Литмир - Электронная Библиотека

Ды тут якраз недзе далека там, адкуль Кудлач той вырваўся, паказаўся пачатак урачыстага картэжа. А перад Кудлачом, адрэзаўшы громам бліскучай медзі дарогу далей, грымнуў маршам ваенны аркестр... Сабака рэзка тармазнуў, як перад прорвай, ушчэнт спалохана-разгубленанявінна сеў i моўчкі, мудра апрастаўся. На самым чыстым урачыстым месцы.

І толькі гэта мне апалітычна помніцца праз гром i рогат.

1984

Абы на здароўе

Былы партыйны работнік, таварыш салідны і прыемны, інвалід вайны. Разумна, весела расказваў у вагоне, як ён калісьці прысутнічаў на адным пасяджэнні прэзідыума Акадэміі навук. Слухалася сельскагаспадарчае пытанне. Таму, што самога прэзідэнта не было, пасяджэнне вёў віцэ-прэзідэнт, Якуб Колас. Свінагадоўля разглядалася і здалёк і зблізку, і вырашана было, нарэшце, што каб падняць яе, неабходна мець больш заатэхнікаў.

Тады слова ўзяў віцэ-прэзідэнт.

— Калі я быў, таварышы, малы,— сказаў ён,— дык бацька часам браў мяне на кірмаш, у Стоўбцы або ў Нясвіж. Купляў ён там парася,

а мама выкормлівала з яго вепрука - пудоў на дзесяць — пятнаццаць. Спачатку на зеллі, потым на вобмешцы. Умела яна іх карміць. Свінням, таварышы, трэба не многа заатэхнікаў, а добры харч.

*

Стары ўдавец ажаніўся, а малога суседняга хлопчыка мужчыны паслалі спытацца: «Дзеду, няўжо вы яшчэ можаце?» Завучыў тыя словы, патэпаў. Дзед не прагнаў малога, не паўшчуваў. «Пайдзі ты, хлопчык,— сказаў ён,— ды перадай тым дзядзькам, якія цябе паслалі, што справа не толькі ў гэтым. Так і скажы: справа не толькі ў гэтым.»

Таму малому цяпер семдзесят сёмы. Настаўнік на пенсіі. Успамінае і добра, разумна смяецца.

*

Цяпер кажуць арганіка, але старэйшыя людзі называюць яе, тую арганіку, проста, як і зямлю, адным спрадвечным ды прывычным словам.

Снедаючы ў гарадскога брата, на шмат старэйшая за яго сястра, вясковая бабка, кажа:

— Картопля ў цябе добрая. Швагерка, мусіць, зноў прывезла. Яно і відно, што не на ўдабрэннях, а на г... расла.

Брат, інтэлігент, усміхаецца, але ж яму ўжо і прыкравата. Братавуха стрымана маўчыць. А дочкі-студэнткі, што і любяць цётку па-свойму, ажно заходзяцца ад смеху. Цётка недаўмявае:

— От калі! Што ж я такога сказала?

Як і ў такім вось, у іншым выпадку:

Мастацтвазнавец выступае ў сельскім клубе

з лекцыяй пра народнае ўмельства. Гаворыць доўга, падрабязна, нудна... Нарэшце бабка адна не вытрымала. Спакойна, але ж уголас, хоць і прыцішана спыталася, як у самой сябе:

— І хто ж гэта ў гэтае яго г... дражджэй укінуў?

*

Малады грузчык, што вучыцца завочна ў тэхнікуме, пытаецца ў пажылога шафёра лесавоза, дзе б гэта знайсці лягчэйшую работу.

— А во,— зусім сур'ёзна кажа той, спраўны, вясёлы рабацяга,— у нас будуюць каля вёскі птушкаферму. На сто дваццаць тысяч лехгорнаў. Ужо набіраюць рабочых,— на курашчупаў.

*

Старая хваліцца:

— Дзеці мае, дзякуй богу, добра жывуць: самі не робяць, толькі другіх правяраюць.

*

Калісьці дарогі былі спрадвечныя, па дарогах хадзілася ды ездзілася з толкам. Была і тады эканомія часу, але ж была і гаспадарская ашчаднасць, беражлівасць зямлі-карміцелькі.

Не тое, што цяпер, калі «зямлі ў нас хопіць», калі мы развучыліся яе шанаваць. З вёскі на І брыгадны двор развеерваецца спачатку пяць — дзесяць — пятнаццаць сцежак, а потым, на пракладзеным, спакваля і калёсных дарог.

«Урбанізацыя» — вёска масава перабіраецца ў горад і туды прыносіць сваю «свабоду руху». Газон не газон — шчодрае зрэзванне вуглоў, два крокі, а то і паўкрока ўбок не зробіць. Можна падумаць, што так ужо на работу спяшаюцца...

