У наваколлі нашым былі тады маёнткі ды маёнтачкі. У адным з большых, што называўся Уцехай, у пана Анцуты быў аканомам беларус Дзядзюшка. Ездзіў на пары, у брычцы, i для вёскі быў панам. I вось аднойчы з чародкі малых, калі гэты пан ехаў ступою, наш Сусанін гукнуў на яго: «Дзядзюшка-пярдзюшка!..» А сам наўцёкі. Пан аканом не паленаваўся спыніцца, спытаўся ў дзяцей, чый гэта хлопец, зайшоў у наш двор, балазе недалёка, i паскардзіўся гаспадыні, нават i пакрычаў. Маці знайшла распусніка і, хоць пан ужо i пайшоў, дала дурноце махроў. Яна не толькі потым, удавою, ужо для Мішы i мяне, была ў выхаванні строгай.
Яшчэ пра сябе, гледзячы на другіх.
Думаю вось, якія ў нашага бацькі былі пачуцці да Валодзі, першага сына, i якія да мяне, апошняга? Пасля дзвюх дачок, калі адной было пяць, а другой тры,— нарэшце першы сын!.. А я нарадзіўся, калі яму было сорак сем. Пра гады, якія мне вельмі мала помняцца, пазней, калі ўжо бацькі даўно не было, мама неяк успамінала: «З каленяў не спускаў, па галоўцы ўсё гладзіў». I першы здымак такі, трошкі на трэцім годзе — на бацькавых каленях.
У «Птушках i гнёздах» раздзел «Падарожжа ў найлепшае» i тая асаблівая сцэна ў ім, дзе смяротна хворы бацька, калі мы былі адны ў хаце, прасіў мяне маліцца за яго, бо «молитва ребенка услышится», напісана з памяці, без выдумкі.
Я не мудрую з кампазіцыяй i тут — гэта проста частка ўспамінаў з тых леташніх сакавіцкакрасавіцкіх дзён, калі — ад званка да наведання
Быкаўні, да спаткання з Валодзевай справай — нямала думалася пра адно. I запісы рабіліся.
Я, вядома, хацеў ехаць у Кіеў адразу, аднак абодва карэспандэнты «Литературной газеты», якія былі мне там неабходныя для пачатку, службова выязджалі на даўжэйшы час. Пасля надарылася зручная прычына пабываць i ў Адэсе, i ў Кіеве, а можа, думалася, i ў Белай Царкве,— мяне запрасілі на Шаўчэнкаўскае святочнае падарожжа ў палавіне мая па Дняпры, ад самага Чорнага мора.
МАЯ АДЭСА
Трэба вярнуцца ў жнівень сорак дзевятага. Тады мне было трыццаць два, жонцы дваццаць восем, а нашай Галі, старэйшай, няпоўныя чатыры. Да гэтага часу малая паспела шмат адпакутаваць. Блізу год ляжала ў пасцелі, ад каленяў да грудзей закаваная ў гіпсавую шкарлупу, поўзала ў ёй, як чарапаха, па падлозе, да болю жаласліва прасілася «на ручкі», а потым, вызваленая з гіпсу, зноў пачала вучыцца хадзіць. Пажылы, культурна дасціпны прафесар, які i наша дзіця выратаваў ад калецтва, павіншаваў мяне з перамогай i загадаў:
— У Крым, таварыш дарап, у Крым!..
Жнівень, амаль да канца праведзены намі ў краі шчодрага сонца i цёплай вады, якая дзень-ноч набягала то меншымі, то большымі хвалямі на чысценькі мяккі пясок, прайшоў надзвычай хутка. Ды ўсё ж дзяўчынка наша паспела добра загарэць, пасмялець у хадзе i «аддаць рыбкам» ледзь не ўвесь запас сваіх трусікаў, якія ласкавае мора ахвотна брала з яе вясёлых рук.
I вось мы вяртаемся. Ужо не едзем у вагоне, як сюды, а плывём. На палубе цеплахода — маленькая малпа Яшка, якою ўвесь дзень заняты многія пасажыры, асабліва такія, як наша. Яна — пад пільным, шчаслівым наглядам мамы. А мне прыемна стаяць бліжэй да самага носа нашага судна, паміж спакойным морам i ясным небам поўдня...
Цеплаход ідзе з Феадосіі ў Адэсу, у мой сямейна легендарны горад. Мы начавалі ў ялцінскім порце, потым на рэйдзе перад Еўпаторыяй i вось набліжаемся да канца цудоўнага марскога падарожжа, першага ў маім жыцці.
«Дэльфіны любяць музыку». Пра гэта i чыталася, i чулася. А тады, у сорак дзевятым, ix было вельмі многа.
Пазней я бываў на Чорным моры або каля яго даволі часта, i з захаду i з усходу, перасёк з поўдня на поўнач, i ніколі не бачыў столькі дэльфінаў за адзін раз. На шляху Стамбул — Адэса мы двойчы спыняліся на ноч, у Варне i ў Канстанцы,— з асцярожнасці, бо i тады яшчэ, увосень пяцьдзесят шостага, лепш было пабаяцца не дазвання вылаўленых мін. Не памятаю, ці падумаў я тады, як думаецца цяпер, калі пішу гэта: як жа ix абыходзілі разумныя, гуллівыя прыгажуны яшчэ на сем гадоў бліжэй да Другой сусветнай?
