількі дівчата та соловейко не затих»; у Багдановіча: «... а тут, каля акна, малінаўка пяе і стукае жаўна»... І яшчэ можна многае прыгадаць, успомніць сам-насам, калі-небудзь дык нават і з затоена патаемнай, міжвольнай слязой — аб тым, аб сім і аба ўсім...

2

Сярод нямногіх кніг мае юначай бібліятэкі была і «Рунь» Гарэцкага, а там, разам з прозай, і п'еса: «Атрута, кароткі жалобны абразок», з якім звязаны дарагія ўспаміны.

Нягожа было б цытаваць тут самога сябе, і я, вядома, не буду, толькі скажу, што свае пісьмы да старэйшага брата ў польскую вайсковую турму, якія я пісаў яму ў 1937-1938 гадах, я перачытваў нядаўна, абдумваючы гэта, што цяпер пішу, таксама з нейкім «гістарычным» хваляваннем. У адным з тых пісьмаў, красамоўна азначаных чырвоным штэмпелем турэмнай цэнзуры, я расказваў, усхвалявана і падрабязна, як мы, загорская моладзь, ставілі ў сваёй вёсцы першы спектакль.

Зноў жа, нялёгка гэта — увесці чытача ў той час, даць яму хоць часткова адчуць, што такое вясковая цемра — у беднасці, у непісьменнасці бяспраўнага жыцця, па дадатак яшчэ — без веснавой ці летняй, ці нават зімовай красы прыроды, а ў нізкахмарную ды гразкую непагадзь позняй восені... І вось якраз тады — першы спектакль!.. Пра такое я ўжо трохі, нібы міні іншым, пісаў у «кнізе адной маладосці» — «Птушках і гнёздах». Толькі што не сказаў там, якая п'еса была ў нас першай. Схаваўшыся за свайго героя, я не сказаў таксама, якім наіўным максімалістам, што мне даволі весела бачыцца сёння, быў я тады, выбіраючы п'есы для пастаноўкі, нават часамі свабодна правячы іх, скажам з дазволу,— як рэжысёр-пастаноўшчык.

Адносна нядрэнна начытаны, пераважна класікай, я быў, як пачынаючы літаратар, увесь пад уплывам Талстога, кнігу якога «Что такое искусство?» не проста прачытаў, я ледзь не вывучыў — як дапаможнік у самастойнай працы над сабой. Апроч згаданых пісьмаў да брата, я мог бы таксама працытаваць і сёе-тое са сваіх тагачасных запісаў, дзе гаворыцца, як пасля доўгіх бескампрамісных пошукаў для першай пастаноўкі была выбрана «Атрута». «Каб дапамагчы людзям паразумнець і палепшаць», а больш канкрэтна — у плане змагання з п'янствам, за цвярозасць.

Гэта было тады вельмі сучасным, сугучным здароваму, высакароднаму руху святлейшай заходнебеларускай моладзі, якая, у большасці пад уплывам удзельнікаў рэвалюцыйнага падполля, і сама не піла, і паслядоўна змагалася з гэтым са старэйшымі.

У маёй глыбокай павазе да справы жыцця і чалавечай сутнасці Максіма Гарэцкага кволай сняжынкай растае тое юначае рашэнне — і гэтую п'есу для пастаноўкі «апрацаваць». У ёй мне не спадабаліся (зрэшты, і сёння не падабаюцца) дзве рэчы. Тое неверагоднае, як п'яніца Раман хоча зарэзацца, але... нож сагнуўся на ягоным горле, і другое — меладраматычны, вельмі ж «невясковы» дзедаў праклён: «Няма ў мяне больш сына... Праклінаю! Праклінаю!!!» — ажно з трыма клічнікамі. І адно, і другое дваццацігадовы «рэжысёр» паправіў: нож адкінуў, а «праклінаю» апусціў. Мала гэтага,— каб дзеянне як мага больш наблізіць да свайго гледача, даць яму магчымасць як найлепш зразумець галоўнае ў творы, у «абразок», пры перапісванні яго з «Руні», было ўнесена трохі мясцовага ў мову. Не захаваўся (для мяне — па жаль) той рукапіс, як захавалася іншае: мой пераклад камедыяў Талстога «Першы вінакур», якую мы не паспелі паставіць, і «Ад яе ўсе якасці», якую ставілі, а таксама агульны сшытак з надпісам «Вершы для вясковага тэатра», адкуль завучваліся родная лірыка і сатыра,— для дэкламацыі, абавязковай на спектаклях, як і «скокі да раніцы», што значылася на ўсіх афішах. Што ж, прызнаемся: і ў некаторай паэзіі, як і ў драматургіі, здаралася праўка, сям-там даволі смела «загорская». І рабілася яна часамі не мною адным,— на папярэдніх пытках і на «пробах», рэпетыцыях.