У Даўгаўпілсе бачыў калісьці на месцы, дзе нехта прыезджы адну сцяжыну на газоне быў пачаў, такую шыльдачку: «Праход толькі для сланоў». І слон намалёваны, усё ж такі слон — не свіння.

Госць мой, якога я туды прывёз, убачыў гэтую шыльдачку, нават наткнуўся на яе, хочучы сігануць цераз газон, і не сігануў, а весела ды з сорамам засмяяўся, нават зняць яго там, перад шыльдаю, папрасіў, каб завезці на свой Урал.

*

Камандзіровачная спартсменка ў рэстаране. Нізкая, шырокая, з налітымі сілай ляжкамі і задам. Барцыца ці самбістка нейкая. Сядзе за стол паснедаць і — адразу злосная. Адзін раз накрычала на афіцыянтку («Я спяшаюся!..»), а другі раз нават на кухню пайшла — сварыцца. Важнасць, самаўпэўненасць, напор. І... нічога жаноцкага.

І навошта гэта, пра што такое асаблівае сведчыць яе, няхай сабе нават і першае, месца?

*

Вельмі складаная апаратура, якую я таксама не магу назваць, і дзядзька, што ў канцы вайны быў падлеткам і гора хапануў удосталь,— вельмі цяжка, калі не безнадзейна хворы. На кансіліуме згадзіўся на нялёгкую, рызыкоўную аперацыю (ныркі, артэрыі) і — з поўным правам амаль смяротніка — гарласта, з лаянкай, расказвае, як яму на той «нейкай» апаратуры яшчэ ў Віцебску рабілі абследаванне.

— Як сунула мне той укол, чую, што дзвесце грам. Дык і стаў мой жывот поўны камення. А яна - яшчэ трыста грам! Прывінцілі мяне за рукі, за ногі, і чую я, што з носа ў мяне сіні дым пайшоў, а ўвесь мой струмант, хлопчыкі, адарваўся і пляснуўся аб сцяну! Мацаю потым — няма! І пупа таксама няма! А грэлка нейкая так цісне на жывот, што ўзяў ды скінуў. «Што вы здзелалі!» — крычыць яна. А я кажу: «Ты яшчэ вазьмі ды сама сядзь на мяне!..»

Усе мы, мужчыны, рагочам,— і менш і больш сур'ёзна хворыя.

*

Вахлакаваты, але ж і з гонарам трактарыст любіць паўспамінаць пра вайну, калі ён быў танкістам. І ўзнагароды ёсць, і раненні, і ў акружэнні быў, і наступаў. Трохі, аднак, перабірае з успамінамі, зашмат паўтораў, папахвае і пахвальбой. Сябры па саўгаснай рабоце — і маладыя, і старэйшыя, што і самі ў запечку не сядзелі, — пачалі з яго зрэдку пакепліваць.

— Скажы, гэта цябе, людзі казалі, каля Навасёлак заклініла ў танку? Усе вашы наперад ірванулі, а ты дзён пяць ці нават сем не мог з таго танка вылезці. Пакуль ажно тэхнікі не прыехалі. Бабы цябе праз шчыліну аладкамі кармілі...

Таварыш ветэран зноў выбухае справядлівым, засліненым гневам, а хлопцы смяюцца.

*

Рухавы мужчынка гадоў за сорак. Сюды, за вялікае возера, дзе пасецца калгасны статак, прывозіць на маторцы даярак, забірае малако. Адзін з нямногіх, што ўцалелі ў яго вёсцы ад фашысцкага расстрэлу.

З родным дзядзькам, які яго тады выратаваў, часамі б'ецца на вёсцы, на пацеху суседзям, вядома ж, пад чаркай. Амаль зусім няма правага вуха. Думалася, што гэта — памятка тых страшных дзён, і думалася з пашанай. А потым аказалася, што гэта чалавек аднойчы фанабэрыўся, выпіўшы, як ён можа голымі рукамі ўзяць любога злоснага сабаку. Паказаў гэта на практыцы. І нейчы Мурза адгрыз яму добрую палавіну вуха. І гэта «сэ ля ві»?..

*

Гумар, калі зусім няма чаго рабіць, а чакаць, у гэтым выпадку аўтобуса, трэба. Вось горба смецця амаль каля самага Нёмана, а на ёй — атопак-чаравік.

— У раку яго, хай плыве,— кажа адзін, а другі:

— Ну, хоць свету пабачыць.

*

Па тэлевізары. Замежная спявачка прыехала з Масквы ў правінцыю — на гастролях у Мінску. Больш тэорыі, чым практыкі, больш грунтоўнасці ва ўступе і ва ўступчыках да кожнай песні, чым належнага пацверджання выкананнем. А інтэрв'ю вядзе наша, мінская журналістка. Высокім і прачулым стылем:

19
{"b":"598997","o":1}