Святочна помніцца мне той першы падыход да адэскага порта. Уваход у пачатак жыцця, у першую, гарадскую, палавіну маленства. На раскошна пагодлівым захадзе сонца, пад прывольна-пяшчотную мелодыю i словы новай тады песні «В тумане скрылась милая Одесса» дэльфіны суправаджалі наш разрумянены сонечным развітаннем цеплаход, нібы ганаровы эскорт. Вынырвалі, ныралі, зноў вынырвалі, як вывінчваліся з чысценькага прадоння ў высокаіскрыстых усплёсках, i толькі што не перагукваліся радасна з усіх бакоў, паміж сабой i з людзьмі, што ўсе былі на палубах, што ўсе заслуханыя ў музыку, як i яны...
Сустрэчы, а лепш сказаць — знаёмствы з родным! — мы, позна ўладкаваўшыся ў гасцініцы, пачалі назаўтра зранку. I з самага галоўнага — з дзядзькі Паўла.
У нашага бацькі родных братоў не было, у дзядзькі таксама, i яны, дваюрадныя, дружылі лепш за іншых родных. Дома мы дзядзьку не засталі. Людзі, што жылі пры ім, у другім пакойчыку двухпакаёвай кватэры, на здзіўленне нам сказалі, што ён — семдзесят восем гадоў! — на рабоце... То за ручку з Галяй, то на руках з нашай курортніцай мы падаліся на вакзал, балазе туды з Вазнясенскага завулка, з маленства памятнага па назве, недалёка.
Шматпакутны ён быў чалавек, дзядзька Павел. Старэйшага сына, у Грамадзянскую чырвонаармейца, белыя захапілі ў палон i замучылі. Таксама з маленства памятаю тое жахлівае, што чуў — пра пяцікутныя зоркі, павыразаныя на жывым чалавеку. Адзіная дачка памерла ад сухотаў, пакінуўшы бацькам малога сына. Ён памёр, калі ўжо нас у Адэсе не было, на тое самае, што i маці. Цётка Марта памерла ў акупацыю. Малодшы сын, ніколі мною не бачаны траюрадны брат, інжынер «по мукомольному делу», жыў далека, у Данбасе. Забраў быў бацьку, калі той зусім састарэў, але ён там не прыжыўся: «Разведзены жаніўся з разведзенай, з дзецьмі ад першага мужа,— ну што яны мне за родзічы?..» Так ён пісаў у Загора Віліце.
Мы знайшлі яго на пероне. Сівы дзядок у форменнай шапцы i тужурцы — не ў такім, праўда, шыку, як на даўнейшых здымках з нашым бацькам,— сядзеў на табурэтцы каля брамкі, правяраючы перонныя білеты. Кал i мы ўтраіх спыніліся каля яго, адбыўся такі дыялог:
— Добрый день! Вы Павел Осипович Брыль?
— Да, я. А вы кто будете?
— Узнавайте.
Ён паглядзеў на мяне больш уважліва i абыякава крутнуў галавой:
— Не знаю вас.
— Я — Ваня, сын Антона Даниловича.
— Голубчик! — з усхліпам крыкнуў стары, нялёгка ўсхапіўся i працягнуў да мяне дрыготкія рукі.
I вось я ўжо плачу, пішучы гэта, убачыўшы побач з дзядзькам свайго бацьку, адчуўшы цеплыню ix адносін.
З усяго даваеннага ліставання Загора з Адэсай, цераз граніцу, для дарослых тады зусім незразумелую, нейкім цудам захавалася ў мяне бацькава пісьмо дзядзьку, напісанае 6 снежня 1923 года, вечарам на зімовага Міколу, роўна за тры месяцы да бацькавага перадсмяротнага «духовного завещания», якое таксама ёсць у мяне. Шсьмо чамусьці не адаслана было. Яно пачынаецца словамі «Дорогой братец, Павел Осипович», а далей, з усёй кранальнай непісьменнасцю бацькі адукаваных дзяцей (на ўвазе маю старэйшых братоў), яно расказвае, як жылося тады, калі чалавек вярнуўся туды, адкуль падаўся ў свет, як думалася — назаўсёды. Вось урывак з таго вялікага i шчырага, як апошняя споведзь, паслання:
«...А мне скажу Павлуша скажу откровенно живется несладко а хуже всего что здоровья нет больше болею чем здоров а еще досадно и трудно терпеть недостатки коник паршивеньки и его мучу и себя земля твоя запущена обрабатывать с трудом ох голубчик от жизни остались только воспоминания а жизнь похоронена не знаю как живется тебе там а здесь деревня была есть и будет деревней а нам разоренным и без денег приехавши в голые старыя углы это не жизнь а пытка все жалеем что уехали...»
«Голубчик Павел», нягледзячы на дружбу з «голубчиком Антоном»,— а слова гэтае было ў ix як быццам адно на двух,— у Загора разам не вярнуўся. Ён быў па натуры яшчэ больш за нашага невясковы, хоць i не такі энергічны ды абароцісты. Можна сказаць: мядзведзь наадварот — бо ён, калі ажаніўся, мерыўся па нагаворы жонкі i радні заняцца гаспадаркай, але ўздыхаў: «Эх, каб гэта ж так, як мядзведзь на зіму, заснуць на ўсё лета, а на зіму прачнуцца i — на цёплую печ!..»