Литмир - Электронная Библиотека

Зусім нядаўна я ўпершыню дакрануўся да братавай «справы».

Адзін з карэспандэнтаў «Литературной газеты», не той, што званіў мне два месяцы таму назад, а цяпер у далёкім ад'ездзе,— другі, старэйшы, знаёмы i паважаны даволі даўно, дапамог мне i кіеўскаму сябру скантактавацца з гарадской пракуратурай. Там нас прыняў следчы па Быкаўні, сярэдніх гадоў таварыш, інтэлігентны i сціплы.

Нечакана, адразу расхваляваўшыся, я пачаў гаварыць яму тое, што чуў i думаў дагэтуль пра брата, паўтараць паўвекавую сямейную легенду пра «сына польскага памешчыка», закатаванага ў белацаркоўскіх засценках, які на спатканні з жонкай сказаў,— я паўтарыў гэта ледзь не з прыплачам гордасці,— што ён нічога не падпісаў...

I тут таварыш следчы па асоба важных справах падсунуў злева да сябе нейкую папку, разгарнуў яе i ветла, сумна паведаміў страшнае, паваротнае:

— Падпісаў. Падпісаў...

І адразу дадаў пра вочную стаўку з братам у турме, пра што ў папцы маецца запіс.

Той чалавек, з кім была вочная стаўка, братаў таварыш па працы, разам арыштаваны ў трыццаць сёмым па падазрэнні ў шкодніцтве, у пяцьдзесят шостым, калі рыхтавалася Валодзева рэабілітацыя, засведчыў — братава прызнанне ва ўсім, што яму навязвалі, выбіта катаваннямі.

A галоўная яго «віна», адно з трох абвінавачванняў,— славуты, універсальны шпіянаж. Але не ў польскім варыянце, як можна было б па простай логіцы меркаваць, а... нямецкі, на карысць Германіі, яшчэ з дагітлераўскай пачаўшы, з дваццатых гадоў...

Здаецца, што не пазней, a іменна тады, у горкім ашаламленні такім паваротам трагедыі, я ўспомніў не толькі тое наша пісьмо пра градабой трыццатага года i словы з Валодзевага пісьма: «Вы пишете, что у вас побил град. А кто у нас побил — черт его знает». Калі ён мог такое пісаць за мяжу, дык мог жа i думаць так, i гаварыць з кім-небудзь. Я ўспомніў i іншае. Спачатку тое, як мы ад'язджалі з Адэсы, як Валодзя, плачучы, ніяк не мог закончыць развітвацца з бацькам, на хаду саскочыў з праёма таварнага вагона, у якім мы ўжо ціха паехалі, i доўга махаў услед сваёй студэнцкай шапкай. I тут жа ўспомніў я, як вясной дваццаць чацвёртага Валодзя нам пісаў, што, атрымаўшы вестку пра бацькаву смерць, ён кінуў усё i паехаў да нас, у Загора, аднак на граніцы яго затрымалі, вярнулі назад. Гэта магло б лічыцца доказам, не меншым за тое «черт его знает», але не стала, знайшлося другое...

Карэспандэнт, якога з намі не было, які папярэдне дагаварыўся са следчым пра наша спатканне i даў нам з сябрам сваю службовую машыну, спачатку ў пракуратуру, потым у Быкаўню, гаварыў мне па тэлефоне, што братаву справу хутчэй за ўсё, дый напэўна, мне не пакажуць: таямнічае «не положено...».

Папка ляжала перад следчым, разгорнутая на той вочнай стаўцы, а я глядзеў на яе здалёк, усётакі збіраючыся папрасіць — хоць кінуць вокам, хоць у руках патрымаць. Следчы тым часам рабіў сваё. Паколькі справа пачыналася са знойдзенага муштука, ён спытаўся, ці пацвярджаю я, што брат мой курыў. Я сказаў, што па расказах маці i старэйшых братоў ведаю — курыў. Спачатку ўпотай, выходзячы на балкон. Ад матчынага вока цяжка штонебудзь утаіць. Калі бацька вярнуўся з чарговай паездкі, яна расказала яму пра патайныя папяроскі. I бацька вырашыў справу так, што падарыў даросламу любімцу партсігар — куры ўжо адкрыта.

Расказваючы гэта, я нібы раптам успомніў, што пазычыў у Віктара Валін фотаальбом, а там жа на адным са здымкаў — Валодзя якраз з цыгарэткай у муштуку. Не надта выразна, аднак...

— О, гэта вельмі важна,— сказаў следчы.— Альбом з вамі?

Ён папрасіў прынесці яго з гасцініцы. А я спытаўся пра муштук — ці можна паглядзець. Яго, аказалася, няма, ён у іншым месцы, вось толысі фотаздымак, але ў адным экземпляры, i даць мне хоць здымак нельга.