Аднак ішло гэта, пачыналася, вядома, ад мяне. Цяпер, гартаючы неяк сябе даваеннага, вясковага — апавяданні, вершы, пераклады, што не пабачылі свету,— мне і няёмка было перад самім сабой за тую непісьменнасць, у простым сэнсе гэтага слова, і тут жа сталым вокам бачылася іншае. Непісьменнасць кампенсавала непасрэднае, надзённае, як сумленна зароблены хлеб,— народнасць мовы. «Набічкавалі поўнае гумно снапоў», «заплужыў балота», «узвіндаваўся з печы», «кастагрыз ты стары!», «няхваля цябе падалела», «чаго ты жарлапаніш?» і сёе-тое іншае, нават нямала яго,— гэта не з кніг, не са слоўнікаў (у нашым «Тлумачальным», дарэчным, ніводнага з гэтых слоў няма), а з жывое мовы роднага наваколля. Прыклады — з «Першага гарэлішча». Дазволю сабо прывесці і спробы пошукаў творчага перакладу: «Я всякого переспорю, потому я сам с усам!» — «Я кожнаму горла заткну, бо над мяне няма мяне!», разухабістае рускае «Ходи изба, ходи печь, хозяюшке негде лечь!» і наша, не слабейшае — «І скачацца, і хочацца, і вусцілкі валочацца!..».

Хто тут, чытаючы, убачыць у мяне прымесь таго, што можна назваць і самалюбаваннем, няхай памяркоўна, спагадліва зразумее, як гэта дорага мне — ужо не толькі здалёк, а нібы і збоку ўбачыць сваё маладое, шчырае шуканне ўласнага голасу, чыстае жаданне як-небудзь прычыніцца да прасвятлення палепшання людское долі, твайго адзінага месца на свеце. Тым больш што я быў не адзін, што нас была цэлая вёска хлопцаў і дзяўчат, якія, па прыкладу добрых людзей, захапіліся добрай справай, што ў нас былі бацькі, сваякі, суседзі, якія ўдзячна прынялі нашу культурную працу, а потым былі у нас нават і «гастролі» ў гміннае мястэчка, куды мы горда вынеслі імя свайго гнязда, якое да той восені лічылася ў гэтым сэнсе адным з найгоршых у наваколлі.

Калі мы, група энтузіястаў, чыталі «Атруту» і, пры поўным дэмакратызме, калектыўна выбіралі выканаўцаў, на ролю п'яніцы Рамана папрасіўся адзін са старэйшых хлопцаў, бацька якога памёр ад гарэлкі.

«Я гэта ведаю,— сказаў наш, заўсёды нібы панура маўклівы, таварыш, неяк падкрэсліўшы слова «гэта». І, памаўчаўшы, дадаў: — Маці тады прывяду, хай паплача...»

Тады не было, а тым больш цяпер няма ўжо каму з веданнем сказаць, як мы ў той вечар ігралі. Справа не ў гэтым. І для нас, «артыстаў», і для нашых гледачоў галоўным было тое, што гэта наша, сваё, «жыццёвае», як гаварылася, што гэта мы самі яго паказваем, тое мастацтва, ад якога — няхай сабе гэта і «з кнігі» ці «выдумка» — камусьці можна нават і заплакаць.

Я іграў ролю дзеда. І бездапаможна схіляючыся над безнадзейна хворай нявесткай, і горка галубячы ўнукаў, і ў адчаі лаючы п'яніцу-сына, я часцей за ўсё забываўся, што нявестка — мая семнаццацігадовая пляменніца, унучак і ўнучка — Ніна, бойкая сірата з беднай сям'і, і Полік, шчаслівы першынец з крыху багацейшай, што Раман — наш ціхманы Іван, а я — найбольш вядомы самому сабе — Іван таксама, толькі на сем гадоў маладзейшы. Я забываўся пра нас рэальных, я, як і ўсе мы, кожны па-свойму, быў там — у «Атруце». І нашы людзі, поўная школа людзей, і нашы госці, моладзь з бліжэйшых вёсак, у пераважнай большасці былі таксама там, бачылі нас няшчаснай сям'ёю.

«Над вымыслом слезами обольюсь...» Так, я бачыў з рыплівых падмосткаў нашай цеснай, прымітыўнай сцэны, праз «смешную» кудзелю сваіх броваў, вусоў і барады, праз ролю сваю, я бачыў мімаходзь, як плакала цётка Ганна, Іванава маці, як плакала мая, як плакалі іншыя бабы і маладзіцы, як хваляваўся, вільготна пабліскваў вачыма, у цясноце стоячы каля акна, мой друг, наш малады грымёр, самадзейны мастак з суседняй вёскі, як дрэнна спраўляўся з тэкстам найбліжэйшы да нас, «артыстаў», дзядзька-суфлёр, пажылы і бедны «грамацей», які, затуліўшыся за сшытымі дзяругамі заслоны, нібы недабачваў, нібы заікаўся — праз слёзы.

...«Атруту» ставілі ў той час, ва ўсе давераснёўскія гады, па ўсёй Заходняй Беларусі, і ў вёсках, і ў гарадах. Пра бліжэйшае чулася, а пра далейшае даводзілася чытаць у нашым бедным друку, які то паміраў, то ажываў, каб зноў памерці — няскораным.

37
{"b":"598997","o":1}