Калісьці пра аднаго з маіх літаратурных герояў я напісаў, што ён любіў часамі ісці да сэрца другога чалавека напрасткі. Гэтую рысу характару я герою пазычыў. А цяпер, успомніўшы пра яе, вырашыў прымяніць. Пачаў з муштука, што вельмі хацеў бы яго не толькі ўбачыць, але атрымаць, як горкую сямейную рэліквію. А тады сказаў i пра папку. I потым дзякаваў сабе ў душы за тое напрасткі. Пра муштук следчы сказаў, што той, магчыма, пойдзе на экспертизу, аднак ён перадасць маю просьбу. А што да папкі, дык прамаўчаў, а потым знайшоў такі выхад:

— Пачнём з таго, таварышы, што вы цяпер, паколькі транспарт у вас ёсць, паедзеце ў Быкаўню, а пасля абеду пазваніце, каб я быў на месцы, i прыязджайце з альбомам.

Я зразумеў, што тут не ўсё залежыць ад яго, хоць ён i па асоба важных справах, аднак i на яго як чалавека можна разлічваць.

Сябру майму, паглядзеўшы даведку пра таксама пасмяротную рэабілітацыю яго цесця, медыка з дарэвалюцыйнай адукацыяй, ён сказаў «пакуль што» адно: расстраляны — бясспрэчна, але ці ў Быкаўні закапаны, ці ў іншым лесе каля Кіева — цяжка сказаць. Такіх захаванняў знойдзена некалькі, i яшчэ, трэба думаць, яны не ўсе...

Пасля абеду мы званілі з майго гасцінічнага нумара ў пракуратуру доўга i беспаспяхова. «Найгорш даганяць i чакаць» — мудрасць з вялікага вопыту. Толькі зусім пад канец рабочага дня панылыя працяглыя гудкі перасталі нас раздражняць — трубка паднята!

Следчы, яшчэ задыхана, растлумачыў простую прычыну: ездзіў па выкліку, толькі што зайшоў, i ясна, таварышы,— сустрэнемся ўжо заўтра ўранку.

Глядзенне на папку толькі здалёк i на наступны дзень закончылася не адразу. Сябру майму не было чаго рабіць у пракуратуры, i я прыехаў туды адзін. Следчы спачатку пазнаёміўся з «вельмі важным» фота ў прынесеным мною альбоме, папрасіў яго для пераздымкі, прыняў у мяне другія братавы фатаграфіі, копіі ix, захопленыя мною з Мінска, нібы з прадчуваннем патрэбнасці, а тады выклікаў падначаленага, даў яму тую балючую папку, а мяне папрасіў ісці з гэтым таварышам у яго кабінет. Я падзякаваў з пэўнай палёгкай, зразумеўшы, што i прасіць, i чакаць было варта. I ўжо раскрыўся душой на чытанне, якім бы яно ні было для мяне...

У сваім кабінеце новы таварыш сядзеў не адзін, за другім сталом пісаў нешта яшчэ адзін супрацоўнік. А сам ён папрасіў мяне прысесці паўзбоч яго стала, на якім станкачом грувасцілася старая пішучая машынка. Таварыш сеў таксама. А папка лягла на стол — зноў здалёк... Таварышу трэба было спачатку апытаць мяне для справы па Быкаўні, пасля надрукаваць пратакол...

Праз месяц я зноў сядзеў у гэтым пакоі. Таварыш зноў апытваў мяне, дадаткова — пра тыя здымкі, якія я даў следству, а ён тады забыўся спытацца ў мяне, хто там яшчэ на тых здымках, калі яны, здымкі, рабіліся. За другім разам гутарка наша была карацейшая, i таварыш убачыўся больш сімпатычным, асабліва калі сказаў, што тады, у тыя трыццатыя, проста «уничтожались все мыслящие люди», калі да ўсяго, што мною чыталася ды чулася, ён дадаў i такое, новае для мяне, так сказаць — «чыста савецкае». Некаторым жанчынам яшчэ i цяпер паведамляецца пра пасмяротную рэабілітацыю мужоў, а гэтыя цёткі ды бабкі, аказваецца, не проста не ведалі пра тое, што іхнія расстраляны або памерлі ў лагеры, a думалі столькі гадоў, што гэта яны, сволачы, пакінулі сям'ю, удала замёўшы сляды...

А першы раз таварыш апытваў мяне так няспешна, у два пальцы клацаў на сваім «станкачы» так марудна, даваў мне той пратакол прачытаць, падпісаць... А папка ўсё ляжала... i мне ўжо да болю хацелася выбухнуць, толькі ж баяўся, што напсую, i цярпеў, паглядаў. I нарэшце яна, тая ліловая папка з пяцізначным нумарам, чорна, выразна выведзеным пасля стандартна надрукаванага «ДЕЛО», лягла перада мною на суседнім невялікім стале.

Анкета. Ордэр на арышт. Другі — на вобыск. Даносаў няма, допытаў сведак таксама. Пачата справа 27.XI. 1937 года. Пасля — паўза на цэлыя чатыры месяцы, а 22.III.1938-га — «заявление» на імя начальніка аператыўнай групы «куста», падпісанае вязнем белацаркоўскай турмы. Служыў дзянікінцам. Потым дэзерціраваў з Чырвонай Арміі. З 1928 года нямецкі шпіён, цераз консульства ў Кіеве. Шкодніцтва на працы заатэхнікам, знішчэнне маладняку. I перад подпісам вязня — подпісам іншым почыркам! — такая канцоўка:

7
{"b":"598996","o":1}